На чатырох колах па Заходняй Беларусі

На тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкія ўлады рэквізавалі дзясяткі аўтамабіляў розных марак. Сярод трафеяў новых уладаў быў і «Шэўрале Майстар дэ Люкс» 1937 года, які кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка пазней падарыў Янку Купалу. 



reklama_mashyny_shkoda_1930_ja_hady.jpg

Рэклама машыны «Шкода», 1930-я гады

Аўтамабілізацыя ўсёй краіны

Ужо ў 1922 годзе на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай з’явіліся першыя прадстаўніцтвы замежных фірм, якія займаліся вытворчасцю аўтамабіляў. Гутарка ідзе пра «Ролс-Ройс», «Бугацці», «Дэлаж», «Мерседэс», «Аўстра-Даймлер».

Годам раней у Польшчы была створана арганізацыя «Аўтамабільны клуб Польшчы». Яе прадстаўніцтвы былі і на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Так, у Палескім ваяводстве офісы аўтаклубу знаходзіліся ў Брэсце на Бугу («Палескі аўтамабільны клуб») на вуліцы Сінкевіча, дом 3, а таксама ў Лунінцы, Пінску, Пружанах і Століне. У Беластоцкім ваяводстве аўтамабілісты збіраліся ў Гродна, Ваўкавыску, Аўгустове і Граеве. На Навагрудчыне прадстаўніцтва клубу размяшчалася ў Віленскім чыгуначным вакзале Навагрудка, а таксама ў Баранавічах, Лідзе, Нясвіжы, Слоніме, Шчучыне. Нарэшце, у Віленскім ваяводстве аматары персанальных аўто збіраліся ў Віленскім аўтаклубе на Буфаловай гары, дом 19, у Глыбокім, Маладзечна, Паставах і Свянцянах.

reklama_mashin_ford_1929_god.jpg

Рэклама машын Форд, 1929 год

У 1923 годзе на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай было зарэгістравана 203 «Бэнса», 102 «Кадзілакі», 221 «Додж», 381 «Фіят», 132 «Лорэна», 116 «Мерседэсаў», 189 «Опеляў», 80 «Рэно» і іншыя машыны.

Паступова адкрываліся зборачныя цэхі вядомых аўтамарак (напрыклад «Форда», «Шэўрале», «Бьюіка» і іншых). Аднак ужо ў сярэдзіне 1920-х гадоў у Польшчы пачалі разумець, што краіне неабходна ствараць уласны аўтапрам. Больш таго, тады ў Еўропе набірала папулярнасць ідэя стварэння народнага аўто.

pol_sk_f_jat_2.jpg

Польскі "Фіят"

З’явіліся праекты «Палонія», «Ірадам», якія, аднак, не атрымалі распаўсюду. У 1928 годзе з’явіўся аўтамабіль «Ральф Стэтыш», аўтарам якога быў інжынер, граф Стэфан Тышкевіч. Першы ўзор машыны быў выстаўлены на аўтамабільным салоне ў Парыжы. Усяго было выпушчана каля 200 экземпляраў машыны, аднак пасля пажару на заводзе вытворчасць «Ральфа» была спынена. У 1929 годзе Сусветны эканамічны крызіс аказаў негатыўны ўплыў на развіццё, аднак ужо праз некалькі гадоў сітуацыя палепшылася.

Народны аўтамабіль

Першай найбольш папулярнай польскай маркай стаў «Фіят 508 І». 21 верасня 1931 года прадпрыемства «Дзяржаўныя інжынерныя прадпрыемствы Польшчы» заключыла дамову з італьянскай фабрыкай «Фіят» у Турыне на права прадукавання машын гэтай фірмы ў Польшчы. Варта адзначыць, што палякі праводзілі перамовы з рознымі фірмамі, напрыклад з «Сітраенам» і «Шкодай», але дамовіцца ўдалося з менавіта з італьянцамі. Мантаж «Фіятаў» з дэталяў, прывезеных з Італіі, пачаўся ў 1932 годзе. Пазней распачаўся выпуск мадэляў 514, 522 і 524.

pol_sk_f_jat(3).jpg

Польскі "Фіят"

