25.01.1831: Сэйм Польшчы дэтранізаваў Мікалая І

Гэта быў адзін з элементаў Лістападаўскага паўстання 1831 году. Згодна з пастановамі Венскага кангрэсу 1815 году, Каралеўства Польскае знаходзілася ў персанальнай уніі з Расіяй. Кіраўніком дзяржавы быў імператар Расіі Мікалай І.



436bb882_9cda_417c_adfd_6f94481df274.jpg

Мікалай І. Фота: dziennikipowstania.pl

Падчас паўстання часовы ўрад Каралеўства Польскага, які быў створаны 4 снежня 1830 года, выслаў у Санкт-Пецярбург дэлегацыю з шэрагам патрабаванняў, сярод якіх было: вяртанне васьмі ваяводстваў, выкананне Канстытуцыі, урэгуляванне пытання з падаткамі, выкананне гарантый свабоды і галоснасці, галоснасць пасяджэнняў Сэйму, ахова Каралеўства выключна ўласнымі войскамі.

Мікалай І адхіліў усе патрабаванні і прапанаваў толькі адно: амністыю ўсім удзельнікам паўстання.

З гэтым адказам дэлегаты вярнуліся ў Варшаву, дзе і было Сэймам прынятае рашэнне пра дэтранізацыю Мікалая І. У пастанове казалася, што яна прымаецца па прычыне таго, што імператар не выконвае сваіх канстытуцыйных абавязкаў, і такім чынам “народ польскі заяўляе, што ён з’яўляецца незалежнай нацыяй і мае права аддаць польскую карону таму, хто будзе яе годны і хто будзе выконваць абяцаныя прысягай свабоды”.

Прыняцце гэтага дакументу азначала пераход ад мірных перамоваў да адкрытага ўзброенага супрацьстаяння з Расіяй.

Адам-Ежы Чартарыйскі, які быў прыхільнікам памяркоўнага руху, калі падпісаў дакумент, сказаў: “Згубілі Польшчу”.

З пункту гледжання польскага боку, спадкаемцы Мікалая І не маглі быць каралямі Польшчы, і ўсё далейшае кіраванне лічылася пазапраўным і ўзурпатарскім. Разам з гэтым расійскі бок лічыў, што Канстытуцыя Каралеўства Польскага была дадзена з волі Расійскага манарха на Кангрэсе 1815 году, і толькі манарх меў права яе змяняць.

Афіцыйна лічыцца, што пасля падпісання дакументу пачалася польска-расійская вайна 1831 году.

Павал Усаў, radyjo.net