Як Імперыя змагалася з цвярозасцю
Антыалкагольны рух пачаўся з Брэстчыны і ахапіў 32 губерні колішняй «турмы народаў» — Расійскай імперыі.
У траўні 1858 года на стол гродзенскага губернатара Івана Абрамавіча Шпеера (які быў ці не адзіным губернатарам Расійскай імперыі, што паходзіў з ахрышчаных яўрэяў) лягла дакладная цыдулка. Аўтарам яе быў давераны ад дзяржаўцаў Кобрынскага чарачнага водкупу і казённых корчмаў павета па губерні, дэрпцкі біргер Карл Клюге. Біргер скардзіўся губернатару на беларускіх сялянаў, якія паўступалі ў таварыствы цвярозасці, што прывяло да катастрафічных стратаў «пітнога промыслу», ды пакорліва прасіў спыніць ацверазенне працоўнага люду — забараніць уступаць у гэтыя таварыствы.
Скардзіцца адкупшчыкаў, шынкароў і карчмароў прымусіў размах руху. Але гэта быў толькі пачатак. Бо неўзабаве, у жніўні, ковенскія краўцы-шаўцы і сталяры цалкам аўтаномна далі зарок не спажываць алкаголь, і нават патрабавалі адзін ад аднаго сачыць за выкананнем зароку. А ў верасні затрэсла ўсю Ковенскую губерню, якая на той момант займала тэрыторыю амаль усёй сённяшняй Літвы, без Віленшчыны.
Першае жамойцкае таварыства цвярозасці, якое было афіцыйна прызнанае і трапіла ў гісторыю, стварылі на правым беразе Нёмана, у мястэчку Юрбарк — гэта была самая паўднёвая кропка губерні, і менавіта туды, пасля Брэстчыны, патрапілі першыя звесткі пра стварэнне падобных таварыстваў у Царстве Польскім. Хоць рух меў глыбокія сацыяльныя карані — злоўжыванні з боку тых, хто афіцыйна нажываўся на гандлі легальным «наркотыкам» таго часу (алкаголем): адкупшчыкаў, паноў, вертыкальшчыкаў, карчмароў, — значную ролю ў яго кадыфікацыі і распаўсюдзе адыграў каталіцкі касцёл, і нават праваслаўная царква.
Сам рух за цвярозасць, які ўзнік у ЗША, і ў пачатку ХІХ стагоддзя пераехаў у Ірландыю, ад пачатку меў рэлігійнае адценне. Бо менавіта святары былі яго пашыральнікамі. І ці не галоўная роля ў тым, што рух у Еўропе набыў вялікую папулярнасць, належыць ірландскаму святару Тэабальду Мэцью. З Ірландыі пратуберанцы цвярозасці перакінуліся на Англію, Францыю, Германію і іншыя краіны. І ў 1851 годзе Папа Рымскі Пій Х нават выдаў адмысловую булу, што ўхваляла паўсюднае стварэнне такіх таварыстваў. Але ў Расійскай імперыі, як заўсёды, нешта пайшло не так.
Царскі ўрад, што аддаў у рукі адкупшчыкаў стырно гандлю алкаголем, атрымаў стабільны даход, які рос год ад года. Пры гэтым злоўжыванні і шкода, якая наносілася здароўю людзей, вярхі не цікавілі. Пры кожным падвышэнні водкупу (а гаворка вядзецца пра дзясяткі мільёнаў рублёў), карчмары падвышалі кошт якаснага алкаголю, але пры гэтым, каб захаваць кошт, які прадпісвала дзяржава, — «тры рублі вядро», стваралі папраўдзе атрутныя напоі шэрага колеру (адсюль і «сівуха»), дадаючы для моцнасці, як пісалі дэмакратычныя аўтары ў расійскіх СМІ, — «атрутныя рэчывы».
Народ «роптал», але піў — наносіў шкоду сабе ды падсілкоўваў тагачасныя наркакартэлі. І тут раптам газеты пачалі пісаць, што ў Заходніх губернях (Ковенская, Віленская і Гродзенская) дзясяткі тысяч людзей за лічаныя дні склалі прысягу ў адмове ад алкаголю да канца жыцця — і для надзейнасці занеслі яе ў адмысловыя кнігі, якія былі пры храмах. Спачатку, вядома, пры касцёлах, бо насельніцтва тых земляў у асноўным было каталіцкім.
У Ковенскай губерні адзначыўся шчыраваннем біскуп Валанцэвіч. Паходзіў ён з сялянскай сям’і, добра ведаў жамойцкую мову. І таму, калі пачаўся масавы рух, ён не толькі ўсяляк яго падтрымліваў, але і стымуляваў, выдаючы на жамойцкай мове (як пісаў Дабралюбаў), адмысловую літаратуру, як свайго, так і перакладнога кшталту. І даволі значнымі накладамі — 10–40 тысяч асобнікаў.
Але пашырэнне руху не было такім бяскрыўдным, і гэта прымушала Валанцэвіча апраўдвацца перад расійскімі ўладамі. Тых, хто адмаўляўся цверазець або прысягаў і адступаўся, жамойцкія ксяндзы загадвалі караць маральна або фізічна, на свой густ. Часам «адступнікаў» мазалі дзёгцем і прывязвалі да крыжоў, выстаўляючы на смех, часам секлі розгамі, часам саджалі ў змрочныя лёхі касцёлаў ці кляштараў.
