Украіна забараніла ўезд больш тысячы расейцаў. Сорак з іх — артысты
Уезд ва Украіну забаронены каля 40 расійскім акцёрам і спевакам за незаконнае наведванне Крыма, паведаміў кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Віктар Назаранка ў інтэрв'ю агенцтву "Інтэрфакс-Украіна".

Лаліта Міляўская, фота 1tv.ru
"Што тычыцца артыстаў і іншых публічных дзеячаў з Расіі, якія наведвалі Крым. На сённяшні дзень мы выявілі іх каля 40 чалавек. Мы вельмі ўдзячныя за тую дапамогу, якую нам аказваюць неабыякавыя грамадзяне Украіны і праваахоўныя органы", — сказаў ён.
Назаранка таксама ўдакладніў, што гаворка ідзе пра забарону ўезду ва Украіну на 3 гады. У гэты спіс уваходзяць такія выканаўцы, як Лаліта Міляўская, Юлія Самойлава, Наташа Каралёва (грамадзянка РФ Наталля Парывай), Мікалай Дабрынін, Людміла Арцем'ева і інш.
Усяго ў 2016 годзе быў забаронены ўезд ва Украіну 5,4 тыс. замежнікам, з іх больш за 1,2 тыс. — грамадзяне Расіі. У бягучым годзе агульная колькасць забаронаў на ўезд ужо дасягнула 2,5 тыс., 616 з іх — грамадзяне РФ.
tsn.ua