Бітва за Маскву 1612 года

У мінулы уікэнд, 6-8 ліпеня, у гісторыка-архітэктурным запаведніку “Каломенскае ў Маскве адбыўся ІІ Міжнародны Фестываль гістарычных рэканструкцый “Часы і эпохі. Маскоўскае царства XVII стагоддзе. У рэканструкцыі падзей пачатку верасня 1612 г. у Маскве бралі ўдзел каля 1300 чалавек з клубаў 14 краін — стральцы і гусары, пікінеры і казакі…



84cb17743002b4cfb81b0153cee648fc.jpg

У мінулы уікэнд, 6-8 ліпеня, у гісторыка-архітэктурным запаведніку “Каломенскае ў Маскве адбыўся ІІ Міжнародны Фестываль гістарычных рэканструкцый “Часы і эпохі. Маскоўскае царства XVII стагоддзе. У рэканструкцыі падзей пачатку верасня 1612 г. у Маскве бралі ўдзел каля 1300 чалавек з клубаў 14 краін — стральцы і гусары, пікінеры і казакі…
Нагадаем, што падзеі разгортваліся ў крытычны момант для знаходжання ў Крамлі беларуска-польска-літоўскага гарнізона, які чакаў дапамогі суайчыннікаў, абложаны ваярамі апалчэння Мініна і Пажарскага. На кану стаяла пытанне аб’яднання Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай пад скіпетрам дынастыі Вазаў: маскоўскае баярства падтрымлівала уцараванне ў Маскве каралевіча Ўладзіслава.

Рубенс. Партрэт Уладзіслава Вазы.1624
Уласна, пасля паразы войска цара Васіля Шуйскага 4 ліпеня 1610 г. пад Клушынам ля Гжацка ад сілаў Рэчы Паспалітай (6,5 тысячнае войска Жалкеўскага перамагло 35-тысячны атрад брата цара Дзмітрыя Шуйскага) улада ў Маскве памянялася. Шуйскі быў дэтранізаваны і пастрыжаны ў манахі, а 15-гадовы Уладзіслаў Ваза паводле дасягнутай яшчэ 4 лютага 1610 г. дамоўленасці маскоўскіх баяр з яго бацькам Жыгімонтам ІІІ абвешчаны маскоўскім царом.


ЮзафАляшкевіч. РазвітаннеХадкевіча з жонкай.1808

У верасні 1610 г. у Крамлі размясціўся гарнізон на чале са смаленскім ваяводам Аляксандрам Гасеўскім, які разам з Львом Сапегам быў прыхільнікам актыўных дзеянняў у Маскве. І  хаця ў чэрвені 1611 г. адно з галоўных пытанняў вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (што цягнулася з 1609 па 1618 г.) вырашылася — Смаленск вярнуўся пад кантроль ВКЛ, улада ў Маскве засталася ў “падвешаным стане. Жыгімонт ІІІ так і не накіраваў у 1610 г. у Маскву свайго сына Ўладзіслава, намінальнага цара маскоўскага.

   Партрэт Аляксандра Гасеўскага
Далей супраць новай улады ў маскоўскай дзяржаве выступілі два зборныя апалчэнні баяраў, дваранаў, казакаў і нават сялян. Першае ў сакавіку 1611 г. на чале з разанскім ваяводам Пракопіям Ляпуновым — безпаспяхова. Другое  пачало фармавацца ўвосень 1611 г. у Ніжнім Ноўгарадзе на чале з земскім старастам Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім. Менавіта яго сілы ў ліпені 1612 г. сталі пад Масквой, каб перакрыць шлях  польска-беларускаму войску на чале з вялікім літоўскім гетманам Янам Каралем Хадкевічам, які чарговы раз кіравалася ў Крэмль з абозам правіянту і зброі.

