Невядомае: Згадкі, навеяныя лістом

Корпаючыся ў неспарадкаваных сваіх паперах, патрапіў на даўні, 1970 года, ліст Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. І вось што ўзгадалася.



Ліст быў з нагоды прачытання шанаваным намі літаратуразнаўцам і крытыкам майго нарыса-партрэта мастака Пётры Сергіевіча. У лісце аўтарытэтнага пісьменніка — нечакана-адметнае асабістае бачанне Сергіевіча — чалавека і творцы. Але яшчэ больш было нечакана і ўсцешна пачуць ад Уладзіміра Андрэевіча цікавы расповед пра мастака Міколу Васілеўскага.

У свае маладыя аспіранцкія гады я шчасліва адкрыў для сябе цэлы духоўны мацярык падпо́льскай Заходняй Беларусі даваеннага часу. Быў уражаны багаццем і разнастайнасцю беларускай віленскай перыёдыкі, кніжных выданняў ды здабыткамі выяўленчага мастацтва. З апошняга — перадусім творчасцю мастака Язэпа Драздовіча, гумарыстычна-сатарычнай графікі Язэпа Горыда, партрэтнай галерэяй беларускіх грамадскіх, асветных дзеячаў, пісьменнікаў і артыстаў, створанай Пётрам Сергіевічам. Пазнаёміўся я, натуральна, і з кніжнай графікай Міколы Васілеўскага. Яго малюнкамі былі аформлены кнігі-буквары, чытанкі таленавітага беларускага педагога-асветніка Сяргея Паўловіча «Пішы самадзейна», «Першыя зярняткі», «Zaseйki».

У абставінах, калі польская адміністрацыя з палітычных мэтаў не хацела даць беларусам сваёй школы, падручнікі Паўловіча спрыялі самастойнаму, у хатніх умовах, навучанню беларускай мове, адыгрывалі этнаахоўную ролю, былі абаронай супраць паланізацыі. Малюнкі Міколы Васілеўскага, у якіх мастаком узнаўляўся працоўны быт беларуса, вобразныя рэаліі жыцця беларускай школы, за якую змагалася інтэлігенцыя, мелі актуальны сэнс, узбагачалі, так бы мовіць, відэарад навучальных кніжак Сяргея Паўловіча.

Выкананыя ў простай рэалістычнай манеры, з душой, яны не пакідалі, не пакідаюць абыякавымі гледача, чытача кніжак. Менавіта з кніг Паўловіча, з папулярнага ў 1926–1928 гадах у Заходняй Беларусі гумарыстычна-сатырычнага часопіса «Маланка», кнігі-каляндара на 1929 год у мяне склалася агульнае ўяўленне пра творчасць мастака Міколы Васілеўскага. Але не ведаў, не меў звестак пра яго жыццёвы лёс, працу пасля таго, калі ён, як і іншыя заходнебеларускія мастакі — Раман Семашкевіч, Васіль Сідаровіч ды дзясяткі тысяч моладзі, — сышлі праз зялёную граніцу ў СССР з надзеяй, што там будуецца Беларускі дом. Ліст ад Уладзіміра Калесніка (як аказалася, земляка, аднавяскоўца мастака з Сіняўскай Слабады з Навагрудчыны) даносіў жывы сімпатычны вобраз Міколы Васілеўскага, які ў 20-я гады наведваўся ў бацькаву хату з Вільні, дзе вучыўся ў адкрытай у 1919 годзе беларускай гімназіі. Мне закарцела не адкладаючы ўвесці біяграму Міколы Васілеўскага ў энцыклапедычныя выданні, якія дзякуючы старанням нашых старэйшых інтэлігентаў, літаратараў-вучоных з канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя сталі рэальнасцю. Коштам адкрытых у бібліятэках і архівах Вільні—Вільнюса не вядомых мне раней беларускіх імёнаў, фактаў, памятак хацелася папоўніць рэестр гісторыка-культурных здабыткаў Беларусі, зрабіць іх даступнымі шырокай грамадскасці. Задума гэта патрабавала пэўнага часу. Але ручыла, што выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» пад кіраўніцтвам акадэміка Пятруся Броўкі працавала прадуктыўна цягам 70-х — 80-х гадоў ХХ стагоддзя, і нешта ўдалося паспець зрабіць. Дарэчы, адных беларускіх газет і часопісаў, выдадзеных у даваеннай Вільні, набіралася да сотні найменняў. Выпраўляўся ў камандзіроўкі часам на месяц, балазе меў разуменне сваіх памкненняў з боку дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміка Пятра Глебкі. Фіксаваў, апісваў тыя перыёдыкі, жывыя крыніцы грамадскай думкі, культурнага жыцця 20-х — 30-х гадоў.

