Гісторыя дзяцінства: як апраналі дзетак нашыя продкі

А вы калі-небудзь задумваліся, як апраналі дзетак у мінулыя часы? Якой была дзіцячая мода нашых продкаў? Гэта сёння мы звыкліся, што ружовая сукенка — прыкмета ўбору дзяўчынкі, а блакітны гарсэт — тыповы для хлопчыка. Але насамрэч так было не заўсёды.
"Людзям, якія не ведаюць ні гісторыі дзяцінства, ні сучаснай псіхалогіі развіцця,
гістарычныя перамены часта падаюцца катастрафічнымі" (І. С. Кон)

Чаму ж усё змянілася? Давайце прааналізуем.

Дзіўна, але мы зусім не сустрэнем выявы дзетак на старасвецкіх дрэварытах ці палотнах, хіба выпадкова або дзеля агульнай кампазіцыі. Толькі напрыканцы XVIII ст. дзеткі пачынаюць займаць пачэснае месца на палотнах мастакоў і толькі ў ХІХ ст. дзеткі, як сацыяльная з'ява грамадства, ператвараюцца ў самастойныя аб'екты жывапісу, графікі, скульптуры, безадносна да саслоўнага ці этнічнага паходжання.

Стаўленне да дзяцей яшчэ некалькі стагоддзяў таму было зусім адрозным ад сённяшняга. Яны да пэўнага ўзросту фактычна і за людзей (у сэнсе — дзеяздольнасці, адказнасці, розуму) не лічыліся. Дзеці былі ўласнасцю бацькоў, ні пра якое права на ўласнае меркаванне або пра павагу да іх асобы і гаворкі не вялося. Дзеткі былі настолькі бяспраўным і няважным слоем грамадства, што звестак пра тое, як дзяцей гадавалі, ува што апраналі і абувалі, вельмі мала. Дзеткі амаль не згадваюцца на старонках твораў гісторыкаў і пісьменнікаў, не з'яўляюцца на палотнах мастакоў тых эпохаў, за выключэннем хіба атожылкаў або нашчадкаў пануючага саслоўя.

Партрэт Збігнева, ваяводы падляшскага (або ягонага сына — Максімільяна Францішка) Асаліньскага з сынамі. Невядомы мастак. Перад 1650 г. (або 1670-я —1680-я гг.). Дзеці апранутыя ў дакладную копію бацькавай фярэзіі (фярэзія, феразь, фаразея, фаразія, феразыя — лёгкае мужчынскае і жаночае адзенне свабоднага крою з шырокімі рукавамі)

Мяркуючы па партрэтах арыстакратыі, доўгі час дзяцей апраналі гэтак жа, як дарослых, у паменшаныя копіі дарослага адзення. З усімі выніклымі адсюль нязручнасцямі ў выглядзе тугіх і жорсткіх гарсэтаў, напудраных парыкоў, пышных спадніц і туфляў на абцасах. Прычым гадоў да 4-5 адрозніць па вопратцы хлопчыка ад дзяўчынкі было цалкам немагчыма: усіх малянят апраналі ў сукеначкі і спадніцы. Дарэчы, такая практыка захоўвалася ажно да пачатку ХХ стагоддзя. Да канца XVIII стагоддзя дзеці хадзілі без майткоў. А калі прыдумалі споднікі і панталоны, то гэтая дэталь адзення ўяўляла сабой дзве асобныя калашыны, што мацаваліся паяском да стану або да гарсэту і ніяк не змацоўваліся паміж сабой. Гэта значыць, прыкрытыя былі ногі, але не геніталіі ці азадак. Панталоны дарослых дам былі дакладна такімі ж.

Паміж гэтымі дзіцячымі партрэтамі адлегласць у 100 гадоў, і на адным з іх усё ж выяўлены хлопчык…

Паміж гэтымі дзіцячымі партрэтамі адлегласць у 100 гадоў, і на адным з іх усё ж выяўлены хлопчык…

Дзецям шылі вопратку тыя ж краўцы, што і дарослым, з той жа тканіны, па тых жа лякалах, толькі паменшаным. З лапікаў тканін аналагічная вопратка шылася і для лялек, якія выглядалі такімі ж маленькімі копіямі дзяцей.

