«Следуя верно ленинским заветам»

Чым запомнілася "Беларуская музычная восень" 1982 года? Чаму спартсмены-барцы лепшыя за артыстаў? Чаму ўсе хацелі на "сясцёр, а сімфонія была нікому не патрэбная"? Пра гэта гісторыя ад Паўла Церашковіча.

18217557_653970008131083_2071370644_n.jpg

У верасні 1982-га, недапрацаваўшы нават і года, я сышоў з працы ў Міністэрстве культуры. Сышоў з палёгкай, без якога-небудзь шкадавання. Ну, не маё гэта.

Ды і каго прываблівае віраванне бюракратычнага жыцця? Каму падабаюцца бясконцыя змены папяровых тайфунаў, калі праца доўжыцца да апоўначы, і зацішаў, падчас якіх вар'яцееш ад вымушанага гультайства? Для малодшага бюракратычнага звяна сэнс удзелу ў гэтай ліхаманцы вызначаны знаходжаннем на стратэгічнай вышыні.

Растлумачу: мэта кожнага бюракрата — зрабіцца большым бюракратам. Але рэдка калі міністэрскі інспектар можа даслужыцца да кіраўніка ўпраўлення, а тым больш — да намесніка ці самога міністра. Таму інспектар, падобна горнаму арлу, ці, часцей, сцярвятніку, сочыць з міністэрскіх вяршынь, ці не з'явіцца дзе-небудзь на нізе, у падначаленай установе, патэнцыяльная ахвяра — дырэктар пенсійнага ўзросту. Каменем падае ён, гэты санітар бюракратычнага лесу, каб угнездзіцца на пару дзясяткаў гадоў у нейкім, пажадана, невялікім музеі, тэатры і гэтак далей. Там і праца спакайней, і грошай паболей, чым у інспектара, і — сам сябе гаспадар. Мяне такая перспектыва не надта прываблівала, таму з міністэрства я сышоў у Дзяржаўны музей на пасаду простага навуковага супрацоўніка.

Аднак міністэрства не пакідала мяне ў спакоі і тут. У лістападзе я быў мабілізаваны на «Беларускую музычную восень». Гэта такі фестываль. Для Міністэрства культуры — нешта кшталту сельскагаспадарчай уборачнай. Пры гэтым жніво адкладалі, падобна сучаснаму збору кукурузы на заснежаных палетках, да апошняй дэкады лістапада. Маўляў, адступаць няма куды, ззаду — снежань.

Фестываль меў рэспубліканскі статус. Гэта значыла, што мастацкае зерне трэба было раскідаць як мага шырэй. З Масквы ды Піцеру, іншых рэспублік і, часам, краёў, у Беларусь завозілі музыкаў ды спевакоў, каб не толькі працоўныя і служачыя Мінска, але і жыхары абласных і раённых цэнтраў маглі, як у той час казалі, «пазнаёміцца з творчасцю»... Ну і гэтак далей. Зразумела, што на гэтым цярністым шляху творцы маглі сутыкнуцца з нечаканымі праблемамі, развязванне якіх патрабавала ведання лакальнага кантэксту. Дзеля гэтага да кожнага калектыву прыстаўлялі прадстаўніка міністэрства. Мяне прызначалі ў Акадэмічную харавую капэлу імя Юрлова з Масквы. Апроч удзелу ў заключным канцэрце ў Мінску, яна павінна была ахапіць Магілёўскую вобласць.

18302469_653970054797745_403370613_n.jpg

Праблемы лакальнага характару з'явіліся з самога пачатку. Справа ў тым, што ў абласной сталіцы музычны фестываль супаў з рэспубліканскім чэмпіянатам па вольнай барацьбе. Месцаў у гатэлі на ўсіх не хапала, і кіраўніцтва вырашала частку гасцей пасяліць у піянерскім лагеру, у якім не тое што гарачай вады, ацяплення не было. Зразумела, што адказ на пытанне, каго сяліць у лагер, вырашыўся не на карысць спевакоў. Я нават думаю, што такога пытання ў мясцовай улады ў прынцыпе і не было. Яно б не паўстала, нават калі б яны і ведалі, што капэл такіх у свеце — адзінкі.

Раніцай разам з намеснікам дарэктара капэлы мы накіраваліся ў абласное аддзяленне філармоніі. Яе загадчык сустрэў нас словамі: «Вам — на сясцёр?» Размова ўвесь час перарывалася званкамі па тэлефоне.

«Здрасце, здрасце, ...рый ...ыч, Вам на сясцер, ... ну канешне, канешне, для Вас — лепшыя месцы, ... да Вас завезлі, ... ага, фінскія, да, так, размер у жонкі — 37, ... ну бывайце».

«Вось бачыце, — казаў ён, — усе хочуць на сясцёр, а сімфонія ваша нікому не патрэбная».

