«Лом» — дыверсійная аперацыя польскай выведкі
Сёлета спаўняецца 75 гадоў з пачатку сакрэтнай дыверсійнай аперацыі польскай выведкі супраць Чэхаславакіі ў Закарпацкай Русі. У 1920 годзе спрэчка за Цешынскую Сілезію ледзь не перарасла ва ўзброены канфлікт.

Польская армія ўваходзіць ў Цешынскую вобласць, 1938 год
Паводле рашэння канферэнцыі ў бельгійскім горадзе Спа, 28 ліпеня 1920 года гэтая тэрыторыя была падзелена. Чэхаславакія атрымала больш 50-ці працэнтаў Цешынскай вобласці, на якой пераважала польскае насельніцтва. Аднак гэта была не адзіная тэрыторыя, якая цікавіла Варшаву. Закарпацкая Русь таксама прыцягвала ўвагу генеральнага штаба Войска Польскага.

Генерал Казімеж Бартноўскі са сваім штабам ў Цешыне, 1938 год
Барацьба за русінаў
Падчас Першай сусветнай вайны ў Закарпацкай Русі былі распаўсюджаныя панславісцкія ідэі. У 1917 годзе на кангрэсе русафільскіх арганізацый, які праходзіў у Нью-Ёрку, нават гучалі заклікі наконт аб’яднання Галіцыі, Букавіны і Закарпацкай Русі і далучэння гэтых тэрыторый да Расіі. У сваю чаргу, пра свае прэтэнзіі на гэтыя землі заяўлялі і ўкраінцы. У лістападзе 1918 года ў Спішу была створана «Руская народная рада», якая стала першым урадам Закарпацкай Русі. (Пазней Рада пераехала ў Прэшаў). У пачатку 1919 года гэты орган абвясціў аб’яднанне Русі з Чэхаславакіяй. Рэспубліканскі ўрад Венгрыі спрабаваў далучыць гэтыя тэрыторыі да сваёй дзяржавы, але ў 1919 годзе чэхаславацкія войскі занялі амаль усю Русь. У мясцовасці Ясіна была спроба ўзняць украінскае паўстанне, якое хутка было падаўлена.
На Парыжскай мірнай канферэнцыі ні венграм, ні ўкраінцам, ні тым больш рускім эмігрантам не ўдалося перашкодзіць чэхаславакам абгрунтаваць іх правы на закарпацкія тэрыторыі. Рада міністраў замежных спраў краін Антанты падтрымала прапановы Прагі аб аўтаноміі Русі ў складзе Чэхаславакіі. Паводле Трыянонскага мірнага дагавора, заключанага 4 чэрвеня 1920 года, Будапешт адмовіўся ад правоў на Славакію і Закарпацкую Русь.
Менавіта ў гэты час Венгрыя пачынае супрацоўнічаць з Польшчай на міжнароднай арэне. Найважнейшым момантам, які звязаў гэтыя краіны, былі менавіта тэрытарыяльныя спрэчкі з Чэхаславакіяй. Для Другой Рэчы Паспалітай праблема Закарпацкай Русі была звязана яшчэ і з «украінскай праблемай» у самой Польшчы, а таксама савецкімі ўплывамі ў гэтым рэгіёне. Палякі небеспадстаўна лічылі, што ў будучым праз Закарпацкую Русь можа быць усталяваны савецка-чэхаславацкі «вайсковы калідор», накіраваны супраць Польшчы. Таму ў Варшаве падтрымлівалі права Венгрыі на гэтыя тэрыторыі. Дзякуючы гэтаму, падчас польска-бальшавіцкай вайны венгры даслалі палякам некалькі транспартаў са зброяй.

Карта. Закарпацкай Русі напрыканцы 1930-х гадоў
У міжваенны час чэхаславакі не пайшлі на стварэнне шырокай аўтаноміі ў Закарпацкай Русі. У 1923 годзе яе губернатарам стаў русафіл Антоній Бескід. Аднак яго намеснікам быў чэх Антанін Разсыпал, які валодаў фактычнай уладай. У 1927 годзе тэрыторыя правінцыі была падзелена на 12 паветаў, на чале якіх стаялі чыноўнікі, дасланыя з Прагі. Чэшская мова паступова выцясняла русінскую са школ і дзяржаўных устаноў. Усё гэта спрыяла развіццю апазіцыйных настрояў у грамадстве гэтага небагатага аграрнага рэгіёну.
Польшча назірае за русінамі
У Варшаве Чэхаславакію называлі «штучнай дзяржавай». Але і Прага не разглядала Варшаву як сур’ёзнага суперніка, называючы Польшчу «Балканамі Поўначы». Усё гэта не спрыяла заключэнню вайсковага саюза гэтых дзяржаў супраць набіраючай моц Германіі. Пасля нармалізацыі польска-нямецкіх адносін Варшава пачала ціснуць на Прагу, нагадваючы пра «цяжкае» становішча палякаў у Цешынскай Сілезіі.
У 1934–1935 гадах на гэтай тэрыторыі склалася вельмі напружаная сітуацыя, і чэхаславацкія ўлады вымушаны былі прымяняць рэпрэсіі супраць мясцовых палякаў. Да таго ж Варшава абвінавачвала Прагу ў прасавецкіх настроях. З трывогай палякі назіралі і за ростам праўкраінскіх настрояў у Закарпацкай Русі.

