Топ-10 фільмаў з акторамі з габрэйскімі каранямі

Пакуль Ізраіль змагаецца на вайне, мы знайшлі дзесяць выдатных актораў, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да гэтага народа. Спіс фільмаў дазволіць вам перадыхнуць ад безлічы інфармацыі, але адначасова пры праглядзе вы можаце адчуваць асаблівае суперажыванне. Прыемнага прагляду, і шабат шалом!

Кадр аднаго з фільмаў падборкі

Кадр аднаго з фільмаў падборкі

Нумар 10. Цяжкасьці перакладу (Lost in Translation). 2003

lost_in_translation_1.jpg

Сафія Копала, дачка тытана кіно Фрэнсіса Форда Копалы, асоба самадастатковая. Яна так і не стала ў першыя шэрагі творцаў, але асобныя працы Сафіі – бліскучы прыклад майстэрства. Менавіта такім прыкладам зьяўляецца стужка з Білам Мюрэем і Скарлет Ёхансэн у галоўных ролях. Скарлет зьяўляецца дачкой у габрэйскай сям’і.

Гісторыя заснаваная на малаверагоднай сувязі паміж дзьвюма страчанымі душамі: састарэлым амэрыканскім акторам, якога Біл Мюрэй паказвае з фірмовай мэлянхоліяй, і маладой жанчынай, якая проста плыве па ўласным жыцьці.

Дзеяньне адбываецца ў шматмільённым Токіа, дзе на безьліч людзей існуе прорва самотных.

Нумар 9. Працоўная паненка (Working Girl). 1988

working_girl_1.jpg

У адрозьненьне ад папярэдняй драмы, гэты фільм — камедыйны. Майк Нікалс паставіў стужку з Мэлані Грыфіт, этнічным габрэем Харысанам Фордам і Сігурні Ўівэр, якія паказваюць нам цікавы эпізод з працы адной вялікай кампаніі. Звычайная сакратарка, якая марыць пра тое, каб заняць сваё месца ў сьвеце буйнога бізнэсу ў Нью-Ёрку.

Аднойчы яе бос ламае нагу падчас катаньня на лыжах. Сакратарка атрымлівае звышнечаканую магчымасьць заняць яе месца падчас лекаваньня кіраўніцы. Выдаючы сябе за свайго боса, сакратарка праводзіць буйную ўгоду з інвестыцыйным брокерам. Сітуацыя ўскладняецца, калі вяртаецца яе бос. Як жа складзецца мазаіка працоўных адносінаў? Глядзіце і ўсьміхайцеся, гэта вельмі карысна.

Нумар 8. Людзі дажджу (The Rain People). 1969

the_rain_people_1.jpg

У сваёй раньняй карціне Фрэнсіс Форд Копала знаёміць нас з двума акторамі, якім далей наканавана было неаднойчы здымацца ў майстра. Гэта Джэймс Каан і Робэрт Дзювал, якіх гледачы найбольш памятаюць па фільме «Хросны Бацька» ў адных з галоўных ролях. Джэймс Каан паходзіць з габрэйскай сям’і.

Стужка дэманструе ўнікальную здольнасьць Копалы фіксаваць чалавечыя эмоцыі і адносіны на экране. Галоўная гераіня — жанчына, што таксама зьяўляецца нечаканасьцю ў параўнаньні з іншымі, маскуліннымі стужкамі аўтара. Гераіня ўвесь час спрабуе знайсьці сябе і сваё месца ў жыцьці. Яна імпульсіўна выпраўляецца ў падарожжа пасьля таго, як даведалася, што цяжарная. Жанчына адчувае сябе ў пастцы звычайнага прыгараднага жыцьця.

Прыгоды цягнуць яе прэч — але куды? Стужка зьяўляецца напоўненай надзеяй. Ужо ў гэтай працы праглядаюцца элементы будучых шэдэўраў.

Нумар 7. Лэдзі Бёрд (Lady Bird). 2017

lady_bird_1.webp

Грэта Гервіг пакінула моцны сьлед у шэрагу фільмаў пра сталеньне падлеткаў. Яна зьняла гісторыю, якая далікатна шчымлівая і шчырая ў сваёй складанасьці. Вечная праблема бацькоў і ўжо не-дзяцей падлеткавага ўзросту, з марамі, расчараваньнямі і жаданьнем вызваліцца. У стужцы здымаецца Цімаці Шаламэ з габрэйскімі каранямі.