Паколькі сялянская «мода» была звышпростай або досыць функцыянальнай, яе архаічныя формы існавалі стагоддзямі (калі не сказаць — тысячагоддзямі), і шмат якія элементы дажылі да нашых дзён: доўгія кашулі, світкі, сукенкі простага крою, кажухі. У адрозненне ад бедных слаёў, больш-менш заможныя групы грамадства імкнуліся, як кажуць у наш час, да «модных тэндэнцыяў і трэндаў» — ад зямянаў і мяшчанаў да магнатэрыі і манаршага дома, без выключэння, хіба што ў рамах сваіх фінансавых магчымасцяў.

Крыніцы нашых ведаў па гісторыі дзяцінства

Крыніцы нашых ведаў па гісторыі дзіцячага адзення вельмі спецыфічныя: асноўную іх частку складаюць менавіта выяўленчыя крыніцы — партрэты, жывапіс, скульптура, графіка. Зусім беднымі на факты застаюцца наратыўныя (дыярыушы, прыватныя лісты, мемуары) і актавыя (тастаменты, дарчыя граматы, інвентары) дакументы.
Сармацкія «партрэты трунныя» (пахавальныя) з тэрыторыі Польшчы ілюструюць разнастайнасць дзіцячых убораў XVII-XVIII стст. Калаж створаны па матэрыялах музея ў Вілануве (Польшча). Можна заўважыць, што дзеткі на частцы партрэтаў ненатуральна сур&039;ёзныя і выглядаюць старэйшымі за паказаны ўзрост — магчыма, так мастак спрабаваў сімвалічна падкрэсліць, як выглядаў бы дзіцёнак, калі б пражыў болей, бліжэй да дарослага стану?

Сармацкія «партрэты трунныя» (пахавальныя) з тэрыторыі Польшчы ілюструюць разнастайнасць дзіцячых убораў XVII-XVIII стст. Калаж створаны па матэрыялах музея ў Вілануве (Польшча). Можна заўважыць, што дзеткі на частцы партрэтаў ненатуральна сур'ёзныя і выглядаюць старэйшымі за паказаны ўзрост — магчыма, так мастак спрабаваў сімвалічна падкрэсліць, як выглядаў бы дзіцёнак, калі б пражыў болей, бліжэй да дарослага стану?

Лёс выяўленчых крыніц у нашай краіне нашмат больш горкі, чым у той жа Польшчы ці нават ва Украіне: бясконцыя войны, пажары, рабаванні, эміграцыі прыводзілі да згубы і знікнення прыватных галерэй і бібліятэк, архіваў і калекцый. Калі польскаму ці львоўскаму даследчыку даступныя такія ўнікальныя аб’екты, — своеасаблівыя помнікі сармацкага жывапісу, — як трунныя (пахавальныя) партрэты шляхты і магнатэрыі, то ў нашай краіне, праз бальшавіцкую нацыяналізацыю аб'ектаў культу і вар'яцкую барацьбу з «панамі» і рэлігіяй сямейныя крыпты і прыкасцёльныя склепы былі разбураны, знішчаны, разрабаваны… Дзве святовыя вайны таксама паспрыялі катастрафічнаму стану выяўленчых матэрыялаў. З тае ж прычыны вельмі няважны адсотак складаюць археалагічныя і некралагічныя знаходкі рэшткаў адзення, тканін, упрыгожанняў, абутку, рэлігійных аб'ектаў і г. д. Плюс да гэтага, праз бяздумную меліярацыю, знішчэнне балотаў і тарфянікаў, у якіх маглі б быць выяўленыя ўнікальныя артэфакты — так, як гэта робяць скандынаўскія і ірландскія даследчыкі. У такіх неспрыяльных умовах адзіным даступным спосабам даследавання застаецца метад гістарычнага параўнання з вынікамі развіцця гэтай тэмы ў суседніх краінах і рэгіёнах.

