Дом ураду ў Камароўскім лесе

Мазырскія цукеркі, полацкую дахоўку, дамы-камуны, каноплі і яшчэ шмат чаго цікавага маглі ўбачыць наведвальнікі Першай усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы.

Галоўны павільён Першай усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы

Галоўны павільён Першай усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы


Яна пачала сваю працу ў жніўні 1930 года на спецыяльна падрыхтаванай пляцоўцы ў раёне Вялікай і Малой Слепні па Барысаўскім тракце (працяг Савецкай вуліцы на паўднёвы ўсход), на плошчы ў 75 гектараў у Камароўскім лесе (зараз Парк Чалюскінцаў).



 

Павільёны выставы прадстаўлялі сабой цікавыя ўзоры функцыяналісцкай і канструктывісцкай архітэктуры. У іх будаўніцтве прымалі ўдзел знакамітыя архітэктары Аляксандр Воінаў, Рыгор Лаўроў, Іван Валадзько. Менавіта апошнім быў спраектаваны галоўны павільён выставы.


paviljon_belmedhandlju_logo.jpg


Тэлефон і водаправод

 

Жадаючыя наведаць выставу сядалі на трамвай № 2 на станцыі Мінск-Пасажырскі і ехалі на Старажоўку, дзе на вуліцы Савецкай, ці на рагу Савецкай і Энгельса перасядалі на трамвай №1 і ехалі на Усебеларускую выставу сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Падчас працы выставы рух трамваяў быў прыстасаваны да прыходу цягнікоў на галоўны чыгуначны вакзал сталіцы БССР. Уваход для арганізаваных экскурсійных груп, дзяцей школьнага ўзросту, чырвонаармейцаў быў бясплатны. Іншыя грамадзяне павінны былі набыць квіткі ў касах на ўваходзе.

 

Тагачасныя перыядычныя выданні савецкай Беларусі падкрэслівалі важнасць падзеі. «Выстава павінна стаць школай для працоўных мас БССР і паказаць, як пры дапамозе індустрыялізацыі і калектывізацыі краіны можна павысіць ураджай. […] Лозунг выставы «мінімум штучнасці і максімум натуральнасці». […] Асноўная яе задача цесна звязана і грунтуецца на патрэбе рашучага разгортвання працы па выкананні пастаноў XV Усесаюзнага і XII Усебеларускага партз’ездаў і пастаноў саюзнага і беларускага ўрадаў, накіраваных на хутчэйшую сацыялістычную рэканструкцыю сельскай гаспадаркі, на падвышэнне ўраджайнасці і г. д. на аснове ўзмоцненага тэмпу індустрыялізацыі краіны. Выстава будзе часткай нашай працы па рэканструкцыі народнай гаспадаркі і культурнага будаўніцтва БССР. […] Яна па сэнсу сваёй арганізацыі будзе зусім адрознівацца ад выстаў буржуазных краін, дзе такія мерапрыемствы робяцца як рэклама, як кірмаш, з мэтаю камерцыйнага спаборніцтва індывідуальных гаспадарак і паасобных фірм, з мэтай нажывы буржуазіі і чорнай біржы», — адзначалася ў газетах.


kanferenc_zalja_logo.jpg

 

Па суседству з павільёнамі выставы былі Даследчая станцыя па свінагадоўлі ў Малой Слепні, рыбная гаспадарка ў Вялікай Слепні, Мінская балотная даследчая станцыя на Камароўскім балоце, дэндралагічны парк і іншыя навуковыя ўстановы. Планавалася, што па заканчэнні працы выставы на яе тэрыторыю перанясуць Навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі.

 

Уся тэрыторыя выставы была агароджана плотам, быў праведзены водаправод, электрычнасць, тэлефонная сувязь. У спецыяльным буклеце, выдадзеным да адкрыцця выставы, адзначалася: «Найлепш за ўсё, калі экскурсанты за дрэваапрацоўчым заводам злезуць з трамваю і пойдуць пехатою. Яны будуць мець магчымасць бачыць цалкам новы культурны асяродак горада Мінска з грандыёзным будаўніцтвам, пачынаючы ад будынкаў клінікі і да самой выставы».


paviljon_zemljarobtva_logo.jpg



Уся рэспубліка на 75 гектарах

 

На выставе працавала 15 аддзелаў (10 сельскагаспадарчых і 5 — прамысловага сектару), якімі кіравалі навуковыя супрацоўнікі інстытутаў. Увазе наведвальнікаў было прадстаўлена 48 павільёнаў і іншых пабудоў. Гасцей сустракаў помнік «правадыра рэвалюцыі таварыша Леніна», выкананы з дрэва і гіпсу. На цэнтральнай вуліцы быў усталяваны сонечны гадзіннік і каляндар.


