Гульні розумаў і майстэрства падману: да 80-годзьдзя адкрыцьця Заходняга фронту
6 чэрвеня 1944 года пляжы Нармандыі сталі сьведкамі неймавернай вайсковай апэрацыі. Магутнае ўварваньне войскаў хаўрусьнікаў стала магчымым дзякуючы папярэдняй тытанічнай працы па дэзінфармацыі, псыхалягічнай вайне і шыкоўным падманам немцаў.
Пра што гаворка?
Апэрацыя «Овэрлорд» лічыцца адной з самых старанна сплянаваных і выкананых ваенных апэрацый у гісторыі. Яна прадугледжвала каардынацыю сухапутных, марскіх і паветраных сілаў у па-сапраўднаму беспрэцэдэнтным маштабе. Стратэгічны бляск апэрацыі «Овэрлорд» заключаўся ў арганізаванай хітрасьці, кульмінацыяй якой стаў грандыёзны плян падману, вядомы сёньня як «Апэрацыя «Стойкасьць».
Да сярэдзіны 1944 года было відавочна, што ход вайны цалкам не на баку Нямеччыны. Хаўрусьнікі былі поўныя рашучасьці адкрыць нарэшце Заходні фронт. Рузвэльт, Чэрчыль і Сталін разумелі, што пасьпяховая высадка ў Заходняй Эўропе абсалютна неабходная для разгрому нацысцкай Нямеччыны.
Аднак немцы пераўтварылі ўзьбярэжжа Францыі ў, здавалася б, непрыступную крэпасьць. Складаная сетка бункераў, шахтаў і ўмацаваньняў, ішла ад Нарвэгіі да гішпанскай мяжы, і ўяўляла сабой грандыёзную перашкоду для любой сілы, якая плянавала ўварваньне. Элемент нечаканасьці быў галоўным. Калі б немцы дакладна прадбачылі час і месца ўварваньня, яны досыць лёгка маглі сканцэнтраваць абарону і рэзэрвы ў канкрэтных пунктах, і патэнцыйна маглі адбіць любы штурм і выклікаць катастрафічныя страты сярод хаўрусьнікаў.
Плян
З гэтай мэтай хаўрусьнікі распачалі легендарную стратэгію падману. Асноўнай мэтай было пераканаць нямецкае вярхоўнае камандаваньне, што ўварваньне адбудзецца не ў Нармандыі, а ў Па-дэ-Кале, самым вузкім пункце паміж Вялікай Брытаніяй у Францыяй і, такім чынам, самым лягічным выбарам для нападу дэсанту. Гэты падман быў часткай апэрацыі «Поўдзень».
Апэрацыя прадугледжвала стварэньне цэлай групы арміяў, якая зьўлялася фантомам. Ёй стала Першая група арміяў ЗША пад умоўным камандаваньнем генэрала Патана. Гэты генэрал быў добра вядомы агрэсіўнай тактыкай, што дадала давер гэтай хітрасьці. Хаўрусьнікі прыклалі надзвычайныя намаганьні, каб зрабіць фіктыўныя арміі сапраўднымі. Яны выкарыстоўвалі несапраўдныя танкі, грузавікі і самалёты разам з падробленым радыётрафікам для імітацыі дзеяньняў вялізных ваенных сілаў.
Акрамя таго, былі створаныя імітацыі аэрадромаў, у камплекце з драўлянымі самалётамі і несапраўднымі ўзьлётна-пасадачнымі палосамі. Гэта яшчэ больш узмацняла ілюзію вялізных сілаў, якія рыхтуюцца да ўварваньня. Былі створаныя лягеры з намётамі, вяроўкамі, разьвешанымі для сушкі вопраткі і іншымі прыкметамі чалавечай дзейнасьці. Усё гэта было вельмі старанна зроблена, каб увесьці ў зман нямецкіх шпіёнаў.
Падман немцаў быў яшчэ больш падмацаваны выкарыстаньнем падвойных агентаў і кантраляваных уцечак інфармацыі. Знакаміты падвойны агент Хуан Пуёль Гарсія пад кодавым імём Гарба, перадаваў немцам сумесь дакладнай і ілжывай інфармацыі для падтрымкі ілюзіі непазьбежнага ўварваннья ў Па-дэ-Кале.
Нямецкае вярхоўнае камандаваньне ўтрымлівала значныя сілы ў Па-дэ-Кале нават пасьля таго, як пачалася высадка ў Нармандыі. Фэльдмаршал Эрвін Ромэль, якому было даручана ўмацаваць так званую Атлянтычную сьцяну, разьмеркаваў нямецкія сілы ўздоўж усяго ўзьбярэжжа. Такое рассейваньне адыграла вырашальную ролю ў посьпеху высадкі ў Нармандыі, бо перашкодзіла немцам неадкладна і сканцэнтравана контратакаваць.
У дадатак да фіктыўных танкаў і самалётаў, хаўрусьнікі стварылі фальшывыя дэсантныя катэры для імітацыі падрыхтоўкі да дэсантнага нападу. Гэтыя караблі былі пабудаваныя з дрэва і выглядалі як сапраўдныя дэсантныя караблі, якія мусяць перавезьці войскі ў Па-дэ-Кале.
Больш за тое, сам Гітлер быў падмануты хітрасьцю хаўрусьнікаў. Ён настойліва патрабаваў стрымліваць танкавыя дывізіі, аснову нямецкай мабільнай абароны, пакуль ён сам канчаткова ня быў упэўнены ў месцы ўварваньня. Да моманту ўвядзеньня нямецкіх рэзэрваў хаўрусьнікі ўжо стварылі пляцдарм і пачалі прасоўваньне ўглыб Францыі.
Нават пасьля таго, як пачалася высадка ў Нармандыі, Гітлер і яго генэралы не жадалі перадыслякаваць свае сілы, перакананыя, што штурм Нармандыі быў дывэрсійнай атакай, якая мела на мэце адцягнуць іх ад галоўнай падзеі ў Па-дэ-Кале.
Другая частка апэрацыі падману датычылася Поўначы. Мэтай было пераканаць немцаў, што хаўрусьнікі рыхтуюцца пачаць уварваньне ў Нарвэгію. Гэта пагражала б паўночнаму флянгу Нямеччыны і жыцьцёва неабходным пастаўкам жалезнай руды са Швэцыі. А гэта быў самы істотны рэсурс для нямецкай ваеннай прамысловасьці.
Каб падмацаваць гэтую ілюзію, хаўрусьнікі выкарыстоўвалі розныя падманныя меры. Фальшывы радыётрафік імітаваў дзейнасьць цэлай арміі, якая рыхтавалася да ўварваньня. Паведамленьні былі старанна падрыхтаваныя для перахопу нямецкай выведкай. Ішла пастаянная плынь хлусьлівай інфармацыі аб перасоўваньні войскаў, матэрыяльна-тэхнічных падрыхтоўках і непазьбежнасьці апэрацыі, скіраванай на Нарвэгію.
Камандаваньне хаўрусьнікаў таксама арганізавала фіктыўныя манэўры сваіх войскаў. Прысутнасьць несапраўднай чацьвертай брытанскай арміі была сфабрыкаваная ў Шатляндыі.
На сьвітанку 6 чэрвеня 1944 года войскі хаўрусьнікаў пачалі высадку ў Нармандыі. Яны зрабілі гэта пасьпяхова дзякуючы аднаму з найвялікшых падманаў у ваеннай гісторыі.