На Віцебшчыне адбыліся I Бэн-Егудаўскія чытанні

5 ліпеня ў вёсцы Верацеі Лужэцкага сельсавету Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці адбыліся I Бэн-Егудаўскія чытанні, арганізаваныя Германавіцкім культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча (ГКАЦ), што ў Шаркаўшчынскім раёне, і Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры.  



ben2.jpg

Эліэзэр Бэн-Егуда (Лейзэр Іцхок Перэльман) (07.01.1858, Лужкі — 16.12.1922, Ерусалім) — бацька сучаснага іўрыту, які вучыўся ў Лужэцкім хедэры да 1872 году. У Лужках да гэтай пары захаваўся мураваны будынак сінагогі сярэдзіны XIX стагоддзя. Гэты будынак, звязаны з жыццём Бэн-Егуды, патрабуе тэрміновай кансервацыі і рэстаўрацыі. Сярод 916 ахвяраў Халакосту, якія пахаваныя з брацкай магіле ў вёсцы Лужкі, ляжаць і сваякі Бен-Егуды.   

Як распавяла НЧ адна з арганізатараў чытання, вядомая беларуская грамадская дзеячка, старшыня ГКАЦ, былы вязень Віцебскага гета, лаўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава Ада Райчонак, у мерапрыемстве ўдзельнічалі 57 чалавек з розных рэгіёнаў краіны, у тым ліку гісторыкі, краязнаўцы, актывісты габрэйскай супольнасці Беларусі і мясцовыя чыноўнікі.

Удзельнікі чытанняў ушанавалі памяць ахвяраў Халакосту, забітых у Лужках, паглядзелі дакументальна-публіцыстычны фільм «600 год разам» пра гісторыю беларускага габрэйства, зачыталі свае паведамленні. Удзельнікі чытанняў атрымалі адмысловыя буклеты пра жыццё і дзеёнасць Бен-Егуды, што падрыхтаваў мясцовы настаўнік і краязнаўца  Юрась Калбасіц.

Пра жыццё Лужэцкага кагала паводле кнігі вядомага беларускага пісьменніка-эмігранта, ураджэнца Лужкоў Стомы Сініцы «Маё мястэчка», распавяла гісторык з Гродна Іна Соркіна. Рукапіс гэтай кніга Сініцы прывёз на Беларусь і ўпершыню апублікаваў ў часопісе «Полымя» вядомы айчынны філолаг Зміцер Саўка. Кніга лічыцца своеасаблівай энцыклапедыяй сялянскага жыцця напярэдадні Другой сусветнай вайны. Аўтар прыводзіць цікавыя звесткі з жыцця Лужкоўскага кагала паміж сусветнымі войнамі. Краязнаўца Ала Вярцінская з Глыбокага (Віцебская вобласць) распавяла пра гісторыю гарадскога габрэйства часоў Бэн-Егуды. А вядомы беларускі пісьменнік, лаўрэат прэміі Ежы Гедройца Павал Касцюкевіч распавёў пра ўнёсак Бен-Егуды ў развіцці беларускай мовы. .    

Райчонак мяркуе зрабіць чытанні традыцыйнымі і штогоднімі.