Ян Дамель: Шлях мастака з Краю
У гэтым годзе спаўняецца 235 гадоў з дня народзінаў, а 30 жніўня — 175 гадоў са смерці «выдатнейшага мінскага мастака» (як адзначала губернская памятная кніжка) Яна Кшыштафа Дамеля (1780–1840).
Ян Дамель. Аўтапартрэт
Ён нарадзіўся ў Курляндыі, у Мітаве пад Рыгай. Бацька яго быў купцом і жыў у маёнтку Беркен, а потым пераехаў на Жмудзь, на Жагоры, што ў Ковеньскай губерні. У мястэчку была гімназія і амаль поўны набор культавых устаноў: касцёл, праваслаўная царква, лютэранская кірха і сінагога. Вучыўся ў Мітаве, хутчэй за ўсё, у мясцовай гімназіі. А потым была Вільня…
Асяродак духоўнага існавання
«Вільня — месца не дужа вялікае, але прыгожае і шматлюднае, і жывейшае, чымсьці багата якія гарады Расіі», — адзначаў пісьменнік ХІХ стагоддзя. Натуральна, што Дамель, трапіўшы ў гэты горад, не мог ні захапіцца ім.
У тагачаснай Вільні, як і ў сталіцах большасці еўрапейскіх краін, квітнеў класіцызм. Спалучэнне і квітненне антычнай спадчыннасці, у якой чулася рэха тагачасных «балючых» праблемаў Краю, не дарэшты ўтаймаванага паразай «касцюшкаўшчыны», рамантычныя спадзяванні на імператара Напалеона — усё было невыпадковым.
«Купецкі сын» (з не вельмі забяспечаных) і ўнук мастака, як сцвярджае біёграф Дамеля Адам Шэмеш (1808–1864), Дамель паступіў ва ўніверсітэт 24 мая 1799 года. Запісаны ў кнізе рэгістрацыі як «шляхціц», ён мусіў вучыцца за ўласны кошт. Добра, што хоць жытло ў прытулку для навучэння і выхавання маладзёнаў — «манаскую келлю, у якой не было ні паркетаў, ні гуашаў, ні карцін у залачоных рамах» — атрымліваў ад ордэна піяраў задарма. Магчыма, там і тады Ян Дамель звёў знаёмства, якое перарасло ў сяброўства, з пагодкам і аднакурснікам з Ваўкавышчыны — Ігнатам Цэйзікам, будучым выдатным мастаком-пластыкам, арт-дылерам і проста нешараговай асобай.
З адукацыяй Дамелю пашанцавала. Факультэт вытанчаных мастацтваў і літаратуры аднаго са старэйшых у Еўропе ўніверсітэтаў (заснаваны ў XVIІІ ст.) ганарыўся сваімі мастакамі-выкладчыкамі. І перадусім — непасрэдным носьбітам італійскіх мастацкіх традыцыяў, творцам у другім пакаленні, гадаванцам Рымскай акадэміі Св. Лукі прафесарам Францішакам Смуглевічам (1745–1807).
Закончыўшы курс навучання на гэтым факультэце, Дамель атрымаў ступень магістра вольных навук і стаў майстрам жывапісу, віцэ-прафесарам універсітэта. Апынуўся ў асяродку такіх творцаў, як Ян Рустэм (1762–1835), педагог ды былы каралеўскі скульптар А. Ле Брун (Лебрэн) і яго вучань з Гарадзеншчыны — Караль Ельскі, а таксама выдатны гравёр Джозэф Саўндэрс. Апроч прафесійна-прафесарскага атачэння і сяброўства з Цэйзікам Дамель з юнацтва знаўся з такімі неардынарнымі асобамі, як мастак Язэп Аляшкевіч (1777–1830); доктар Юзэф Лібошыц, які пазней стаў адным з заснавальнікаў «Таварыства медыкаў»; Захары Нямчэўскі (1766–1820), які мастацкую адукацыю атрымоўваў разам з Францішкам Смуглевічам у Акадэміі Св. Лукі ў Рыме, а пазней, будучы прафесарам матэматыкі Віленскага ўніверсітэта, стаў дэканам фізіка-матэматычнага факультэта (1817–1820). Дамель, як і згаданыя асобы, належаў да адной з віленскіх масонскіх ложаў.
