Інстынкт самазахавання беларусаў

Першая сусветная вайна ўварвалася на Беларусь пасля патрыятычнай эйфарыі 1914 года. Тады ў Расіі слепа верылі ў хуткую пераможную вайну.  Праз год сітуацыя выглядала ўжо не так прывабна, а для беларусаў яна ператварылася ў сапраўднае пекла.



biezancy.jpg

Бежанцы

У пачатку 1915 года па Беларусі распаўсюдзіліся чуткі, што немцы, ідучы вайной на Расійскую імперыю, будуць вынішчаць людзей праваслаўнага веравызнання. Чуткі ішлі “зверху”, падтрымліваліся царквой і былі інтэгральнай часткай жудаснай тактыкі “выпаленай зямлі”, якую вырашылі выкарыстаць расійскія ўлады, чакаючы наступлення германскай арміі. “Не пакінуць немцам нічога”, – такой ідэяй узброіліся расійскія чыноўнікі і генералы, каб спыніць прасоўванне праціўніка далёка ўглыб імперыі і пазбавіць рэсурсаў на акупаванай тэрыторыі.

У страху вялікія вочы. Хтосьці, баючыся сустрэчы з намаляванымі расійскай прапагандай нямецкімі пачварамі, сам сарваўся з наседжанага месца. Людзі наспех збіралі свае рэчы і пакідалі хаты і гаспадарку. Шмат хто з сялян не хацеў адрывацца ад роднай зямлі. Казакі прымусам выганялі іх з хатаў і адпраўлялі ў далёкае падарожжа. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі знішчаліся, запасы харчавання таксама. На ўсход перапраўлялася быдла. Кіраўніцтва царскай Расіі прыняло рашэнне эвакуяваць нешматлікія прамысловыя прадпрыемствы на Беларусі і папсаваць чыгунку.

Бежанства набыло нечуваныя памеры. Толькі ў Гарадзенскай губерні налічвалася 750 тысяч бежанцаў. А ўвогуле з Заходняй Беларусі быў вымушаны ўцякаць на ўсход больш за 1 мільён чалавек. Бежанскі рух меў стыхійны, неарганізаваны характар. Брэсцка-маскоўскую шашу ў ліпені 1915 г. запоўніла блізу 400 тысяч чалавек. Як заўсёды, да цэнтральных расійскіх уладаў маштабы трагедыі даходзілі вельмі павольна. Толькі з восені 1915 г. пачалі рабіцца нейкія сістэмныя захады па дапамозе бежанцам з заходніх ускраін дзяржавы.

Так выглядаў патрыятызм па-расійску. Мясцовае беларускае насельніцтва пасля прыходу немцаў магло ўпэўніцца, што яны не чапаюць нейтральных і лаяльных да сябе людзей. Змянілася ўлада, змяніліся варункі існавання, але ніякага масавага тэрору не назіралася. Немцы часоў Першай сусветнай вайны былі зусім не тымі крыважэрнымі фашыстамі, якіх мы прывыклі ўяўляць на нашых землях праз два дзесяцігоддзі. Але оптыка гістарычных стэрэатыпаў дзейнічае так, што жахі нацысцкай акупацыі аўтаматычна пераносяцца на пачатак ХХ ст. Гэта зусім не адпавядае рэальнасці. 100 гадоў таму былі свае правілы гульні.

budzma.by__wp_content_uplo_ba2454c0488581ffdb08f6cb73f50378.jpeg

Бежанства як гуманітарная катастрофа не толькі перайначыла дэмаграфічную карціну ў Беларусі (варта дадаць, што пасля вайны шмат хто так і не вярнуўся дахаты), але і выклікала значную сацыяльную актыўнасць, якая ўрэшце спрычынілася і да росту нацыянальных настрояў. Ужо ў красавіку 1915 г. у Вільні было створанае Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Гэта была першая беларуская легальная грамадская арганізацыя. Тут працавалі такія выдатныя асобы, як В. Іваноўскі А. Луцкевіч, В. Ластоўскі. Апрача чыста гуманітарнай працы, пад нямецкай акупацыяй Таварыства рупліва занялося культурна-асветніцкай дзейнасцю. 13 лістапада 1915 г. па праве займае пачэснае месца ў календары гістарычнай памяці беларусаў. У Вільні пачала адкрыта працаваць першая чыста беларуская пачатковая школа. Праз два гады, нягледзячы на супраціў польскіх памешчыкаў і ксяндзоў, на Беларусі дзейнічала ўжо 150 такіх школ.

Мы маем прыклад таго, як бяда згуртавала нацыянальныя сілы, якія імкнуліся як маглі падтрымаць людзей. Паводзіны імперый – “старых” і “маладых ваўкоў”, якія імкнуцца падзяліць па-новаму здабычу ў выглядзе заморскіх калоній ці сфераў уплыву, – добра паказалі простым людзям, што нікога не хвалююць іхныя праблемы, ніхто не дбае пра іх інтарэсы, а толькі пра свае. Бессэнсоўная вайна, выдатна адлюстраваная ў вобразе Швейка, якая ні для кога не была ні справядлівай, ні вызваленчай, выклікала глыбокую нацыянальную рэфлексію. Тут дапамагаў прыклад суседзяў і аб’ектыўная сітуацыя. Вайна прымушала думаць і разважаць. Парушэнне звыклых парадкаў, рытму жыцця закруціла неабарачальныя працэсы, якія выліліся ў развіццё ідэі беларускай дзяржаўнасці. Хто мог сказаць яшчэ ў 1913 годзе, што такі варыянт магчымы?

Кажуць, што з Першай сусветнай вайны ў свеце пачалася глабалізацыя. Беларуская дзяржава і нашая сучасная нацыя – дзіця гэтай першаснай хвалі глабалізацыі. І тым больш дзіўна і варта гонару, што дзіця вырасла, бо было вельмі кволае і слабае. Талент самавыжывання і самазахавання беларусаў – сапраўдны феномен найноўшай еўрапейскай гісторыі. Гэта добра адлюстравалася ў ліхалецце Першай сусветнай.

Андрэй Янушкевіч, budzma.by