Пахаванне дзіцяці ў труннай сукенцы мехападобнай формы (XVII-XVIII ст.ст.). На галоўцы ў дзяўчынкі 3-4 гадоў захаваўся натуральны вяночак з раслін і зёлак. Унізе — узоры захаваных чаравікаў і шалі з іншых пахаванняў. Справа — рэканструяваны дзіцячы жупан (па матэрыялах канферэнцыі «Tajemnice szczuczyńskich krypt, t.1», Grajewo, 2013)

Так, напрыклад, у падляшскім Шчучыне (у XVII ст. меў назоў Szczuki Litwa, а ў канцы таго ж стагоддзя ім валодаў Станіслаў Аўгуст Шчука, падканцлер літоўскі і рэгент кароннай канцылярыі пры Яне Сабескім) у мясцовых касцёльных крыптах захавалася шмат трунаў, у т. л. — каля двух тузінаў дзіцячых, у якіх часткова ў муміфікаваным стане знойдзеныя рэшткі памерлых, а таксама іхняе адзенне, упрыгожанні і тканіны для дэкаравання труны. У адрозненне ад сваіх суседзяў, польскія даследчыкі, хаця і павольна, але ўсе апошнія 30-40 гадоў зрушваюць тэму гісторыі дзіцячай вопраткі і гардэробу розных эпох.

Дзіцячая мода за сярэднявечным часам

З прыняццем хрысціянства першым адзеннем у жыцці, для ўсіх саслоўяў без выключэння, стала хрысцільная кашуля, хіба што адным яна даставалася з грубай сукні, а іншым — з тонкіх чужаземных тканін… Пялёнкі для дзетак небагатых слаёў грамадства, дарэчы, рабіліся са старых бацькоўскіх кашуляў. Дзіцячая мода першых гадоў жыцця была найбольш дэмакратычнай: доўгія кашулі насілі як хлопчыкі, так і дзяўчынкі, без адрозненняў ад сацыяльнага статусу.

Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу (XV ст.): Помсцячы за спалены Полацак і забітых бацькоў, Рагнеда спрабуе забіць свайго мужа Уладзіміра. Сын Ізяслаў апрануты ў доўгую кашулю або туніку-далматыку ў візантыйскім стылі, на нагах — імаверна, скураныя пасталы або мяккія, на матузках, боты

У гэты перыяд у адносінах да дзіцячай моды і строю панавала поўная абыякавасць — калі, вядома, гаворка не ішла пра дзіця Дзевы Марыі: менавіта з традыцый і тэматыцы іканапісу паходзяць першыя свецкія выявы дзетак у як бы «рытуальным», «сакральным» аголеным выглядзе (праўда, даводзіцца меркаваць толькі па візантыйскіх і заходнееўрапейскіх мастацкіх крыніцах). Гэтыя ж выявы выразна паказваюць ненатуральна пухлявых, падобных на дарослых-карлікаў ці на лысых гамункулаў, дзяцей з сур'ёзнымі дарослымі вачыма.

Вобраз дзіцяці-немаўля ў сярэднявечным мастацтве доўгія стагоддзі ўзыходзіў да іканаграфічных выяваў маленькага Сына Божага: направа — фрагмент візантыйскай іконы ХІІІ ст. «Багародзіца і Ісус» з галерэі Уфіцы (Фларэнцыя); налева — фрагмент іконы 1340-х — 1350-х гг. «Нараджэнне Ісуса» з Вышабродскага алтара (Чэхія, захоўваецца ў Нацыянальнай галерэі ў Празе)

Па меркаваннях даследчыкаў, такія «сталыя дзеці» — вынік адсутнасці ў сярэднявечнага грамадства паняцця «дзяцінства» і паўтор трывалай іканапіснай традыцыі, дзе немаўлю Ісусу наўмысна надаваліся рысы дарослага, каб падкрэсліць недзіцячы розум і разумнасць Сына Божага ад першых дзён з'яўлення яго людзям.
Да самага канца XIV ст. адсутнічаюць рысы моды, уласцівых дзяцінству, і гэта заўважна не толькі праз аб'екты выяўленчага мастацтва — касцюм тых часоў у поўнай меры даказвае, наколькі ў рэальным жыцці не надавалася значэння адрозненням дзіцячай анатоміі ад дарослага стану.

Добрым прыкладам параўнальнага метаду вывучэння могуць быць узоры скандынаўскага дзіцячага адзення XIV ст., знойдзеныя ў пахаваннях нарвежскіх каланістаў Грэнландыі (Herjolfsnes): ад левай — ваўняная туніка на хлопчыка з пахавання-62, а таксама тыповыя элементы мужчынскага касцюма — арнаментаваны пас і каптур з воўны; па цэнтры — туніка з белай воўны на 10-гадовую дзяўчынку з пахавання-44; ад правай — рэпліка тунікі дзяўчынкі-падлетка, пафарбаванай у колер індыга (Нацыянальны музей у Даніі).

