«Бягом, марш!» Што мы ведаем пра лагер у Бярозе Картузскай?

Большасць аўтарытарных рэжымаў рана ці позна прыходзіць да практыкі прымусовай ізаляцыі апанентаў. Без суда, без права апеляцыі, без канкрэтнага тэрміну зняволення. Пакуль небяспечны — будзеш сядзець!

414871b729246041884eb4d116f8668f.jpg


Дастаткова згадаць практыку часоў Піначэта са стадыёнам, падзеленым на сектары, дзе фільтравалі і пэўны час трымалі арыштаваных — часта схопленых проста на вуліцы. Або Польшчу часоў «Салідарнасці»: там актыўных дзеячаў прафсаюза, пісьменнікаў, і іншых «ненадзейных элементаў» ізалявалі на турыстычных базах ці проста ў «блоках» — адселеных шматпавярховіках.
Нешта падобнае было і ў нас. Размова пра лагер у Бярозе Картузскай на Берасцейшчыне. Зразумела, Бяроза не дацягвала па ўзроўні дэгуманізацыі да Варкуты ці Асвенціма. Там працавалі машыны смерці, а ў Бярозе — хутчэй машына здзеку, ломкі ды падаўлення волі.
Колькасць загінулых у тым лагеры — дагэтуль спрэчнае пытанне. Некаторыя крыніцы падаюць лічбу ў пару чалавек, некаторыя — ажно ў 300... Насамрэч даследчыкі пагаджаюцца, што найбольш рэалістычная лічба — каля 20 смерцяў. Шмат гэта ці не?.. Думайце самі.
У плане законнасці тагачасная Польшча моцна нагадвала сучасную Беларусь. Калі чалавек трапляў у паліцыю ці турму, то адразу сутыкаўся з тэрорам. І нічога не мог пасля давесці. З той толькі розніцай, што ў Польшчы існаваў моцны сацыяльны падзел: заможнага чалавека ці інтэлігента, які мог дазволіць сабе адваката, наўрад ці б наважыліся біць. Адвакатура была моцным і паважаным інстытутам ажно да 1939 года. А вось біць селяніна, рабочага ці «баевіка» — без праблем. Апагеем гэтага «законнага беззаконня» і стала стварэнне лагера ў Бярозе.

Фізічная праца пад наглядам ахоўнікаў у Бярозе, малюнак 1930-х

Фізічная праца пад наглядам ахоўнікаў у Бярозе, малюнак 1930-х



Забойства міністра — нагода для адкрыцця лагера

Палякі называлі той лагер «obóz odosobnienia» — «ізаляцыйны лагер». У савецкіх і сучасных украінскіх тэкстах яго называлі «канцэнтрацыйным». Слоўная эквілібрыстыка сэнсу не змяняе. Створаны ён быў у 1934 годзе, праз пару тыдняў пасля забойства польскага міністра ўнутраных справаў Браніслава Пярацкага. Той кіраваў пацыфікацыямі ў Заходняй Украіне. Яму адпомсцілі: застрэліў баявік ОУН Грыгоры Мацэйка.
Пацыфікацыі — даволі лагодная назва, літаральна — «прымус да міру», «замірэнне». У рэальнасці — сістэма пазасудовага паліцэйскага і вайсковага тэрору. У пэўную мясцовасць прыязджалі сілавікі і ўчынялі павальныя арышты ды ператрусы. Мінімальны супраціў — збіццё. Жорсткі супраціў — збіццё і турма. Калі нешта знаходзілі (улёткі, літаратуру) — турма... Недзе нават палілі асобныя хаты, добра, хоць не цэлыя вёскі. Дарэчы, Мацэйка пасля забойства паспяхова збег у Аргентыну, дзе і памёр.

Браніслаў Пярацкі ў труне. Ягоная смерць дала старт лагеру ў Бярозе

Браніслаў Пярацкі ў труне. Ягоная смерць дала старт лагеру ў Бярозе



Без суда — па рашэнні цывільнай адміністрацыі

Як людзі траплялі ў лагер? Без суда ці санкцыі пракурора. Проста рашэннем раённай адміністрацыі — найчасцей ваяводы (чытай — губернатара). Той атрымліваў спісы ад павятовага старасты (раённага кіраўніка), зацвярджаў — і людзей везлі ў лагер. Чалавек мог быць там ізаляваны без права апеляцыі на 3 месяцы. Але тэрмін мог быць падоўжаны да 6 месяцаў. Калі чалавек трапляў у Бярозу, то ведаў, што правядзе там найхутчэй паўгода.

Кіраўніцтва лагеру ў Бярозе

Кіраўніцтва лагеру ў Бярозе



Нацыяналісты, камуністы і нават... кітайцы

Хто там быў? За ўсю гісторыю з лета 1934-га да жніўня 1939-га праз Бярозу прайшло больш за 3 тысячы чалавек. Спачатку асноўную масу складалі ўкраінскія нацыяналісты — дзеячы і баевікі ОУН. З сярэдзіны 1930-х дамінавалі ўжо камуністы: польскія, беларускія, украінскія. Цікава, што шмат было і польскіх нацыяналістаў з так званага «Лагера нацыянальнай еднасці» (Obóz Zjednoczenia Narodowego): нават для Пілсудскага яны былі занадта правымі. Перыядычна траплялі ў лагер таксама літоўцы, немцы і нават... кітайцы.

«Бягом, марш!»