«Сёстры» — гэта былі родныя сёстры Сафіі Ратару. Я ніколі не чуў іх спеваў. Магчыма, гэта было і нядрэнна. Але наўрад ці яны, каб не прозвішча сястры — зоркі савецкай эстрады, выклікалі б такі ажыятаж у Магілёве.

Наступнай інстанцый быў абкам партыі. Функцыянер, які пагадзіўся нас выслухаць, як мне падалося, займаў палову кабінету. Я яшчэ ніколі не бачыў такіх тлустых людзей. Нават ягоныя пальцы былі тлустыя да такой ступені, што не змяшчаліся ў дзірачкі дыску тэлефону. Ён набіраў нумар алоўкам.

«Вось бачыце, — казаў ён, — мне дакладаюць, што ўмовы ў лагеры не горшыя за гатэль. Няма на што наракаць. Я вас больш не затрымліваю».

Мы былі ў роспачы. Але дырэктарка капэлы вырашыла, што час улагоджвання ворага мінуў. Яна патэлефанавала наўпрост (так-так, менавіта туды!) у ЦК КПСС і растлумачыла, што галасы спевакоў — гэта не абы што, а валюта, бо большую частку года капэла выступае за мяжой, і што калі яшчэ адна такая ноч — то за спевы не тое што даляра не ўбачыш, драўлянага рубля не дадуць.

Галоўную ролю, аднак, адыграла не меркантыльная рыторыка, а пытанне, якое заўсёды робіць чароўнае ўздзеянне на чыноўніка: «А хто за ўсё гэта будзе адказваць? Я з сябе адказнасць здымаю». Вядома, што запаветная мара кожнага бюракрата — усім кіраваць і ні за што не адказваць. У гэтых адносінах дыктатура ёсць найвышэйшай формай чыноўнага геданізму, так бы мовіць — бюракратычная нірвана.

Падзейнічала. З лагеру ў гатэль нас пераносілі ледзь не на руках. Прычым рабілі гэта тыя самыя барцы вольнага стылю. Увечары на канцэрт прыйшло ўсё абласное кіраўніцтва. Па тварах было бачна, што ўвалілі ім не проста добра, а так добра, што некаторыя нават былі больш схільныя прыняць смяротнае пакаранне. Пасля першых спеваў замест выразу пакут на тварах з'явілася выява суцэльнага неразумення: «...і за гэтую ...ню так улілі?! Дык у нас бабулькі ў раённым доме культуры не горш равуць».

Камічнасці сітуацыі надавала яшчэ і тое, што ўсе жонкі абласнога кіраўніцтва прыйшлі ў гарнітурах аднаго колеру, з адной тканіны, якая супадала за абіўкай крэслаў у канцэртнай зале. Справа ў тым, што ў тым годзе на мэблевую фабрыку завезлі партыю шыкоўнага, колеру марской хвалі, югаслаўскага велюру. Частка яго з нагоды надзвычайнай прыгажосці трапіла ў распараджэнне жаночай часткі абласной наменклатуры. Але велюр той быў мэблевы. Як ні змагаліся з ім краўчыхі з абкамаўскага атэлье, нічога добрага не атрымалася. Лепш бы яны звярнуліся да мебельшчыкаў — крэслы былі абабітыя выдатна.

Трэба адзначыць, што ў нечым загадчык абласной філармоніі меў рацыю. На капэлу — «сімфонію», як ён казаў, — у райцэнтрах ніхто не прыходзіў. Часта слухачоў было меней, чым спевакоў. У Бабруйску выступ быў у Доме афіцэраў. Кіраўнік капэлы казаў: «Тут фенаменальная акустыка. Пляваць на ўсё. Сёння спяваем Рахманінава. Для сябе. Пад маю адказнасць». Так я ўпершыню пачуў забароненую ў саюзе «Усяночную». Гэта, а не галантарэйны Чайкоўскі, — вяршыня рускай музыкі.

На закрыцці фестывалю капэлу прывезлі ў Мінск. «Сёння цяжка будзе, — казалі мне спевакі, — араторыя Шастаковіча, сапраўды араць трэба».

18302366_653969971464420_825647100_n.jpg


На сцэне філармоніі амаль не засталося вольнага месца: сімфанічны аркестр, капэла, дзіцячы хор.

Басы, рэчытатыў:

«Следуя-верно-ленинским-заветам».

Падключаюцца вялікія барабаны, рытм як на галерах у старым «Бен Гуры» ці «Клеапатры»:

Бум-бум-бум-бум...

«Мы-идём-к-коммунизму-дорогою-светлой».

Дзіцячы хор, падчас «...лой»:

«А-а-а-а-а-а-а...»

Уступае аркестр. Басы, рэчытатыў: «Но-главное-наше-богатство»...

Дзеці: «А-а-а-а-а-а...»

«Это-бра-а-а-а-тство».

«А-а-а-а-а-а...»

«Велкикое-бра-а-а-тство!»

«А-а-а-а-а-а...»

Гучыць усё, што можа гучаць.

Літаўры.

Заслона.