Як толькі дзіця вырастала з пялёнак і праходзіў першы перыяд яго сталення, яно пачынала апранацца адпаведна свайму саслоўю. «Рамейскі» стыль адзення — доўгія кашулі, тунікі розных тыпаў, хітонападобныя сукенкі, плашчы, накідкі і мяккі абутак — былі пашыраныя ад Канстанцінопаля да Дубліна і ад Мадрыда да Стакгольма, хіба што ў адпаведнасці з рознымі кліматычнымі ўмовамі ў халодных рэгіёнах надавалася больш увагі сподняму адзенню, сезоннаму абутку і выкарыстанню ўцепленага мехам і розным падбоем верхняга адзення.

Дзіцячая мода ў рэнесансавыя часы

Адметныя рысы стылю эпохі Адраджэння — прастата, гармонія і дасканаласць. Гэтая тэндэнцыя закранула фактычна ўсе аспекты тагачаснага грамадства — ад філасофскай думкі і рэлігіі да архітэктуры і моды. Аднак для дзіцячага гардэробу, па сутнасці, нічога не змянілася — ён працягваў цалкам капіяваць дарослыя ўборы.

«Біблія« Францішка Скарыны. Тытульны ліст Кнігі Другазаконне. 1519 г. На малюнку можна заўважыць аголенае немаўля (свецкія выявы ўсё яшчэ працягваюць выкарыстоўваць кампазіцыйныя прынцыпы рэлігійных палотнаў «Дзева Марыя з дзіцем»), а таксама — дзіця сярэдняга ўзросту, апранутае на дарослы ўзор

Так, рэнесансавае жаночае адзенне, якое несла пэўную задачу, а менавіта падкрэсліваць эталоны жаночай прыгажосці (а гэта прыстаністы крой, шырокія плечы з буфамі, ніжнія падспаднічнікі і нефіксаванае дэкальтэ) — павінны былі насіць і дзяўчынкі заможных саслоўяў. Праўда, пашырыўся больш просты строй сукенак — на ніжнюю кашулю або сукенку надзявалася верхняя, гамура, чымсьці падобная да сучасных халатаў.

Пры даволі свабодных формах адзення жорсткія каўняры, шматлікія гузікі, прыстаністы крой былі таксама неад&039;емнай часткай дзіцячага гардэроба эпохі Адраджэння

Пры даволі свабодных формах адзення жорсткія каўняры, шматлікія гузікі, прыстаністы крой былі таксама неад'емнай часткай дзіцячага гардэроба эпохі Адраджэння

Мужчынскі касцюм эпохі Адраджэння быў даволі функцыянальна просты, але ж модныя дублеты ды калеты, якія зашпільваліся інкалі на два дзясяткі дробных гузікаў, ды й брыджы з гульфікам на гузіках ці свабодныя нагавіцы на матузках ніяк не спрыялі ўтульнасці ў хлапчуковым строі.

Дзіцячы партрэт Жыгімонта ІІ Аўгуста ў саяне. Пачатак XVI ст. (мужчынскі саян — лёгкі каптан з сукна ці ўзорыстых парчовых тканін звычайна з трохкутным ці квадратным выразам вакол шыі і кароткімі, даўжынёй да локця шырокімі рукавамі).

Дзіцячая мода ў часы сармацкага барока

Перыяд барока працягнуў традыцыю мінулых эпох у падыходзе да дзіцячага гардэроба — як і раней, дзяцей апраналі ў нязручныя, складаныя і ў адзяванні і ў нашэнні строі, хіба што цяпер ува ўборы замест агульнаеўрапейскіх тэндэнцый пачала дадавацца мясцовая «сармацкая» традыцыя, звязаная з уздымам шляхецкага патрыятызму Рэчы Паспалітай.

