Палессе — асобны кантынент, які немагчыма прысабечыць

Каму належыць Палессе, падзеленае паміж украінцамі і беларусамі? Ці Смаленск і Бранск — нашы? А што з Беласточчынай? Прыадкрыць завесу над гэтымі нацыянальнымі дылемамі мы вырашылі разам з гісторыкам Андрэем Вашкевічам.

Рамантычнае ўяўленне пра Палессе ў аб'ектыве польскага фатографа 1930-х гадоў

Рамантычнае ўяўленне пра Палессе ў аб'ектыве польскага фатографа 1930-х гадоў

Сёння ўсе мы жывем у сучасных нацыянальных дзяржавах. З іншага боку, «канец гісторыі», нібыта, не наступіў. Пытанні гісторыі і этнічных стасункаў па-ранейшаму застаюцца актуальнымі. Каб у гэтым пераканацца, варта паслухаць, напрыклад, тэлефонны мост паміж украінскімі афіцэрамі і сепаратыстамі з Данбасу, які адбыўся, здаецца, у 2014 годзе.

Уся размова звялася не да прэтэнзіяў у рамках сітуацыі ва Украіне напярэдадні вайны, а да… гісторыі. Людзі высвятлялі паміж сабой адносіны ў рамках дыскусіі аб прыналежнасці Данбасу, хто яго засяляў і засвойваў у далёкім мінулым. Калі мы гэта бачым, то разумеем, што гісторыя — вельмі сур’ёзная рэч: той, хто валодае гістарычнымі сюжэтамі і аргументамі, акурат і мае перавагу.

Карта ''беларускага племені'' Яўхіма Карскага

Карта ''беларускага племені'' Яўхіма Карскага

Таму хацелася б паразважаць пра гісторыю і этнічнасць, адсоўваючы ўбок ідэалогію. У прыватнасці, пра пытанне беларускіх этнічных межаў, якія на розных мапах выглядаюць цалкам па-рознаму.

Славянскае нашэсце і «афрыканскія князькі»

Як мы ўяўляем сабе этнічныя межы беларусаў ХІХ стагоддзя? Калі ўзяць этнаграфічную мапу Яўхіма Карскага, заснаваную на гаворках, то можам убачыць: беларусы ў ваколіцах Бранску, далёка за Смаленскам, пад Вязьмай і г.д. У ягоную мапу ўвайшлі вялізныя тэрыторыі, якія альбо ніколі не знаходзіліся ў складзе ВКЛ, альбо знаходзіліся там вельмі кароткі перыяд — літаральна некалькі дзесяцігоддзяў. То бок, казаць аб тым, што наша мова фармавалася ў кантэксце ВКЛ пад уплывам дзяржаўнай палітыкі,  — не выпадае.

І тут мы падыходзім да цікавай гіпотэзы, якую аднойчы агучыў вядомы гісторык Алесь Белы. Згодна ёй, беларуская мова — гэта накладзеная на балцкія гаворкі старажытнаруская мова. Такім чынам рэальны распаўсюд протабеларускай мовы сягаў усіх тых тэрыторыяў, дзе адбываўся балта-славянскі кантакт. Як гэта выглядала? На тэрыторыю прыходзілі славяне, зазвычай невялікімі групамі. Балтаў-аўтахтонаў, праўда, было не нашмат болей — заселенасць рэгіёну не была вельмі шчыльнай. Па меры ўзнікнення адносінаў і кантактаў, балты змушаныя былі вучыць мову прыхадняў, паколькі славяне мелі цікавыя для набыцця тавары, былі, груба кажучы, больш цывілізаваныя.

Старадаўнія балты, сучасная рэканструкцыя

Старадаўнія балты, сучасная рэканструкцыя

У выніку, атрымалася нешта кшталту моваў «піджын» у Афрыцы. Там мела месца падобная сітуацыя: мясцовыя князькі былі зацікаўленыя ў кантакце з каланізатарамі, таму вучылі англійскую, але атрымліваўся мадыфікаваны варыянт мовы, трасянка. «Піджын» у выпадку Афрыкі ХІХ стагоддзя — гэта англійская мова з выразнымі элементамі мясцовых моваў у фанетыцы і лексіцы. Так і ў нас — колішні балцкі абшар да славянскага нашэсця амаль ідэальна накладаецца на тэрыторыю распаўсюду беларускіх гаворак паводле Карскага і нават паводле больш ранніх даследчыкаў.

