Крамы Ігара Варашкевіча

Ігару Варашкевічу — 57! «Новы Час» віншуе Ігара з Днём народзінаў!

Гэты артыкул быў падрыхтаваны да 55-годдзя музыкі, але цікавы і дагэтуль. Напрыклад, вы ведалі, што да назвы самага вядомага рок-гурту меў дачыненне знаны беларусіст Адам Мальдзіс? Калі было вырашана канчаткова перайсці на беларускую мову, да яго музыкі звярнуліся з просьбай тлумачэння розных словаў, сярод якіх была і «Крама». Лідару гурту Ігару Варашкевічу перш за ўсё спадабалася тое, што ў іх назвы будзе так шмат значэнняў…

Першая крама


Для мяне яна адчынілася 15 жніўня 1960 года ў Баранавічах у мясцовым раддоме. Але першыя дзіцячыя ўспаміны звязаныя, зразумела не з раддомам, бо я там, натуральна, нічога памятаць не мог. Успамінаецца дзіцячы садок, дакладней, тое, як мяне адтуль заўчасна забірала бабуля. Мне гэта вельмі было даспадобы, бо я ніколі не любіў вялікую колькасць людзей, то бок натоўп.

jasl_znajdz_meladista1_logo.jpg

Яслі. Знайдзі меладыста

Сцэна — гэта іншая справа. Гэта не той натоўп. Не падабаецца той, што бывае ў звычайным жыцці. Я, напрыклад, не люблю хадзіць на Камароўку. Мне там адразу становіцца дрэнна. Хаджу, як зомбі. Шопінг і гандаль — не для мяне. На любым рынку хуценька нешта купляю, і яшчэ хутчэй адтуль збягаю.

Я не вельмі люблю канцэрты на стадыёнах, больш даспадобы залы на 200–300–500 чалавек. Калі людзей шмат, працуеш неяк па-іншаму, адчуваеш іншыя эмоцыі. Ніколі не імкнуўся да масавага ідалапаклонства. І вельмі спакойна стаўлюся да таго, што нехта называе мяне «легендай беларускага року».

Мой бацька, Уладзімір Фаміч, нарадзіўся ў 1935 годзе ў Мядзелі, аднак, неўзабаве, сям'я пераехала ў Паставы, таму адным са складнікаў успрыняцця тых часоў я лічу менавіта Паставы.

dz_cjachi_sadok_chacvjorti_zleva1_apr_logo.jpg

Дзіцячы садок. Чацвёрты злева

На жаль, у 1996 годзе майго бацькі не стала. Памёр адразу пасля выхаду на пенсію, таму я прыдумаў такі жартаўлівы алгарытм: для гэтай улады выгадна, каб чалавек памёр у год выбараў, перад смерцю паспеў «правільна прагаласаваць», а потым адразу пайшоў з жыцця, каб яму не трэба было плаціць пенсію...

А маці, Тамара Іллінічна, родам з Гомеля. Яе бацька ваяваў, і пасля вайны яго накіравалі ў Баранавічы начальнікам мясцовага вузла сувязі. Там і працаваў усё сваё жыццё.
Таму ў маім дзяцінстве існавалі два палярныя полюсы выхавання. Цалкам саветызаваныя Баранавічы, дзе заўсёды было шмат вайсковых частак, і Паставы з іх польска-беларускімі духам.

Аднак зразумеў гэты падзел я крыху пазней, а тады быў звычайным савецкім хлопчыкам, у якога ўсе нармальна — адзін у бацькоў, дзядулі і бабулі, прадзядулі і прабабулі, яслі, дзіцячы садок і г.д.

Мае бацькі пазнаёміліся і пабраліся шлюбам у Баранавічах. Маці там жыла пастаянна, а бацька ў наш горад прыехаў па размеркаванні пасля заканчэння геалагічнага тэхнікума. Ён быў бурыльшчыкам. Толькі шукаў не нафту, а звычайную ваду для піцця. І быў не звычайным рабочым, а галоўным інжынерам, намеснікам дырэктара.

Ён даволі часта ездзіў у камандзіроўкі, і, калі дазваляла вучоба (канікулы альбо выходныя) браў мяне з сабой. Я вельмі любіў тыя падарожжы.

А маці працавала на мясцовай радыёстанцыі.

