Беларуска сарвала аперацыю па ліквідацыі вядомага антысаветчыка

Гэтая рэальная гісторыя — абсалютна для нацыянальнага кінематографа. Тут і галавакружныя спецаперацыі, і атручванне радыеактыўным таліем, і жахлівая драма сям’і, і цудоўныя дыялогі. І, галоўнае, ёсць унутраны канфлікт герояў, якім трэба было выбраць: забойства ці смерць у канцлагеры. І яны сталі на бок дабра.

Яніна (Алена) Хахлова

Яніна (Алена) Хахлова

   
Гаворка пра сям’ю вядомага разведчыка і перабежчыка Мікалая Хахлова. Яго жонкай была беларуска, каталічка Яніна (Алена) Хахлова. Менавіта яна дапамагла яму здзейсніць правільны выбар. У 1954 годзе яе імя даведаўся ўвесь свет…
Мікалай Хахлоў — легендарная асоба. Ён непасрэдна ўдзельнічаў у аперацыі па ліквідацыі гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ. Менавіта Хахлоў угаварыў Алену Мазанік здзейсніць гэты акт, за што і атрымаў ордэн. Так пачалася яго служба ў вядомага генерала Паўла Судаплатава — кіраўніка Партызанскага ўпраўлення НКУС СССР, а пазней начальніка бюро №1 МГБ СССР. Далей у біяграфіі Хахлова былі арганізацыі дыверсій і тэрактаў супраць найвышэйшага афіцэрскага камандавання гітлераўскай арміі ў Вільні і Коўне, служба ў Румыніі, дзе ён набіраўся еўрапейскага глянцу, каб пасля “працаваць” у краінах Захаду.

Добры дзень, я прыехаў, каб забіць вас

Экзістэнцыяльны момант настаў, калі ў 1953 годзе ён вырашыў сысці з разведкі, і яму пад канец аддалі загад забіць Георгія Акаловіча — лідара замежнай антысавецкай арганізацыі рускіх эмігрантаў “Нацыянальна-працоўны саюз новага пакалення”.

Кніга Мікалая Хахлова

Кніга Мікалая Хахлова


Мікалай Хахлоў напісаў пра тыя падзеі кнігу «Права на сумленне». У ёй ён растлумачыў, што забіваў немцаў, але гэта былі ворагі, а ў Акаловічу ён ворага не бачыў. У кнізе ён прыводзіць надзвычайны дыялог з жонкай, з якой вымушаны быў абмеркаваць гэтае пытанне, бо выдатна разумеў: калі ён адмовіцца выконваць заданне, яго могуць расстраляць, а жонку і маленькага сына загнаць у канцлагер. На гэта Яніна Хахлова сказала наступнае:
— У лагер мы з табой гатовыя трапіць яшчэ з мінулага года. Якраз у гэтым выпадку мы адно аднаго неабавязкова страцім, у сапраўдным сэнсе слова. Лепш ужо Калыма, чым канцлагер уласнага сумлення…
Ну а далей разгортваўся сапраўдны шпіёнскі экшн. Хахлоў паехаў на заданне. У красавіку 1954 года ён пастукаў у дзверы кватэры Георгія Акаловіча ў Франкфурце-на-Майне і сказаў атарапеламу гаспадару наступнае:
— Георгій Сяргеевіч, я прыехаў да вас з Масквы. Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза загадаў ліквідаваць вас. Заданне даручана выканаць маёй групе. Я не магу дазволіць адбыцца гэтаму забойству…
І «дабіў» Акаловіча, прадэманстраваўшы экзатычную зброю, якой мусіў выканаць прысуд. Гэта быў партсігар са звычайнымі цыгарэтамі, але пасля націскання схаванай кнопкі яны агалялі малюсенькі пісталет, які страляў кулямі з цыяністым каліем.

Партсігар з пісталетам

Партсігар з пісталетам


Акаловіч вырашыў звярнуцца па дапамогу, і да справы далучыліся амерыканскія спецслужбы. Яны прыдумалі мудрагелісты план, як выратаваць сям’ю разведчыка, з якой непазбежна расправяцца на радзіме, як толькі даведаюцца пра невыкананне загаду. План быў наступны: Мікалай Хахлоў дае ў Боне прэс-канферэнцыю, дзе расказвае пра незаконнае заданне СССР і падкрэслівае, што адмовіўся яго выканаць сумесна з жонкай. Тэкст заявы перадаюць па радыё. У гэты час у Маскве да іх дома з’язджаюцца замежныя карэспандэнты, каб атрымаць каментар ад Хахловай. І “пад заслону” падкочвае машына амерыканскай амбасады, якая звозіць Яніну з малым на тэрыторыю амбасады пад сваю абарону.

Мікалай Хахлоў на прэс-канферэнцыі

Мікалай Хахлоў на прэс-канферэнцыі


Усё спрацавала, акрамя аднаго пункта: у прызначаны час машына з амерыканскім амбасадарам да дома Яніны не прыехала. Замест сустрэчы з мужам жанчына з сынам апынуліся ў Сібіры, а сам разведчык застаўся на Захадзе.

Сумленне мацнейшае за дзяржаўную машыну

Яны сустрэлі толькі праз 40 гадоў, у 1992-м. І іх дыялог быў не менш выдатны:
— Ці быў мой выбар варты такога? — спытаў Мікалай Хахлоў.
— Што ты турбуешся пра мінулае? Усё было зроблена правільна. І, як бачыш, усё абышлося добра, — адказала жонка.
І гэта было так. Пасля той бонскай прэс-канферэнцыі яе імя атрымала сусветную вядомасць, што звязала рукі КДБ. З сям’ёй абышліся параўнальна лёгка: іх выслалі ў Сыктыўкар, Яніна не была пазбаўленая грамадзянскіх правоў, працавала інжынерам, а сын хадзіў у школу, потым скончыў МДУ і стаў вядомым навукоўцам. Да самога Мікалая Хахлова лёс таксама быў прыязны. Ён з’ехаў у Амерыку, стаў прафесарам псіхалогіі Каліфарнійскага ўніверсітэта. У 1957 годзе былыя калегі са спецслужбаў атруцілі яго радыеактыўным таліем. Але ён выжыў і пражыў доўгае жыццё. У 1992 годзе Хахлоў нават быў памілаваны прэзідэнтам Расіі Ельцыным, што і дазволіла яму наведаць былую радзіму і сустрэцца з сям’ёй. Памёр ён у 2007 годзе.

Мікалай Хахлоў

Мікалай Хахлоў


Завяршыць гэты сцэнар можна было б закадравымі словамі разведчыка. Яны быццам пра далёкі камуністычны час, але і сёння нікога не пакінуць абыякавымі:
«Нішто не можа спыніць распад бесчалавечнай сістэмы. Таму што яна бурыцца пад ударамі тых самых фактараў, якія камуністы спрабавалі абвясціць неіснуючымі. Пад ударамі Сумлення, Гонару, Чалавечнасці, вернасці маральным законам Сусвету. У наш век, калі цынізм модны, гэтыя фактары могуць здацца ірацыянальнымі, нязначнымі ў параўнанні з дзяржаўнай моцай. Але менавіта гэтыя фактары кіруюць светам. І ў выніку яны заўсёды аказваюцца мацнейшымі за рацыянальныя, «матэрыяльныя» сілы. Сумленне — нітачка, якая звязвае Чалавека з Сусветам. Савецкая сістэма спрабуе захапіць гэтыя нітачкі і ўтрымаць іх, як путы марыянетак. Гэта немагчыма, бо супярэчыць законам Космасу».
Ганна Кручкова, budzma.by