Дачка рэпрэсаванага: Памятаю, як забіралі бацьку і палонных палякаў
Далгаловіч Неля Аляксандраўна жыве ў Асінторфе (Аршанскі раён). У ліпені яна адзначыла сваё 90-годдзе. Яна памятае, як у 1938 годзе забралі яе бацьку — Далговіча (Далгаловіча) Аляксандра Канстанцінавіча. Ёй тады было 8-9 гадоў.
«Прыйшлі раніцай і забралі 4 міліцыянта. Яму тады было 32 гады. Нехта пісаў, напэўна. Мама ведае, хто напісаў. Напішуць, прыйдуць і забяруць», — распавядае Неля Аляксандраўна. Паводле яе слоў, у мамы было шасцёра дзяцей. Мама не працавала. Бацька адзін працаваў. Пасля таго, як забралі бацьку, маме цяжка было.
Па ўспамінах дачкі, бацька быў латышом. «Мама казала, што ён сам з Рыгі. Ён латыш быў. А мы не ведалі, ён з Рыгі ці не. Нам нецікава было. У яго братоў не было, толькі сёстры. А як ён сюды трапіў у Беларусь ... Ведаю толькі, што ў Оршы жылі яны. Тады яго даслалі сюды працаваць», — распавядае жанчына.
Паводле яе слоў, да 1927 году бацька працаваў у Оршы ў міліцыі. Затым яго перавялі ў Асінторф начальнікам спецчасткі. У яго анкеце ў адкрытым спісе адзначаецца, што да арышту Аляксандр Далговіч працаваў начальнікам пагрузачных работ торфапрадпрыемства «Асінторф». Яго арыштавалі 6 чэрвеня 1938 гады, калі пік Вялікага тэрору ўжо мінуў. Мабыць, таму 11 кастрычніка таго ж года яго прыгаварылі не да расстрэлу, а да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. «Тата дзесьці ў Сібіры быў. Ён памёр там. Маме дакументы прыйшлі, што ён там памёр. Ад чаго толькі, не ведаю», — распавядае жанчына. Пасля вайны мама атрымала дакументы на бацьку. У 1959 годзе яго рэабілітавалі. «Пасля вайны маме даслалі дакументы, за што ... што забралі так ... нехта напісаў ... І мама атрымала грошы. ... З Мінска прыязджаў нейкі і прывозіў дакументы», — кажа Неля Аляксандраўна.
У Асінторфе таксама жыве сястра Нэлі Далгаловіч, але яна была зусім маленькай, калі забралі бацьку, і мала што магла нам расказаць. Астатнія браты і сёстры, на жаль, ужо памерлі.
Адкуль палонныя палякі?
Яшчэ яна памятае, як перад вайной у Асінторфе на будаўніцтве чыгуначнай галінкі ад Асінторфа да станцыі Асінаўка працавалі людзі, якіх мясцовыя называлі «палонныя палякі». «Былі палякі. Палонныя. Будавалі дарогу. Шырокакалейку з Асінторфа да Асінаўкі, — успамінае жанчына. — Гэта было перад вайной. Яшчэ вайны не было. А дзе яны ваявалі? Якія палонныя? Гэтага я не ведаю. Гэта палонныя? ... Я спытала ў суседа, якія гэта палонныя? Палонныя нейкія, казалі. А дзе вайна, пытаюся, была? … Не ведаю. Я ведаю, не на нашу форму яны былі апранутыя. Малыя бегалі і ведаем, што будавалі яны дарогу». Колькі гэтых людзей было і дзе яны жылі, жанчына не ведае, але падкрэслівае: «ня наша форма, відаць,"поляцкая"».
«Мы жылі на 2-м пасёлку. Там школа была. Яны там будавалі. Зараз дарогі гэтай няма», — адзначае Неля Аляксандраўна. Далейшы лёс гэтых людзей ёй невядомы. Яна толькі падкрэслівае, што палякаў у Асінторфе не расстрэльвалі. Падчас вайны расстрэльвалі немцы, але гэта ўжо іншая гісторыя. Яна таксама кажа, што ў Асінторфе жывы яшчэ адзін сведка — сусед па хаце, які таксама памятае палонных палякаў, але мы яго не засталі дома. Сышоў на агарод.
kobylaki.by