chasop_s_malanka_logo.jpg

Часопіс «Маланка»

Стараўся паспець падаць некалькі артыкулаў у чарговы том «БелСЭ», пазней у «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі», «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі». Нешта ўдалося, хоць часам рабіць тое даводзілася хапатліва, каб паспець да здачы ў набор чарговага энцыклапедычнага тома. Даводзілася часам дапускаць пропускі імён, прозвішчаў той ці іншай персаналіі з-за нерэабілітаванасці. І такое цягнулася да перабудовачных часоў.

Накід-біяграму Міколы Васілеўскага мне ўдалося падаць у 1-м томе «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі». Некалькі звестак біяграфіі мастака-земляка падказаў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, штось даведаўся ад мастацтвазнаўца, даследчыка беларускай школы графікі Віктара Шматава, і хоць скупаватая палітра для ўзнаўлення постаці Міколы Васілеўскага ў гісторыі мастацтва, сілуэт яго ўдалося акрэсліць. З часам нехта расшукае ў да часу прыкрытых для даследчыкаў архівах паўнейшы жыццяпіс шчырага творцы беларускага выяўленчага летапісу, раскажа пра яго творчую спадчыну. Пэўна, не ўся яна прапала. Малюнкі, апублікаваныя ў кнігах, перыёдыцы, засталіся. А вось жывапіс, тыя ж пейзажы Міколы Васілеўскага, згаданыя ў лісце Калесніка, што віселі ў бацькавай хаце, невядома, ці захаваліся. Пры жыцці Уладзіміра Андрэевіча не даўмеўся спытацца, шкадую. Спадчына ж творчага чалавека, калі падумаць, не яму аднаму належыць. Як духоўным скарбам, ёй узбагачаецца народ, з якога выйшаў творца. А ў выпадку з класікамі — усё чалавецтва. А нам, не такім багатым і не такім бедным на мастакоў, чый творчы лёс быў не надта шчаслівы, сабраць спадчыну іх дзеля пакраплення духу народнага — вельмі патрэбна.

vasilevski_logo.jpg

Мікола Васілеўскі

Тым часам чалавечы і творчы лёс Міколы Васілеўскага склаўся фатальна.

Спадзеў атрымаць вышэйшую мастацкую адукацыю ў БССР, рэалізаваць сябе ў больш спрыяльных умовах, чым у тагачаснай Заходняй Беларусі, не апраўдаўся.

Гэта ў 1920-я гады ў савецкай, у беларускай віленскай Беларусі ішло імклівае дзяржаўнае і культурнае будаўніцтва. Паўсталі першы дзяржаўны беларускі ўніверсітэт, Інстытут беларускай культуры, у якім дзейсна развівалася беларусазнаўчая гуманітарыстыка. На дзяржаўнай аснове шырокае развіццё атрымаў нацыянальны тэатр. І, пэўна, найяскравей закрасавала беларускае мастацкае слова на літаратурнай ніве. Важным здабыткам народа стала школа, адукацыя на роднай мове, дыскрэдытаванай да рэвалюцыі. У цэлым паспяхова, хоць і не без цяжкасцяў, здзяйснялася ў рэспубліцы палітыка беларусізацыі. Усё гэта мела прыцягальную моц як у палітычным, так і ў культурніцкім плане для заходніх беларусаў, што трапілі пад уладу адроджанай Рэчы Паспалітай, яе юрысдыкцыю.

