«Мама, хутчэй бы ўжо тая куля, мне халодна». Да гадавіны ліквідацыі Брэсцкага гета
15 кастрычніка 1942 года пачалася ліквідацыя Брэсцкага гета. Сёння, калі свет ахоплены новымі праявамі антысемітызму, згадваем гэты страшэнны дзень у беларускай гісторыі.
Перад пачаткам Другой сусветнай вайны ў Брэсце жылі па розных даных ад 17 000 да 24 000 габрэяў – амаль палова насельніцтва горада.
Яшчэ да стварэння
гета, у чэрвені 1941 года айнзацгрупа «В» разам з часткамі вермахта вывезлі за
горад і расстралялі ад 4000 да 5000 габрэяў, у тым ліку ўсіх дзяцей з
габрэйскага дзіцячага дома.
Баючыся паўстанняў, нацысты забівалі габрэяў-мужчын проста на вуліцах горада.
У лістападзе 1941 года нацысты пачалі зганяць усіх габрэяў у гета. Афіцыйная дата заснавання Брэсцкага гета – 16 снежня таго ж года.
З успамінаў Берты Левінавай:
«Памятаю, як аднойчы ўвечары ў дзверы пагрукалі. Мама адчыніла, і ўвайшоў немец з аўтаматам. Мы ўсталі да сцяны. Ён падняў мяне за сукенку і паглядзеў у твар. Потым скіраваў на маму аўтамат і сказаў: «юдэ». Мама ў адказ: «руская!» Немец пахадзіў па кватэры і выйшаў.
Раніцай маці пайшла, а калі вярнулася, яна моўчкі нас сабрала і кудысьці павяла. Мы падышлі да брамы з «калючкі». Аказваецца, мы жылі ў гета.
Ахоўнік прачыніў браму і спытаў нешта па-нямецку. Мама працягнула нейкую паперку і адказала: «арбайт». Нас выпусцілі. Мама хутка павяла нас прэч. Яна балюча сціскала маю далоньку. Ішлі не азіраючыся...
Пасля мы жылі на другім паверсе цаглянага дома, недзе недалёка ад тэатра. Вельмі хутка суседзі сталі шэптам расказваць, што ноччу ў гета быў пагром. Забівалі габрэяў. Сусед, дзядзька Саша, прынёс нам ложак з гета, бо мы спалі на падлозе. Мама не хацела браць, а ён сказаў: «Там цяпер пуста, усіх сагналі».
Як зафіксавана ў кнізе «Памяць. Брэст, гета было абгароджана калючым дротам і ахоўвалася патрулямі. Уваход і выхад вязням без спецыяльнага дазволу забараняўся, за самавольны выхад у лепшым выпадку чакала турма, але звычайна – расстрэл. Праход габрэям з адной часткі гета ў іншую дазваляўся толькі да 18:00. У гета былі тры брамы, якія выходзілі на вуліцы Маскоўскую, Савецкую і Гогаля. Ахову брамы несла жандармерыя.
З успамінаў Рамана Левіна:
«…Пасля ўсё супакоілася. Мы збіраліся ў Смірновых на сяброўскія абеды, дзе елі ачысткі бульбы, перакручвалі іх і рабілі катлеты. Кірмаш не працаваў тыдні тры. Потым сяляне пацягнуліся ў горад. З навакольных сёлаў сталі прывозіць прадукты і мяняць іх на рэчы. Але першыя 2-3 тыдні мы галадалі. Бо ў нас не было рэчаў на продаж.
Між іншым, праз месяц пасля пачатку вайны мы пабывалі ў нашай хаце. Хтосьці з прыяцеляў параіў маме: «Сіма, схадзі ў сваю кватэру. Вы голыя і босыя. Там нямецкія афіцэры жывуць. Скажыце, што вы тут жылі, можа аддадуць нейкія рэчы, што ім непатрэбныя. Апранеш дзяцей».
