Урад Польшчы прапануе падняць «мінімалку» да 500 еўра
Прапанову павышэння мінімальнай зарплаты міністр працы і сацыяльнай палітыкі абгрунтоўвае высокімі тэмпамі эканамічнага росту.
Урад Польшчы разважае над прапановай
павысіць мінімальную зарплату да 2100 злотых брута (то бок каля 500 еўра). Пра
гэта ў пятніцу заявіла міністр па справах сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі
Эльжбэта Рафальска.
Мінімальная заработная плата, такім чынам, павялічылася б на 5% і стала складаць 47,27% ад сярэдняга заробку брута ў Польшчы. Цяпер мінімальны заробак без адлічэння падаткаў раўняецца 2000 злотых.
Разам з павышэннем мінімальнага заробку міністэрства па справах сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі плануе павысіць на 5% мінімальную аплату за гадзіну працы. Яе хочуць павялічыць да 13 злотых 70 грошай (што раўняецца 3,25 еўра). Канчатковае рашэнне наконт павышэння заробкаў павінен прыняць урад.
Сваю прапанову пяціпрацэнтнага павышэння мінімальнай зарплаты Эльжбэта Рафальска абгрунтоўвае высокімі тэмпамі эканамічнага росту ў Польшчы і добрай сітуацыяй на рынку працы. У краіне адзначаецца рэкордна нізкае беспрацоўе.