Сірша Ронан, адна з самых таленавітых маладых акторак нашага часу, увасабляе дух падлетка на парозе дарослага жыцьця, якая адчайна імкнецца стварыць асобу, адрозную ад свайго кола. Лоры Меткалф у ролі маці Лэдзі Бёрд таксама вельмі пераканаўчая. Адносіны маці і дачкі ў стужцы нагадваюць гледачам пра тонкую мяжу, якая існуе паміж любоўю і раздражненьнем.

Дэбют рэжысэркі атрымаўся выдатным.

Нумар 6. Піяніст (The Pianist). 2002

the_pianist_3.jpeg

Польшча, вайна, габрэі. Гэтыя тры элементы ўключае ў сабе не адзін тузін фільмаў. Іх рознае прачытаньне і выяўленьне ў мастацкіх вобразах зьдзіўляе не адно пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе. У наш спіс трапіла праца Рамана Паланскага з эталённым вакананьнем галоўнай ролі ад Эдрыяна Броўдзі, які мае габрэйскія карані. 88 клявішаў інструмэнту і бясконцаў колькасьць зьдзекаў з боку нацыстаў.

Раман Паланскі, які вымушаны быў зьбегчы з сацыялістычнага раю Польшчы ў 1960-х, паказвае нам папярэдняе пакаленьне закатаваных, зьнішчаных і адрынутых палякаў. Ці вартая чаго-небудзь музыка ў межах канцлягеру? Ці патрэбныя піяністы, калі не хапае тых, хто будзе ў сваіх руках трымаць аўтамат супраць акупантаў?

Фільм стаў пераможцам кінафэсту ў Канах.

Нумар 5. З мінулага (Out of the Past). 1947

out_of_the_past_1.jpg

У па-майстэрску створаным фільме Жака Турнора мы паглыбляемся ў ценявое каралеўства нуару. У цэнтры гэтага складанага сюжэту знаходзіцца Кірк Дуглас, чый вобраз гангстэра зьяўляецца надзвычай цікавым і захапляльным. Кірк Дуглас паходзіць з гомельскай сям’і беларускіх габрэяў, што эмігравалі ў ЗША.

«Я ніколі не бачыў яе ўдзень», — такую фразу прамаўляе галоўны герой фільма пра жонку боса, якую неабходна адшукаць і забіць. Жанчына становіцца занадта небясьпечнай. Стужка ставіць пад сумнеў нашу свабоду волі і нагадвае нам, што як бы далёка мы ні беглі, мінулае заўсёды не за гарамі і чакае, каб зацягнуць нас назад.

Ролю галоўнага страшэннага боса выконвае Робэрт Мітчум, які, падаецца, нарадзіўся каб граць у падобнага кшталту фільмах.

Нумар 4. Уся прэзыдэнцкая раць (All the President's Men). 1976 год

all_the_president_s_men_1.webp

Знакамітая стужка Алана Пакулы з Робэртам Рэдфардам і сапраўдным габрэем Дасьцінам Хофманам у галоўных ролях. Нават калі б сама гісторыя Ўотэргейта не была такой цікавай, якой яна ёсьць, гэты фільм, верагодна, быў бы такім жа добрым. Атрымаўся захапляльны аповед, як двое зьнялі прэзідэнта. Стужка адлюстроўвае хаатычнае жыцьцё журналіста-рассьледавальніка.

Дзеяньне фільма пачынаецца 1 чэрвеня 1972 года з моманту прыбыцьця ў Капітолій прэзідэнта Ніксана. Ён знаходзіцца на піку сваёй папулярнасьці, і здаецца, што яго немагчыма спыніць. Затым стужка пераходзіць да падземнага гаража ў комплексе Ўотэргейт у Вашынгтоне, дзе ахоўнік заўважае прыадчыненыя дзьверы. Ён тэлефануе ахове, якая ловіць пяцёра чалавек, якія ўварваліся ў офіс Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі. Што адбылося далей — глядзіце ў захапляльнай працы Алана Пакулы.