Дзіцячае надмагілле. Канец XVI - пачатак XVII стст. Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Памерламу дзіцяці нададзена поза заснулага — атрымалася па-мастацку ўзнёсла, але і шчымліва-журботна

Мадонна з дзіцем у вянку. Канец XVII ст. Са Спаса-Праабражэнскай царквы г. Докшыцы Віцебскай вобл. Музей старабеларускай культуры.Сармацкае барока сярод іншага, адметнае і тым, што мясцовыя мастакі не саромеліся адлюстроўваць на палотнах узоры сучаснага ім пабытовага адзення і нават строі простых саслоўяў

Сармацкі строй знаходзіўся пад несумненным уплывам вугорскай і турэцкай «моды» — эканамічны рост XVI ст. садзейніічаў усталяванню новых палітычных і гандлёвых сувязяў, а таксама міжэтнічнаму і міжкультурнаму ўзаемадзеянню. З'явілася шмат новых відаў адзення — кабат, саян, андарак, армяк, даламан, кунтуш, найбольш заможная шляхта і магнатэрыя з задавальненнем пераймала заходнееўрапейскую (у асноўным — французскую) традыцыю. Форма адзення, каштоўнасць тканіны і футра, з якіх быў пашыты строй, з'яўляліся сацыяльным маркерам, сведчаннем заможнасці яго ўладальніка і ягонага месца ў грамадстве. У гарадской традыцыі суіснавалі і перамешваліся розныя традыцыі, а сялянскае адзенне заставалася найбольш кансерватыўным і архаічным.

 Ад левай — партрэт Аляксандра Бенедыкта (1677-1714), сына караля і вялікага князя Яна Сабескага. (мастак Ежы Семіганоўскі-Элеўтэр, каля 1690). Ад правай — партрэт Якуба Людвіка (1667-1737), сына караля і вялікага князя Яна Сабескага. (мастак Ян Трыціус, 1670-я гг.). Строі манаршых сыноў цалкам паўтараюць убор і ўзбраенне іхняга бацькі

Кунтуш — верхняе адзенне, асабліва пашыранае ў часы каралявання Яна ІІІ Сабескага, які апранаўся амаль выключна ў сармацкія строі. Пад канец XVII ст. кунтуш як верхняя вопратка ў спалучэнні з жупаном спакваля заняў дамінантную пазіцыю ў шляхецкай модзе да сярэдзіны XVIII ст., калі пачаў губляць пазіцыі ў вышэйшых прыдворных асяродках эпохі Аўгуста III i Станіслава Аўгуста пад ціскам французскіх густаў.

Каспар Нетшэр (Caspar Netscher). Хлопчык у польскім (сармацкім) строі, 1668-1672. Нацыянальны музей у Кракаве. Традыцыйна вызнаецца за дзіцячы партрэт княжыча Жыгімонта Казіміра Вазы (1640-1647), адзінага сына Уладзіслава IV Вазы

Ротмістар з пахолкам (пажам). Фрагмент гравюры (к.1636 г.) Віллема Гондзіуса (Wilhelm Hondius) пра вайсковыя падзеі пад Смаленскам у 1632-1634 гг. Хлопчык апрануты цалкам у дарослы строй (у т. л. кароткі жупан-даламан), з сапраўднай шабляй, крыху паменшанай у памерах, мае падлеткавы тып фрызуры

У 2-й палове XVIII ст. з'явіўся цэлы шэраг суконных мануфактур-фолюшаў, найбуйнейшыя з якіх знаходзіліся ў радзівілаўскім Нясвіжы і ў валоданнях Сапегаў, Ружанах. Вырабы мануфактур прадаваліся пераважна ў межах Рэчы Паспалітай. Значная частка сукна прывозілася з-за мяжы. 3 таннага імпартнага і мясцовага сукна шыла сабе адзенне дробная шляхта, мяшчане і заможныя сяляне. Як і ў мінулыя эпохі, абавязковым элементам і мужчынскага і жаночага касцюма ўсіх саслоўяў была кашуля ці сарочка з імпартнага або даматканага палатна, у залежнасці ад сацыяльнага паходжання.
Фрагмент палатна «Сейм элекцыйны 1697 года» аўтарства Марціна Альтамонтэ (Martino Altomonte), паміж 1697 і 1704 гг. Дзеці ў сармацкіх строях-копіях дарослага адзення практыкуюцца ў фехтаванні на палках

Падчас праўлення Станіслава Аўгуста на густах шляхецкага саслоўя ўсё больш выразна адбіваецца арыентацыя на моду адукаванай Францыі. Але на пачатак 1790-х гг. прыпадае i першая хваля свядомага ўжывання нацыянальнага рэтрастылю ў адзенні, калі з дапамогаю вопраткі выступалі супраць падзелаў краіны. Нягледзячы на каланіяльныя рэпрэсіўны рэскрыпты аб забароне традыцыі сармацкага строя, расейскі імперыялізм фактычна ўсё ХІХ стагоддзе змагаўся з нацыянальнай вопраткай як сімвалам імкнення да волі і незалежнасці.

