1938 год. Трагедыя палякаў у БССР
Пік напружанасці ў адносінах бальшавіцкіх улад і савецкіх грамадзян польскага паходжання прыйшоўся на канец 1930-х гадоў. Яшчэ з моманту заканчэння савецка-польскай вайны 1920 года
«польскі кантынгент» знаходзіўся ў савецкіх спецыяльных органаў на асобым уліку. Няўдалы для Савецкай Расіі вынік таго канфлікту прывёў да адкрытай канфрантацыі паміж
«першай дзяржавай рабочых і сялян» і ІІ Рэччу Паспалітай. Першай ахвярай гэтага супрацьстаяння сталі менавіта палякі, што пражывалі ў БССР і УССР.
На думку шматлікіх даследчыкаў, «нацыянальныя аперацыі», якія НКУС праводзіў у 1937–1938 гадах, былі звязаны з пачуццём надыходзячай вайны і злучаным з гэтым жаданнем
савецкага кіраўніцтва знішчыць міфічную «пятую калону» ў краіне. У сувязі з гэтым найбольшую варожасць выклікалі менавіта асобы «польскага паходжання». Акрамя
таго, савецкія ўлады імкнуліся ўстанавіць кантроль над усімі прыватнымі, не санкцыянаванымі дзяржавай кантактамі сваіх грамадзян з замежнымі краінамі. Менавіта з 1937–1938 гадоў у сумленні
звычайных савецкіх грамадзян пачало ўкараняцца разуменне небяспекі ўсялякіх кантактаў з замежжам.
Паводле перапісу насельніцтва 1937 года, на тэрыторыі СССР пражывала 636 220 палякаў, з якіх у УССР — 417 613, у БССР — 119 881, у РСФСР — 92 078 чалавек. У Савецкім Саюзе
былі створаны польскія аўтаномныя раёны імя Ю. Мархлеўскага на Украіне і імя Ф. Дзяржынскага ў савецкай Беларусі. Дарэчы, апошні з цэнтрам у Койданава (цяпер Дзяржынск) з’явіўся ў Мінскай
вобласці ў 1932 годзе і быў своеасаблівай «савецкай Польшчай» на мяжы з «панскай дзяржавай», створанай Ю. Пілсудскім. На тэрыторыі польскіх раёнаў дзейнічалі
школы, выдаваліся польскамоўныя часопісы, газеты і кнігі. Аднак спачатку ў 1935 годзе быў ліквідаваны польскі раён у УССР, а праз тры гады такі ж лёс напаткаў і «малую Польшчу» ў
БССР. Па меркаванні польскіх даследчыкаў, гэты крок быў часткай «польскай аперацыі» НКУС.
У жніўні 1937 года ўсе мясцовыя органы ўнутраных спраў атрымалі загад №00485, а крыху пазней — закрыты ліст з назвай «Аб фашысцка-паўстанцкай, шпіёнскай, дыверсійнай, паражэнчай і
тэрарыстычнай дзейнасці польскай разведкі ў СССР». Аўтары апошняга дакумента спрабавалі абгрунтаваць неабходнасць правядзення рэпрэсій супраць савецкіх грамадзян польскага паходжання тым,
што большасць з гэтых людзей з’яўляюцца агентамі польскіх разведорганаў. Яны нібыта стварылі мноства шпіёнска-дыверсійных груп, дзейнасць якіх накіравана на дэстабілізацыю сітуацыі ў
СССР. У загадзе №00485 у прыватнасці вызначаліся катэгорыі асоб, якія павінны былі быць арыштаваны. Сярод іх вылучаліся чальцы Польскай вайсковай арганізацыі (на самай справе, спыніўшай сваю
дзейнасць яшчэ ў 1921 г.); былыя салдаты і афіцэры Войска Польскага, што трапілі ў бальшавіцкі палон падчас савецка-польскай вайны 1920 г.; палітэмігранты; былыя чальцы польскіх палітычных партый;
актыўная частка мясцовых нацыяналістычных і антысавецкіх элементаў польскіх раёнаў; перабежчыкі з Польшчы, незалежна ад часу пераходу іх на тэрыторыю СССР. Акрамя гэтага, мясцовыя органы НКУС адразу
пачалі арыштоўваць асоб, якія ўваходзілі ў катэгорыю «консульскіх сувязяў», г. зн. савецкіх грамадзян, што мелі кантакты з прадстаўнікамі польскіх дыпламатычных устаноў. Нагадаю, у
сталіцы савецкай Беларусі Мінску з 1924 года дзейнічала Генеральнае консульства Польшчы. Будынак дыпламатычнай установы знаходзіўся на вул. Савецкай, 84 (былой Захар’еўскай). У кастрычніку
1937 года нарком Яжоў загадаў арыштаваць усіх савецкіх грамадзян, звязаных з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Германіі, Японіі, Італіі і асабліва Польшчы.
У архіве Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі сярод іншых захоўваецца следчая справа Ваўжынца Іванавіча Радзішэўскага. Лёс гэтага чалавека заслугоўвае нашай увагі, таму што яскрава дэманструе тое,
праз што даводзілася прайсці «асобам польскага паходжання» ў Саўдэпіі.
