Да мясцовага насельніцтва бязлітасныя

Кожная вайна з Масковіяй, кожнае вызвольнае паўстанне суправаджаліся ўварваннем у Беларусь казацкіх ордаў, якія пакідалі пасля сябе рэкі крыві і спаленыя паселішчы. Тое ж было і падчас Другой сусветнай вайны.



kaz79250791.jpg

У апошні час пачалі шмат казаць пра «адраджэнне казацтва ў Беларусі». На тэрыторыі нашай краіны сёння дзейнічаюць некалькі арганізацый, сярод якіх найбуйнейшыя — «Казацкі спас», «Нёманскае казацтва», «Беларускае казацтва». Яны ладзяць штудыі для моладзі і падлеткаў, «хросныя хады», а «вярхоўны атаман» нават удзельнічаў у якасці кандыдата ў прэзідэнцкіх выбарах.

Але месца, што адвяла гісторыя «нашым казакам», нічым не адрозніваецца ад таго, якое занялі на поўдні рэгіёна іх браты па духу — янычары. Кожная вайна з Масковіяй, кожнае вызвольнае паўстанне суправаджаліся ўварваннем у Беларусь казацкіх ордаў, якія пакідалі пасля сябе рэкі крыві і спаленыя паселішчы. Падобным яны «адзначыліся» ў нас і падчас Другой сусветнай вайны.

З’яўленню ў складзе вермахта казацкіх аддзелаў найперш спрыяла рэпутацыя казакоў як зацятых ворагаў бальшавізму, прыдбаная імі ў гады Грамадзянскай вайны ў Расіі. Да таго ж і рэпрэсіі супраць казацтва, праведзеныя ў СССР у 1920–1930-х гадах, таксама распалілі нянавісць да Саветаў.

Казацкія палкі, разбітыя на дывізіёны, сотні і невялікія аддзелы, пачалі з’яўляцца на тэрыторыі Беларусі ўжо ў першай палове 1942 года. І калі на Палессі яны галоўным чынам займаліся аховай такіх важных чыгуначных і шасэйных магістраляў, як Лунінец — Калінкавічы, Мазыр — Жытомір, Жыткавічы — Васілевічы (напрыклад, гэтак званы «асобны Мазырскі казацкі аддзел», які пазней прымаў удзел у антыпартызанскіх акцыях у раёне Пінскіх балотаў), дык у іншых мясцовасцях Беларусі асноўнай задачай казацкіх фармаванняў былі барацьба з партызанамі і правядзенне карных акцыяў супраць цывільнага насельніцтва.

Першым буйным казацкім фармаваннем стаў 102-і казацкі батальён (пазней ператвораны ў 600-ы асобны казацкі дывізіён 1-й казацкай кавалерыйскай дывізіі) пад камандаваннем былога маёра Чырвонай Арміі Івана Конанава, патомнага казака, чые бацька, маці і тры родныя браты загінулі ў розныя гады ад рук Саветаў. Праўда, дэклараваная для немцаў Конанавым нянавісць да бальшавікоў чамусьці не перашкодзіла яму скончыць і кавалерыйскае аддзяленне Аб’яднанай ваеннай школы, і Ваенную акадэмію імя Фрунзе, а таксама пазбегнуць сталінскай «чысткі» камсаставу. Тым не менш, немцы захавалі яму званне маёра (а пазнай нават прысвоілі «падпалкоўніка»), і з вясны 1942 года Іван Конанаў са сваім батальёнам удзельнічаў у змаганні з партызанамі пад Магілёвам, з часам пашыраючы геаграфію сваіх рэйдаў да Бабруйска, Невеля, Полацка і Смаленска.

ivan_konanav.jpg

Што гэта было за змаганне, гаворыць рапарт савецкіх партызанаў: «[казакі] палілі населеныя пункты, расстрэльвалі як партызанаў, так і цывільнае насельніцтва, што хавалася ў лясах, арыштоўвалі альбо знішчалі асобаў, падазраваных у сувязях з партызанамі».

Захаваліся і іншыя сведчанні. Падчас чарговага рэйду (у межах аперацыі «Рысь», што праводзілася ў Бешанковіцкім і Сенненскім раёнах з 7 да 17 верасня 1942 года), былі спаленыя каля дзесяці вёсак, забітыя 400 беларускіх сялянаў і 300 чалавек схопленыя для вывазу на прымусовую працу ў Нямеччыну. Камандуючы часткамі забеспячэння тылу групы арміяў «Цэнтр» генерал фон Шэнкендорф у запісе ад 29 кастрычніка 1942 года ў сваім дзённіку даў наступную характарыстыку «конанаўцам»: «Настрой у казакоў добры… Паводзіны ў адносінах да мясцовага насельніцтва бязлітасныя».

7 чэрвеня 1943 года дывізіён Конанава (да двух з паловай тысяч чалавек) пачаў па частках пераводзіцца ў Польшчу, адкуль увосень таго ж года быў пераведзены ў Югаславію, дзе прыняў удзел у баях з мясцовымі партызанамі, адзначыўшыся там, як і ў Беларусі, надзвычай жорсткім абыходжаннем з цывільным насельніцтвам.