Першыя дзіцячыя ўспаміны — паездка ў Крым, калі мне было толькі пяць гадоў. А яшчэ першы малюнак — у дзіцячым садку акварэллю я намаляваў Крэмль. Малюнак быў вялікі, з салютам…

Пастаўская ж частка дзяцінства перш за ўсё асацыюецца з пернікамі, якія мне пякла бабуля. Яна так іх называла, але гэта не быў пернік у тым выглядзе, як мы яго ведаем. Хутчэй, гутарка ішла пра сапраўдны пірог. Яшчэ ў Паставах я даволі часта еў фінскія цукеркі «Файзер» або «Гелас». Бабуля добра шыла, і цукеркі ёй прыносілі ў якасці прэзенту. Вельмі смачна. Цяпер, напэўна, такіх няма.

pastavi_logo.jpg

Паставы

У 1967 годзе я пайшоў у школу нумар сем. Першапачаткова павінен быў ісці зусім у іншую школу, але тая лічылася (умоўна) дрэннай.

У нашай сёмай школе быў англійскі ўхіл, таму зараз я вельмі шкадую, што тады не скарыстаўся магчымасцю і не вывучыў англійскую мову як след. Канешне, я магу спяваць па-англійску, але не больш...

Крама захапленняў

 

Прыблізна да пятага класа я вучыўся больш-менш, а потым вучоба стала цалкам не цікавай. На ўроках я збольшага толькі маляваў, а з сёмага класа яшчэ і захапіўся рок-музыкай. Больш за ўсё падабаліся "Led Zeppelin", "Deep Purple", "Nazareth", "Slade", "Pink Floyd", "Doors", Джымі Хендрыкс, Джэніс Джоплін. Словам, увесь джэнтльменскі набор тых часоў.

У дадатак да рок-музыкі я слухаў шмат блюзу. Пераважна па радыё, для чаго лавіў польскія і чэшскія радыёстанцыі, дзе было шмат аўтэнтычнага «чорнага» блюзу.

Мікст гэтых двух жанраў і склаў тое, што мы граем усё жыццё, што я называю народным беларускім блюзам, а агульнапрынятая назва — рок-блюз.

Паралельна моцна захапляўся прыгодніцкай літаратурай і літаратурай пра свет жывёл. Зараз, напэўна, гэтыя прозвішчы нікому нічога не скажуць, а тады былі амаль культавымі — Джой Адамсан, Бернард Гржымек, Джэральд Дарэл з яго фільмам пра львіцу «Народжаная свабоднай». Сёння гэта ўсё можна ўбачыць на «Animal planet», а тады не было нічога падобнага. Толькі кніжкі. Нават хацеў быць заолагам, але, калі справа дайшла да біялогіі, стала відавочна, што ніколі ім не стану.

З прыгодніцкай літаратуры я прачытаў усяго Джэка Лондана, Конан-Дойля, Герберта Уэлса (фантастыку таксама любіў). Гэта мяне больш вабіла, чым школьная праграма.

p_janer__logo.jpg

Піянер

Матэматыка, фізіка для мяне — кранты. Тое ж самае наконт хіміі і біялогіі — не навуковец я.

У старэйшых класах, калі трэба было думаць, што рабіць пасля школы, я быў у роспачы, бо разумеў, што без гэтых навук нікуды не паступлю. Не ведаў, што рабіць. Менавіта па гэтай прычыне нават усур’ёз разглядаў варыянт стаць бібліятэкарам… Але больш за ўсё мяне вабіла маляванне. Паўтаруся, гэта захапленне з дзяцінства. Бацькі заўважылі маю схільнасць і пачалі купляць каляровыя алоўкі, якімі я любіў маляваць больш за ўсё. Класічны жывапіс — не зусім маё. Больш даспадобы графіка.

А калі стаў дарослым і змяніў жыццёвыя арыенціры, дык ад таго захаплення не адмовіўся цалкам. Напрыклад, у 2008 годзе ў мінскай галерэі «Падземка» прайшла выстава маіх мастацкіх прац, арганізаваная разам з Нікай Сандрас.

Паралельна з гэтым захапленнем узмацнялася цікавасць да рыбалкі ў прыватнасці, і беларускай прыроды ўвогуле. Памятую, з бацькамі падчас іх адпачынку мы заўсёды ездзілі ў Швакшты. Людзей там практычна не было. Некалькі тыдняў я праводзіў як нейкі абарыген.