Ужо ў лістападзе 1933 года першыя польскія «Фіяты» трапілі ў продаж. Кошт машыны быў вельмі высокі — 7200 злотых. У 1934 годзе гэтая машына прайшла мадэрнізацыю: дадалася чатырохступенчатая скрыня перадач, а таксама больш моцны рухавік. Хутка пачалася праца над «Фіятам 508 ІІІ Юнак», які ў значнай ступені быў зроблены з польскіх частак. Сярэдні кошт машыны складаў 5,5 тысяыч злотых (курс долара да злотага ў 1930-х гадах складаў 1 да 4. — І.М.).

sertif_kat_pol_skaga_f_jata.jpg

Сертыфікат польскага "Фіята"

У 1935–1939 гадах было выраблена 3,5 тысячы «Фіятаў». У 1937 годзе пачалася вытворчасць мадэлі 518, за аснову для якой была ўзятая італьянская машына «Artida 2000» (да пачатку Другой сусветнай вайны было выраблена каля 900 адзінак гэтага аўто). На машыну звярнула ўвагу камандаванне Войска Польскага. Было прынята рашэнне на базе «Фіята» пачаць прадукаванне вайсковага «Лазіка» (Фіят 508 ІІІ W). Аўтарам праекта быў інжынер Мечыслаў Свярчэўскі. Машына выкарыстоўвалася як пазадарожнік. Акрамя гэтага, у аўто прадугледжваўся мантаж лёгкага ўзбраення (ручных кулямётаў і вінтовак).

pol_sk_f_jat_laz_k.jpg

Польскі "Лазік"

У Заходняй Беларусі машыны знакамітых брэндаў, у тым ліку вельмі дарагіх «Ролс-Ройсаў», знаходзіліся ў гаражы князёў Радзівілаў у Нясвіжскім замку. Частка легкавікоў выкарыстоўвалася ў якасці таксі ці паліцэйскіх машын. Амерыканскія машыны «Кадзілак» і «Шэўрале» былі ў распараджэнні аддзяленняў Банка Польскага ў Лідзе, Баранавічах і Гродна.

adz_n_z_garazho_radz_v_lla_u_njasv_zhi_na_maljunku_bachni_perad_she_rale_1930_ja_gadi.jpg

Адзін з гаражоў Радзівілаў у Нясвіжы. На малюнку бачны перад "Шэўрале", 1930-я гады

У 1931 годзе на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай было зарэгістравана 17 152 легкавых аўто. На 1 студзеня 1939 года ў Беластоцкім ваяводстве было зарэгістравана 365 машын, у Навагрудскім — 189, у Палескім — 217, у Віленскім — 275. У міжваеннае дваццацігоддзе ў Другой Рэчы Паспалітай выдавалася каля 35 часопісаў, прысвечаных аўтамабілям.

Язда па правілах

pdr_1939_god.jpg

ПДР, 1939 год

Як вядома, і тады, і зараз аўтамабільны рух адбываецца паводле правілаў дарожнага руху. У лютым 1939 года ў Варшаве польскім Аўтамабільным клубам было выдадзена ПДР, у якім, як адзначаў выдавец, былі ўлічаны ўсе новаўвядзенні, звязаныя з дадзенай тэматыкай. Падрабязна былі апісаны абавязкі кіроўцы і ўласніка аўтамабіля, а ў асобнай частцы распісваліся асаблівасці атрымання права на кіраванне аўтамабілем. Правілы руху былі зацверджаны Міністэрствамі камунікацыі і Унутраных спраў 7 кастрычніка 1931 года. Пазней, у 1937 годзе, у гэты дакумент былі ўнесены праўкі.

davaennija_pol_sk_ja_darozhnija_znak_1.jpg

davaennija_pol_sk_ja_darozhnija_znak_2.jpg

 

Даваенныя польскія дарожныя знакі 

 

 