І мы пайшлі туды з мамай. Падняліся ў нашу кватэру, пагрукалі. Адкрыў нам нямецкі афіцэр у швэдры. На нас павеяла з дзіцячай комнаты пахам скуры, цыгарэт. Мама на ламанай паўгабрэйскай, паўнямецкай мове пачала з ім размаўляць. Мы сказалі, што тут жылі. Афіцэр незадаволена паглядзеў, упусціў нас, адчыніў шафу. У шафе нашых рэчаў ужо не было, паспелі падчысціць мясцовыя жыхары, верагодна. Мы паглядзелі на нашы прыгожыя гардзіны і мама папрасіла іх. Ён зрывае іх, аддае маме. А я падумаў, што ў серванце ляжыць мой альбом з маркамі. Вось бы яго адкрыць. Немец пайшоў нешта шукаць у Тамарыным пакоі. Мы стаім.
І раптам урываецца іншы афіцэр. У руках у яго альбом з фотаздымкамі, на якіх сем'і камандзіраў. Дарэчы, не наш альбом, а суседзяў паверхам ніжэйшы. Афіцэр пачаў маме паказваць, тыкаць пальцам: «Камуніст! Камісар!» Мама кажа: «Гэта не мой муж. Гэта не я. Мяне тут нідзе няма».
Ён раскрычаўся, шпурнуў яшчэ нейкую рэч у твар. І мы прыніжаныя, растаптаныя, але з гардзінамі выйшлі на вуліцу. Мама прадала іх і мы нейкі час карміліся».
15 кастрычніка 1942 года пачалася ліквідацыя гета. Аперацыю правялі айнзацгрупы – мабільныя падраздзяленні СС, якім было даручана праводзіць масавыя забойствы ў тыле Усходняга фронту. Уначы з 14 па 15 кастрычніка гета было акружана нямецкімі войскамі і мясцовымі калабарацыяністамі.
Былы афіцэр польскай арміі, адзін з арганізатараў спробы супраціву габрэяў Міхаіл Амелінскі так згадваў тую страшэнную ноч:
«Я ішоў па вуліцах заснуўшага гета і раптам заўважыў, што ў вароты заехаў матацыкл з трыма жандармамі ў касках і пры поўным баявым рыштунку. Яны пад'ехалі да паліцэйскага ўчастку, увайшлі ўнутр, я за імі. Жандармы закрычалі мне: «Што ты тут робіш?». Я адказаў, што мяне абрабавалі і я прыйшоў, каб заявіць пра гэта ў паліцыю. У адказ мяне проста выкінулі і загадалі ісці дадому.
Я пабег, але па дарозе сустрэў знаёмага хлопца – скрыпача Пашку Шыдлецкага. Ён кінуўся да мяне і сказаў: «Міша, машыны з жандармамі вяртаюцца, атачаюць гета. Праз кожныя 10 метраў - машына, і ў ёй шмат жандараў. На кожныя тры машыны – танкетка».
Паколькі я аказаўся адрэзаным ад дома, а вакол стралялі, мне нічога не заставалася, як бегчы і недзе схавацца. Па дарозе трапілася мне хата на высокім цагляным падмурку. Я выбіў у ім некалькі цаглінаў і ўлез у адтуліну. За мной улезлі яшчэ некалькі чалавек. Адтуліну заклалі цэглай.
Праз шчыліны я бачыў, як групамі вялі людзей. Тым часам зусім развіднела. Цэлы дзень людзей вялі кудысьці, яны ішлі і ішлі... Уначы ўсё стала ціха».
З паказанняў Освальда Карнэлісэна, дадзеных ім у Дортмундзе 29 студзеня 1965 года:
«Падчас канікулаў у жніўні 1942 года, разам з іншымі студэнтамі з Дзюсельдорфа, мяне адправілі ў Брэст-Літоўск у якасці лекара-асістэнта. У самім шпіталі і прылеглых да яго будынках працавала шмат габрэяў. Яны займаліся дапаможнай працай і былі рады, што мы іх забяспечваем ежай. Гета строга ахоўвалася і ў нас не было да яго доступу.
