БагатаДата 23–29 траўня
Джазавы музыка, якога ў свеце называлі «другім пасля Луі Армстранга», быў Заслужаным артыстам Беларусі. А ў 1975 годзе напрыканцы траўня пачалася вядомасць нашых БелАЗаў. Што яшчэ цікавага адбылося ў гэтыя дні ў мінулым?
23 траўня
1995. З фасада Дома ўраду на плошчы Незалежнасці ў Мінску знялі герб «Пагоня». Гэта адбылося ў выніку рэферэндуму 14 траўня, калі на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі была зменена дзяржаўная сімволіка. Пад «Пагоняй» апынуўся герб БССР, на які яе ў свой час размясцілі.
24 траўня
Дзень славянскага пісьменства і культуры. Еўрапейскі дзень паркаў.
25 траўня
Міжнародны дзень зніклых дзяцей.
1925. У вёсцы Рудня Стаўбунская Веткаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзілася спявачка Станіслава Гулевіч. Салістка Тэатра оперы і балета, а таксама Белдзяржфілармоніі.
1930. У вёсцы Хотліна Чашніцкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся палітычны дзеяч Мікалай Дземянцей. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР у 1990–1991 гадах перад Станіславам Шушкевічам. Дзядзька старшыні партыі «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна.
26 траўня
1910. У Берліне нарадзіўся джазавы музыка (трубач-віртуоз) і кампазітар Эдзі (Адольф) Рознер. Яго называлі «другім пасля Луі Армстранга». Заслужаны артыст Беларусі. З 1940 года ачольваў Дзяржаўны джаз-аркестр БССР у Мінску, куды ён пераехаў з Польшчы пасля пачатку Другой сусветнай вайны. У 1946 годзе Рознер падпаў пад рэпрэсіі, а аркестр быў расфарміраваны.
Пасля рэабілітацыі ў 1954 годзе кіраваў эстраднымі аркестрамі Масквы, а таксама кароткі час перад эміграцыяй у Германію ў 1970-х — аркестрам Гомельскай абласной філармоніі.
27 траўня
Сусветны дзень барацьбы з рассеяным склерозам (адзначаецца ў апошнюю сераду траўня).
1900. У вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся паэт Уладзімір Жылка. Жыў і працаваў у Мінску, Вільні, Празе, дзе таксама вучыўся ва ўніверсітэце як стыпендыянт тамтэйшага ўраду. Адтуль у 1926 годзе прыехаў у Мінск на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу. І, вырашыўшы прыняць савецкае грамадзянства, застаўся.
Улетку 1930-га арыштаваны ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобласці Расіі. Там і памёр праз сухоты. Пахаваны на мясцовых могілках. А марыў знайсці спачын у Вільні. У Жылкі ёсць цыкл вершаў, прысвечаны гэтаму гораду. Менавіта яму належаць радкі «О, Вільня, крывіцкая Мека!».
1940. У Асіповічах нарадзілася эстрадная спявачка, салістка цягам 30 гадоў Дзяржтэлерадыё Беларусі Тамара Раеўская. У яе рэпертуары — каля 200 песень (напрыклад, «Люблю цябе, Белая Русь», «Калыханка маме»).
28 траўня
1960. У Жодзіне нарадзіўся пісьменнік Алесь Аркуш. Стваральнік у 1990-я гады Таварыства вольных літаратараў, выдавец літаратурнага альманаха «Калоссе», заснавальнік прэміі «Гліняны Вялес». Аўтар тэкстаў песень рок-гурта «Мясцовы час» і гімна Полацка.
29 траўня
Сусветны дзень здаровага стрававання.
1885. У Гродне пачаўся вялізны пажар, які скончыўся толькі 1 чэрвеня. Была спалена большая частка старога горада. Усяго агонь знішчыў 875 дамоў. Пажар пачаўся раніцай, таму яго ахвярамі сталі толькі некалькі чалавек.
1945. У пасёлку Копысь Аршанскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся гісторык, палітолаг і выдавец Аляксей Кароль. Адзін з заснавальнікаў у 1990-я гады Партыі народнай згоды, тады ж выдаваў газету «Згода», быў галоўным рэдактарам газеты, якую вы цяпер чытаеце, — «Новы Час».
1975. На Беларускім аўтазаводзе была пачатая вытворчасць найбуйнейшага ў СССР грузавіка «БелАЗ-7520». Яго грузападымальнасць была 110 тонаў. З таго часу самазвалы-гіганты з Жодзіна і сталі шырокавядомымі.