У Менску ладзяць Кангрэс беларускай культуры. Трусаў: гэта абарона ад «русского мира»

У Менску рыхтуецца Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры, на які збяруцца больш за 300 даследнікаў, навукоўцаў па культуралогіі, гісторыі, этнаграфіі, літаратура- і мовазнаўстве з розных краін.

Замежныя госці будуць з Расіі, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Японіі , Ірану, Польшчы, Літвы, Славаччыны.


Арганізатары мерапрыемства — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтар даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На кангрэс запрошаныя прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў, іншыя сябры ўраду.


Паведамляецца, што галоўная мэта Міжнароднага навуковага кангрэсу беларускай культуры — «захаванне гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры».


На сайце кангрэсу сцвярджаецца, што «форум закліканы садзейнічаць разьвіццю даследаванняў айчыннай культуры ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама спрыяць пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва навукоўцаў розных краін».


Сярод тэмаў, якія будуць абмеркаваныя ўдзельнікамі форуму: нацыянальная культура, мова і літаратура; культура рэгіёнаў Беларусі і нацыянальных супольнасцяў; беларуская дыяспара ў свеце: этнакультурныя працэсы, гісторыя і сучаснасьць; гісторыка-культурная спадчына, музеі, запаведнікі; традыцыйная культура, архітэктура і дызайн; выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; музычнае мастацтва; тэатральнае мастацтва і іншыя.


Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў лічыць, што сам факт правядзення кангрэсу — зява станоўчая. Навізна ў тым, што раней такія мерапрыемствы ладзілі няўрадавыя арганізацыі:


Алег Трусаў

«Такія кангрэсы ладзіліся і раней. Але гэтым займаліся ня ўлады, а Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Таксама прыязджалі дасьледчыкі з розных краін, і таксама ўсё праходзіла ў Акадэміі навук. Дзяржава гэтыя мерапрыемствы дазваляла і ў пэўнай ступені спрыяла іх правядзенню.


Сёлета ўпершыню дзяржава ўзяла ўсё ў свае рукі. Гэта і зразумела — часы мяняюцца, змянілася палітычная сітуацыя ў краіне, наступае „русский мир“. Адпаведна робяцца захады. Нават у апошнім пасланні Аляксандар Лукашэнка хоць і казаў, што няма ў нас мяккай беларусізацыі, але моцна крытыкаваў расійскіх нацыяналістаў.


Гэты кангрэс — палітычнае мерапрыемства. Гэта адказ на выпады тых, хто спіць і бачыць, каб Беларусь далучылася да Расіі. Беларускія ўлады гэтаму супраціўляюцца».


Кангрэс пройдзе 5-6 траўня 2016 году. Адкрыццё — у Вялікай канфэрэнц-залі Прэзыдыюму НАН Беларусі.


Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:
  • ВР

  • 2016-04-27 20:52:20
"Такія кангрэсы ладзіліся і раней. Але гэтым займаліся ня ўлады, а Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Таксама прыязджалі дасьледчыкі з розных краін, і таксама ўсё праходзіла ў Акадэміі навук." Я ўдзельнічаў у адным з кангрэсаў пад эгідай МАБ (2010 г.), ён праходзіў не ў Акадэміі навук, а ў харэаграфічнай вучэльні на рагу Прытыцкага і Бельскага. П. Касцюкевіч потым яшчэ напісаў апавяданне "Вайна з дзьмухаўцамі", дзе цікава паказаў харэографаў :)

На сайце кангрэса-2016 распавядаецца пра панэль "Нацыянальная літаратура": "Сесія прысвячаецца 175-годдзю з дня нараджэння беларускай пісьменніцы Польшы Элізы Ажэшкі, 165-годдзю з дня нараджэння паэта Янкі Лучыны..." і г. д. Усе юбілеі перабралі, а пра 120-годдзе Майсея Кульбака (1896-1937) забылі :( Дарэчы, "НЧ", яшчэ не позна вам на гэты юбілей адгукнуцца.
Больш цікавага на «Новым Часе»: