Як выжывалі нявольнікі Рэйха

Набор рабочай сілы гітлераўцы праводзілі як пры блакадах, помсцячы за дапамогу партызанам, так і планава. Перапраўляць у Трэці Рэйх працаздольнае насельніцтва аказалася выгадней, чым паліць яго разам з вёскамі. Тым болей, што бліцкрыг не атрымаўся, рэсурсы заканчваліся, і справа хілілася да бясслаўнага канца.

04_ostarbeiter_logo.jpg

Ірына Загорская сярод параненых. Веймар, 1946 год
Людзей забіралі звычайна сем’ямі. З дзядулямі і бабулямі, з малалеткамі-дзецьмі, ахвотней — моладзь. Мая маці расказвала, як да іх у хату (тады Ігуменскі раён) зайшоў немец, які зганяў на вываз маладых. Сёстры цікавалі, высунуўшыся з-за коміна. Немец паказаў рукою: «Хавайцеся», а сам выйшаў, быццам нікога не знайшоў.

Мужчын і падлеткаў аддзялялі і адпраўлялі на рамонтныя заводы, там было цяжэй за ўсё. Кабеты і старэйшыя батрачылі на памешчыкаў-баўэраў і цалкам залежалі ад іх.

Вось як, са слоў «дзяцей вайны», што родам з Лагойшчыны, адбываўся вываз на чужыну

Жыхароў Якубавічаў Гаравых сабралі натоўпам на выгане. Немец пачакаў, пакуль Кляра Саўрыцкая даварыць яйкі (так вымаўлялі ў вёсцы імя Клара. — Г.К.) Немцы адправілі гаспадара прывесці каня з выпасу. Не было дома сына Валодзі — пасвіў карову з цёткай Паўлінай, абое ў выніку засталіся дома. З сабою мусілі ўзяць дачку Надзю і асірацелую пляменніцу Несцера Марыйку Локаць.

Адзін з паліцаяў шапнуў людзям: «Чаго вы стаіцё? Разбягайцеся!», а другі прыгразіў яму аўтаматам. Якубаўцаў калонай пагналі на Лагойск. Саўрыцкія вярнуліся на радзіму без Несцера — той счапіўся са сваім баўэрам і збіў яго ворчыкам ад плуга. Раз’ятраны гаспадар падняў работніка на вілы.

Векавуха-Надзя павінна была ў 1990-х гадах атрымаць кампенсацыю ад ФРГ за прымусовы вываз. Не паспела: цётка памерла ў Бараўлянах, дзе жыла і працавала. Пляменнікі складваліся, каб годна правесці яе ў апошні шлях.

Рацькаўскіх забіралі двойчы: у першую блакаду схапілі чалавек дзесяць. Сярод іх былі Іван Жылянін, ляснічы Марка, брат Маркі каваль Мікола, а яшчэ Трахім — мужык Волькі Жардзецкай, якую забралі пазней і за якою ўвязалася сястра. Марыйка трапіла на чужыну, можна сказаць, за кампанію.

Аднавяскоўцы Іван і Марыя Жардзецкія, 1951 год

Аднавяскоўцы Іван і Марыя Жардзецкія, 1951 год

Успамінае Раіса Беразоўская: «Уяўляю, як балюча было бабулі, калі забіралі ў Германію старэйшую дачку. А тут яшчэ малодшая, зусім дзяўчо, не разумеючы, што да чаго, ніяк не хацела разлучацца з сястрой, чаплялася за яе і зацята паўтарала: “Я з Волькай! Я з Волькай!” Так і трапілі абедзве ў батрачкі да баўэраў».

Іх аднавясковец Іван Жар­дзецкі трапіў у Чэхію, у лагер для ваеннапалонных. Пры наступленні Чырвонай Арміі фашысты планавалі знішчыць вязняў, але чэшскія патрыёты вывелі групу ў бяспечнае месца. Тыя перайшлі праз Судэты, а потым папоўнілі шэрагі чырвонаармейцаў. Вярнуўшыся, Іван з Марыяй узялі шлюб і мелі траіх дзяцей. Іван Нікіфаравіч выкладаў нямецкую мову ў Янушкаўскай сярэдняй школе. Першая яго турыстычная паездка была ў Чэхаславакію, дзе ён адшукаў сваіх ратавальнікаў. Мы, яго вучні, не ведалі падрабязнасцей біяграфіі настаўніка: не надта хваліліся ў пасляваенныя гады як палонам, так і працай на немцаў.

Саша Жылянін асірацеў у сем гадоў. Яго старэйшы брат загінуў на фронце, двое меншых памерлі ад невядомай хваробы. Мачаха ў 1945-м нарадзіла дзяўчынку. Хлопчык бачыў, як дагарала Рацькаўская пачатковая школа, якую невядома хто падпаліў. З сябрам вазіў у лес ежу для партызанаў (у Руднянскім бары атабарыліся два атрады). Да базы яны не дапускалі: забіралі каня з поўным возам, а вярталі з пустым. У хаце Макара Жыляніна жылі радысты: Воля, Марыя і Андрэй, яны звязваліся з Масквой.

У апошнюю блакаду 1944-га сям’я Макара хавалася ў Змяёўшчыне. Карнікі ішлі шарэнгамі, з аўтаматамі напагатове, і выганялі вяскоўцаў з лесу. Ні Кацярыну з дзіцем, ні Макара не ўзялі: мужчына з пакалечанай рукой быў непрыдатны для працоўнай павіннасці. Затое прыгрэблі падлетка Сашу. Сам ён не запомніў, пры якіх акалічнасцях трапіў у лапы ворагаў. А зводная сястра Рэгіна Вярбіцкая лічыць «вінаватай» сябе, бо не ў пару заплакала на руках у маці.

Аляксандр Жылянін у парку Горкага з сяброўкай. Мінск, 1955 год

Аляксандр Жылянін у парку Горкага з сяброўкай. Мінск, 1955 год

З успамінаў Аляксандра Жыляніна: «Пра блакаду ўсе ведалі загадзя, былі папярэджаныя партызанамі. Рыхтаваліся сур’ёзна: усё, што можна было закапаць, закопвалі, скаціну вялі за сабою. Пабеглі хто куды: хто пад Рудню, хто ў Змяёўшчыну. Памятаю, як да нас у Змяёўшчыне падышоў барадаты, немалады партызан Мінін, пра штось перамовіўся з бацькам. Мінін — чалавек не мясцовы, камуніст. Перад вайною ён прыбыў будаваць камендатуру ў Мачулішчах. Ажаніўся з Волькай Леановіч, ды так у вёсцы і застаўся.

Чуем страляніну, да нас у гушчар шыбуюць немцы. Выгналі яны з лесу чалавек дваццаць, пастроілі ў канцы вёскі. Слабых, старых, нямоглых — налева, астатніх, здаравейшых, направа. Я з Мініным аказаўся ў адной калоне.

Пагналі невялікай групай у бок Гайны, на Жылічы і далей, на Слагавішча. Далі нам палкі са штырамі, каб мы шукалі па дарозе міны, і следам ішлі з аўтаматамі. Так мы чысцілі дарогу да Плешчаніц. Ніводнай міны, на шчасце, не знайшлі, ніхто не падарваўся.

Потым — Мінск, лагер на вуліцы Мэблевай. Адтуль у цялятніках завезлі ва Усходнюю Прусію. Там нас чакалі “пакупнікі”: адных бралі баўэры на сельскую гаспадарку, другія ішлі працаваць на прамысловасць. Мы трапілі ў гарадок Штаблак, за 60 кіламетраў ад Кёнігсберга, і па красавік 1945-га рамантавалі пабітую на фронце тэхніку. Увесь час аднавясковец Мінін быў мне за бацьку. Дзе які сухар — сам не з’есць, мне даваў. І строга сачыў, каб я, падлетак, ні ў што не ўляпаўся.

Мне даручылі пераносіць інструмент. Я бег у цэх, гаварыў нумар — і кладаўшчык выдаваў. Горш было тое, што я ніяк не мог запомніць па-нямецку табельны нумар: 29-45. Доўгі занадта. Дык кладаўшчык наводмаш убіваў мне ў галаву гэтую лічбу. Дасюль яе памятаю…»

Калі фрыцам пачало прыпякаць у пяты, усіх лагерных пагналі да Балтыйскага мора — збіраліся тапіць. «Ноччу Мінін, мінскі хлопец Яскевіч і я адарваліся ад калоны і схаваліся ў бліжэйшым хляве. Нам пашанцавала: там набралі ў вядро мукі. На вуліцы ўгледзелі забітага каня, адрэзалі кавалак ад сцягна. На вогнішчы зварылі зацірку, наеліся. І што далей? Куды адтуль збяжыш? Злавілі нас немцы і даставілі ў тую самую калону. А самі грузіліся на баржу для адплыцця ў Германію. Набілася іх, як селядцоў у бочку, усе стоячы, адны афіцэры. А тут наляцела савецкая авіяцыя — і давай бамбіць, страляць з кулямётаў… Злева — кулі, справа — кулі, вакол мёртвыя… Баржа, якая паспела адплыць, — у трэскі, нашы вартавыя хто куды, калона рассыпалася…

“Саша, ты жывы?” — гэта быў голас Мініна. Выкапалі мы траншэю, накрылі жалезам і праседзелі так пару дзён. Харчаваліся глюкозай: знойдзеным рассыпаным цукрам, які дадавалі ў ваду. А праз суткі-двое бачым савецкі танк, за ім ляціць старшына з ракетніцай у адной руцэ і пісталетам у другой. І крычаў ён, добра помню: “За Родзіну! За Сталіна!”»

Старэйшых аформілі ў рэгулярную армію, а моладзь з месяц выходжвалі ў савецкай санчастцы.

«Адкармілі нас, адмылі, аб’едзеных вошамі, потым гавораць: “Езжайте, мальчишки”. А як, на чым ехаць? Дадому дабіраліся на таварняку, які вёз прамысловае абсталяванне. Сядзелі прама ў выцяжных авіяцыйных трубах. У Маладзечна нас высадзіла міліцыя, затым — Мінск, пешкі дабіраўся да Лагойска. У Гайне, як сцямнела, ісці я ўжо не мог. Чужая бабуля пакарміла і па дабраце пакінула начаваць», — працягвае аповед Аляксандр Макаравіч.

Дома ўжо і чакаць перасталі. Макар атрымаў пахаронку на старэйшага сына. Колькі радасці было, колькі слёз, калі вярнуўся меншы…

Што з Мініным? Той прайшоў фронт і таксама вярнуўся ў вёску. Жылянін працаваў на міжгародніх перавозках, вазіў грузы за Урал, на Каўказ, у Калінінград. У капіталістычныя краіны не кожнаму дазвалялася выязджаць: трэба было мець сем класаў адукацыі плюс партбілет. Жылянін у партыю не рваўся. Планаваў паехаць у ГДР па турпуцёўцы і знайсці гарадок, дзе вывучаў нямецкія лічэбнікі. Ды ўсё адкладваў: пазней, калі-небудзь іншым разам… А там з’явіліся межы і візы. Так і не выбраўся.

З таварышам ЗІСам. Германія, 1953 год. Фота з асабістага архіва А.М. Жыляніна 

З таварышам ЗІСам. Германія, 1953 год. Фота з асабістага архіва А.М. Жыляніна 

Але мірную Германію ён усё-ткі пабачыў, бо ў 1952–1954 гадах праходзіў вайсковую службу якраз там, дзе пабываў у якасці рабсілы, у ГДР. Служыў у спецыяльным аўтапалку пры штабе акругі. У выпадку ваенных дзеянняў належала падняцца на колы і забраць усё наяўнае: штаб, тэхніку, дакументацыю і маёмасць.

«Ці бачылі вы сляды нядаўняй вайны?» — цікаўлюся я. Не, — адказаў, — краіна выглядала ўжо цалкам мірнай. Дашчэнту зруйнаваныя авіяцыяй і танкамі гарады Германіі, як ні дзіўна, аднавіліся хутчэй, чым у СССР. Паселішчы дагледжаныя, крамы поўныя тавару і ласункаў. Ваеннаслужачыя адпраўлялі дадому багатыя пасылкі. Як сяржант, Саша атрымліваў на рукі 75 марак, а дома ішлі на кніжку савецкія рублі. Перад дэмбелем набыў адрэз на касцюм.