Нарадзіўся гэты чалавек у 1895 годзе на Віцебшчыне ў вёсцы Бушанка. Як і кожны беларускі селянін, ён займаўся земляробствам, а калі пачалася Першая сусветная вайна, Ваўжынец Іванавіч паступіў на
службу ў Рускую імператарскую армію, дзе служыў у 285-м пяхотным палку ў Нарве. Кастрычніцкія падзеі 1917 года аказалі ўплыў на геапалітычныя змяненні на мапе Еўропы, з якой зніклі Расійская,
Нямецкая і Аўстра-Венгерская імперыі. Ім на змену прыйшлі новыя незалежныя дзяржавы, адной з якіх была Польшча. Хутка пачалася савецка-польская вайна. Фронт рухаўся на ўсход. Ваўжынец Радзішэўскі
ўступіў у Войска Польскае і ўдзельнічаў у баях супраць Чырвонай арміі. Пасля Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе ён застаўся на тэрыторыі Беларусі, якая адышла да Польшчы, а яго жонка з дзецьмі
— у Савецкай Расіі, на Полаччыне. У 1923 годзе ён вырашае адмовіцца ад польскага грамадзянства і нелегальна вяртаецца ў БССР. На мяжы чырвоныя памежнікі затрымліваюць былога польскага
«жаўнежа», аднак хутка адпускаюць. Радзішэўскі вяртаецца да звыклай сялянскай працы. Хутка яго ўласная гаспадарка дасягае даваенных паказчыкаў. Аднак праз 7 гадоў, у красавіку
1930-га, АДПУ арыштоўвае селяніна. Радзішэўскага абвінавацілі ў тым, што падчас савецка-польскай вайны, ён быў агентам польскай разведкі і паведамляў палякам пра перасоўванні частак Чырвонай арміі.
Абвінавачвалі Ваўжынца Іванавіча і ў тым, што ён ваяваў на баку Польшчы ў атрадах С. Булак-Балаховіча. Нарэшце, Радзішэўскаму інкрымінавалася тое, што ён займаўся кантрабандай:
«хадзіў» у Польшчу і хаваў у сябе кантрабандыстаў, якія прыходзілі з таго боку.
Што казаць, у тыя няпростыя гады сапраўды многія жыхары памежных з Польшчай беларускіх абласцей займаліся кантрабандай. Гэтаму спрыяла галеча, якая панавала ў Савецкай Беларусі. Дакладна вядома і
тое, што Ваўжынец быў у польскім войску. Абвінавачанняў хапіла, каб Радзішэўскага асудзілі на зняволенне ў ГУЛАГу. Аднак праз некалькі гадоў яму дазволілі вярнуцца ў БССР, у Аршанскі раён. Нарэшце,
напрыканцы 1937-га Радзішэўскага арыштавалі ў апошні раз. НКУС інкрымінаваў Ваўжынцу Іванавічу тое, што «ён ў 1935 годзе перадаў польскаму консулу ў Мінску шпіёнскія дадзеныя аб дыслакацыі і
колькасці частак Чырвонай арміі ў Оршы». Ніхто нават на задаваўся пытаннем, адкуль просты працоўны завода па вырабу цэглы мог атрымаць сакрэтную вайсковую інфармацыю. Безумоўна, зразумела,
што справа была сфабрыкавана. Акрамя гэтага Ваўжынца Іванавіча абвінавацілі ў тым, што ва «Ушацкім пагранічным раёне ён стварыў дыверсійна-паўстанчую групу». Гэта тыповая
фармулёўка, узятая з назвы вышэй адзначанага ліста наркома Яжова. У абвінаваўчым заключэнні было пазначана: «польскі шпіён — дыверсант». 20 лютага 1938 года Радзішэўскага
расстралялі ў Мінску. Месца яго пахавання да сённяшняга дня не вядома. У лістападзе 1959 года Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі пасмяротна рэабілітаваў гэтага чалавека. У дакуменце, які
атрымалі блізкія, было пазначана, што «справа спынена за недаказанасцю абвінавачання».
Такіх выдуманых судовых спраў супраць «польскіх шпіёнаў», «балахоўцаў», «кантрабандыстаў», «дыверсантаў» у 1937–1938
гадах у БССР былі тысячы. Усяго ў ходзе «польскай аперацыі» за перыяд з 25 жніўня 1937 года па 15 лістапада 1938-га ў БССР было асуджана 19 931 чалавек, з якіх 17 772 расстраляныя.
Вось так НКУСаўцы выконвалі загад Яжова аб барацьбе з «пятай калонай» у савецкай Беларусі. Лёс Ваўжынца Радзішэўскага падзялілі і шматлікія беларусы, якія ў тым, ці іншым сэнсе былі
звязаны з Польшчай. Большасць з тых, хто стаў ахвярай «барацьбы НКУС з польскімі шпіёнамі», у 1950-х гадах будуць рэабілітаваны, але бязвінна загубленых людзей гэта ўжо не
ўваскрэсіць.
Трагедыя беларускіх палякаў, якія сталі ахвярамі НКУС у 1930-х гадах, даказвае, што бальшавіцкія лозунгі пра міралюбівую палітыку Савецкага Саюза, сяброўства і інтэрнацыяналізм паміж народамі
аказаліся прапагандысцкай шырмай, зробленай дзеля таго, каб закамуфляваць сапраўдны твар бесчалавечнай сталінскай сістэмы.
Аўтар выказвае шчырую падзяку Паўлу Чэслававічу Марэцкаму за прадастаўленыя архіўныя матэрыялы.