«Як вораг народа ты павінна аднаўляць Мінск!»
Дачка рэпрэсаванага капыляніна ўспамінае пра пражытае жыццё і пра свайго бацьку — ахвяру 1937 года
— Столькі гадоў ужо прайшло, але ў сэрцы да гэтага часу гняздзіцца боль ад заўчаснай пагібелі бацькі, — жанчына выцірае слёзы, якія міжволі коцяцца па шчоках. — І да гэтага часу няма адказу на пытанні: «Навошта гэта яны зрабілі? За што пагубілі без віны вінаватага чалавека?»
Зоя Мацвееўна пражыла на гэтым свеце каля 93 гадоў. Нарадзілася ў 1925 годзе ў вёсцы Аксаміты Капыльскага раёна. У 1937 годзе дзяўчынка вучылася ў пятым класе і добра памятае адну з чорных восеньскіх начэй 1937 года.
Па словах жанчыны, глыбокай ноччу з 19 на 20-га верасня 1937 года хтосьці пагрукаў у вакно дома, што месціўся ў цэнтры вёскі Аксаміты. На запыт мачыхі «Хто там?» пачуўся адказ: «Гэта я, Казей, участковы. Адчыняй, трэба пагаварыць».
Спалоханая сялянка адчыніла дзверы. Рэзка адхіліўшы жанчыну, у дом зайшлі аж чацвёра чалавек. Загадалі бацьку хуценька збірацца і ўзяць што-небудзь з сабой. Закрычалі і заплакалі дзеці, жанчына таксама загаласіла, кінулася да акна і адчыніла яго — можа, думала, такім чынам уратуе свайго мужа? Мужчыны адштурхнулі яе ад вакна і ўвесь час прыспешвалі бацьку, каб той хутчэй збіраўся. Пасля яго павялі некуды, і, як далей высветлілася, назаўсёды.
— Для Капыльскага раёна тое, мусіць, была ноч хапуна, бо гэтай ноччу забралі многіх людзей з іншых суседніх вёсак, — успамінае Зоя Мацвееўна. — Назаўтра маці з трасучымі рукамі сабрала для бацькі вялікі клунак і паехала ў слуцкую турму. Аднак пабачыцца з бацькам ёй не дазволілі. З клункам яна прасядзела 2 тыдні каля слуцкай турмы і вярнулася ўся чорная. А ў сям’і ўжо было трое дзяцей рознага ўзросту: 12 гадоў, 9 і 4. Кацярына прыходзілася Мацвею другой жонкай. Першая памерла, пакінуўшы дваіх маленькіх дзяцей, і праз некаторы час Мацвей Купрыянавіч пасватаўся да дзяўчыны, якая была маладзейшая за яго на 16 гадоў.
— Я не магу нават назваць яе мачыхай, бо Каця замяніла нам маму і была найлепшай мамай на свеце, — гаворыць падчарка. — Яна была прыгожай жанчынай, адразу пасля смерці бацькі да яе сваталіся некалькі неблагіх мужчын. Праўда, яны прапаноўвалі аддаць дваіх няродных дзяцей у дзіцячы дом, а яна адмовілася асіраціць дзетак яшчэ раз.
Праз месяц мачыха зноў паехала ў Слуцк. Нейкім чынам даведалася, што бацьку выслалі нібыта ў Сібір на станцыю Тайшэт. Паслала туды пасылку — яна вярнулася назад. Пасля атрымала паведамленне, што Мацвей памёр 18 красавіка 1938 года ад хваробы ў Алтайскім краі.
Давялося жыць далей. Трэба было выжываць, гадаваць дзяцей, араць і капаць зямлю, перажыць ваеннае ліхалецце. Ужо пасля вайны аднойчы ў хату пастукаўся чалавек. Распавёў, што сапраўды бачыў бацьку ў Тайшэце. Казаў, што той быў вельмі змучаны і фізічна, і псіхалагічна. Такія там не выжываюць.
— Тата наш быў вельмі добры чалавек, ніколі нікога не пакрыўдзіў — ні сямейнікаў, ні суседзяў. Ён не злаваў, не казаў нікому грубых слоў і быў вельмі адказным чалавекам, — прыгадвае Зоя Мацвееўна. — І вось яго зрабілі ворагам народа. За што? Людзі шэптам паведамілі жонцы, што ён стаў ахвярай сваёй дабрыні. Будучы рахункаводам, выдаваў розныя даведкі. Каб дапамагчы пазбегнуць раскулачвання, у даведках нібыта наўмысна паменшыў колькасць кароў і свінняў, якія належалі «кулакам».