Умалот штодзённай працы
Творча засвоіўшы ўрокі і прыёмы італійскага класіцызму, Дамель плённа працаваў амаль ва ўсіх жывапісных жанрах. Асаблівую цікаўнасць у яго выклікаў рэлігійны жывапіс: «Збаўца і самарыцянка», паўтор работы слыннага Караваджа «Палажэнне ў труну», міфалагічныя і гістарычныя сюжэты з гісторыі Краю — «Смерць крыжацкага магістра Ульрыха фон Юнгінгена на Грунвальдскім полі», «Хрышчэнне Вольгі», «Смерць князя Панятоўскага», «Павел І выбаўляе Касцюшку з вязніцы» (няскончаная), «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 годзе», «Пераправа праз Бярэзіну» (няскончаная) — усё было не фармальнай перадачай сюжэту, а знаходзіла ў яго душы жывы водгук. Дзякаваць Богу, на мастацтва быў попыт і замоваў хапала, а час бадзёрыў спадзяваннямі.
Уяўны драматызм, ахвярнасць асабовых інтарэсаў дзеля агульнага квітнення былі ўласцівыя класіцызму на ўсіх этапах яго развіцця. Па мастакоўскай палітры Дамеля заўважна, як пяшчотна-кранальныя колеры з дакладнымі адценнямі і рэфлексамі ў больш познія часіны спелага класіцызму пачынаюць адступаць у бок больш ашчаднай каляровай гамы. У наступ (часовы!) ідзе манахромнасць. Але па-ранейшаму палатно для мастака — нібы пляцоўка для рэжысёра, на якой, дзякуючы адрозным колерам (нават трохі спрошчаным), ён змушае сваіх герояў спыняцца ў самых выразных паставах, прылюдна адкрываючы свой унутраны свет. Віхуры часу супадалі з унутраным непакоем, памкненнямі і цікаўнасцямі маладога творцы.
У спадчыну нашчадкам
Гэты раздзел мусіў быць самым кароткім. Не з-за беднасці фактычнага плёну мастака, але таму што не вельмі багата маем з яго на сёння, а калі і маем, то па большасці ў сховах Польшчы ды музеях і касцёлах Літвы. У Беларусі ёсць тры творы Дамеля і няма ні акадэмічна распрацаванай манаграфіі, ні навуковага каталога.
Св. Канстанцыя
Работа «Св. Канстанцыя» (1808–?) была напісана Янам Дамелем па замове ўладальніка клецкага маярата, ваяводы трокскага Юзафа Радзівіла ў гонар рана памерлай дачкі. Прызначалася яна для галоўнага алтара Нясвіжскага касцёла. Кажуць, што «да месца прызначэння» яна не трапіла, бо «касцельнае кіраўніцтва, ці то знайшоўшы ўборы святой на карціне занадта сучаснымі, ці то, як кажа паданне, рысы святой былі ўзяты з твару князёўны, на грабніцы якой стаяў алтар, не дазволіла яго асвяціць». Твор, прымеркаваны да ўпрыгожвання алтара, трапіў у дамавую капліцу. Дый па іканаграфіі Святая Алена, маці Канстанціна Вялікага, павінна быць пажылой, з вялікім крыжам Хрыста, знойдзеным ёю.
Аднак, як лічыць эксперт Аляксей Кульбіцкі, які правёў параўнаўчы аналіз, для дамавой капліцы быў зроблены асобны «спісак».
Святы Язэп з немаўлём Ісусам
Гады з два таму ў Беларусі адбыўся сапраўдны (хоць і мала заўважаны) цуд. Феніксам вярнулася палатно Дамеля «Святы Язэп з немаўлём Ісусам»: клопатам шчырага верніка Анатоля Шчучко, ксяндза Антонія Казлоўскага і гомельскіх рэстаўратараў на чале з Яўгенам Феем.
Летам 1811 года давераная асоба панны Брыгіды Сулістроўскай замовіла два абразы віленскаму прафесару Дамелю для новага Вішнеўскага (што пад Смаргонню) касцёла, пабудаванага на манер Віленскай катэдры.
У 1933 годзе кансерватар помнікаў культуры і кіраўнік аддзела мастацтваў Віленскага ваяводства Станіслаў Лорэнц прачытаў даклад «Матэрыялы да біяграфіі і творчасці Яна Дамеля, заснаваныя на публікацыях ХІХ ст.», у якім адзначалася, што «ў тым жа (Вішнеўскім. — С.Г.) касцёле быў таксама абраз Святога Тадэвуша Апостала, пэндзля Дамеля, знішчаны ў час вайны. Другая з замоўленых прац — «Святы Язэп з немаўлём Ісусам» — у міжваеннае дваццацігоддзе месцілася пры алтары.