А ў 1927 годзе, калі нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі ў яго легальных формах трапіў пад забарону, жорсткае адміністратыўнае праследаванне польскіх уладаў, моладзь масава пачала сыходзіць праз мяжу на Усход. Нехта ратаваўся ад патэнцыйнага арышту дэфензівай, нехта спадзяваўся атрымаць работу, вучыцца, з чым у Польшчы было няпроста. У тым патоку за мяжу, які набываў памеры амаль біблейскага зыходу, патрапіў у Мінск сярод іншых заходнебеларускіх інтэлігентаў і Мікола Васілеўскі. Нейкі час як графік працаваў ён у газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь» (апошняя да 1933 г. выходзіла па-беларуску). Але шчасліва працавалася яму нядоўга.

Мастака, пэўна, не абмінула другая хваля рэпрэсій у Савецкай Беларусі супраць інтэлігенцыі, учыненая АДПУ ў 1933 годзе. Афіцыйна карнай акцыі была дадзена назва «Беларускі нацыянальны цэнтр», унутрыведамасна яна мела найменне-дадатак «Закардоннікі». Мэтава скіравана была перадусім супраць інтэлігенцыі — выхадцаў з Заходняй Беларусі. Пасля разгрому ўрадам Пілсудскага-Мештовіча стотысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады і арыштам ды зняволеннем паслоў сойму ад беларускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі «Змаганне» ў Мінску сабралася багата ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, у тым ліку яго прызнаныя лідары. Некалькі год таму кіраўнікі БСР Грамады і «змаганцы» савецкімі ўладнымі органамі былі выбаўлены з польскіх турмаў. Удалося таго дамагчыся шляхам абмену іх на вязняў-палякаў савецкіх астрогаў. Папрацавалі на розных дзяржаўных, культурна-грамадскіх пасадах яны ў Савецкай Беларусі, а цяпер сталі ахвярай нядаўніх сваіх ратавальнікаў. Такое не паддавалася цвярозаму розуму. Але было рэальнасцю. У падступна сканструяваным АДПУ сцэнары аўтарытэтныя дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Павел Валошын, Пётра Мятла, Максім Бурсевіч аблыжна падаваліся як кіраўнікі антысавецкай падпольнай паўстанцкай арганізацыі, міністры планаванага ёю ўрада незалежнай буржуазнай Беларусі.

Спіс са 161 арыштаванай асобы «закардоннікаў» улучаў некалькі выкладчыкаў і вучняў закрытай польскай адміністрацыяй Радашковіцкай, а таксама навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі... Большасць з іх былі членамі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, што зведаў пераслед, рэпрэсіі польскай дэфензівы.

vijava_z_chasop_su_malanka_logo.jpg

Выява з часопісу «Маланка»

Мікола Васілеўскі паводле сваёй біяграфіі быў адпаведнай кандыдатурай, каб папоўніць стратны спіс, падрыхтаваны агентамі АДПУ ў 1933 годзе ў Мінску.

Ліст прафесара Калесніка, літаратуразнаўца і аўтарытэтнага педагога, падумалася, пэўна, можа быць цікавы і гісторыкам літаратуры. У ім, акрамя жывых вобразных згадак пра мастака Васілеўскага, нямала неардынарных фактаў, штрыхоў што да ўласнага жыцця літаратара, яго працы як даследчыка нашай літаратурнай спадчыны. У 70-я гады Уладзіміра Андрэевіча моцна захапілі творчы і жыццёвы шлях выдатнага нашага паэта-рамантыка, адраджэнца Уладзіміра Жылкі. Данесці вобраз драматычнай постаці рэпрэсаванага паэта было няпроста. Шмат чаго з літаратурнага жыцця, асабліва Заходняй Беларусі, у тым ліку некаторыя яе знакавыя постаці, заставаліся пад забаронай. У рэдакцыях аўтарскі тэкст «рэзаўся» ў адпаведнасці з цыркулярамі цэнзуры. Працавалася адказнаму гісторыку нашага прыгожага пісьменства складана. Прадчуваў цяжкасці і з публікацыяй працы. Гэта ў нейкай меры адбілася і ў прысланым лісце.