Дзіцячая мода ў век Асветы

З'яўленне самастойнага кірунку моды — дзіцячага строя — звязваюць з самымі рознымі прычынамі, але найперш — з выхаваўчымі ідэямі Жан-Жака Русо. Яго раман-трактат «Эміль, або Пра Выхаванне» ў другой палове XVIII ст. зрабіўся настольнай кнігай усіх «асвечаных» бацькоў Еўропы. У гэтым творы Русо запэўнівае, што толькі правільнае выхаванне можа стварыць вольнага і шчаслівага чалавека. Філосаф быў перакананы, што кожнаму ўзроставаму перыяду павінны адпавядаць асобныя формы выхавання і навучання; ён тлумачыць працэс дзіцячага сталення і даводзіць, што традыцыя тугога спавівання шкодзіць здароўю немаўля.

Дзіця, якое спазнае свет і фізічна ўдасканальваецца, не павінна быць скавана нязручнымі ўборамі — гэтая думка вучонага і зрабілася асновай для стварэння першых узораў дзіцячага адзення. На гэтай хвалі ў Англіі былі распрацаваны першыя дзіцячыя гарнітурчыкі, пашытыя ў адпаведнасці з абвешчаным Жан-Жакам Русо прынцыпам «свабоды руху». Тым не менш адыход ад традыцыі апранаць дзіця на дарослы ўзор працягваўся амаль сто гадоў.
 Дзіцячы партрэт Казімера Завішы, сына Крыштафа Тэабальда, старасты старадубскага. Каля 1754 г.(?). Традыцыя апранаць малых дзетак у спадніцападобную вопратку захоўвалася яшчэ і ўсё ХІХ ст.

 Дзіцячы партрэт Казімера Завішы, сына Крыштафа Тэабальда, старасты старадубскага. Каля 1754 г.(?). Традыцыя апранаць малых дзетак у спадніцападобную вопратку захоўвалася яшчэ і ўсё ХІХ ст.

Адным з відаў жаночага адзення былі сукні з рукавамі і каўняром, даволі доўгія і прасторныя. Прадстаўніцы прывілеяваных саслоўяў насілі андаракі — даволі вузкае паясное адзенне. Таксама пашыралася мода на безрукаўныя віды адзення — кафтанік, жупіца, кабат, шнуроўка, якія потым увайшлі ў сялянскі строй. Вельмі пашыраным і ў XVIII ст. як у мужчынскім, так і жаночым гардэробе заставаўся саян-кафтан, прычым ён меў некалькі формаў і варыянтаў. Ягоная папулярнасць пацвярджаецца тым, што і ў пазнейшы час у вясковага насельніцтва «саянам» называлася жаночая спадніца з прышыўным ліфам — тыпу расейскага сарафана.
 Невядомы мастак. Партрэт шляхецкай сям&039;і. 1760-я. Мастацкі музей у Вілануве (Польшча)

 Невядомы мастак. Партрэт шляхецкай сям'і. 1760-я. Мастацкі музей у Вілануве (Польшча)

Дзіцячы партрэт Юзэфа Сапегі (1737—1792), рэгіментарыя падчас Барскай канфедэрацыі. Хлопчык адзеты па заходнееўрапейскай модзе

Дзіцячы партрэт Юзэфа Сапегі (1737—1792), рэгіментарыя падчас Барскай канфедэрацыі. Хлопчык адзеты па заходнееўрапейскай модзе

Францішак Смуглевіч. Сям&039;я Прозараў. 1789 г. Нацыянальны музей у Варшаве. Большасць фігур на палатне ўжо апранутая па агульнаеўрапейскай модзе

Францішак Смуглевіч. Сям'я Прозараў. 1789 г. Нацыянальны музей у Варшаве. Большасць фігур на палатне ўжо апранутая па агульнаеўрапейскай модзе

Патрыярхальны лад жыцця ў вясковых паселішчах і вядзенне натуральнай гаспадаркі спрыялі таму, што многія тыповыя рысы традыцыйнага строя (простыя формы адзення, прамалінейны крой, перавага белага, чорнага і чырвонага колераў у аздабленні і ромба-геаметрычнага арнаменту) захаваліся ад старажытных часоў да канца XIX — пачатку XX ст.