Нумар 3. Піяніна (The Piano). 1992

the_piano_3.jpg

Джэйн Кэмпіян зьняла вельмі прыгожае кіно. Гісторыя каханьня, жарсьці і любові да гукаў музыкі. Націск на клявішу можа быць такім жа дрыготкім, як дотык пальцамі да шыі.

Звыклы герой габрэя Харві Кейтэля ў фільмах — гэта гангстэр, не вельмі прыемны чалавек з цёмнымі намерамі. Але тут ён праявіў сябе ў зусім іншым амплуа.

Мы трапім у сярэдзіну ХІХ ст., калі шатляндзкая сям’я праплывае ўвесь зямны шар, каб пасяліцца ў Новай Зэляндыі. Гераіня Холі Хантэр — нямая, але гэта не замінае ёй любіць свой інструмэнт. Ён становіцца ёй заменай словаў, якіх яна не можа вымавіць. Але па прыезьдзе муж адмаўляецца цягнуць піяніна ў іх новы дом.

Інструмэнт апынаецца ў іх суседа, які запрашае граць на ім гераіню Холі Хантэр. Дарэчы, сама акторка добра ўмела граць, і ўсе сцэны з клявішамі атрымалася здымаць без дублёраў. 

Нумар 2. Добры, кепскі, злы (The Good, the Bad and the Ugly). 1966

the_good__the_bad_and_the_ugly_2.jpg

Вяршыня ў гісторыі кінематографу ў жанры вэстэрн. Заключны фільм трылёгіі Серджыа Леонэ з Клінтам Іствудам у галоўнай ролі. Іншую галоўную ролю выконвае знакаміты Элі Ўолак, па паходжаньні габрэй.

Калі я быў маленькі і праводзіў лета ў дзядулі з бабуляй, дагэтуль памятаю той канкрэтны вечар. Мой дзед Анатоль сказаў, што ўвечары будуць паказваць добры фільм (хаця кінаманам яго нельга было назваць), і я цэлы дзень чакаў прагляду. Як толькі пачаліся першыя кадры, мяне нельга было зварушыць з фатэля на працягу трох гадзінаў, што цягнулася тая стужка. Гэта былі гадзіны, якія перагарнулі ўспрыманьне майго кінамастацтва. Добры, кепскі, злы.

Музыка, якая стварала сабою ўражаньне свайго асабістага сьвету, прымусіла ўвабраць у сябе сцэну за сцэнай, і я несьвядома адчуваў сябе часткай дзікага Дзікага Захаду. Гэтыя пачуцьці пранёс і праз усе з тых часоў пройдзеныя гады, і са шчырым сэрцам вельмі рэкамендую ўбачыць гэты шэдэўр.

Скажыце, ці змаглі б вы прыгадаць сцэну на 10 хвілінаў, дзе не адбываецца нічога, апроч таго, што тры чалавекі стаяць, не прамаўляючы ні слова – і ад гэтага немагчыма адвесьці позірк ні на долю сэкунды? Гэтая сцэна ў фільме Леонэ.

«Ты ведаеш, што ў гэтым сьвеце ёсьць два віды людзей, мой сябар – тыя, у каго зараджаная зброя і тыя, хто капае. Ты капаеш».

Нумар 1. Містычная рака (Mystic River). 2003

mystic_river_1.jpg

Бездакорны твор мастацтва для вашай увагі. «Містычная рака» — гэта кінематаграфічны трыюмф, які сьведчыць пра здольнасьць Клінта Іствуда ствараць эфектнае кіно, незалежна ад жанру.

Гэта больш, чым таямнічы трылер. Стужка дасьледуе ўзаемапранікнёныя аспекты гора, смутку, віны і шнараў мінулага, якія застаюцца актуальнымі назаўжды.

Акторскі склад стужкі ўражвае магутнасьцю і бязьмежным талентам выканаўцаў, у прыватнасьці Шона Пэна, Кевіна Бэйкан і Ціма Рота. Шон Пэн мае габрэйскае паходжаньне.

Гледачы сутыкнуцца з забойствам дзяўчыны, дачкі героя Шона Пэна і наступным заблытаным рассьледаваньнем. Калі вам жадаецца паглядзець па-сапраўднаму выбітнае кіно – гэта тое, што трэба.

Прыемнага прагляду!

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.