На час службы прыпалі знамянальныя падзеі на радзіме: памёр Сталін. «Нас паднялі ў тры гадзіны ночы і сабралі ў Ленінскім пакоі. Нампацех паведаміў, што адбылося, як і калі. У старшых камандзіраў блішчэлі на вачах слёзы, — Аляксандр Макаравіч падумаў і дадаў: — Мы, камсамольцы, партыі верылі. Сталін быў як Бог».

Дата 17 ліпеня 1953 года запомнілася асабліва. «Усходнія немцы паднялі бунт, і ў групе войск аб’явілі баявую гатоўнасць. Мы па двое сядзелі ў кабінах з аўтаматамі. Нашай задачай было ў выпадку небяспекі вывозіць штабное камандаванне, таму на “ўсмірэнне” нас не пасылалі. Хлопцы бачылі, як цяжкай тэхнікай блакіраваліся вуліцы, каб перакрыць шлях дэманстрантам. Наш набор з-за гэтай заварушкі тармазнулі на сем месяцаў, а мы і так тры гады служылі».

Дакументальны тэлецыкл Леаніда Млечына дадаў звестак пра антысавецкае паўстанне ў ГДР: 125 чалавек загінулі, 48 расстраляныя, многія атрымалі працяглыя тэрміны зняволення. Падзеі ў Венгрыі і Чэхаславакіі былі наперадзе. Немцы не вытрымалі першымі.

ГДР, час вайсковай службы. Германія, 1953 год. Фота з асабістага архіва А.М. Жыляніна 

ГДР, час вайсковай службы. Германія, 1953 год. Фота з асабістага архіва А.М. Жыляніна 

* * *

Уладзіміра Васюкевіча немцы схапілі на пуцілаўскай дарозе. Хлапчаняты ў Гамбургу, за калючым дротам, дапамагалі рамантаваць караблі. Галадалі страшэнна. Не выжылі б, калі б іх не падкормлівалі цывільныя немцы-рамонтнікі. Вызвалілі остарбайтараў амерыканцы, а савецкія пераможцы паставілі знясіленых падлеткаў гнаць элітных коней за Маскву. «Калі Валодзька нарэшце адчыніў дзверы ў родную хату, маці кажа дачцэ: “Паглядзі, што за хлопчык прыйшоў...” Не пазнала! А той худы, як шкілет, і вош на вошы», — узгадвае Вера Васюкевіч.

Па запрашэнні немцаў Валодзя некалькі разоў пабываў у Гамбургу, дзе збіралі на сустрэчу былых малалетніх вязняў. У іх бралі інтэрв’ю, здымалі на відэа. Апавядаючы пра перанесеныя пакуты, дарослы чалавек плакаў. Памаўчу, кажа, набяруся сіл, і зноў расказваю…

Некаторым пашанцавала пазбегнуць вывазу. Сям’і Лявончыкаў дапамагла мінская сваячка. «Калі Міцю было тры з паловай гады, а мне — два, нашу сям’ю схапілі ў Косіна і павезлі ў Мінск на перасыльны пункт, каб адправіць у Германію. У горадзе жыла родная сястра нашай маці. Праз паліцаяў яна перш выкупіла малых пляменнікаў, а потым цяжарную маці і бабулю Насцю. Уратавала ўсіх! У той жа мінскай цёткі мы ў вайну і пасяліліся. Бог даў цётцы доўгае жыццё: пражыла да 92-х гадоў», — распавядае Аляксандр Лявончык.

У Драгуноў з Якубавічаў Гаравых свая гісторыя выратавання. Большыя дочкі паўцякалі, засталася маці з малымі. Суседкі навучылі: «Схавайся. Без цябе не забяруць». Гэлька паслухалася: залезла ў густы куст разынак ды цікавала адтуль, назірала, што ж будзе. Ажно ейны вывадак, чацвёра дзяцей, далучылі да групы і разам з іншымі павялі на Янушкавічы. Хлопчыкі-блізняты толькі навучыліся хадзіць. Сястра то аднаго паднясе, то другога… А цяжкія — падарвацца можна. Выбралася Гэлька з куста і давай даганяць сваіх. Дзе ж яна іх пакіне?

З барысаўскага перасыльнага лагера іх выкупіў муж і бацька. З дапамогай партызанскіх сувязных усіх перавезлі дадому.

З Малых Янушкавічаў пабралі тых, каго не забілі і не спалілі пры карнай аперацыі. У вёсцы знайшлі кулямёт, пакінуты партызанамі на рамонт. Людзей панішчылі, а вёску спалілі цалкам. На мясцовых могілках захаваліся крыжы над сямейнымі пахаваннямі з надпісам: «1943 год».


* * *

Анатоль Віктаравіч Марцынкевіч адзін з нямногіх, хто расказаў пра ўсе перыпетыі палону ад пачатку да вяртання.

«У Лагойску нас грузілі ў “Студэбекеры” і везлі ў мінскі перасыльны лагер на Шырокую. Некаторых там выкупілі гарадскія сваякі. Далей — вагоны-“цялятнікі” і перасыльны пункт за Кёнігсбергам. Баўэры прыязджалі туды і давалі заяўкі — колькі каму патрэбна рабочых рук. Пасля развозілі падводамі на свае гаспадаркі.

На ферме пана Фінарскага мы аказаліся разам з Анісем Бабкевічам, нашым аднавяскоўцам. Гаспадарка была ладная: 40 свінняў, 20 кароў, каля дзесяці коней, авечкі, гусі… Зранку на хутар прывозілі чатырох палячак, якія адпрацоўвалі з намі змену, а жылі дзесьці асобна.

Пан не забараняў сваім дзецям, — хлопчыку і дзяўчынцы, — гуляць са мной. Два яго старэйшыя сыны ваявалі. Адзін вярнуўся з параненай нагой, падлячыўся, і зноў рушыў на фронт. Занятак знайшоўся і мне, сямігадоваму: даглядаў, ганяў на сажалку гусей. А паколькі я пачынаў кумекаць па-нямецку, то быў перакладчыкам пры маці: даводзіў ёй, што неабходна рабіць, альбо перадаваў заўвагі па зробленым. Мне, як даросламу, давяралі каня. Я адвозіў бідончыкі малака ў спецыяльна абсталяванае месца, ставіў іх на пастаменцік, а ў іншы час забіраў адтуль масла з малаказавода».

Нядаўнія калгаснікі, якіх жыццё прывучыла красці, адзначалі строгія маральныя правілы мясцовага цывільнага насельніцтва. Выстаўленае на здачу малако ніхто не ахоўваў. Адзін гайненскі мужык тым адно і выжыў, што падкрадаўся і піў цішком гэтае малако. Аднак пакуты сумлення яго ўсё ж наведвалі.

За пару тыдняў да прыходу Чырвонай Арміі пан сабраў на дзве параконкі скарб, прадукты, пасадзіў сваё сямейства і прапанаваў работнікам далучацца: «Як прыйдуць вашы, то вас заб’юць». «А хто ж дагледзіць пакінутую гаспадарку?» — знайшла што адказаць адна жанчына…

«Фронт нарэшце дакаціўся да Германіі. Першымі прыбілі конныя разведчыкі, 12 чалавек. Пяць дзён набіраліся сілы на пакінутай ферме — рабілі рэйды да бліжэйшага спіртзавода. Камандзір нас папярэдзіў: “Не затрымлівайцеся. Збірайцеся і едзьце да граніцы”. Мы аб’ядналіся з мамінай сястрой, што працавала з дзецьмі на суседняй ферме. Знайшоўся граматны мужык-украінец, які арганізаваў пару вазоў. Так мы дабіраліся ў Беларусь сваім ходам — праз Польшчу, на двух вазах. Па дарозе, праўда, коней у нас рэквізавалі армейцы. Далей на папутных і перакладных дабраліся да Брэста.