Францішак Смуглевіч. Тыпы вяскоўцаў. 1790-я(?) гг. Летувіскі мастацкі музей. Нікадзім Сілівановіч. Салдат з хлопчыкам. 1866. Нацыянальны мастацкі музей. Сялянскі строй, дзякуючы сваёй прастаце і архаізму, захаваўся праз стагоддзі ў малазмененым выглядзе

Летам сялянскія дзеці насілі доўгую палатняную кашулю, большыя дзеці — з нагавіцамі, меншыя — без іх; адрозніць хлопчыка ад дзяўчынкі можна было толькі па даўжыні валасоў ці тыпу прычоскі. Абутак часта адсутнічаў. У адзенні сялянскіх дзяцей да пачатку ХХ ст. існавалі некаторыя адрозненні — яны былі абумоўлены полаўзроставымі асаблівасцямі, а таксама мясцовымі традыцыямі і сацыяльным статусам бацькоў. У 6-8 гадоў хлопчыкам апраналі даматканыя штаны-порткі. Абавязковай прыналежнасцю ўбору дзяўчынкі былі ўпрыгожанні. Падчас халадоў апраналі кажушкі або світкі ад старэйшых дзяцей або бацькоў, доўгія спадніцы і порткі, хусткі, шапкі і лапці з аборамі, узімку — валёнкі або «катанкі».

Дзіцячая мода ХІХ стагоддзя

У ХІХ ст. у дзіцячым адзенні пераважалі спакойныя лініі — такія ж тэндэнцыі назіраліся і ў дарослай модзе гэтага часу. Дзіцячая мода ўсё яшчэ капіявала дарослую, але ў ёй ужо не было той грувасткасці мінулых стагоддзяў. З пачаткам індустрыяльнай рэвалюцыі і з'яўленнем адносна танных баваўняных тканін дзеці сталі насіць лягчэйшае, больш мяккае, зручнае ў мыцці адзенне. Шоўк заставаўся важнай тканінай і выкарыстоўваўся багатымі людзьмі для пазначэння свайго статусу. Бедныя людзі, і дарослыя, і дзеці насілі практычную льняную, баваўняную, ваўняную ці скураную адзежу, толькі з меркаванняў выгоды і гігіены, асабліва ў немаўлятак. Хлопчыкі перасталі насіць гарсэт у пачатку ХІХ ст., а вось дзяўчынкам прыйшлося ўсё гэта трываць ледзь не да пачатку ХХ стагоддзя. У XIX ст. унесліся змены ў каляровую гаму: дзяўчынкі сталі насіць больш ружовага, хлопчыкі — блакітнага. На самым пачатку ХІХ ст., у рамках рамантызму, з'явіўся стыль ампір, прывабны сваімі простымі формамі і лініямі: дзяўчынкі пачалі насіць кароткія сукенкі, з-пад якіх выглядалі прыгожыя панталончыкі, хлопчыкі сталі насіць штаны з валанамі і тунікі.
 Язэп Аляшкевіч. Сямейны партрэт Тышынскіх, 1813; Іван Хруцкі. Сямейны партрэт, 1854

 Язэп Аляшкевіч. Сямейны партрэт Тышынскіх, 1813; Іван Хруцкі. Сямейны партрэт, 1854

Падзенне «напалеонаўскай сістэмы» прывяло да заняпаду і ў стылі ампір, аднак яшчэ амаль траціну стагоддзя назіраўся пераходны перыяд ад эстэтычных формаў рамантызму да віктарыянскага стылю, які, фактычна, адыграў выключную ролю ў фармаванні агульнаеўрапейскага касцюма ўплывовых саслоўяў грамадства.

Інтэнсіўнае развіццё швейнай і тэкстыльнай прамысловасці, удасканаленне швейных варштатаў і машынак, выяўленне новых тэхналогій выпрацоўкі і афарбоўкі тканін прывяло да таго, што працэс вырабу адзення стаў хутчэйшым і танным, што дазволіла меней заможным саслоўям, у тым ліку сярэдняму класу, далучыцца да модных тэндэнцый.

Іван Хруцкі. (а) У пакоі (1854) і (б) Дзеці перад мальбертам (1854-1855 г.)