У пачатку кастрычніка 1942 года сярод нас пайшлі чуткі, што гета збіраюцца зачысціць. Мы, так званыя лекары-асістэнты, ночылі тады ў пакоях па 4-5 чалавек. Аднойчы раніцай нехта паведаміў нам, што мы павінны ўдзельнічаць у зачыстцы гета. Яшчэ раней нас разбудзілі шматлікія стрэлы ў горадзе. Спачатку мы не маглі паверыць, што зачыстка пачалася. Па чутках мы ведалі, што ў гета знаходзіцца прыкладна да 17 тысяч чалавек. Яшчэ не было 8 раніцы.
Нам адкрылася такая карціна: па перыметры плошчы былі расстаўленыя нямецкія паліцыянты, іх было каля роты. З аднаго боку па вуліцы гналі праз плошчу габрэяў вялікімі калонамі, чалавек па 300. Ім усім даводзілася перамяшчацца бегам, бо іх падганялі ўдарамі.
Падчас руху калоны з яе выцягвалі жанчын з дзецьмі, старых і аслабленых людзей. Я ніколі не змагу забыць, як нейкі паліцыянт-маёр праводзіў гэтую грубую селекцыю і кіраваў ёй, паказваючы рукой на чарговыя ахвяры. У асноўным гэта былі габрэі, якія з-за слабасці ці ўзросту не паспявалі за калонай. Побач быў шэраг пажылых габрэяў, якіх адводзілі на плошчу асобна ад вялікай калоны. Мне дагэтуль чуецца голас гэтага маёра, як ён зноў і зноў выкрыкваў, паказваючы на слабых і хворых габрэяў: «Марш да пункта збору хворых».
Выратавацца здолелі адзінкі. Немцы і паліцыянты ўрываліся ў хаты з сабакамі, знаходзілі ўсіх, хто хаваецца, выцягвалі іх на вуліцу і расстрэльвалі. Усе габрэі былі вывезеныя ў раён чыгуначнай станцыі Бронная гара і расстраляныя. Пасля ліквідацыі ўсе каштоўнасці, якія засталіся ў гета, рэчы і маёмасць габрэяў былі канфіскаваны нацыстамі.
Сярод тых, хто выжыў, был сёстры Кацаф. Вось што яны распавядалі:
«15 кастрычніка 1942 года, у 6 гадзін раніцы, я з сястрой завялі маці і дзіця сястры ў схованку. І паколькі там больш не было месца, то, забяспечыўшы іх, мы выйшлі на вуліцу, не ведаючы, што з сабой рабіць. У апошнюю хвіліну нам прыйшло ў галаву падняцца на гарышча нашага дома. І там, у куце забітым дошкамі, мы, 16 чалавек, прасядзелі 5 тыдняў. Умовы цяжка сабе ўявіць — голад, холад, бруд.
Але я гэта лічу няважным. Галоўнае, што мы былі сведкамі жахаў. То-бок бачыць не бачылі, але чулі, як прыводзілі на суседні двор па 70-100 чалавек штодня. Ім загадвалі распранацца, расстрэльвалі і закопвалі на месцы. Раніцай прыходзілі працоўныя рыць магілы.
Аднойчы было чуваць, як дзіця крычала: «Мама, хутчэй бы ўжо гэтая куля, мне холадна». Гэта было ў лістападзе, а трэба было распранацца дагала. Маці распраналі дзяцей, потым самі распраналіся. І так у нас за плотам, на вуліцы Куйбышава, дом 126, ляжыць каля 5000 чалавек.
У першыя тры дні яўрэяў вывозілі з Брэста на Бронную Гару. Быў такі рух аўтамашын, як быццам спраўляюць вялікую перамогу, узяцце горада ці што-небудзь падобнае. Пасля праведзенай «акцыі» ўсю ноч былі чутныя спевы і музыка. Так загінула яшчэ 17 000 брэсцкіх яўрэяў. Сярод іх 25 чалавек з нашай сям'і».