Нам, можна сказаць, пашанцавала. Многіх перасыльных затрымлівалі, доўга правяралі і адпраўлялі не дамоў, а ў далёкія вобласці СССР. А хто трапіў пад амерыканцаў, тыя маглі падацца на Захад.

У Мінску, на Камароўскім кальцы, жыла наша цётка. Нас, дзяцей, памылі, і, спаліўшы адзенне, на нейкі час пакінулі ў горадзе. Сёстры на санях праз Паперню выехалі на Янушкавічы», — згадвае Анатоль Марцынкевіч.


* * *

Вярнуўшыся, забраныя неахвотна расказвалі пра знаходжанне на варожай тэрыторыі. Усе яны праходзілі праверку спецслужбаў і былі на ўліку. Угон быў яшчэ большай плямай на біяграфіі, чым жыццё пад акупантамі. Ніхто з мясцовых мне не прызнаўся, як правяралі і дапытвалі людзі з пагонамі.

Кампазітар Алесь Рашчынскі, ураджэнец Лагойска, толькі пасля смерці бацькоў даведаўся, што маці два гады працавала чорнарабочай на нямецкім авіязаводзе і была вызвалена амерыканцамі. Анастасію Хадасевіч схапілі разам з іншымі дзяўчатамі за тое, што яны хавалі і кармілі на Паненскай гары байцоў-акружэнцаў.

Браты Рашчынскія пачулі пра ўсё гэта выпадкова, ад чужых людзей. Маці, відавочна, баялася за наступствы прымусовага вывазу, бо знішчыла ўсе дакументы. А матэрыяльную дапамогу, між іншым, дэмакратычная Германія выдавала і дзецям вязняў. Рашчынскім надта цікава было б пабачыць той горад, куды звезлі маці, — Эслінген. У гэтым горадзе ў 2000 годзе мне якраз выпала пабываць.


* * *

Сваю драматычную гісторыю распавяла мне мінская жыхарка Ірына Бязверхая, дачка падпольшчыцы Загорскай. Матулю схапілі ў пачатку 1943-га, а дзве дочкі былі вывезены пад Берлін.

Ірына Загорская (цяпер Бязверхая) з нумарам рэгістрацыі. 1944 год

Ірына Загорская (цяпер Бязверхая) з нумарам рэгістрацыі. 1944 год

Барак быў без вокнаў, з адтулінамі ў столі. Там ужо жылі нявольніцы: палячкі, балгарка, некалькі смаленскіх, а большасць — мінскія. Упраўляючы Глюк дзвюх палячак узяў на кухню, каб яны гатавалі для астатніх. Жылі ў вялікім доме, абнесеным калючым дротам. З аднаго боку цякла рэчка, з другога вялізныя вароты вялі на вуліцу.

«Уранку ўпраўляючы падымаў нас усіх з гумовай плёткай, гнаў вуліцай на працу. Мне далі на ногі драўляныя калодкі, яны страшэнна грукацелі па бруку і звальваліся. З дамоў выходзілі немчыкі — спецыяльна, каб нас пераняць. Паказвалі на мяне пальцам і крычалі: “Русіш швайн!” Рагаталі і плявалі на мяне. Не вытрымаў нават Глюк і адагнаў іх.

Група працавала ў пральні. Туды прывозілі пасцельную бялізну, сподняе і верхняе адзенне, мужчынскія кашулі. Цяжкія цюкі на ліфце мы паднімалі наверх, закладвалі ў пральныя машыны. Працавалі дзень без абеду. Калі бялізна памыецца, каляску я цягну ў сушку, потым развешваю. Чыстае валаку ў кладоўку. А там быў другі немец, якому на фронце выбіла вока. Злосны страшэнна! Усё падганяў: “Шнэль! Шнэль!” Мог і па мордзе даць. Адна толькі немка-загадчыца размаўляла па-чалавечы.

Сястра Жэня займалася прасаваннем бялізны. За адзіную складачку яе маглі пабіць. Пад вечар ва ўсіх была адна думка: хутчэй бы на нары! На вячэру маглі даць адну моркаўку. Кожны дзень елі капусту кальрабі і суп са смаўжоў. У жыжцы трапляліся вострыя кавалачкі ракушак, мы мусілі асцерагацца, каб не парэзаць у роце».