У цэнтры вялікага палатна плошчай больш за сем квадратных метраў, адпаведна апокрыфу, стары бабыль Юзаф — але значна маладзейшы за героя Гвіда Рэні (1575–1642) — з немаўлём Ісусам. Калі ў класіка італьянскага Адраджэння ў кананічным творы Св. Юзаф засяроджаны на сваім бацькоўскім шчасці, то герой Дамеля пераможна-годна дэманструе Немаўля свету, уздымаючы «імгненне» да стану касмічнай «з’явы». Дзева Марыя, што праваруч сядзіць у фатэлі са Святым пісаннем у руках, Анёл — леваруч, бачна напісаны звыкла лёгка і хутка. Але, каб перадаць нешта найістотнейшае: даверлівы і ясны погляд «немаўляці», што выпраменьвае незвычайнае святло і нараджае ў душы трапяткое хваляванне і ўзнёслую радасць, давялося шматкроць перапісваць твар дзіцяці-Ісуса.
Касцёл у Вішневе, дзе захоўваецца алтарная карціна-абраз «Святы Язэп з немаўлём Ісусам»
Жыў мастак, відаць, як і ўсе грэшныя, адпаведна мажлівасцям, абставінам і настроям: то пераязджаў з кватэры на кватэру, як і ўсе, скардзіўся на нястачу грошай, а то мог, нават атабарыўшыся ў манахаў, «выпіць і закахацца», жартаваць і весяліцца, паехаўшы на «паплавы», суткамі не адыходзячы ад варштата і, апрача думна-філасафічных размоваў у вузкім коле абраных сяброў, такіх, як натхняльнік філаматаў і філарэтаў Іяхім Лялевель, мог нязмушана марнаваць час, «прападаць» на тэатральных пастаноўках… Майстар цвяроза глядзеў на сваю творчасць. Усталёўваў тэрміны і кошты: бывала, што і пазніўся, атрымоўваў грошы за сваю працу, і гэтага не саромеўся.
Партрэты Дамеля
Пісанне абразоў сучаснікаў вылучае Дамеля з агульнай «класіцыстычнай» плыні. Яго партрэты, значную частку якіх ён пісаў без замоваў і без ганарараў, «для сябе ці для штудыяў», утрымліваюць вельмі жывыя, трапныя псіхалагічныя характарыстыкі, якія сведчаць пра іх прыналежнасць да рамантычных ці нават рэалістычна-псіхалагічных выяваў.
Міхаіл Балінскі
Варта ўгледзіцца ў партрэт «шубраўца» — сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, гісторыка і публіцыста Міхаіла Балінскага (1794–1864). Ці ў выяву Тамаша Ваўжэцкага (1753–1816), аднаго з кіраўнікоў паўстання 1794 года (з вязніцы гэтага «касцюшкаўца», кажуць, збавіў сам Павел І). У руска-французскай вайне Тамаш Ваўжэцкі заняў бок Расіі, і Аляксандр І ацаніў крок адстаўнога «мяцежнага» генерала, прызначыўшы яго міністрам юстыцыі Каралеўства Польскага. Радкі надмагілля ў Відзах выключна поўна характарызуюць гэтую палітычна няўрымслівую асобу, якая «ўсё сваё жыццё прысвяціла выкананню асабістага і грамадзянскага абавязку, годнага чалавека і цудоўнага грамадзяніна, які дапамагаў Радзіме парадамі, фінансамі, зброяй і абараняў яе, падбадзёрваў суайчыннікаў верай, аўтарытэтам, справядлівасцю, суцяшаў бедных і няшчасных матэрыяльнымі міласцівымі дарэннямі…»
Тамаш Ваўжэцкі
Відаць, да даваеннай творчасці варта аднесці і рэпрэзентатыўны партрэт асобы сімвалічнай для авантурнага гераічна-рамантычнага ХVІІІ стагоддзя — Станіслава Богуша-Сестранцэвіча — асветніка, гісторыка, славіста, пісьменніка і першага мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў Расіі, і да таго ж яшчэ і дзядзькі Дуніна-Марцінкевіча.
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч
Гаворачы пра «галерэю вобразаў мастака», варта згадаць партрэты гісторыка і археолага Канстанціна Тышкевіча, ксяндза Галянскага і іншых.
Край пад французамі
Дамель з юнацкіх гадоў быў сімпатыкам Напалеона і з захапленнем удзельнічаў ва ўпрыгожванні Вільні ў 1812 годзе. Але пасля паразы Напалеона горад апанавалі нейкія душэўныя прыцемкі. Вільня
пачулася няўтульна-самотнай.