З гадамі больш хочацца цішыні. Нават калі няма клёву — гэта не істотна. Прыгажосць у іншым: ва ўсходзячым сонцы альбо зорках, якія ты назіраеш, калі сядзіш ноччу ля вогнішча. На жаль, нашы дзеці ўсяго гэтага могуць ужо не ўбачыць…

Не так даўно пабываў там зноўку. Мясціны свайго дзяцінства ледзь пазнаў. Усё змянілася надзвычай кардынальна. Цяпер бераг возера арандуе нейкі «маркіз Карабас». Заплацілі трыццаць тысяч за тое, што ён там паставіў нікому не патрэбныя лаўкі і альтанкі. Ні прыбіральняў, ні электрычнасці, ні нармальных стаянак для машын. На Захадзе сутнасць арэнды зусім іншая. А ў нас галоўнае — «зрубіць бабло»…

Крама сталення

Перад войскам у мяне пачаў змяняцца густ. Пачынаўся хэві-метал, і зацікаўленасць цяжкай музыкай пачала змяншацца. Выключэнне — "AC/DC". На мой погляд, гэта блюз. Толькі выкананы ў стылі цяжкога року.

Акрамя іх я слухаў толькі панк-рок. Дарэчы, свае першыя песні я напісаў, пачуўшы "Sex Pistols". Было гэта напрыканцы 1970-х гадоў.

Школу скончыў у 1977 годзе, аднак два гады мне рабілі адтэрміноўку, таму прызвалі толькі восенню 1979-га. Пасля школьнага выпуску я амаль год працаваў на авіязаводзе, займаўся дэмантажом. Разборка самалётаў — першая стадыя іх рамонту. Напэўна, гэта была самая цяжкая праца ў маім жыцці.

Працаўладкаваўся я перад самай зімой, і вельмі хутка адчуў, што такое ў халадэчы не ацяпляльны цэх. Тэмпература ў нашым памяшканні была такой жа, як на вуліцы.

У маёй працоўнай кніжцы гэта адзіны запіс, які не звязаны з мастацтвам. Пасля авіязаводу была праца на рамонтным прадпрыемстве, ужо ў якасці мастака.

Малады тады быў, любіў паспаць, таму ўвесь час спазняўся. Вокны кабінета нашага начальніка выходзілі на прахадную, таму ён усё гэта бачыў і потым мне выгаворваў. Але галоўнае не гэта, а тое, што я паспеў адтуль зволіцца за тыдзень да таго, як згарэў клуб, дзе я працаваў. Калі б гэта адбылося пры мне, яго б 100% павесілі на мяне… Як кажуць, паспеў саскочыць.

Было гэта перад самым прызывам. Ледзь не трапіў у Афганістан, але ўрэшце прызвалі ў Сосны, у вучэбку.

Маляваў я і ў войску. Вядома, што пасля вучэбкі звычайна трапляюць у «лінейку», то бок у звычайныя вайсковыя часткі. Напэўна, так адбылося б і са мной, каб не адзін выпадак.

У нас былі чарговыя заняткі. Увесь час я рабіў наш ленінскі пакой, таму пра прадмет размовы меў даволі абстрактнае ўяўленне. Мне надакучыла слухаць «настаўніка колеру хакі», і я пачаў маляваць. Было тры фламасцеры — сіні, зялёны і чырвоны. Намаляваў імі настаўніка, якім тады быў нейкі падпалкоўнік. Здаецца, з прозвішчам Гардзейчык. Гэта было нешта падобнае на шарж.

А потым аўтаматычна вакол яго пачаў маляваць голых жанчын. Ён нешта бачыў і папрасіў мой канспект. Я скінуў на пол малюнак. Ён папрасіў нашага сяржанта падняць аркуш. Паглядзеў, пачырванеў, але нічога адразу не сказаў. Пасля заняткаў я падышоў і папрасіў прабачэння. Сябе ён пазнаў, а наконт голых жанчын спытаў: «Чаму?» Я адказаў, што яшчэ малады…

Канешне, потым быў даволі гучны скандал, але з вучэбкі мяне не пагналі. Па загаду камандзіра часткі пакінулі ў гаспадарчым узводзе. Каб да канца службы (у тым ліку і пад камандай падпалкоўніка Гардзейчыка) я нешта для іх маляваў.