Думаю, што сёння змест ліста аўтарытэтнага лектара, аўтара курсу беларускай літаратуры і фальклору ў Брэсцкім універсітэце не без цікавасці прачытаюць многія яго выпускнікі, у тым ліку літаратуразнавец і самавіты празаік Уладзімір Гніламёдаў, паэты Васіль Жуковіч, Алесь Разанаў, Алесь Каско, Мікола Пракаповіч і іншыя.

list_1_1_logo.jpg

Брэст, 22.III.70 г.

 

Дарагі Арсень!

 

Вялікі Табе дзякуй за клопат і падмогу, і памяць. З радасцю прачытаў твайго Сергіевіча, адчуванне такое, як бы пагутарыў з блізкім сябрам пра трэцяга агульнага знаёмага, якога ведаў раней проста як мілага, бяскрыўднага чалавека, крыху дзівака, а тут убачыў яго многа паўней, аказалася, што ён як чалавек асабіста сумленны меў свае вострыя канфлікты з жыццём, з грамадскімі катаклізмамі, што праходзілі ў нашым краі. Малайчына ты, браце, Арсень!

 

Чытаючы асобныя мясціны, я пашкадаваў, што не ведаў тваёй працы ў рукапісу, бо мог бы сёе-тое падказаць. Так, напрыклад, Мікола Васілеўскі — мой зямляк, і я яго нават памятаю, хоць бачыў апошні раз, напэўна, недзе ў 1928 годзе, маючы 6 гадоў. Гэта быў інтэлігентны чалавек, акуляры прыдавалі нейкую выразную адухаўлёнасць яго твару і ўсёй постаці. Хадзіў у светлым плашчы і насіў капялюш. Калі ён прыязджаў з Вільні ў Сіняўскую Слабаду, а бывала гэта чамусьці летам, дык да іх у хату, якая і без таго, як бабыльская (жылі толькі бацька-астматык ды малодшы брат, гадаваны ў вайну і рэвалюцыю, рахітык) была месцам пасядзелак і карцёжных гуляў, да іх у хату валам валіла моладзь, а тыя хлопцы і дзяўчаты, якія мелі патрэбу ў духоўным дасканаленні, не адпускалі яго. Мы, жэўжыкі, заўжды ішлі як бы ў свіце на пэўнай адлегласці, але неадступна, калі Мікола Васілеўскі з сябрамі і сяброўкамі прагульваліся па вёсцы, накіроўваючыся да Нёмана. На беразе Нёмана ў нас спрадвеку было заведзена сабірацца моладзі для спеву, а сталым мужчынам для гаворак у цёплую пару года. Дык вось, з прыездам Васілеўскага маладыя актывізаваліся, і нават над Нёманам менш спявалі, а больш гутарылі.

 

У вёсцы Васілеўскі маляваў і прывозіў таксама гатовыя карціны для продажу. Сяляне, багацейшыя, куплялі гэтыя карціны. Мой бацька, паколькі мы перабраліся ў новую хату, купіў у Васілеўскага тры пейзажы: адзін быў зімовы — белы, лілаваты снег, зводдаль цёмна-ліловы алешнічак з маладымі елачкамі ўперамежку, на сярэднім плане справа — хатка лесніка, занесеная снегам, але з коміна ідзе вясёлы роўненькі дымок, на пярэднім плане злева — група старых бяроз, паўстае як з права налева — роўныя сляды палазін.