Вядома, што такімі выпадкамі карысталіся для барацьбы з рухам галоўныя іх ворагі — карчмары. Іх даносы да ўладаў, вядома, не былі аб’ектыўнымі, усё набывала гіпербалізаваны памер. І таму — як помста — неўзабаве пачаліся там і сям пагромы корчмаў. А як і чым займаўся карчмар, паказаў, верагодна аб’ектыўна, у свой час пісьменнік Мікалай Гогаль у знакамітым творы «Тарас Бульба»: «Карчма ўвогуле была страшэнным ліхам для сялянаў. Тут знікаў сялянскі дабрабыт і нярэдка губілася жыццё цэлых сем’яў. Прычым, сялянаў літаральна прымушалі піць, бо кожны пан меў бровар, гнаў спірт, і ён спускаў норму, якую селянін або мусіў выпіваць, або разлічвацца грашыма. Папраўдзе, страшны механізм знішчэння, якому няма апраўдання».
Ацверазенне ў згаданых трох губернях у 1859 годзе падтрымалі: 140 003 чалавек (Віленская), 30 000 (Віцебская), 220 140 (Гродзенская), 84 000 (Мінская). У 1860 годзе рух ахапіў ужо больш за 1 мільён 600 тысяч чалавек (улучна з Ковенскай губерніяй, дзе цвярозых ад агульнай колькасці насельніцтва было 83,3%) — і страты ў скарбонцы сталі заўважнымі ўжо не толькі ў гандляроў. Прыбыткі імперыі, якая мела да траціны бюджэту з гэтых грошай, рэзка ўпалі. Таму, калі спачатку на з’яву глядзелі паблажліва ці нават ухвальна (а ў жніўні 1859 года выйшаў указ Святога Сінода РПЦ пра ўсебаковую падтрымку гэтага руху), то літаральна праз год сітуацыя пачала змяняцца.
Спрычынілася да таго тая асобая форма расійскага народнага супраціву, якая вядомая ўсім як бунт. Калі на землях былога ВКЛ распаўсюд цверазення насельніцтва меў пераважна мірны характар, хоць здаралася, што руйнаваліся і паліліся корчмы, карчмароў збівалі або гналі «взашей», то ў расійскіх губернях было крыху інакш. Па-першае, там не асабліва распаўсюджвалася ўласна цвярозасць, бо галоўным патрабаваннем ад пачатку было зніжэнне кошту алкаголю і ягоная якасць.
Па-другое, барацьба з корчмамі, якія трымалі ў асноўным свае, «рускія людзі», бо выхад на расійскі прастор карчмароў-яўрэяў стрымлівала «мяжа аселасці», набыла больш сур’ёзныя формы. Дарэчы, часам да такіх бунтаў прыводзілі правакацыі з боку саміх адкупшчыкаў, якія пашыралі розныя прыемныя на слых чуткі (напрыклад, аб зніжэнні кошту вядра гарэлкі). І калі сяляне падманваліся ў сваіх чаканнях — надыходзіла чарга «махаць рукамі». У рапартах, якія пісаліся паліцыяй у поўнай згодзе з задумай адкупшчыкаў і таргашоў, падзея падавалася як «бунт супраць законнай улады».
Урэшце Аляксандр ІІ вырашыў паставіць кропку ў ацверазенні. Супраць бунтаўнікоў паслалі рэгулярныя войскі, падмацаваныя гарматамі. Расправа была кароткай. 11 тысяч чалавек адправілі на катаргу і ў вязніцы. Сярод іх, як падаюць беларускія гісторыкі, было 780 чалавек з беларускіх земляў. Большасць з іх загінула ў Сібіры.
Забіўшы пашырэнне руху, які стаў пагражаць «устоям нацыі» (фінансавай бяспецы імперыі), царскі ўрад не здолеў зламаць тых, хто калісьці прысягнуў не піць алкаголю. Многія з тых, хто ў 1858–1859 гадах падпісаўся пад прысягай, яшчэ ў 1890-х дзе-нідзе падтрымлівалі жыццё «таварыстваў цвярозасці». Як пісаў гісторык і этнограф Станіслаў Цярохін, магчыма, апошнім на Беларусі асяродкам руху цвярозасці славутай антыалкагольнай кампаніі, якая «вызначалася актыўнасцю і баявітасцю», было таварыства ў вёсцы Брашэвічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні.
На завяршэнне хацелася б згадаць мясціны, якія пакінулі след у дакументах расійскіх ураднікаў у сувязі з гэтай справай.
У сваёй знакамітай публікацыі «Народное дело», якая моцна была парэзана цэнзурай, Дабралюбаў згадаў, што з 1725 жыхароў Ашмянаў 900 далі зарок устрымання ад алкаголю. У Брэсце ў таварыствы ўступілі дзве траціны жыхароў, у Пружанах — палова. У Слоніме, згодна з рапартам гараднічага, «народанасельніцтва хрысціянскае, за малым выключэннем, амаль усё кінула піць віно, а з яўрэяў не менш за траціну».