Якія ж патрабаванні ўтрымліваліся ў польскіх ПДР узору 1939 года? Напрыклад, права на кіраванне машынай выдавалася з 16 гадоў і пасля праходжання адмысловага экзамену. Аўтамабілістам дазвалялася рухацца толькі па правым баку дарогі ў накірунку руху, аднак, пры адсутнасці сустрэчнага руху дапускаўся рух… па цэнтры дарогі. У правілах пазначалася, што картэж польскага прэзідэнта, міністра абароны Польшчы, машыны пажарных, паліцыі, медыцынскай дапамогі, вайсковай жандармерыі мелі прыярытэт перад іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Цікавым з’яўлялася і тое, што для легкавікоў, грузавікоў і матацыклаў на трасе не абмяжоўвалася хуткасць руху. Аднак у гарадах яны маглі рухацца з хуткасцю не больш за 40 кіламетраў у гадзіну. Перад выездам за мяжу грамадзянін Польшчы павінен быў вырабіць міжнародныя правы на кіраванне аўтамабілем, якія выдавалі ваяводскія ўлады ці кіраўніцтва Клуба аўтааматараў, а таксама прычапіць да ўласнага аўта знак з надпісам «PL».

davaennija_pol_sk_ja_darozhnija_znak_3.jpg

Даваенныя польскія дарожныя знакі

Дарогі

На тэрыторыі Заходняй Беларусі да верасня 1939 года добрых дарог, мякка кажучы, не хапала. На Палессі, па сутнасці, адной з галоўных магістраляў была траса, якая звязвала Брэст з савецка-польскай мяжой. Лепей сітуацыя была на Віленшчыне, Навагрудчыне і Беласточчыне. Але і там дарогі еўрапейскага ўзроўню праходзілі ў асноўным ля ваяводскіх цэнтраў.

Прапаную звярнуцца да ўспамінаў прафесара Людаміра Савіцкага, які ў 1927 годзе аб’ехаў на машыне значную частку Заходняй Беларусі і Украіны. Адсутнасць нармальных дарог на гэтых тэрыторыях польскі даследчык небеспадстаўна тлумачыў палітыкай улад Расійскай імперыі, якія з вайсковага пункту гледжання імкнуліся не развіваць дарожную інфраструктуру сваіх заходніх рэгіёнаў.

mapa_ushodn_h_vajavodstva_1939_goda.jpg

Мапа Усходніх ваяводстваў 1939 года

«У палескіх вёсках, якія тонуць у мятровай багне, нам з вялікай цяжкасцю ўдавалася кіраваць нашым аўто. Некаторыя дарогі былі настолькі вузкія, што колы нашай машыны праходзілі па яе краях, што магло б прывесці да таго, што машына ўедзе ў кювет», — пісаў польскі даследчык. Прафесар з калегамі ехалі з Уладавы праз Кобрын, Пінск, Канал Агінскага, Ружаны, Слонім (дзе, па меркаванні даследчыка, былі выдатныя дарогі), Навагрудак. Далей навуковец даехаў да мяжы з Савецкім Саюзам ля Ракава і накіраваўся звычайнымі вясковымі дарогамі ў Маладзечна, Вілейку, Нарач і далей, у бок мяжы з Латвіяй. Пасля таго, як удзельнікі экспедыцыі ўбачылі Браслаўскія азёры (дзе, як паказвае мапа 1939 года, сучасных дарог амаль не было. — І.М.), яны накіраваліся ў Вільню. Наступным пунктам былі Стоўбцы і савецка-польская мяжа. У Няхневічах навуковец наведаў польскіх вайсковых асаднікаў. Відавочна, Людамір Савіцкі імкнуўся ўбачыць «рыжскую мяжу» і задакументаваць яе адметнасці. Аднак рух у памежнай зоне быў абмежаваны. І рэжымам і… рэкамі. «Мастоў праз Прыпяць, за выключэннем чыгуначнага ля Лунінца, няма. Дарогі да паромаў пралягаюць праз багну, а Пінская рачная флатылія не спраўляецца з арганізацыяй руху праз рэкі. Таму нам нічога не заставалася, як даехаць праз Чучэвічы да Лунінца і там пагрузіць аўтамабіль на чыгуначную платформу. Так мы апынуліся на другім беразе Прыпяці», — пазначаў ва ўспамінах даследчык.

taks_v_l_n_1930_ja_gadi.jpg

Таксі ў Вільні

У верасні 1939 года Заходняя Беларусь стала савецкай. Адсутнасць добрых дарог адыграла кепскі жарт з бранятанкавымі часткамі Чырвонай Арміі, якія перайшлі «рыжскую мяжу» — яны загразалі ў багне. Бездарожжа Заходняй Беларусі спазнаюць і вермахт у пачатку Вялікай Айчыннай, і савецкая армія ў 1944 годзе.