Юбілей музею Янкі Купалы, Дзень міра, лесу, мора і мытніка. БагатаДата 19-25 верасня
Гэтымі днямі 70 гадоў спаўняецца амерыканскай газеце «Беларус». Віншуем калегаў! А таксама з гадавінай можна павіншаваць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Больш цікавостак — у нашым традыцыйным аглядзе.
19 верасня
Сусветны дзень донара касцявога мозгу.
1930. У вёсцы Грабаў у Івана-Франкоўскай вобласці Украіны нарадзіўся беларускі архітэктар Іван Мазнічка. З асноўных працаў: навучальны корпус Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, генпланы ў 1970-я гады гарадоў Ваўкавыск і Ашмяны.
20 верасня
Дзень работнікаў лесу і Дзень мытніка ў Беларусі.
1945. У Мінску запрацаваў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы — на месцы былога дома паэта.
1950. У ЗША выйшаў першы нумар газеты «Беларус».
21 верасня
Міжнародныя дні міру і распаўсюду інфармацыі пра хваробу Альцгеймера.
1920. У сяле Лісіцына Валагодскай вобласці Расіі нарадзіўся беларускі архітэктар Сяргей Мусінскі. Яго працы: праект забудовы другой чаргі праспекта Незалежнасці ў Мінску, будынак Мінгарвыканкаму, гатэль «Мінск», Палац мастацтваў, санаторый «Беларусь» у Сочы, мемарыяльны комплекс «Вязынка».
22 верасня
Сусветны дзень без аўтамабіля.
2005. У Віцебску адбыўся другі і самы моцны за той верасень выбух — позна ўвечары каля адной з кавярняў. Бомба ўяўляла сабой самаробную прыладу, начыненую паражаючымі элементамі ў выглядзе цвікоў ды гаек і схаваную ў клумбе з кветкамі. Было паранена 50 чалавек. У выніку першага выбуху 14 верасня пацярпелі дзве асобы. Тады вінаватых не знайшлі. Пазней нібыта ва ўчыненні віцебскіх выбухаў прызнаўся асуджаны за выбух у мінскім метро ў 2011 годзе Дзмітрый Канавалаў.
23 верасня
Міжнародны дзень жэставых моваў.
1910. У вёсцы Юраўшчына Маладзечанскага раёна на Міншчыне нарадзіўся паэт і самадзейны мастак Юльян Сергіевіч. Як мастак размалёўваў насценныя кілімы, пісаў тэматычныя карціны з жыцця вёскі. Вобраз Сергіевіча стаў прататыпам аднаго з герояў рамана Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды».
24 верасня
Сусветны дзень мора.
1920. Пачаўся Першы Усебеларускі з’езд камсамолу. Камсамол — абрэвіятура камуністычнага саюзу моладзі. Пераемнікам камсамолу лічыць сябе сённяшні Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
25 верасня
1765. У маёнтку Гузаў каля Варшавы ў Польшчы нарадзіўся дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыпламат, а таксама знакаміты кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. На дзяржслужбе займаў такія пасады: вялікі мечнік літоўскі і вялікі падскарбі літоўскі. У 1794 годзе за ўласныя сродкі стварыў вайсковыя фармаванні і змагаўся на баку касцюшкавых паўстанцаў. За гэта потым расійскія ўлады канфіскавалі яго маёнткі. Міхал Клеафас Агінскі з’ехаў у Аўстрыю, але пасля палацавага перавароту ў Расіі вярнуўся, прысягнуў імператару Аляксандру Першаму і атрымаў назад сваю маёмасць. Жыў у родавым маёнтку Залессе (Смаргонскі раён). Менавіта тут ён напісаў славуты паланез «Развітанне з Радзімай». Працягваў займацца палітыкай — у прыватнасці, падрыхтаваў праект аднаўлення ВКЛ, Музычны каледж у Маладзечне названы імем Агінскага.
1895. У пасёлку Радашковічы Маладзечанскага раёна на Міншчыне нарадзілася пісьменніца і педагог Ванда Лявіцкая. Яна дачка пісьменніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага), была жонкай мовазнаўцы і палітычнага дзеяча Язэпа Лёсіка. Разам з ім была ў ссылцы, калі Лёсіка асудзілі па «справе Саюзу вызвалення Беларусі».