Дарэчы, дэмбельскі альбом у мяне захаваўся па сёння. Там незвычайныя «калькі». Не як ва ўсіх, зробленыя пад капірку, а кожная намалявана эксклюзіўна. Там усё наша жыццё, шаржы на ўсіх афіцэраў і прапаршчыкаў вучэбкі.

dzembel_sk_novi_gol_logo.jpg

Дэмбельскі Новы год

Некаторыя начальнікі пра гэта чулі, і каб мяне злавілі, што называецца, з палічным, каштавала б усё вельмі дорага, але, дзякуй Богу, пранесла. Словам, гуляў з агнём.

Дэмбельнуўся я восенню 1981 года, і фільмаў, якія былі выйшлі на экраны падчас маёй вайсковай службы, канешне ж, не бачыў, таму амаль адразу назваю годам іх выпуску 1980-ты. Людзі настальгуюць па тых часах, мяне ж тады цікавілі зусім іншыя рэчы. Польская музыка, напрыклад.

Да службы гэта быў Тадэвуш Налепа і гурт "Breakout", а пасля таго, як у Польшчы ўвялі ваеннае становішча, паявіліся «Брыгада крызіс», «Отдзел замкненты», «Лэдзі панк», «Банда і Ванда» і г.д. Пасля вайсковай службы я стаў зусім іншым чалавекам. У сэнсе музычных прыярытэтаў.

Да лета наступнага года паступаць было немагчыма, таму я ўладкаваўся мастаком у электрасеткi.

У 1982 годзе я паступіў на мастацка-прамысловы факультэт Тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці «інтэр’ер і абсталяванне». У 1987 годзе яго скончыў і па размеркаванні паехаў у рэстаўрацыйныя майстэрні ў Гародню, але там адразу ўзяў адмацаванне, таму што мне пастаянна трэба было ездзіць у Мінск, дзе яшчэ існавала «Бонда».

mastak_logo.jpg

Мастак

З Баранавічаў значна бліжэй і прасцей, таму ў родным горадзе я ўладкаваўся мастаком у раённы аддзел культуры. Праз некалькі гадоў перайшоў на працу ў нейкае прыватнае ТАА. Прапрацаваў (збольшага фармальна) там да 1997 года. Больш ніякіх запісаў у маёй працоўнай кніжцы няма.

Крамы творчасці

 Яшчэ ў школе, дакладней, пасля восьмага класа, бацькі падаравалі мне класічную гітару. Калі сказаць вельмі мякка, то граць на ёй (хадзіць на заняткі) не падабалася. Неўзабаве мне выпадкова перабілі палец, і я перастаў граць увогуле. Праз некаторы час траўма зажыла, і я зноў узяў у рукі гітару. Зняў дзве струны і сам пачаў падбіраць нешта рок-н-рольнае. У гэты ж час засвоіў ігру на гармоніку.

Перад самай арміяй пачаў складаць песні, не ведаю чаму, бо па спевах у школе ў мяне заўсёды былі двойкі. Напэўна, прага да творчасці ў нас ёсць на нейкім падсвядомым узроўні. Першыя песні былі на вершы Бернса і байкі Кандрата Крапівы.

Хутчэй за ўсё, з гэтага і пачалася мая любоў да беларускай мовы. Я зразумеў, што можна спяваць па-беларуску пад музыку, якая мне і падабаецца.

Потым дадаліся тэксты на беларускай мове, якія ў «Бондзе» пісаў Сяргей Кныш, і ўплыў палякаў, якія спявалі па-польску. Я прынцыпова перайшоў на беларускую мову.

pershija_melodi__logo.jpg

Першыя мелодыі

Дарэчы, менавіта моўнае пытанне і вырашыла мой творчы лёс. Першым групай, дзе я граў, была «Студыё — 7».

Я трапіў туды амаль выпадкова. Памятаю, як Слава Сцяпанаў, на той момант студэнт кансерваторыі, ішоў па калідоры нашага інтэрната, у той час як я ў сябе ў пакоі нешта дрынкаў на гітары і граў на губным гармоніку. Пачуўшы маю «музыку», Слава запрасіў у склеп нашага інтэрната, дзе ў хлопцаў была студыя. Сыграў на губным гармоніку нешта з рэпертуару «Led Zeppelin», і мяне прынялі ў калектыў, які складаўся з некалькіх скульптараў і аднаго кантрабасіста.

Потым з яго ўзніклі адразу дзве каманды — «Бонда» і «Метро». Я, Сяргей Кныш і Іван Маркаў вырашылі стварыць беларускамоўную групу.

