БагатаДата: 16–22 лютага

Трыццаць гадоў першаму дазволенаму апазіцыйнаму мітынгу, і дзень народзінаў Міколы Байкова. А яшчэ Дзень сацыяльнай справядлівасці ды Дзень роднай мовы. Іншыя даты на гэтым тыдні ў нашым аглядзе.

Чэслаў Немэн

Чэслаў Немэн

16 лютага

80 гадоў з дня нараджэння Чэслава Немэна, польскага музыкі беларускага паходжання. Родам ён з вёскі Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна. У доме, дзе нарадзіўся Немэн, цяпер працуе музей. Сапраўднае імя Немэна — Чэслаў Выдрыцкі. Псеўданім узяты ад ракі Нёман, на якой спявак вырас. Пераехаў у Польшчу ў 1958 годзе. Атрымаў вядомасць у 1964 годзе, калі актрыса Марлен Дытрых запісала нямецкую версію яго песні «Ці памятаеш ты яшчэ мяне?» («Czy mnie jeszcze pamiętasz?»). Самая папулярная яго песня — «Дзіўны гэты свет» («Dziwny jest ten świat»).

90 гадоў таму ў Бабруйску з’явіўся на свет народны артыст, скрыпач, канцэртмайстар і саліст аркестра Тэатра оперы і балета Леў Гарэлік. Ён першым выканаў практычна ўсе скрыпічныя творы беларускіх кампазітараў-сучаснікаў.

95 гадоў таму пад Варшавай нарадзіўся беларускі скульптар Андрэй Заспіцкі. Пераехаў з бацькамі ў Мінск пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР. Сумесна з іншымі калегамі Заспіцкі — аўтар скульптураў на сталічным будынку па вуліцы Багдановіча, дзе месціцца Сувораўская вучэльня, фантана «Вянок» і помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы, Адаму Міцкевічу на Гарадскім вале, рэльефу «Гусляр» на Нацыянальнай бібліятэцы, помніка Скарыну ў Полацку.

17 лютага

100 гадоў з дня нараджэння Тамары Кулакоўскай. Вучоная ў галіне аграхіміі і глебазнаўства родам з Полацка. Была дырэктаркай Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства і аграхіміі, а пазней кіравала Заходнім аддзяленнем Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук.

 

18 лютага

Яўген Будзінас. Фота Радыё Свабода

Яўген Будзінас. Фота Радыё Свабода



1944. У Маскве нарадзіўся Яўген Будзінас, беларускі пісьменнік, журналіст і бізнесовец. Выгадаваўся ў Вільні. Да літаратуры і журналістыкі працаваў слесарам, цесляром, настаўнікам. Стварыў у 1994 годзе ў Пухавіцкім раёне музей старажытных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі». Там непадалёк і пахаваны.

 

19 лютага

30 гадоў таму, у 1989 годзе, у гэты дзень на стадыёне «Дынама» ў Мінску адбыўся першы дазволены апазіцыйны мітынг. Яго арганізавалі Беларускі Народны Фронт і Канфедэрацыя беларускіх суполак («Талака», «Тутэйшыя» ды іншыя). Афіцыйна гэта быў «мітынг у падтрымку перабудовы». 40 тысяч чалавек сабраліся пераважна пад бел-чырвона-белымі сцягамі, а таксама пад савецкімі і сцягамі БССР.

Мітынг на Дынама. Фота з архіву Вінцука Вячоркі

Мітынг на Дынама. Фота з архіву Вінцука Вячоркі

1864. Нарадзіўся выдавец, палітычны і вайсковы дзеяч Вячаслаў Адамовіч-старэйшы. Браў удзел у стварэнні таемнай арганізацыі «Зялёны Дуб», якая каардынавала антыбальшавіцкі сялянскі супраціў і якой кіраваў ягоны сын Вячаслаў (атаман Дзяргач).

 

20 лютага

Сусветны дзень сацыяльнай справядлівасці. Імкненне да яе — адна з глабальных мэтаў ААН. Адзначаецца з 2009 года.

Дзень Герояў Нябеснай Сотні ва Украіне. Адзначаецца на знак памяці загінулых удзельнікаў Рэвалюцыі годнасці. У Нябеснай сотні і беларус Міхаіл Жызнеўскі, які быў забіты на Майдане адным з першых у студзені 2014 года.

 

21 лютага

Міжнародны дзень роднай мовы. Дата абраная на знак памяці аб падзеях гэтага дня ў 1952 годзе, калі ў горадзе Дака ў тагачасным Пакістане ад куляў паліцэйскіх загінулі студэнты, які выйшлі на дэманстрацыю ў абарону сваёй роднай мовы — бенгалі. Цяпер Дака — сталіца Бангладэш.

iljustacyja_radyjo_svaboda.jpg

Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы Беларусі.

65-годдзе адзначае беларускі журналіст і публіцыст Аляксандр Уліцёнак, заснавальнік газеты «Свабодныя навіны плюс», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за 1992 год у галіне журналістыкі за кнігу публіцыстыкі «Іншадумцы».

 

22 лютага

1889. У Бежацку, што ў Цвярской губерні, нарадзіўся Мікола Байкоў, беларускі мовазнаўца і літаратуразнаўца. Вучоны сакратар Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, Слоўнікавай камісіі Інбелкульту, а потым Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук. Арыштоўваўся ДПУ. Падчас вайны супрацоўнічаў у Мінску з акупацыйнымі нямецкімі ўладамі — у Інспектараце беларускіх школ і Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі. У 1944-м з’ехаў у Германію, там у 1946 годзе яго выкраў «Смерш» і перавёз у Савецкі Саюз, дзе яго асудзілі на 10 гадоў. Далейшы лёс невядомы.