Тургенеў і балта-славянскі надлом

Асабліва добра гэта бачна па ўсходняй мяжы распаўсюду беларускай і рускай мовы. Мапа Карскага была першым грунтоўным даследаваннем гэтай мяжы, хоць 1890-я гады — гэта ўжо час моцных зменаў нават у патрыярхальным грамадстве Расійскай імперыі. Гэта час выціскання аўтахтонных моваў з ужытку на карысць адзінага дзяржаўнага варыянту рускай мовы. Паводле Карскага, мяжа беларускай мовы праходзіла ў некалькіх кіламетрах на захад ад Бранску. Калі браць сучасную палітычную мапу, то гэта недзе на 100 кіламетраў углыб тэрыторыі РФ ад дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Але вось цікавая гісторыя, запісаная яшчэ ў 1847 годзе, за 15 гадоў да нараджэння Карскага. Іван Тургенеў у сваіх «Нататках паляўнічага» дае апісанне абшару, які знаходзіцца яшчэ на 80 кіламетраў на ўсход ад Бранску (то бок на 180 кіламетраў углыб сучаснай Расіі). Аўтар апісвае калужскага і арлоўскага мужыка, якія належаць ледзьве не да розных фізіялагічных відаў: настолькі моцны кантраст.

Самае цікавае, што Болхаўскі ўезд — гэта лесастэп, а Жыздра ў Калужскай губерні — гэта лясная тэрыторыя, яна адносіцца да нашага абшару. Апісаная тэрыторыя і ёсць, па сутнасці, мяжой балта-славянскага кантакту. Цалкам магчыма, што Тургенеў апісваў з аднаго боку беларускамоўнага славяна-балта, «высокага, тварам белага і чыстага», а вось арлоўскі мужык у лапцях — гэта 100-адсоткавы «вялікарус».

Чаму мы пра гэта кажам? У раннім сярэднявеччы існавалі досыць яскравыя межы этнічных рэгіёнаў, і людзі захоўвалі адрозныя рысы. Таму зусім не выключана, што яшчэ ў сярэ­дзіне ХІХ стагоддзя па-беларуску размаўлялі пад Жыздрай у 180 кіламетрах ад сучаснай беларуска-расійскай мяжы, але тады наўпрост ніхто гэтага не фіксаваў — Карскі яшчэ нават не нарадзіўся.

Першая старонка працы Карскага ''Беларусы''

Першая старонка працы Карскага ''Беларусы''

Размова ідзе пра верхнія прыокскія княствы, якія былі ў складзе ВКЛ гадоў 50–60 у XV стагоддзі, прычым уваходзілі на аўтаномных умовах. Зразумела, што ў той час і ў тых умовах навучыць мясцовых жыхароў размаўляць па-старабеларуску было наўпрост немагчыма: беларускасць у іх была нашмат глыбей. Таму беларуская мова, прынамсі яе зараджэнне і фармаванне, — гэта не прадукт ВКЛ, а нешта значна больш старажытнае за само Вялікае Княства.

Палессе — протарадзіма ўсходніх славян?

Тэрытарыяльныя зачэпкі з Украінай тычацца найперш Палесся, якое ўкраінцы традыцыйна малююць як частку сваёй этнічнай тэрыторыі. Так малявалі за часамі гісторыка Грушэўскага, так лічылі ўрадаўцы УНР, так мяркуюць нават некаторыя сучасныя нацыяналісты. Беларусы, у сваю чаргу, любяць прыплесці, што Чарнігаўшчына — таксама беларуская тэрыторыя… Але на ўсе гэтыя спрэчкі можна гля­дзець з усмешкай, ведаючы, што Палессе — гэта тэрыторыя, дзе, верагодна, і з’явіліся ўсходнія славяне ў прынцыпе.

Як на тых балотах магло нешта з’явіцца? Па-першае, умовы там не такія ўжо і неспрыяльныя — гэта ж не суцэльна пакрытая балотамі тэрыторыя. Урэшце, ёсць прыклад таго ж Каўказу, дзе ў гарах на невялічкай тэрыторыі паўстала агромністая колькасць народаў і этнічных групаў. Па-другое, праз іншыя, больш адкрытыя рэгіёны, увесь час нехта «маршыраваў»: готы, гуны, скіфы і г.д. А Палессе заставалася даволі ізаляваным рэгіёнам, дзе, як у катле на агні, маглі пачацца хімічныя рэакцыі.

Калі гэта прарадзіма ўсіх усходніх славян, дык яе немагчыма падзяліць на ўкраінскую і беларускую часткі, бо яна старажытнейшая і за Украіну, і за Беларусь. Вядома, што нават знешне палешукі яшчэ ў ХІХ стагоддзі моцна адрозніваліся ад беларусаў і ўкраінцаў: невысокія, чарнявыя, часам з вялікімі ілбамі. Беларусы ж — высокія, светлыя, з выцягнутымі тварамі — такія знешнія адзнакі можна бачыць ужо на Случчыне. Чаму? Зноў жа, бо на поўнач ад Палесся ўжо ішоў працэс змешвання славянаў з балтамі, сярод якіх пераважаюць блакітнавокія бландзіны.


Не ўкраінцы далі палешукам мову, а палешукі — украінцам

У плане мовы, канешне, Палессе бліжэйшае да Украіны. У гэтым ёсць логіка, бо згодна даследчыкам, украінская мова, у параўнанні з беларускай і рускай, найбольш набліжаная да аўтэнтычнай версіі паўднёва-ўсходняга варыянту старажытнай усходнеславянскай мовы. Мова палешукоў аб’ектыўна бліжэйшая да ўкраінскай, але не палешукі прынялі ўкраінскую мову, а ўкраінская мова пайшла ад палешукоў, узбагаціўшыся пазней цюркскімі ды іншымі элементамі.

З пункту гледжання дзяржаўнасці, Палессе пазней больш варылася ў складзе ВКЛ, калі казаць пра XIV–XVІІІ стагоддзі. Так і пайшло: калі сёння спытаць людзей у ваколіцах Маларыты пра іх нацыянальную прыналежнасць, яны адкажуць: беларусы. Але паміж сабой будуць размаўляць на мове, максімальна набліжанай да ўкраінскай. Палессе — гэта асобны кантынент, які немагчыма падзяліць паміж Беларуссю і Украінай.

Беларускі дудар з-пад Вільні, ''нашаніўская'' паштоўка пач. ХХ ст.

Беларускі дудар з-пад Вільні, ''нашаніўская'' паштоўка пач. ХХ ст.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пачытаць падарожныя нататкі Міколы Улашчыка 1920-х гадоў, які прайшоў мяжу Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці і Салігорскага раёна Мінскай вобласці — амаль сярэдзіну Беларусі. Зноў жа, як у Тургенева: два кантыненты, два цалкам адрозныя тыпы жыхароў і іх звычаяў. Такім чынам, старыя этнічныя межы былі добра бачныя яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, асабліва ў сельскіх рэгіёнах, да якіх не дабралася цывілізацыя.

Капліцы на каталіцкіх могілках у Сапоцкіне

Капліцы на каталіцкіх могілках у Сапоцкіне

Палешукі на Падляшшы і вуліца Яна Паўла ІІ у Сапоцкіне

Калі кранаць беларуска-польскую этнічную мяжу, то і тут не ўсё проста. Прасцей, хіба, у тым плане, што яна фактычна супала з мяжой ВКЛ і Кароны Польскай. Плыні засялення беларуска-польскага памежжа рухаліся яшчэ ў XV–XVI стагоддзях. З нашага боку гэта былі жыхары Гродзеншчыны, з захаду на ўсход ішлі мазуры. Мяжа этнасаў, такім чынам, праходзіла пад Беластокам, крыху не дахо­дзячы да яго.

З пункту гледжання мовы, праваслаўныя жыхары Падляшша — гэта палешукі. Тое ж з прозвішчамі: Гаўрылюкі, Раманюкі ды інш. Украінцы, акурат зважаючы на гэтую моўную асаблівасць, на мапах часта прыпісвалі яго сабе. Але, на­дзіва, мясцовыя жыхары прынялі акурат беларускую самасвядомасць. Калі браць паўночную частку Беласточчыны, тую ж каталіцкую Сакольшчыну, то яна была паланізаваная толькі ў ХХ стагоддзі, і тое не татальна.

Польскія сцягі над каталіцкімі могілкамі ў Сапоцкіне

Польскія сцягі над каталіцкімі могілкамі ў Сапоцкіне

Рэгіён Сапоцкіна, які знахо­дзіцца зусім побач з Гродна па нашым баку мяжы, гэта колішняя Аўгустоўшчына. Этнічна сапоцкінцы — гэта мешаніна ўсходніх славян і балтаў, але на нацыянальнае самавызначэнне мясцовых жыхароў найбольш паўплывалі зусім нядаўнія па­дзеі. Лёс гэтай тэрыторыі вельмі цікавы. Скажам, калі б уніяты з-пад Сапоцкіна пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе апынуліся ў Расіі, то сучасныя сапоцкінцы наўрад ці б нечым адрозніваліся ад жыхароў Скі­дзеля альбо Бераставіцы. Але яны апынуліся ў Прусіі, а пасля ў Каралеўстве Польскім. Там уніяцтва пратрывала да 1875 года і пасля 1905-га яны амаль цалкам прынялі каталіцтва і сталі палякамі з высокім узроўнем нацыянальнай свядомасці. Чаго каштуе хаця б вуліца імя Яна Паўла ІІ у Сапоцкіне, якая раней насіла імя Леніна!

Беларусы Падляшша, Купалле

Беларусы Падляшша, Купалле

Пад Гродна размаўлялі па-літоўску ажнода 1950-х

Мы часта кажам пра Вільню як «крывіцкую Мекку» і спрадвечную беларускую тэрыторыю, маючы шмат прэтэнзіяў да літоўцаў, якія, нібыта, ніколі там і не жылі. Пры гэтым балюча ўспрымаем, калі літоўцы кажуць пра свой «Гардзінас» і «Наўгардукас» (балцкія назовы Гродна і Наваградка). Як жа было насамрэч?

Можна супаставіць мапу Яўхіма Карскага і працу ягонага калегі Фердынанда Рыціха, падрыхтаваную яшчэ ў 1860-х гадах. Мапа Карскага пабачыла свет толькі на пачатку ХХ стагоддзя, то бок паміж імі прыкладна 30 гадоў розніцы. Калі ж прыгледзецца да працэсаў, якія адбываліся ў гэтым рэгіёне, дык дынаміка будзе тая ж, што і на беларуска-рускай этнічнай мяжы, толькі наадварот. Калі ў папярэднім выпадку руская мова адціскала на захад беларускую, то тут беларуская адціскала на поўнач і захад літоўскую.

Бацькі БНР, малюючы межы новай рэспублікі, абапіраліся на мапу Карскага

Бацькі БНР, малюючы межы новай рэспублікі, абапіраліся на мапу Карскага

Гэта быў стыхійны працэс. Таму на пачатку ХХ стагоддзя свядомыя літоўцы баяліся беларусаў нават больш, чым палякаў. Стыхійная беларусізацыя была іх фобіяй. На мапах гэта выдатна бачна: літоўскі арэал імкліва сціскаўся. Зараз нам цяжка ўявіць, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя тая ж Воранаўшчына была цалкам літоўскамоўнай. За сто гадоў да гэтага літоўскую няблага ведалі нават у ваколіцах Гродна.

Прыклад таму — гісторыя вёскі Азяркі недалёка ад Гожы ў Гродзенскім раёне. Яе знеслі напрыканцы 1950-х, каб збудаваць палігон сярод глухога лесу. Дык вось, паміж сабой азярчане да апошняга размаўлялі па-літоўску, хоць з жыхарамі ваколіцаў пераходзілі на польскую ці беларускую мову. Як так сталася? Вёска наўпрост была надзейна схаваная ў лесе, гэта быў літоўскі этнічны рэлікт, які застаўся ад даўнейшых часоў. Падобныя прыклады былі і на Дзятлаўшчыне: старыя людзі размаўлялі па-літоўску да сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Дзяўчына ў балцкім строі — сучасная рэканструкцыя

Дзяўчына ў балцкім строі — сучасная рэканструкцыя


Рэальная гісторыя зусім іншая

Што мы маем у выніку? Атрымліваецца вельмі складаная, стракатая і неадназначная карціна, якая менш за ўсё кладзецца на дзяржаўныя межы, гістарычныя міфы ды нацыянальныя ідэалогіі: што беларускую, што ўкраінскую, што расійскую, што польскую… Мы вельмі часта выкарыстоўваем гістарычныя аргументы для таго, каб падмацоўваць нашы сучасныя канцэпцыі і жаданні. Рэальная гісторыя зусім іншая.

Зараз усе мы жывем у прасторы, якая стала плёнам гістарычных канцэпцый і палітычных падзеяў ХІХ–ХХ стагоддзяў. Вельмі часта мы наўпрост пляцемся ўслед за састарэлымі тэндэнцыямі, напрыклад, гукаючы «Вільня наша!» альбо «Смаленск наш!» Але навошта беларусам той жа Смаленск ці Бранск, калі аб’ектыўна гэты ўбытачны датацыйны рэгіён, які папросту вымірае?

Прыклад гісторыі з анексіяй Крыму паказальны: Расія ўзяла на сябе эканамічны і палітычны цяжар у абмен на сумнеўныя прапагандысцкія бонусы, абгрунтаваўшы ўсё «гістарычнымі прычынамі». Дык можа варта нарэшце пасталець і пачаць ставіцца да гісторыі як да навукі пра мінулае, а не як да «палітычнай прастытуткі», якую можна выкарыстоўваць дзеля задавальнення спарадычных жаданняў?

***


Бранск на фотаздымку пач. ХХ ст.

Бранск на фотаздымку пач. ХХ ст.

«Кому случалось из Болховского уезда перебираться в Жиздринский, того, вероятно, поражала резкая разница между породой людей в Орловской губернии и калужской породой. Орловский мужик невелик ростом, сутуловат, угрюм, глядит исподлобья, живет в дрянных осиновых избенках, ходит на барщину, торговлей не занимается, ест плохо, носит лапти; калужский оброчный мужик обитает в просторных сосновых избах, высок ростом, глядит смело и весело, лицом чист и бел, торгует маслом и дегтем и по праздникам ходит в сапогах. Орловская деревня (мы говорим о восточной части Орловской губернии) обыкновенно расположена среди распаханных полей, близ оврага, кое-как превращенного в грязный пруд. Кроме немногих ракит, всегда готовых к услугам, да двух-трех тощих берез, деревца на версту кругом не увидишь; изба лепится к избе, крыши закиданы гнилой соломой... Калужская деревня, напротив, большею частью окружена лесом; избы стоят вольней и прямей, крыты тесом; ворота плотно запираются, плетень на задворке не разметан и не вывалился наружу, не зовет в гости всякую прохожую свинью...»

Иван Тургенев «Хорь и Калиныч»


«Дабіраемся ўрэшце да саміх палешукоў. Што яны палешукі, гэта ўсім цвёрда ведама. Палешукі — асобны народ, а крыху далей на поўнач, у Мяжэвічах, ужо жыве Літва.

— Што, як? Літва?

— Ну да, Літва! Хіба ж вы, вучоны чалавек, не ведаеце?

Я, вучоны, усё ж не ведаў, што тут Літва. Пачынаецца гутарка на гэтую тэму, і высвятляецца, што Літвою палешукі завуць Случчыну і наогул усю Беларусь. Пытаю ў іх пра сучасную Літву, але пра яе палешукі нічога не чулі наогул. Распытваю, якая ж розніца паміж палешукамі і літвою (не літоўцамі, але літвою) і даведваюся, што розніца ва ўсім: інакш гавораць, інакш апранаюцца, інакш будуюцца. Выцягваю сваю карту-трохвёрстку і пробую ўстанавіць межы «Літвы» і Палесся. Мяжа аказваецца недалёка. Палескія толькі вёскі Пагібелька, а далей на Слуцк в. Мяжэвічы — ужо Літва. (…)

Падыходжу да Мяжэвіч — вёскі з двух ці трох двароў — і сапраўды бачу, што тут іншы свет. Нідзе я не бачыў яшчэ такой рэзкай розніцы, як тут. Розніцца літаральна ўсё: і зямля, і лес, і будынкі, і людзі, і адзенне на людзях, і іх мова. Мяжэвічы — гэта ўжо чыстая Беларусь, Беларусь Слуцкая, выразней кажучы, вышэйшага гатунку».

Мікалай Улашчык, з кнігі «Краязнаўчыя нарысы, мемуары»