praekt_uvahodnaj_bramy_vystavy_logo.jpg


Уваходная брама знаходзілася з левага боку Барысаўскага тракту. Яна была ўпрыгожана чырвонымі сцягамі і гербам савецкай Беларусі. З правага боку месціўся Лясны павільён, у якім госці выставы маглі ўбачыць узоры лесаматэрыялаў, што выкарыстоўваліся ў розных сферах прамысловасці БССР. Тут жа, у спецыяльным памяшканні, былі выстаўлены пудзілы жывёл, якія насялялі беларускія лясы. У павільёне сувязі можна было ўбачыць усе тагачасныя навінкі тэлеграфнай і паштовай сувязі.


plan_vystavy_logo.jpg


 

У Галоўным павільёне сацыялістычнай гаспадаркі быў прадстаўлены парткабінет камсамольска-піянерскай работы, куток бязбожнікаў, а таксама раённая бібліятэка. Акрамя гэтага, экскурсантам прэзентавалі выставу «Спадчына вайны і абарона краіны», у якой распавядалася пра падзеі польска-бальшавіцкай вайны і ўсталяванне савецкай улады ў Беларусі. У Павільёне масавых экспанатаў земляробства былі прадстаўлены ўзоры прадуктаў сельскай гаспадаркі з Віцебскай, Полацкай, Аршанскай, Магілёўскай, Мінскай, Бабруйскай, Гомельскай і Мазырскай акруг.


selskahaspadarczy_paviljon_logo.jpg


Вынікі працы земляробчых даследчых станцый (у тым ліку з Мінска, Дрыбіна, Горак) знаходзіліся ў Павільёне земляробства. Асаблівую ўвагу даваенныя земляробы надавалі развядзенню лёну і канопляў. Увесь працэс вырошчвання гэтых культур быў прадэманстраваны ў будынку, выкананым у канструктывісцкім стылі.

 

Адмысловая зала была пабудаваная для таго, каб прадэманстраваць мінчукам і гасцям сталіцы БССР працэдуру тэхнічнай пераапрацоўкі садавіны і гародніны. На выставе былі Павільёны механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, каняводства, свінагадоўлі, развядзення буйной рагатай жывёлы ды іншыя. Цікава тое, што ў кожным з іх наведвальнікі маглі даведацца пра гісторыю развіцця той ці іншай галін сельскай гаспадаркі, у тым ліку і ў дакастрычніцкі перыяд.


paviljon_mehanizacyi_i_elektryf._s_h_logo.jpg


Павільён маслабойна-сыраварнага заводу

Павільён маслабойна-сыраварнага заводу


Вось што адзначалася ў даведнікаў да выставы: «Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя былі спробы разводзіць чырвоную беларускую жывёлу ў чыстым выглядзе, называючы яе «літоўскай». Так, у каталогу выставы 1901 года сустракаем паказанні, што на выставе абшарнікам Славінскім В.В. з маёнтку Талочын Магілёўскай губерні была прадстаўлена мясцовая палепшаная «літоўская» чырвоная жывёла». Даведнік пазначаў, што гэтая парода жывёл сустракалася амаль ва ўсіх дарэвалюцыйных літоўскіх і беларускіх губернях.

 

Другая частка выставы была прысвечана індустрыялізацыі. Наведвальнікі маглі ўбачыць будынак маслазаводу з характэрным для функцыянальнай архітэктуры фасадным стужачным шкленнем, павільёны друку, «Чырвонага крыжа», «Белмедгандлю», аддзелу камунальнай гаспадаркі, спажывецкай кааперацыі. У будынку, прысвечаным мясцовай і саматужнай прамысловасці, можна было ўбачыць вырабы з дрэва і металу з Бабруйска, цукеркі з Мазыра, цэглу з Гомеля, дахоўку з Полацку.


paviljon_czyrvonaha_kryza_logo.jpg
Павільён спажывецкай кааперацыі

Павільён спажывецкай кааперацыі

 

У павільёне «Дзяржбуду» кожны мог пабачыць, як будзе выглядаць Дом Ураду (быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1934 годзе). А з макетам Асінбуду і іншых энергетычных магутнасцяў можна было пазнаёміцца ў прамысловым павільёне. Дарэчы, там была прадстаўлена мапа электрыфікацыі савецкай Беларусі.

 

Цікавасць уяўлялі макеты новых дамоў-камун, якія планавалася пабудаваць у Мінску, а таксама ў абласных і раённых цэнтрах. Госці выставы таксама маглі ўбачыць макеты дому адпачынку для працоўных у Ждановічах і санаторыя імя дзесяцігоддзя БССР.

 

Дзеля таго, каб кожны з наведвальнікаў зразумеў сутнасць развіцця сельскай гаспадаркі БССР, на выставе працавалі «тлумачы». Гэтую ролю выконвалі студэнты Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У верасні 1930 года на выставу з Масквы прывезлі камбайн і першы ў Беларусі трактар Сталінградскага трактарнага завода.


ekskursanty_minskaj_vystavy__udarniki_pramyslovasci_z_barysava_logo.jpg



Першая ўсебеларуская сельскагаспадарчая і прамысловая выстава працавала да 1 лістапада 1930 года, а пазней большая частка павільёнаў была дэмантавана. Зараз пра яе ўжо нічога не нагадвае.

 

Фота з уласнага архіву Ігара Мельнікава