Наступалі войскі саюзнікаў. Горад кожны дзень бамбілі, вязняў заганялі ў асобнае бомбасховішча. Пасля падзення Берліну на праверачным пункце выявілася, што ў меншай сястры кепска з лёгкімі. Абедзвюх Загорскіх адправілі ў шпіталь у Веймар, дзе яны прабылі цэлы год. Найлепшы час для малодшай: яна разносіла раненым салдацікам кніжкі, а яны звалі яе «сястрычкай».

Яшчэ не адноўлены Рэйхстаг, 1953 год. Здымак з асабістага архіва А.М. Жыляніна 

Яшчэ не адноўлены Рэйхстаг, 1953 год. Здымак з асабістага архіва А.М. Жыляніна 


* * *

Каму выпала ў Нямеччыне займацца сельскагаспадарчай працай, цалкам (паўтаруся) залежалі ад гаспадароў. Сярод іх былі злосныя і сквапныя, але трапляліся і такія, што разам кармілі дзяцей, сваіх і «рускіх», укладвалі іх спаць у адным пакоі, укрывалі пуховымі коўдрамі.

Цікавыя факты паведаміла паэтка Вера Буланда. «Мая барысаўская радня дзядзька Юзя і цётка Маруся (яны са Мсціжа) няшмат мелі гадоў, калі іх схапілі на ўгон. Яны трапілі ў адну групу з зембінскімі і плешчаніцкімі людзьмі. Іх навучылі: калі хочаце застацца разам, то назавіцеся адным прозвішчам. Быццам адна вялікая сям’я. І яны, дзевяць чалавек рознага ўзросту, усе назваліся Буландамі!

Гаспадар ім трапіўся харошы, работнікаў не крыўдзіў. Пры набліжэнні фронту яму паступіла каманда везці вязняў на бліжэйшую чыгуначную станцыю: планавалася іх знішчэнне ў канцлагеры. Тады немец даў людзям інструкцыю: перад пасадкай у эшалон ён дасць знак — махне рукой, і тады трэба бегчы ў катакомбы, прыгінаючыся ды пятляючы. Іх там будуць чакаць».

План спрацаваў. Беларусы кінуліся ва ўказаным кірунку, ім услед стралялі вартавыя. Чалавек пяць здолела ўцячы, у катакомбах іх кармілі бутэрбродамі мясцовыя жанчыны.


* * *

На радзіму вярнулася пераважная большасць забраных (прынамсі, з Лагойшчыны). Таму можна зрабіць выснову: як бы цяжка ні было на прымусовай працы, на чужыне жыхары акупаванай Беларусі адчувалі сябе ў адноснай бяспецы. З тае хаця б прычыны, што там (да часу) не стралялі і не палілі. Фронт грозна прыкаціў і туды, аднак пры зваротнай дарозе нават конь бяжыць шпарчэй. І зусім нямногія добраахвотна выбралі Захад — калі траплялі пад юрысдыкцыю амерыканцаў.

Аляксандр Жылянін захаваў у Зялёным Лузе прыватны ўчастак са старым, пасля вайны пастаўленым домам. І надумаў займець чатырохлапага сябра і ахоўніка, дзеля чаго выбраўся на Гурскага, у сабачы прытулак. Старога чалавека аглушыў нязмоўчны сабачы лямант. Адлоўленыя бадзяжкі адчайна кідаліся на пруты клетак, і кожны сабака нібыта прасіў-маліў: «Забяры мяне! Забяры мяне!» А той, невялічкі і калматы, каго ён нагледзеў, ціха сядзеў убаку.

Раптам перад вачамі паўстала забытая, сцёртая з памяці карціна, як змучаныя дарогай беларусы чакаюць размеркавання: выглядаюць тых, хто іх возьме на гаспадарку. Негаваркі і стрыманы Аляксандр Макаравіч не тое каб успомніў — ён дзіўным чынам пераскочыў у тыя дні, у момант невядомасці і цяжкага чакання. І ён заплакаў.