Гэткую інфармацыю дачцэ «ворага народа» пацвердзіў пасля вайны і Алесь Рабкевіч, старшыня мясцовага калгаса.
— Алесь Рабкевіч сказаў мне, што бацька быў цудоўным чалавекам, і мне можна не саромецца яго, а ганарыцца ім, — са смуткам гаворыць жанчына.
Аднак гонар гэты нельга было паказваць іншым людзям.
— Прыходзілася замоўчваць інфармацыю пра бацьку, каб мець магчымасць атрымаць адукацыю і прафесію, — успамінае дачка рэпрэсаванага. — Я па сваёй натуры была вельмі кволай. Пасля вызвалення Мінска летам 1944 года ў калгас прыйшла разнарадка на работы па аднаўленні разбуранай сталіцы. З нашай мясцовасці павінна была таксама паехаць моладзь. Але многія хлопцы і дзяўчаты нейкім чынам адмовіліся і пазбеглі такой працы.
Старшыня калгаса Харытончык на мой адрас сказаў такія словы: «Дачка ворага народа абавязаная паехаць на аднаўленне Мінска». Ён асабіста прасачыў мой ад’езд у разбураны Мінск. Ну што ж… Як цяпер помню: змалолі мукі, насушылі сухароў, мачыха з плачам пасадзіла мяне на нейкую падводу, і вось я на падводзе паехала ў разбіты Мінск.
Мяне пасылалі ў дамы на дапаможныя работы — насіць бетонны раствор на вышэйшыя паверхі майстрам-будаўнікам. А мне ўсяго 19 гадоў, я маленькая, няўдалая і хілая. Грошай не плацілі, крыху кармілі на фабрыцы-кухні. Наступіў снежань 1944 года. Абутку і адзення няма, я босая і амаль што голая. Уся скура пакрытая нейкімі болькамі.
Прараб праявіў літасць і адпусціў дамоў на кароткі адпачынак. Маці адмовілася назад адпусціць у Мінск, баялася, што дзяўчо загіне. Давялося хавацца ад уладаў. Уцекачоў з суседняй вёскі Яўсеевічы злавілі і пакаралі 3-месячным турэмным зняволеннем.
Аднак немагчыма было хавацца ўвесь час. Паколькі ў Зоі быў пропуск на зваротны ўезд, яна прыехала ў Мінск. Але на будаўніцтва не вярнулася. Убачыла абвестку пра набор на курсы банкаўскіх служачых, скончыла гэтыя курсы. Пасля працавала ў Бабруйску. У выніку рэарганізацыі банкаў апынулася ў Капылі. Завочна скончыла фінансавы тэхнікум, працавала крэдытным інспектарам. Да крэдытна-фінансавай працы мела здольнасці, начальства гэта заўважала. Але да высокіх пасадаў Зоя Мацвееўна не імкнулася, бо баялася праверкі біяграфічных дадзеных. Лічыць, ёй пашанцавала, што аўтабіяграфію ніхто асабліва не правяраў — здавальняла інфармацыя пра заўчасную смерць бацькі ў 1938 годзе.
На сайце nekropole.info пра яе бацьку Мацвея Купрыянавіча ёсць некалькі словаў з інфармацыі «Беларускага мемарыяла». Гэткія ж кароткія звесткі знаходзяцца і ў спісе ахвяр сталінскіх рэпрэсій Алтайскага краю.
З інфармацыі вынікае, што Мацвей Купрыянавіч ні ў чым не вінаваты і рэабілітаваны ў 1989 годзе. Толькі што маюць людзі, якія страцілі цудоўнага бацьку ў самым патрэбным узросце, ад гэтай папяровай рэабілітацыі?
Нягледзячы на складанае жыццё, Зоя Мацвееўна — вельмі добры і светлы чалавек. Мусіць, гэта тое, што засталося ёй у спадчыну ад бацькі. І яшчэ яна сапраўдная беларуска. На працягу ўсяго свайго жыцця яна карыстаецца ў зносінах выключна беларускай мовай. Нават, калі наведвала рускамоўных родзічаў у Маскве, размаўляла з імі на роднай мове. «Я кажу суразмоўцам: хочаце размаўляйце са мной, хочаце — не размаўляйце, але я — беларуска і ламаць сябе не буду. Бо для мяне размаўляць на іншай мове — гэта значыць нішчыць сябе», — так патлумачыла сваю беларускасць Зоя Мацвееўна Ярмоленка.