Мы нават з Мальдзісам кансультаваліся наконт назвы. Прынеслі яму цэлы спіс словаў, які напісаў, здаецца, Анатоль Сыс. І Адам Восіпавіч падрабязна тлумачыў сэнс кожнага.

«Метро» ж пайшло іншым шляхам. Яны сталі граць і спяваць рускамоўны поп.

«Бонда» мае шмат сэнсаў, сярод якіх — "лепта", "кавалак", "частка нечага цэльнага, адзінага". Шмат адценняў і ў слова «Крама», якое таксама было ў тым спісе і якое я потым і прапанаваў…

Першы альбом «Бонды» (дзе ёсць «Слуцкая брама» і «Стэфка») мы зрабілі ў 1986 годзе. А да гэтага ў падвале Тэатральна-мастацкага інстытута былі запісаныя першыя песні. Адбылося гэта на зломе 1984 і 1985 гадоў. Збольшага, у 1985 годзе. Умоўна сёлета 30 гадоў маёй беларускамоўнай творчай дзейнасці.

«Бонда» праіснавала да 1989 года.

У гэты час, нагадаю, я з’ехаў у Баранавічы, і на два гады адышоў у бок ад публічнай музычнай творчасці.

У 1991 годзе ў першы дзень путчу і стварэння ГКЧП да мяне прыехалі хлопцы з «Рокіс». Я нешта спрабаваў гаварыць ім пра небяспечную палітычную сітуацыю, аднак ніхто да гэтага не паставіўся сур’ёзна. Хуценька арганізавалі нейкія пасядзелкі, і яны запрасілі мяне стаць вакалістам. Маўляў, у іх ужо ёсць беларускамоўная праграма. Я пагадзіўся.

Напэўна, гэты акцэнт трэба зрабіць менавіта тут, бо падчас той сустрэчы я пазнаёміўся з чалавекам, з якім сябрую ўжо амаль чвэрць стагоддзя. Гутарка пра Зміцера Лукашука. Цудоўны, сціплы чалавек і паэт, які напісаў большасць тэкстаў «Крамы». Яго добра ведаюць па журналісцкай рабоце на «Еўрарадыё для Беларусі».

На мой погляд, ён адзін з лепшых у гэтай справе. Напэўна, у нас са Зміцерам ёсць нейкая творчая сувязь на энергетычным узроўні. Звычайна, я пішу музыку, а ён потым аздабляе яе вельмі добрымі тэкстамі. Думаю, адно з тлумачэнняў поспеху «Крамы» якраз у гэтым і ёсць. Ён мне як брат.

Аднак вернемся ў жнівень 1991 года. Праз пару дзён пасля сустрэчы ў Баранавічах я прыехаў у Мінск на рэпетыцыю «Рокіс», паслухаў іх песні. Не скажу, што яны мне моцна спадабаліся і надта пасавалі да майго голасу. Перарабілі. Запісалі дыск з галоўнай песняй «Пагоня» на вершы Максіма Багдановіча. Паводле песні «Народжаны тут» на вуліцы Кастрычніцкай вуліцы знялі кліп.

І зноў я ўбачыў, што тут нешта не тое. На той час у мяне былі напісаны песні, якія я даў Лукашуку, каб той зрабіў тэксты. Сам я, на жаль, не паэт, таму звычайна пішу толькі «рыбу». То бок выкладаю сэнс таго, пра што мая музыка.

Калі гэта было зроблена як след, яны самі ўбачылі, што мае песні значна лепшыя за тыя, што былі раней. Раней яны нагадвалі нейкі канструктар, не было цэльнасці, агульнай ідэі. І нават свайго стылю.

Неўзабаве пачалі граць толькі тое, што я пісаў. Выказаў патрэбы змяніць канцэпцыю і назву. У адказ прагучала, што ўжо ўсе ведаюць «Рокіс», з чым я кардынальна не пагадзіўся і сказаў: «Не хвалюйцеся, праз месяц-два ўсе будуць ведаць новую назву не менш першапачатковай». Так яно і адбылося. Напрыканцы 1991 года з’явілася «Крама». І ў наступным годзе на «Басовішча» мы паехалі ўжо з новай назвай.

На момант гэтай размовы, калі не памыляюся, у нас ужо дзесяць альбомаў (у тым ліку і адзін канцэртны).