Ян Дамель. Адступленне французаў праз Вільню
Хутка акрыяўшая імперская адміністрацыя пачынала праполку-прарыўку вальнадумства ва ўніверсітэце. Памятлівая ўлада не саромелася нагадаць кожнаму: забаронена і пісанне партрэтаў непажаданых асобаў, і «рамантычныя спадзевы», і ладжанне ўрачыстасцяў… І чым далей, тым болей у мастака свідравала думка: «З’ехаць куды (мяркуе ў Пецярбург. — С.Г.), дзе ёсць мастацкае жыццё, ёсць творцы»…
Дамель востра адчувае цяжар свайго становішча ва ўніверсітэце, грамадскую незапатрабаванасць і асабістую непатрэбнасць у гэтым жыцці. У роспачы ён піша «любезнаму сябру Цэйзіку», што колькасць жывапісцаў у Вільні зменшылася — «Янушэўскі з’ехаў да Ваньковіча ў Мінскі павет, Бароўскі — настаўнікам малюнку ў Беласток, Аляшкевіч таксама жадае знайсці сабе мейсца на свабодзе»… Але спраўдзіць задуму не давялося.
Мінск — Табольск
У Мінск саракагадовы мастак трапіў не па ўласнай волі, — як сведка па «славутай справе Цейзіка». Яго вінавацілі ў тым, што ён не толькі ліставаўся са зламыснікам, але і пастаўляў абвінавачанаму адмысловую паперу для вырабу казначэйскіх білетаў. Дапытвалі ўсё іх віленскае кола. Кожны, апрача галоўнага абвінавачанага, які збег з-пад варты, атрымаў «сваё» — Ян Дамель «аддзелаўся» пяццю гадамі ссылкі ў Заходнюю Сібір. Вядома, не цукар, але…
Замацаваны як пасяленец купецкай сталіцы — Табольска, — ён пабываў у Іркуцку, Енісейску ды іншых гарадах. Не сядзеў склаўшы рукі, працаваў, і шмат якія каталіцкія храмы Сібіры аздоблены яго светланосным роспісам.
У Сібіры, апрача роспісаў храмаў ды шэрагу купецкіх партрэтаў, ён шмат рабіў архітэктурных, а што яшчэ важней — жывых жанравых замалёвак з побыту мясцовага насельніцтва. Графічная спадчына (накіды алоўкам ды пяром) гэтага прадстаўніка віленскай мастацкай школы — сотні аркушаў паасобку і ў альбомах. Пяро ў яго руцэ набывае поўную свабоду дзеяння і энергію ўвасаблення эмацыйна-пачуццёвага зместу. Замалёўкі антычнага і гісторыка-этнаграфічнага характару сведчаць аб парастках неакласіцызму ў яго мастацкіх пошуках.
Пра ацэнку творчасці мастака сучаснікамі кажа ўжо тое, што па яго малюнках рабіў свае гравюры прафесар-англічанін Саўндэрс.
Мяркую, што прыродны аптымізм, розум ды майстэрскае валоданне пэндзлем спрыялі не толькі знаёмству, але і ўсталяванню сяброўскіх стасункаў паміж ім і бліскучым рэфарматарам і лібералам, «расчышчальнікам аўгіевых канюшняў», «уладаром Сібіры» — Міхаілам Спяранскім (1772–1839).
Міхаіл Спяранскі
Якраз падчас побыту Дамеля ў Табольску Спяранскі ачольваў мабільную камісію барацьбітоў з карупцыяй і іншымі дзяржаўна-адміністрацыйнымі злоўжываннямі. Гэты «сацыяльны сірата», што выйшаў з асяродку вясковых святароў, дзякуючы кемлівасці і працалюбству, высока ўзляцеў па расійскай кар’ернай лесвіцы. Разам з фанфарамі і лаўрамі зазнаў ён сапраўдны грамадска-адміністрацыйны заняпад, але і ў выпрабаваннях здолеў захаваць жывыя чалавечыя рысы.