У лютым 1943 года ў Беларусь была перадыслакаваная яшчэ адна казацкая фармацыя — 360-ы казацкі полк пад камандаваннем Эверта Вальдэмара фон Рэнтэльна, былога афіцэра Лейб-гвардыі коннага палка Расійскай імператарскай арміі, заможнага землеўладальніка. Батальёны фон Рэнтэльна дзейнічалі супраць партызанаў у раёне Віцебска, Полацка, Лепеля, а з 18 чэрвеня полк займаўся аховай чыгункі Віцебск—Полацк, пасля чаго ў сярэдзіне ліпеня 1943 года быў перакінуты ў Францыю, дзе ахоўваў узбярэжжа ад Бардо да Руаёна.

Ці варта казаць, што ў беларусаў казакі прыдбалі сабе кепскую славу. Акрамя забойстваў падчас карных акцыяў, яны, у адпаведнасці з загадамі пра самазабеспячэнне, займаліся рэквізіцыямі коней, харчавання і фуражу ў сялян, што звычайна заканчвалася масавым рабаўніцтвам і гвалтам.

Хто ж служыў у казацкіх фармаваннях? Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што сапраўднымі казакамі ў іх былі толькі каля 60% ад усяго асабовага складу, але непасрэдныя ўдзельнікі падзеяў гавораць адваротнае. Так, Чарвякоў, камандзір адной з сотняў дывізіёна Конанава, згадваў: «Адбіраючы казакоў у лагерах ваеннапалонных, я сыходзіў з наступнага: па-першае, адбіраў чыстакроўных казакоў, а не іншагародніх; па-другое, згодна з іхнім сацыяльным становішчам — у каго ёсць бацька, брат альбо дзядзька за мяжой; па-трэцяе, тых, хто сам рэпрэсаваны Савецкай уладай ці нехта з ягоных сваякоў, а таксама казакоў, пацярпелых праз Савецкую ўладу за што-небудзь іншае. Я рабіў адбор казакоў вельмі пільна... каб у нашу казацкую сям’ю не прабраліся чужыя нам элементы — хахлы і мужыкі-лапатнікі».

Апошнім (і найбольш вялікім — да 20 тысяч чалавек, праўда, з сем’ямі ў тым ліку) казацкім фармаваннем, што прыйшло на нашу зямлю, быў г. зв. «Казацкі Стан» пад камандаваннем былога палкоўніка Белай арміі Сяргея Паўлава. «Казацкі Стан» пасля працяглых блуканняў з Дона праз Украіну ў Польшчу ў траўні 1944 года быў накіраваны ў Беларусь, каб сеткай абарончых вёсак стварыць антыпартызанскую зону ў раёне гарадоў Баранавічы, Ельня, Наваградак, Слонім.

sjargej_pavlov.jpg

Дабіраліся да нас гэтыя «абаронцы» хто чыгункай, а хто пехатой разам з сем’ямі, якія рухаліся за «войскам-станам» у абозе. Як згадваюць сведкі, «калі гэты табар набліжаўся да якога-небудзь паселішча, дык усё цывільнае насельніцтва ў сполаху разбягалася і хавалася, бо «змагары з бальшавізмам» незнарок маглі абрабаваць і забіць… нават арыйца».

Праўда, дзеля таго, каб разгарнуцца ў Беларусі напоўніцу, у іх было занадта мала часу, хоць прыняць удзел у некаторых антыпартызанскіх аперацыях яны паспелі. І заканчвалі жыццё па-рознаму. Атаман Паўлаў, як згадвалі кіраўнік Агульнаказацкага аб’яднання ў Нямецкім Рэйху атаман Балабін і дзеяч казацкай эміграцыі С. Маракуяў, «знаходзіўся з дзвюма сотнямі казакоў у сяле блізу Барановічаў. Нямецкі афіцэр Мюлер паведаміў яму, што непадалёк адтуль збіраецца банда партызанаў, і прапанаваў уначы акружыць іх, узяць у палон альбо знішчыць. Паўлаў з казакамі мусіў абысці банду з поўдня, Мюлер — з поўначы. Пра сваё прыбыццё на месца Мюлер мусіў сігналізаваць чырвонай ракетай, Паўлаў — белай. Паўлаў быў п’яны, казакі таксама. Мюлер даў ракету, але Паўлаў НЕ МОГ (вылучана мной. — Зм. Захарэвіч) адказаць. Мюлер даў другую ракету. Партызаны, заўважыўшы тое, разбегліся, а немцы адкрылі страляніну, але не па зніклых партызанах, а па казаках… Адной з першых кулямётных чэргаў былі забітыя Паўлаў і ягоны ад’ютант…» На думку ж Кубанскага атамана, аднаго з лідараў казацкай эміграцыі В. Г. Навуменкі, «зважаючы на ўсе дадзеныя, атрыманыя падчас правядзення расследавання і апытання непасрэдных сведкаў трагедыі, няма аніякага сумневу, што паходны атаман С. Паўлаў быў забіты куляй з беларускай заставы»…