Зразумела, што за часы існавання гурту было шмат чаго цікавага. З’яўленне «Крамы» супала з распадам Савецкага Саюза, з вяртаннем гістарычнай сімволікі і юрыдычнай незалежнасцю Беларусі. Тады (як і падчас перабудовы) было шмат ідэй і творчай энергіі. Нягледзячы на тое, што абодва перыяды былі дастаткова цяжкімі (так адбываецца заўсёды), аднак не гэта самае галоўнае. Не заўсёды, але менавіта ў цяжкія часы і з'яўляецца САПРАЎДНАЕ МАСТАЦТВА.

Напэўна, яно ёсць і зараз, але раней было больш шчырага імпэту, жадання зрабіць адразу ўсё. І трэба сказаць, многае атрымлівалася. Аб чым сведчыць і першая рок-карона ў 1994 годзе, і перамога на конкурсе ў Маскве. Усё гэта давала штуршок для наступных працаў, новых пошукаў.

Крама выпрабаванняў

 

Уздым працягваўся да 1996 года, калі забаранілі кліп «Гомельскі вальс» і не аддалі нам запіс канцэрта, які адбыўся на пяцігоддзе «Крамы» ў Палацы прафсаюзаў. Нават не ведаю, ці захаваўся ён увогуле.

Потым паціху пачалася інфармацыйная блакада, якая вылілася ў першую забарону. Прынцып добра вядомы: калі гурту няма на сцэне і ў эфіры некалькі гадоў, пра яго пачынаюць пакрыху забываць.

Потым нас «разбаранілі» і зноў забаранілі… Нечым гэта нагадвае вялацякучую форму адной непрыстойнай хваробы.

Першая забарона звязана з тым, што скончыліся першыя (выбачайце за таўталогію) 10 гадоў прэзідэнцтва Лукашэнкі. Як вядома, у парку «Дружбы народаў», які знаходзіцца ля сумнавядомай плошчы Бангалор, з гэтай нагоды адбыўся пратэстны канцэрт. Нас туды не запрасілі, але на гіпатэтычнае пытанне наконт таго, што было б у выпадку наяўнасці запрашэння, я адказваў станоўча. І «Крама» патрапіла пад раздачу.

Як кажуць дыпламаты, да 2007 года мы былі персонамі нон-грата. Увесь гэты час ездзілі на канцэрты ў Польшчу, калі там у нейкім горадзе праходзілі апазіцыйныя мерапрыемствы. Плюс «Басовішча». Гэта крыху падтрымлівала, бо ў Беларусі ніякай працы для нас не было.

Калі забарону знялі, мы адразу запісалі альбом «Усё жыццё дзіўны сон».

Другая забарона адбылася пасля падзей 2010 года. Канешне, больш за ўсіх дасталося Зміцеру Вайцюшкевічу, але аўтаматычна хапіла і ўсім, каго ўлады не лічаць сваімі.

Не святкавалі ні маё 50-годдзе, ні 20 гадоў існавання «Крамы». Памятаю, тады да нас з Расіі прыязджаў Мікалай Аруцюнаў, якога называюць бацькам расійскага блюзу, і на невялічкіх канцэртах нас віншаваў. Гэта была вельмі патрэбная падтрымка. Разам мы выканалі з дзясятак песняў і запісалі альбом «Live in Minsk». Назва агульнага гурта «Blues Barbarians».

Зараз зноў лібералізацыя — і праз сем гадоў пасля папярэдняга мы прэзентавалі альбом «Белая вада». Вядомы музычны журналіст, крытык і стваральнік «Тузіна гітоў» Сяргей Будкін назваў яго вандроўкай па нашай творчасці. Магчыма, так яно і ёсць.

v1_logo.jpg

Цяпер нас у чарговы раз «разбаранілі», але вялікага жадання займацца палітыкай (у беларускім разуменні) у мяне больш няма. Кожны павінен займацца сваёй справай. Я — музыкант, а палітыкай хай больш клапоцяцца тыя, хто ёй займаецца прафесійна. Такое ўражанне, што яны банальна нас выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. І не больш.

Гэта не азначае, што я не цікаўлюся тым, што адбываецца вакол. Наадварот. Прынцыпова веру ў тое, што змены ў нашым жыцці абавязкова адбудуцца. Іншая справа, якімі яны будуць. Мне б хацелася, каб яны былі бел-чырвона-белага колеру.