І ў Табольску, а пазней і ў Іркуцку, у характары «дзяржаўніка», хударлявага, пяцідзесяцігадовага мужчыны, апранутага ў просты шынель без якіх бы ні было знакаў адрознення ды такую ж сціплую скураную кепку, завядзёнкай было завітаць падчас абавязковых вечаровых шпацыраў на агеньчык да якога мясцовага знаёмца з купцоў. Ці мастака з далучаных земляў Яна Дамеля. Галоўнаму рэвізору Сібіры ды аўтару выслоўя: «У Табольску я ўсіх (маецца на ўвазе чыноўніцтва) аддаў пад суд… То тут (у Іркуцку) застаецца ўсіх павесіць» было аб чым пагаварыць з пасяленцам. (І, відаць, не толькі пра Напалеона, якому яны абодва сімпатызавалі). Якраз у той час у ліку дакументаў, якія распрацоўваў Міхал Міхайлавіч, быў законапраект аб ссыльных («Статут аб ссыльных» быў прадстаўлены Аляксандру І у 1822 годзе).
Партрэт Міхаіла Спяранскага, напісаны Янам Дамелем у Табольску, расійскія мастацтвазнаўцы лічаць лепшай з прац таго часу. У ім, нягледзячы на акадэмічную схему (статычнасць, рэпрэзентатыўнасць і г.д.), мастак надзяляе графа індывідуальнымі, толькі яму ўласцівымі рысамі, нейкай чуллівасцю душы, і ў дотык набліжаецца да жыццёвага, рэалістычнага мастацтва.
Відаць, менавіта генерал-губернатар паспрыяў хутчэйшаму вяртанню Дамеля на Радзіму.
Падчас сваіх змушаных блуканняў і побыту ў Сібіры мастак вёў дзённік, у якім апрача жывых непасрэдных уражанняў і накідаў да станковых твораў адзначаліся і яго працы манументальнага чыну. Такія, як роспіс евангелічнага касцёла ў Табольску ды манументальны сценапіс у касцёле Бернардзінцаў у Томску. Гэты дзённік, які пільнаваў майстар аж да вяртання ў Мінск, часткова захоўваецца ў Каўнасе ў музеі Чурлёніса, ёсць дзеннікі і «шкіцоўнікі» Дамеля ў Варшаве, у Нацыянальным музеі.
Вяртанне
Да Краю, як стануць казаць у ХХ стагоддзі, Дамель вярнуўся ў 1822 годзе. Але не ў Вільню, якая страціла спадзяванні і далягляды, заняпала. І не ў Пецярбург, які даўно вабіў, дзе ён, здавалася, займеў «высокую пратэкцыю». Але ў Мінск, які да сярэдзіны 20-х гадоў налічваў ужо каля трыццаці тысяч жыхароў.
На той час у горадзе акрамя парафіяльнай прыходскай школы існавала пяцікласная дваранская вучэльня, сямікласная і мінска-магілёўская рыма-каталіцкая семінарыі ды жаночы пансіён. Не было, праўда, універсітэта, але не было яго ўжо і ў Вільні. Наяўнасць навучальных установаў у горадзе была для мастака істотнай: па заканчэнні Віленскага ўніверсітэта ён меў права выкладання. І, падобна віленскім мастакам Гаспару Бароўскаму, Яну і Палікарпу Етэйкам, Мацею Пшыбыльскаму, Міхалу Падалінскаму, Івану Герасімовічу, Эмерыку Адамовічу, Дамель скарыстаў гэтую мажлівасць.
Падчас рэстаўрацыі будынка ХVIII стагоддзя ў Мінску на плошчы Свабоды, 15 (галерэя Савіцкага) рэстаўратары разам з Уладзімірам Ракіцкім адкрылі на ягоных сценах фрэскі, якія, пэўна, рабіў Ян Дамель. Во што магло б стаць сапраўдным брэндам. І не толькі плошчы!
У паслясібірскія часіны жыцця, па словах Адама Шэмеша, мастака часта можна было бачыць то на беразе Свіслачы, то на Залатой Горцы, ці проста на вуліцах горада, дзе ён таропка штось накідваў у сваім «шкіцоўніку». Некаторыя даследчыкі згадваюць такія яго краявіды, як «Вадзяны млын», «Вадаспад», «Вёска ў дождж», але бачыць іх не даводзілася нават у рэпрадукцыях, таму і сказаць няма што… Яшчэ, сведчыць Шэмеш, а пазней далучае свой голас і Уладзіслаў Сыракомля, Дамелю падабалася маляваць пры штучным асвятленні, якое ён наўмысна выстаўляў у кафедральным касцёле, калі пісаў «Вырачэнне Святога Пятра», каб нават самыя драбніцы ў творы выявіць з вялікай натурнай дакладнасцю.
У іншасвет, у крыпту касцёла Узвышэння Святога Крыжа, што на Кальварыйскіх могілках, пад уласнаручны абраз — «Маленне Збаўцы» — ён трапіў у 1840 годзе скрозь Браму — ім жа спраектаваную.