Як са спецыялістаў робяць «дармаедаў»

Звальненні ў сувязі з заканчэннем тэрміну працоўнага кантракту — з’ява звыклая і нікога не здзіўляе. Пункт 2 артыкула 35 Працоўнага кодэксу прадугледжвае права наймальніка звольніць работніка без аніякага матыву і тлумачэння — у сувязі з заканчэннем тэрміну кантракту.

zvalnenne_005_1.jpg

Практыка паказвае, што колькі б звольнены чалавек ні тлумачыў у судзе пра сваю адданую і сумленную працу на карысць прадпрыемства, высокую кваліфікацыю, наяўнасць непаўналетніх дзяцей — суд звычайна гэтым не цікавіцца. Наймальніку дадзеныя вельмі шырокія паўнамоцтвы, і ён імі карыстаецца напоўніцу.

І ўсё ж такі цэлая серыя звальненняў спецыялістаў у сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў вёсцы Праснакі Капыльскага раёна выклікала цікавасць. Па сведчанні жыхароў, з прыходам новага дырэктара Віталя Платуна, з кастрычніка 2015-га па сакавік 2017 года з ААТ «Праснакі» былі звольнены амаль усе мясцовыя спецыялісты: галоўны заатэхнік, галоўны інжынер, галоўны эканаміст, спецыяліст аддзела кадраў, сакратар, загадчык майстэрняй, юрыст…

Дырэктар ААТ «Праснакі» Віталь Платун патлумачыў, што амаль усе былыя спецыялісты звольніліся самі, па ўласным жаданні, і, апроч былога вядучага эканаміста не маюць ніякіх прэтэнзій. З Раманам Сімановічам, галоўным эканамістам, не згодным са звальненнем, кантракт не працягнуты ў сувязі з заканчэннем 2-гадовага тэрміну дамовы. Прычына — запрашэнне на яго месца спецыяліста з вышэйшай аграэканамічнай адукацыяй.

Па словах дырэктара, Раману Сімановічу не хапіла прафесійных ведаў, каб скласці бізнес-план.

Паводле Указу 253 кіраўніка дзяржавы, наша гаспадарка была ўключана ў шэраг прадпрыемстваў, якія падлягалі аздараўленню. Раман Сімановіч фактычна адмовіўся скласці бізнес-план, бо заявіў, што для гэтага яму не хапае прафесійных ведаў. Па адукацыі, якую ён атрымаў у каледжы, ён — бухгалтар, а не эканаміст, — кажа кіраўнік гаспадаркі.

Не пацвердзіў дырэктар і інфармацыю пра гвалтоўна звольненых людзей.

— Гэта ўсё плёткі, на самай справе, усе, хто хоча, працуюць, — заявіў наймальнік.

Пры размове з людзьмі высветлілася, што не ўсё так проста, і ў Праснаках ёсць людзі, якія лічаць, што кіраўніцтва абышлося з імі несправядліва.

Ганна Нікіфарава, якая сумяшчала працу ў аддзеле кадраў і працу сакратара, звольнілася летам 2016 года таксама «па ўласным жаданні».

Пасля заканчэння каледжу мяне размеркавалі ў Праснакі. Працавала па сваёй спецыяльнасці, пакуль не трапіла ў бальніцу на 3 месяцы. У маю адсутнасць была зладжана праверка, нібыта дзеля таго, каб праверыць мае памылкі і пасля навучыць мяне, як маладога спецыяліста, — распавяла Ганна. — Замест гэтага, пасля выпіскі з лякарні, мяне гвалтоўна перавялі працаваць дыспетчарам — не па спецыяльнасці. Паставілі перад выбарам: альбо прымусовае звальненне, альбо праца дыспетчарам.

Ганна, тым не менш, дапрацавала дыспетчарам да заканчэння тэрміну адпрацоўкі, і ў ліпені 2016 года звольнілася «па ўласным жаданні».

— У мяне цукровы дыябет і некаторыя іншыя праблемы. Патрэбна вялікая мускульная сіла і на тое, каб адчыняць і зачыняць цяжкія дзверы перад заездам механізатараў, — тлумачыць Ганна. — Зараз не працую. Муж працуе механізатарам, яго грошай на сям’ю не хапае, бо мне трэба траціцца і на лекі.

Былы галоўны эканаміст Раман Сімановіч адпрацаваў у ААТ «Праснакі» два гады. Прычыну непрацягнення кантракту з ім — запрашэнне на яго месца спецыяліста з вышэйшай кваліфікацыяй — Раман лічыць абсурднай. Бо сур’ёзных заўваг па працы і прэтэнзій па яго кваліфікацыі, па яго словах, не было. Да таго ж у гэтым годзе ён таксама атрымлівае вышэйшую эканамічную адукацыю.

zvalnenne_003_logo.jpg

Мне даводзілася сумяшчаць працу галоўнага эканаміста, бухгалтара і сакратара, — распавёў Сімановіч. — Усё было нармальна, пакуль я не стаў адстойваць правы працаўнікоў прадпрыемства. Напрыклад, калі не хапала грошай на выплату заробкаў, дырэктар вусна загадаў мне неабгрунтавана зменшыць расцэнкі за адзінку прадукцыі. Паколькі гэткім чынам я павінен быў парушыць закон і несці адказнасць за гэта перад правяраючымі камісіямі, я папрасіў даць пісьмовае распараджэнне.

У другім выпадку, па словах Сімановіча, ён адмовіўся паменшыць заробленыя грошы механізатару.

Дырэктару падалося, што механізатар Н. занадта многа зарабіў грошай, таму загадаў панізіць яму заробак. Пры гэтым я павінен быў сам прыдумаць, якім чынам гэта зрабіць. Я адмовіўся, і адносіны з кіраўніком пасля гэтага яшчэ больш пагоршыліся.

Да таго ж жонка Рамана актыўнічала ў барацьбе за захаванне ў Праснаках дзіцячага садка і ФАП, магчыма, гэта не спадабалася раённаму кіраўніцтву.

zvalnenne_001_1.jpg
zvalnenne_002_logo.jpg


Паводле словаў спецыяліста, першапачаткова дырэктару была даспадобы яго прафесійная праца, і ён нават хадайнічаў перад райвыканкамам, каб паставіць Сімановіча сваім намеснікам.

Сітуацыю з няўдалым бізнес-планам Сімановіч патлумачыў наступным чынам:

Калі пайшлі першыя чуткі пра Указ № 253, аддзел эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі Капыльскага раёна, якому я павінен падпарадкоўвацца, даслаў нам прайс-лісты кансалтынгавых кампаній па распрацоўцы бізнес-планаў. Мы павінны былі абраць таннейшыя кампаніі, каб яны распрацавалі гэты план у кароткі тэрмін. Мы заключылі дамову з кампаніяй, павінны былі здзейсніць перадаплату. Наш дырэктар шукаў на гэта грошы два тыдні, не знайшоў, хоць сума была невялікая, і абавязаў мяне напісаць гэты план. Часу ж на яго распрацоўку ўжо амаль не было, прыйшлося гэтае заданне выконваць у жорсткі тэрмін. Зразумела, што ён не быў распрацаваны належным чынам, яго не прынялі.

З сакавіка 2017 года Раман знаходзіцца ў пошуках працы. Бліжэйшае месца, якое яму прапанавалі, — у іншым сельскагаспадарчым прадпрыемстве, у 40 кіламетрах ад месца, дзе пражывае сям’я. У Рамана двое дзяцей, праз месяц чакаецца нараджэнне трэцяга.

img_6390_1_logo.jpg


Яшчэ адну гісторыю распавёў бацька 4-х дзяцей Вячаслаў Марціновіч, які таксама вымушаны мяняць месца працы:

— Я працаваў кіроўцам, які знаходзіцца «на падхваце», — развозіць рабочых на розныя месцы, выконвае іншыя транспартныя даручэнні. Звычайна працоўны дзень пачынаўся ў 4 гадзіны раніцы і заканчваўся ўвечары — з невялікімі перапынкамі. Атрымліваў за працу 500 рублёў, як за звычайны працоўны дзень. Прыходзілася вазіць людзей на аварыйным транспарце, без тэхагляду. Трапляўся з-за гэтага на вока даішнікам, некалькі разоў аплачваў штрафы. У адзін з красавіцкіх дзён гэтага года стаяў на рамонце і адпрацаваў належным чынам свой 7-гадзінны рабочы дзень (на рамонце ён доўжыцца з 8-00 да 16-00). Пасля 16-00 атрымаў загад прадоўжыць працу, бо прывезлі запчасткі. Трэба было ў гэты ж дзень скончыць рамонт, вечарам паразвозіць людзей, а назаўтра зноў зранку заступіць на працу. Я адмовіўся, бо адчуваў сябе стомленым, а за руль у гэтым стане нельга.

На мяне была складзеная дакладная запіска, што я пакінуў рабочае месца ў 16-00. Назаўтра быў адхілены ад працы, а сакратарка дырэктара перадала мне ліст дырэктара з пажаданнем, каб я напісаў заяву аб звальненні па ўласным жаданні без пастаўленай даты. Я напісаў. Тыдзень прасядзеў, чакаючы звальнення. Зараз кажуць, што дырэктар маю заяву ліквідаваў, а «прагул» аформлены ў выглядзе чарговага адпачынку з 20.04 па 01.05. Паколькі на маім месцы ўжо працуе іншы чалавек, мне прапанавана быць падменным ахоўнікам на фермах і праца на бычніку. Канчатковае рашэнне я яшчэ не прыняў. Мне толькі не зразумела, чаму мне нягледзячы на перапрацоўку, ставілі толькі 7 гадзін працы, а новаму кіроўцу плацяць як за 12 гадзін.

zvalnenne_006_logo.jpg


Даведаўшыся пра прычыну майго прыезду, некалькі вяскоўцаў, якіх я сустрэла ў краме, выказалі свае меркаванні аб звальненнях.

Адзін мужчына пенсійнага ўзросту ўхваліў дзеянні дырэктара і лічыць, што такім чынам ён наводзіць парадак:

Начальнік для таго і існуе, каб падначаленыя выконвалі ўсе загады. Да таго ж простыя рабочыя атрымліваюць неблагую зарплату, значыць, дырэктар у Праснаках знаходзіцца на сваім месцы, — выказаў думку Уладзімір Іванавіч.

Двое ж іншых лічаць, што дырэктар несправядліва абышоўся і з Сімановічам, і з іншымі.

Заробак больш-менш прыстойны мы атрымліваем, паколькі зараз знаходзімся пад наглядам Слуцкага цукровага завода. Не думаю, што тут асаблівая заслуга Платуна. Звольніў галоўнага эканаміста, які мае тут жыллё, дваіх дзяцей і цяжарную жонку. Разумны, прыстойны і добры чалавек, заўсёды цвярозы, сумленны, веруючы. Цяпер яму трэба шукаць працу і некуды ездзіць. Панабіраў спецыялістаў са Слуцка — ездзяць кожны дзень больш за 20 кіламетраў на працу да нас галоўны бухгалтар, галоўны інжынер, загадчык майстэрні, эканамістка, прараб, аддзел кадраў, бухгалтар. Не думаю, што яны запраўляюцца палівам за свой кошт. Мала галоўнага бухгалтара — з’явіўся памочнік галоўнага бухгалтара. Новым людзям патрэбна ж будзе і жыллё, а калі яны тут не паселяцца, не будуць зацікаўлены ні ў ФАПе, ні ў дзіцячым садку, ні ў рамонце разбуранай дарогі, якая вядзе да крамы, — падзялілася думкамі жанчына, якая не назвалася.

Навошта было звальняць маладых спецыялістаў, якія тут жывуць і хацелі працаваць? Калі якія памылкі і зрабілі, яны ж — маладыя, падвучыліся б крыху і хай бы працавалі па месцу жыхарства. Неяк не па-людску ўсё выглядае, — выказаў сваё меркаванне сталы чалавек, які папрасіў не называць прозвішча, каб не прычыніць шкоду блізкім.