Партрэт Яна Караля Хадкевіча.1620
Асноўныя падзеі супрацьстаяння, якое і рэканструявалі падчас Фестывалю адбываліся 31 жніўня — 2 верасня. Ян Караль Хадкевіч са сваім 3-тысячным войскам спрабаваў прабіцца да Крамля з захаду, праз Новадзявочы кляштар і Чартольскую браму, а потым з поўдня — ад Данскога кляштара праз Калужскую браму. Аднак 2 верасня пацярпеў канчатковую няўдачу пасля нападу на яго ўжо на беразе Масквы-ракі, навідавоку ад Крамля каля Крымскага падвор’я, жаўнекраў Мініна. Відаць, гэта была самая значная параза ў кар’еры Хадкевіча, выдатнага стратэга, трыумфатара ў такіх слынных бітвах 17 ст., як перамога над шведамі пад Кірхгольмам (1605) і спыненне турэцкай навалы пад Хоцінам (1621). 
Войска Хадкевіча запозна дачакалася дапамогі Жыгімонта ІІІ, які кіраваўся з войскам і сынам, намінальным маскоўскім царом Уладзіславам, да Масквы. Яны спаткаліся толькі пад Вязьмай. Хаця Уладзіслаў намінаваўся маскоўскім царом да 1634 г., а актыўная спроба вайсковага захопу Масквы пад яго непасрэдным кіраўніцтвам вылілася яшчэ ў паход 1617-1618 г., напачатку 1613 г. маскоўскі трон перайшоў новай дынастыі Раманавых. Персанальная унія Літвы і Масковіі не адбылася. Цікава, што і на чале апалчэння ў Маскве (першага і часткі другога) стаяў “наш чалавек — Дзмітрый Трубяцкі, Гедымінавіч.
Гістарычныя лёсы ліцвінаў і маскавітаў цесна перапляталіся. Як прыкладам, і лёс кіраўніка ліцвінскай часткі крамлёўскага гарнізона мазырскага харунжага Іосіфа Будзілы, які ў мемуарах апісаў цяжкі стан абложаных апалчэнцамі ў Крамлі ўвосень 1612 г. Даходзіла да людажэрства. 5 лістапада 1612 г., пасля капітуляцыі, ліцвінскі атрад Будзілы быў разасланы ў розныя турмы Маскоўскага царства, дзе воі знаходзіліся аж да Дэулінскага міра 1618 г. Польскаму атраду Мікалая Струся пашанцавала меней: амаль усе палонныя былі перабітыя казакамі Трубяцкога.

Гістарычная рэканструкцыя значна больш мірная рэч, чым рэальная гісторыя. У Каломенскім цяжкую конніцу ліцвінаў Хадкевіча, венгерскіх і нямецкіх наёмнікаў, украінскіх казакаў Аляксандра Збароўскага зноў спынялі маскоўскія стральцы і апалчэнне, узвёўшы абарончыя прыстасаванні з падручнага матэрыялу. Гэтым разам без ахвяраў.


 


 

Мэр Масквы Сяргей Сабянін, адкрываючы фестываль, заўважыў, што бітва 1612 г. была “канцом Смутнага часу і пачаткам моцнай Расіі. А фестываль — магчымасць “ажыццявіць дзіцячую мару, на імгненне адчуць сябе стральцом, гусарам, казакам, самому зрабіцца удзельнікам гісторыі. Тая гісторыя рыхтавала Беларусі страшную вайну сярэдзіны 17 стагоддзя. Як доказ таго, што шчасце варта шукаць дома, а не са зброяй на чужыне.


“НЧ прапануе некалькі здымкаў з фестывалю, а таксама мастацкіх твораў з вобразамі удзельнікаў падзей — партрэт Яна Караля Хадкевіча, палатно Юзафа Аляшкевіча “Развітанне Хадкевіча з жонкай, вобраз каралевіча Уладзіслава Вазы пэндзля Рубенса, партрэт першага каменданта Крамля ў 1610 г. Аляксандра Гасеўскага (на фоне фундаванага ім у Віцебску касцёла езуітаў).