Польскі генерал ў размове з чэхаславацкім генералам, Цешын, 1938 год
У 1934 годзе ў Варшаву з афіцыйным візітам прыехаў прэм’ер-міністр Венгрыі Д’юла Гёмбёш, які абмеркаваў з Юзафам Пілсудскім справу… агульнай польска-венгерскай мяжы. Падчас гэтага візіту палітыкі гаварылі і аб падтрымцы антычэхаславацкага руху ў Закарпацкай Русі. У лютым 1938 года на сумесным паляванні ў Белавежскай пушчы, якое арганізавалі ў гонар венгерскага рэгента Міклаша Хорці, польскія і венгерскія палітыкі гаварылі акрамя ўсяго і пра будучы лёс Чэхаславакіі.

Карта Цешынскай Сілезіі з польскага вайсковага часопіса , 1938 год
Аперацыя «Лом» і вырашэнне «рускага» пытання
22 верасня 1938 года падрыхтаваныя польскімі спецслужбамі агенты пачалі дыверсійную дзейнасць у Цешынскай Сілезіі. Гэта павінна было справакаваць узброенае паўстанне польскага насельніцтва, якое пражывала там. 30 верасня Варшава накіравала ў Прагу ўльтыматум з патрабаваннем вярнуць Польшчы Заользе. Ужо на наступны дзень чэхаславакі пагадзіліся на гэта.

Венгерскі рэгент адмірал Міклаш Хорці (у цэнтры) і прэзідэнт Польшчы Хенрык Масціцкі ў Белавежскай пушчы
Наступнай была праблема Закарпацкай Русі. Венгрыя прапанавала Польшчы сумесную ўзброеную акупацыю гэтых тэрыторый, аднак Варшава адмовілася. Разам з тым, ужо 7 кастрычніка 1938 года начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага брыгадны генерал Вацлаў Стахевіч падпісаў загад аб падрыхтоўцы польскіх дыверсійных атрадаў для дзейнасці на тэрыторыі Закарпацкай Русі. Адначасова на мяжу з Румыніяй былі перакінуты 4 батальёны Корпуса аховы памежжа. 19 кастрычніка быў выданы загад аб прыгатаванні да аперацыі «Лом». За яе арганізацыю адказваў маёр генеральнага штаба Фелікс Анкерштайн.
У задачу польскіх дыверсантаў уваходзіла знішчэнне дарожнай і чыгуначнай інфраструктуры, ліній сувязі, пунктаў чэшскай жандармерыі і памежнай аховы. Напачатку гэтыя акцыі праводзілі непасрэдна ля мяжы. Дакументы польскай выведкі, якія захаваліся ў польскіх і расійскіх архівах, даюць дакладныя звесткі пра тую «невядомую дыверсійную вайну».

Польскі сакрэтны дакумент, які тычыцца заняцця Цешынскай Сілезіі, 1938 год
22–23 кастрычніка палякі знішчылі лініі сувязі на дарозе Перэцін—Свалява, а таксама ўзарвалі масты на шашы Ніжне Верэцке і рацэ Латорча. Праз дзень 22 чалавекі перайшлі мяжу і накіраваліся да чыгуначнай лініі ля Свалявы з мэтай яе знішчэння. 25 кастрычніка палякі заклалі выбухоўку на шашы Крэцкі—Довге. 29 кастрычніка польскія «партызаны» атакавалі будынак лясной аховы ў Сінірскай Паляне. Праз дзень гэты ж аддзел атакаваў патруль чэшскай паліцыі. 31 кастрычніка польскі дыверсійны атрад знішчыў мост на шашы Керэцкі—Довге, пры гэтым забіў 4 чэшскіх жандараў і 3 сябраў АУН.

