На месцы Лютэранскіх могілак — дарога

У Мінску ў сувязі з будаўніцтвам 1-га гарадскога транспартнага кальца для пашырэння прымыкаючай да яго вуліцы Карла Лібкнехта плануецца знішчыць значную частку Лютэранскага скверу.

vyrubka_parka_20160427_tut_orl_phs_7844.jpg


 

Сквер з’явіўся на месцы знесеных у 1970-я гады Лютэранскіх могілак, што існавалі ў Мінску з сярэдзіны XIX стагоддзя. Магільныя пліты перанеслі, а сквер пераабсталявалі ў зону адпачынку для жыхароў раёна.

 

Па генплане пашырэнне вуліцы Карла Лібкнехта трэба для таго, каб разгрузіць праспект Дзяржынскага. Вуліца ўпіраецца ў завулак Дамашэўскага. Яго ўжо пашыраюць — да маштабаў магістралі. Там пройдзе частка першага транспартнага кальца, паведамляе TUT.by.

 

У КУП «Гардарбуд» адзначаюць, што пашырэнне праезнай часткі робіцца для людзей, каб праз пяць гадоў дарогі горада не ператварыліся ў «суцэльныя коркі».

 

Разам з тым жыхары бліжэйшых кварталаў паведамляюць, што з імі ніякага грамадскага абмеркавання будаўніцтва не праводзілася.

 

«Рабочыя з піламі пакуль штодня знішчаюць па некалькі дарослых дрэў каля сквера, але, па іх словах, хутка пачнуць зрэзаць дрэвы і ў скверы. Знішчэнне вялікай колькасці дрэў і тым больш скверу, вельмі негатыўна адаб’ецца за якасці жыцця людзей. Лютэранскі сквер — месца штодзённых прагулак маці з дзецьмі (там ёсць дзіцячая пляцоўка), пенсіянераў, жыхароў навакольных дамоў. Зялёных зон у раёне мала, іх увесь час скарачаюць і знішчаюць», — адзначаюць яны.


krynica.info