Што чакала чалавека ў Бярозе? Жорсткі распарадак, камерная сістэма пражывання, сеннікі для сну, адмысловая турэмная вопратка... Цікава, што ў тагачаснай Польшчы турэмная вопратка ўспрымалася як крыўда: палітзняволеныя ў турмах маглі насіць цывільнае. Кармілі слаба: гарох, капуста, кашы. Норма па ежы складала 50 грошаў на дзень. Гэта, бадай, траціна ад нармальнага харчавання чалавека.

Малюнак з кнігі Мірскага 'Бягом, марш!'

Малюнак з кнігі Мірскага 'Бягом, марш!'


Разам з тым ад вязняў патрабавалі шмат фізічных высілкаў. Усе перасоўванні па лагеры — толькі бягом. Гэта запамінаў кожны арыштант, таму нават кніга колішняга вязня Бярозы Міхала Мірскага так і завецца: «Бягом, марш!». Шмат гадзін вязні мусілі займацца фізкультурай і — ужо змучаныя — ішлі на працу. Журналісты, якім пашчасціла пабываць у Бярозе, згадвалі такую карціну: поле, дарога, вязні выкладаюць брук, а побач — узброеныя ахоўнікі на конях.

Усе перасоўванні па лагеры — толькі бегам. Кніга Мірскага 'Бягом, марш!'

Усе перасоўванні па лагеры — толькі бегам. Кніга Мірскага 'Бягом, марш!'



Выбілі зубы, а ў рот уставілі шланг з лайном...

Былі дазволеныя перадачы і лісты. Але, як і цяпер, яны рабіліся сродкам маніпуляцыі ў руках адміністрацыі: у любы момант маглі пазбавіць. Маральна і фізічна вязням Бярозы было цяжэй, чым арыштантам са звычайнай польскай турмы. Бо голад, шмат фізічнай працы, неакрэсленая перспектыва выхаду на волю. Сэнс быў усё ж не ў ізаляцыі, а ў псіхалагічнай ломцы палітычных апанентаў.
Як і сёння, былі звычайныя ахоўнікі («дазорцы»), а былі адкрытыя садысты. Фармальна фізічныя здзекі з вязняў былі забароненыя, але ў рэальнасці квітнелі. Існавалі нават квоты ўдараў па твары — ад 5 да 50. Білі таксама гумовымі дручкамі, скакалі на людзях, або выдумлялі нешта сваё: закапаць чалавека, а пасля раскапаць.
Трапляюцца ў літаратуры і зусім дзікія сведчанні. Маўляў, зняволенаму кіраўніку ОУН на Валыні Уладзіміру Рабітніцкаму ломам выбілі зубы, а пасля ўставілі ў рот шланг з лайном...

Апошні ўраджай Бярозы: «ненадзейныя» беларусы і нямецкія лётчыкі

Лагер праіснаваў да 18 верасня 1939 года. 1 верасня, калі пачалася вайна, было прынятае рашэнне ізаляваць «падазроныя элементы» з памежных ваяводстваў у Бярозе. Пад падазрэнне траплялі грамадскія дзеячы, актывісты, усе, хто мог «працаваць на карысць іншай дзяржавы».
Так туды завезлі яшчэ больш за 1000 чалавек, у тым ліку беларускіх дзеячаў. Таго ж «хадэка» Янку Шутовіча, які быў далёкі і ад камунізму, і ад нацыяналізму. Усе яны даседзелі да 17 верасня, калі Бярозу занялі бальшавікі.

Бяроза ў нашы дні

Бяроза ў нашы дні


Воляй лёсу на пачатку верасня ў Бярозу трапілі яшчэ і 13 палонных нямецкіх лётчыкаў. Паводле адной версіі, іх расстралялі, паводле іншай — вывезлі з лагера ў невядомым кірунку.
Тут цікава ўспомніць і лёсы двух камендантаў лагера. Адзін трапіў у палон да бальшавікоў — яго расстралялі. Іншы трапіў у палон да немцаў і таксама загінуў. Тут таксама дзве версіі: або расстралялі немцы за сваіх лётчыкаў, або забілі самі палонныя з ліку палякаў-нацыяналістаў, якія ў свой час праходзілі праз жорны лагера.

«Бярэзінцы» — братэрства былых вязняў

Цікава, што ў пасляваеннай савецкай Польшчы былыя вязні лагера часта займалі кіраўнічыя пасады. Ім пашчасціла: лагер занялі бальшавікі, а не немцы. Іх, як камуністаў, вызвалілі. Пасля вайны саветам былі патрэбныя палякі з «баявымі» камуністычнымі біяграфіямі для фармавання кадравых структураў. Існавала нават нешта накшталт братэрства былых вязняў — «бярэзінцы».

Сацыяльны эксперымент і ганебная пляма

Можна паспрачацца, маўляў, у іншых краінах у 1930-я турмы таксама былі жорсткія: згадайце хаця б пекла ў французскай Гвіяне (ёсць добры фільм «Матылёк», заснаваны на рэальных падзеях). Разам з тым Бяроза была першым лагерам у Беларусі, куды людзей саджалі менавіта за палітыку, без суда, з цьмянай перспектывай вызвалення.

Фрагмент экспазіцыі ў Бярозе

Фрагмент экспазіцыі ў Бярозе


У гісторыі лагер у Бярозе-Картузскай застанецца цікавым сацыяльным эксперыментам і адначасна ганебнай плямай у мінулым міжваеннай Польшчы — дзяржавы, якая спрабавала быць дэмакратычнай, але пакрысе з’язджала ў аўтарытарызм з усімі наступствамі.
Алесь Кіркевіч, budzma.by