Справаздача аб дзейнасці ў Цешыне аператыўнай групы польскай арміі, 1938 год
З 5 лістапада тэрыторыя дзейнасці польскіх «партызан» распаўсюдзілася ўглыб тэрыторыі Закарпацкай Русі. Было створана 7 добра ўзброеных ротаў (каля 80 чалавек). Гэтыя атрады павінны былі аб’яднацца з венгерскімі дыверсантамі.
10 лістапада палякі паспрабавалі знішчыць казармы чэшскіх войскаў у Чэрна Рыка, але пасля кароткага бою вымушаны былі адступіць. У гэты ж дзень дыверсанты захапілі ў палон 19 жандараў і адвялі іх на польскую тэрыторыю. Гэты выпадак выклікаў абурэнне з боку польскага камандавання. «Трэба было разабрацца з імі на тэрыторыі Русі», — такой была рэзалюцыя аднаго з афіцэраў Войска Польскага.

Польскае войска ўваходзіць ў Цешын, 1938 год

Мясцовае насельніцтва вітае польскае войска ў Цешыне, 1938 год
Хутка да вырашэння «рускага» пытання далучыўся і Трэці Рэйх, які праз сваю выведку падтрымаў украінскія арганізацыі, што дзейнічалі на гэтых тэрыторыях. 2 лістапада 1938 года адбыўся Першы венскі арбітраж, паводле якога Венгрыі была перададзена частка Славакіі і Русі. Аднак 20 лістапада 1938 года Германія і Італія заявілі рашучы пратэст супраць сілавога далучэння Закарпацця да венгерскай дзяржавы. У немцаў былі свае планы на гэтыя тэрыторыі, тым больш, што Польшча ўжо адмовілася ад нямецкіх прапаноў аб перадачы Гданьска Рэйху, і Берлін больш не лічыў Варшаву магчымым хаўруснікам. Хутка Другая Рэч Паспалітая вымушана была адмовіцца ад дыверсій у Закарпацкай Русі, і 24 лістапада аперацыя «Лом» была скончана. Аднак некаторыя атрады працягвалі дзейнічаць да канца месяца.

Генерал Казімеж Бартноўскі ў Цешыне, 1938 год
У адпаведнасці са справаздачай польскага Генштаба (ад 10 снежня 1938 года) за перыяд з 20 кастрычніка па 10 лістапада ў Закарпацкай Русі было знішчана: 1 чыгуначны мост, 4 шашэйныя масты, 1 водны шлюз, 8 тэлеграфных ліній. Пры гэтым забіта 7 чэшскіх жандараў і паліцэйскіх і 5 паранена. Страты польскага боку склалі: 4 забітых і 7 параненых. З 10 па 30 лістапада было праведзена 37 дыверсійных актаў, пры гэтым забіта 14 і паранена 10 чэшскіх паліцэйскіх, жандараў і вайскоўцаў. Страты польскіх дыверсантаў склалі 7 забітых і 7 параненых. Увогуле, аперацыю ў польскіх вайсковых колах прызналі няўдалай і кепска прыгатаванай.
Рост праўкраінскіх настрояў у гэтым рэгіёне прымусіў Варшаву ў студзені 1939 года вярнуцца да плану дыверсійнай дзейнасці на тэрыторыі Закарпацкай Русі.
Польскія дыверсанты павінны былі знішчаць камунікацыі, якія звязвалі Русь са Славакіяй і Румыніяй, і ажыццяўляць напады на прадстаўнікоў чэшскай адміністрацыі. Аднак пазней Другі аддзел Генштаба Войска Польскага адкарэктаваў гэты план, скіраваўшы яго супраць прадстаўнікоў украінскіх структур на Русі.

Маршал Эдвард Рыдз-Сміглы ў Цешыне, 1938 год
15 сакавіка 1939 года Трэці Рэйх пачаў акупацыю Чэхіі. Венгрыя пагадзілася аказваць Германіі эканамічную падтрымку, а ў адказ Берлін дазволіў Будапешту акупаваць Закарпацкую Русь. 18 сакавіка венгерскія войскі занялі гэтую тэрыторыю. Неабходнасць у працягу аперацыі «Лом» адпала.

Гітлер у акупаванай Чэхаславакіі, 1938 год
Агульная польска-венгерская мяжа праіснавала ўсяго 6 месяцаў. У верасні 1939 года менавіта праз гэты калідор, як і праз суседнюю Румынію, будзе эвакуявацца разбітае Войска Польскае, дзяржаўныя структуры Другой Рэчы Паспалітай і бежанцы. Большасць польскіх сакрэтных дакументаў, што мелі дачыненне да аперацыі «Лом», апынуцца спачатку (у 1939 годзе) у руках нацыстаў, а потым (у 1945 годзе) стануць трафеем савецкіх спецыяльных службаў. Што ж тычыцца лёсу Закарпацкай Русі, то пасля Другой сусветнай вайны яе тэрыторыя была падзелена паміж СССР, Польшчай і Славакіяй.

Пястаўская зямля вітае вызваліцеляў