На ўгодкі Паўстання 1863 году пачаты збор сродкаў на кнігу-рэквіем
Кніга прафесара Вячаслава
Шведа будзе прысвечаная падзеям 1861-1864 гадоў на Гарадзеншчыне, Берасцейшчыне
ды Беласточчыне, якія тады ўваходзілі ў Гродзенскую губерню.
![vokladka_buduczaj_knihi___praekt.jpg vokladka_buduczaj_knihi___praekt.jpg](/img/v1/userfiles/images/vokladka_buduczaj_knihi___praekt.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тэкст, мапы і ілюстрацыі ды манаграфіі “Рэквіем паўстанцам 1863-1864. Гродзенская губерня” ужо гатовы. Засталося — сабраць грошы на друк. Паколькі праект недзяржаўны, то і фінансы даводзіцца збіраць нефармальна — “усім мірам”. Пачатак кампаніі стартаваў 22 студзеня — на ўгодкі абвяшчэння паўстанцкага маніфесту ў 1863 годзе.
![volha_sjamaszka_logo.jpg volha_sjamaszka_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/volha_sjamaszka_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
“Прыклад спадара Шведа, нажаль, не першы ў нашай краіне, калі павінна выдавацца якасная і цікавая кніга, але на гэта няма грошаў, — тлумачыць каардынатарка праекту па зборы грошаў Вольга Сямашка, — Такія кнігі мелі б выдавацца на дзяржаўным узроўні ды распаўсюджвацца па школах ды бібліятэках. Таму для мяне асабіста справа гонару падтрымаць аўтара і сабраць грошы праз дабрачынцаў і платформу Talaka.by”.
Для матывацыі патэнцыйных ахвярадаўцаў арганізатары плануюць запісаць відэазвароты 12 вядомых беларусаў, так ці інакш звязаных са спадчынай Паўстання. Першым свой відэазварот запісаў гісторык і даследчык падзеяў 1863-64 гг. Зміцер Матвейчык. У планах — запісаць Уладзіміра Арлова, Андруся Такінданга, Віталя Гуркова і іншых.
![zmicer_matvejczyk_1_logo.jpg zmicer_matvejczyk_1_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/zmicer_matvejczyk_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
“Такая кніга зараз вельмі запатрабаваная, — кажа Зміцер Матвейчык, — Гарадзеншчына засталася тым рэгіёнам, у якім падзеі Паўстання дагэтуль недастаткова вывучаныя. Хоць менавіта гэты рэгіёны з усёй Беларусі быў “самым мяцежным”. Таму кніга Вячаслава Шведа, якая ахоплівае ўсю Гродзенскую губерню, а значыць і Гарадзеншчыну, і Берасцейшчыну, і Беласточчыну, будзе мець адназначную навуковую вагу і карысць”.
![З'ёмка відэазварота з удзелам Змітра Матвейчыка З'ёмка відэазварота з удзелам Змітра Матвейчыка](/img/v1/userfiles/images/praces_z_jomki_videazvarota_z_udzelam_zmitra_matvejczyka_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З'ёмка відэазварота з удзелам Змітра Матвейчыка
Кніга будзе распавядаць пра ўдзельнікаў гарадзенскай падпольнай арганізацыі, якая існавала ўжо напярэдадні Паўстання, распаўсюднікаў газеты “Мужыцкая праўда”, паўстанцкіх камандзіраў і шэрагоўцаў, высланых у Сібір ды закатаваных расейскім урадамі інсургентаў. Асобныя нарысы будуць прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму (лідэру “чырвоных” у паўстанцкім руху) і Віктару Старжынскаму (лідару “белых”).
“Памяць пра Паўстанне не павінна замоўчвацца, але наадварот — варта яе падтрымліваць ды прапагандаваць, — рэзюмуе Вольга Сямашка, — Тым больш, калі зараз прасоўваецца думка, маўляў, Каліноўскі ніякі не герой, але шэраговы ўдзельнік “польскага паўстання”. Мы павінны супрацьстаяць гэтаму”.
![Прафесар Швед у цэнтры (фота ''Твой Стыль'') Прафесар Швед у цэнтры (фота ''Твой Стыль'')](/img/v1/userfiles/images/prafesar_szved_u_centry__fota___tvoj_styl___.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прафесар Швед у цэнтры (фота ''Твой Стыль'')
Варта дадаць, што прафесар Швед ужо добра вядомы сваімі гістарычнымі працамі на тэму гісторыі Гродна, а таксама даследваннямі падзеяў 1812 году ў Беларусі, вывучэннем беларускіх масонаў і інш. Некалькі год таму ён разам з кагортай іншых вядомых навукоўцаў быў звольнены з Гарадзенскага дзярж-універсітэту па палітычных матывах, таму зараз выкладае ў Польшчы.
![Кнігі пра Паўстанне, якія выйшлі апошнім часам Кнігі пра Паўстанне, якія выйшлі апошнім часам](/img/v1/userfiles/images/knihi_pra_paustanne__jakija_vyjszli_aposznim_czasam_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кнігі пра Паўстанне, якія выйшлі апошнім часам