Іван Хруцкі. (а) У пакоі (1854) і (б) Дзеці перад мальбертам (1854-1855 г.)

Хлопчыкі да 3-5 гадоў насілі, як і дзяўчынкі, сукенкі і панталончыкі; з 4-9 гадоў куртачку, кароткія брыджы, кашулю, панчохі, чаравікі, капялюшыкі; з 8-13 гадоў ужо маглі апранацца як маленькія дарослыя: фракі, камізэлькі, кашулі з накрухмаленымі каўнярамі і інш., аднак штаны маглі быць па даўжыні значна карацей, чым у дарослых; з 12-16 гадоў — адзенне было практычна такое ж як у мужчын. З 8-10 гадоў хлопчыкаў аддавалі вучыцца ў розныя навучальныя ўстановы, у залежнасці ад дастатку і становішча сям'і ў грамадстве, там яны насілі ўжо вучнёўскую форму.

Іван Хруцкі. Хлопчык у саламяным капелюшы (кан.1830-х — 1840-я гг.) і  Дзяўчынка ў блакітнай сукенцы. Сярэдзіна 1840-х гг. Калі хлопчык адзеты ў больш свабодную вопратку — кашулю-блузу шырокага кроя і, імаверна, порткі, то ў строі дзяўчынкі яшчэ адчуваецца прысутнасць дарослага погляду на адзенне: прыстаністы крой, V-падобны крой ліфа і панталоны

Чым больш дарослай рабілася дзяўчынка, тым даўжэй ёй шылі сукенку. У чатыры гады падол даходзіў да калена, у дванаццаць — да сярэдзіны ікры, у шаснаццаць — да шчыкалаткі. Для захавання прыстойнасці патрабавалася, каб ногі дзяўчынкі ў любым выпадку былі цалкам закрытыя, для чаго выкарыстоўваліся панчохі і панталоны. Як і дарослыя, дзяўчынкі насілі мноства слаёў ніжняй бялізны — кашулі, ліфы, панталоны, ніжнія спадніцы і г. д. Дзяўчынкі, як і жанчыны, насілі гарсэт, але зацягвалі яго не так моцна. Пры нашэнні гарсэта ў дзіцячым узросце грудная клетка перажывае незваротныя дэфармацыі, што ўжо было вядома лекарам той эпохі, таму ў грамадстве перыядычна ўзнімаліся пытанні аб недапушчальнасці моцнага ўцягвання дзяўчынак-падлеткаў.
Міхал Эльвіра Андрыёлі. Юзэфа Любіч-Залеская. 1862 г.; Казімір Альхімовіч. Дзяўчынка ў лесе. (да 1916 г.).

Міхал Эльвіра Андрыёлі. Юзэфа Любіч-Залеская. 1862 г.; Казімір Альхімовіч. Дзяўчынка ў лесе. (да 1916 г.).

Дзяўчынкі віктарыянскай эпохі насілі сарафаны, кашулі і блузкі, каб прыкрыць сукенку і захаваць яе ў чысціні. Дзіцячая бялізна выраблялася з мяккіх і тонкіх тканін, такіх як муслін і батыст. У дзяўчынак панталончыкі, пашытыя па тым жа кроі, што і жаночыя, лічыліся часткай вонкавага аблічча, паколькі выглядалі з-пад кароткай спадніцы, і ўпрыгожваліся карункамі і стужкамі.

Нікадзім Сілівановіч. Дзеці гуляюць на двары. 1889 г.

Нікадзім Сілівановіч. Дзеці гуляюць на двары. 1889 г.

Фактычна да сканчэння «доўгага дзевятнаццатага стагоддзя», як назваў перыяд з 1794 па 1918 гг. брытанскі гісторык Хобсбаум, працягвалася тэндэнцыя паўтарэння дарослай моды ў дзіцячым гардэробе, хіба што з невялікімі адступленнямі і паслабленнямі. Катастрафічныя вынікі Першай сусветнай вайны, знікненне шэрага імперыялістычных дзяржаў у Еўропе, палітычныя катаклізмы ўва ўсходняй частцы Еўропы на доўгія дзесяцігоддзі адсунулі пытанні моды і тэндэнцый развіцця адзення, не абмінуўшы і пытанне развіцця дзіцячай моды...

Асноўныя крыніцы ілюстрацыйнага матэрыялу — Wikipedia, Pinterest, GettyImages

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: