Расія. Як не паўстала ВНР
Расійская журналістка Галіна Сапожнікава напісала кнігу «Хто каму здрадзіў», дзе распавяла пра малавядомыя падзеі на мяжы Літвы і Беларусі напачатку 1990-х. Паводле аўтаркі, на восень 1991 года ў Віленскім краі рыхтавалася абвяшчэнне польскай аўтаноміі.
Базай для аўтаноміі павінен быў быць Шальчынінкайскі раён, які на той момант фактычна і так быў аўтаномным. Мясцовая адміністрацыя працягвала падпарадкавацца савецкаму ўраду, атрымлівала ад яго падтрымку праз Мінск.
Паступова сярод мясцовых кіраўнікоў паўстаў праект юрыдычнага афармлення аўтаноміі. Апошні раз ініцыятары праекту сустракаліся 15 жніўня, і толькі путч 19 жніўня прымусіў змоўнікаў адмовіцца ад ідэі. Сапожнікава не піша, ці былі Масква або Мінск у курсе планаў кіраўніцтва Шальчынінкая, аднак значна цікавейшы іншы фрагмент.
Са спасылкай на былога старшыню райвыканкама сцвярджаецца, што пра ідэю стварэння аўтаноміі ведалі ў Варшаве. Больш таго, быццам бы ініцыятараў аўтаноміі наведаў эмісар з Польшчы, які прапанаваў вайсковую падтрымку ў выпадку канфлікту з урадам Літвы. Паколькі аматары аўтаноміі Віленшчыны арыентаваліся на Маскву і Мінск, ад прапановы Варшавы яны адмовіліся.
Нагадаем таксама, што ў сакавіку 2017 года частка тыражу перавыдання кнігі на літоўскай мове была канфіскаваная літоўскай паліцыяй. Тады паліцыя спаслалася на распараджэнне пракуратуры, заснаванае на артыкуле 170.2 Крымінальнага кодэкса Літоўскай Рэспублікі («Адмаўленне савецкай акупацыі»).
Паводле расійскай прэсы