 

Другі пейзаж таксама зімовы, але вячэрні — неба смарагдавае ўгары, пераходзіць у аранжава-чырвонае над гарызонтам — марозны вечар, які абяцае халодны і ветраны дзень. На пярэднім плане злева стажок сена, прыкрыты шапкай пухнатага снегу. Да стога з маладога бярэзнічку ідзе лось, пакідаючы глыбокія сляды. Трэці пейзаж быў летні: густы сасновы бор з мілым далікатным падлескам — гарэзлівымі бярозкамі ды францістым ялаўчняком. Гэтыя пейзажы мяне дужа ўзрушалі ў дзяцінстве, і я сам маляваў, стараючыся хоць крыху быць падобным на Міколу Васілеўскага, але нічога не выходзіла, дакладней, выходзіла, ды не так далікатна, чыста, тонка. Потым я зразумеў, што справа была, акрамя ўсяго іншага, і ў тэхніцы: карціны Васілеўскага былі намаляваны гуашам на тоўстым кардоне, а я мог пэцкаць толькі благенькаю акварэллю, купленаю ў Абрамэлі за 20 грошай. Праўда, і пазней, у гімназіі, калі я меў добрыя акварэльныя фарбы, — усё роўна не мог дабіцца такой чысціні тона. Так і засталіся ў маёй памяці бойка накіданыя карціны Васілеўскага недасяжнымі ўзорамі тэхнікі жывапісу, ажно покуль не пабачыў мастацкай выстаўкі ў Наваградку, на якой былі выстаўлены найвыдатнейшыя польскія мастакі-пейзажысты, у тым ліку Кэндзерскі, Зак і др. майстры, што працавалі акварэллю і тэмперай.

 

Жывуць яшчэ тыя хлопцы і дзяўчаты, з якімі дружыў Васілеўскі. Яны маглі б расказаць табе значна больш. Між іншым, адна сяброўка Нюша Парэцкая жыве ў Мінску. Яе адрас ведае мая дваюрадная сястра Тоня Каваленка, якая жыве па бульв. Шаўчэнкі.

 

kalesnik_logo.jpg

Уладзімір Калеснік

 

Адносна ацэнак карцін Сергіевіча я з табою згодзен, ты робіш гэта пераканаўча і любоўна. Але, відаць, часам любоў крыху цябе заносіць. Сергіевіч, на маю думку, майстар партрэта і знаўца сялян. Тут ён наймацнейшы. Гэта заходнебеларускі Брэйгель мужыцкі. Партрэт і тэматычная карціна, на якой селянін-беларус, — вось самае моцнае і арыгінальнае ў Сергіевіча. Добра, па-свойму, дае і «мужыцкі» пейзаж як асяроддзе, у якім жыве селянін. Але інтэлігенцыя, яе жыццё і інтэлігентнасць як жыццё духа, пажыраючае цялеснасць, для Сергіевіча амаль недаступна. Гэта не яго амплуа. Ён не філосаф і не псіхолаг — інтэлектуаліст. Партрэты інтэлігентаў (нават партрэты) слабыя: Багушэвіча нібы схапіў параліч і ён вось-вось ссунецца з крэсла, Максім Танк пазіруе, ды ў такой нязручнай позе, што хочацца сказаць — ды сядзьце ж, Яўген Іванавіч, зручней і рук не трымайце так нязграбна, як у пакойніка. Адным словам, партрэты інтэлігентаў у яго — швах. Выключэнне складаюць два — аўтапартрэт, які ты даў на вокладцы, і партрэт скульптара-літоўца. Яны моцныя, але таму, што малююць моцных жыццярадаснымі і напорыстымі натурамі поўінтэлігентаў. Жывапісцы — а скульптары і тым больш — гэта поўінтэлігенты, бо іх прафесія стаіць на стыку духоўнай творчасці і рамяства.

 

Мажліва, я тут перагібаю. Твой аналіз праз мастака сардэчны і захапляючы. Дзякуй.

 

За тэксты вершаў Жылкі — дзякую. Зб. «З роднай нівы» ў мяне ёсць, а вось зб. «Зах. Бел.» — не меў і не ведаў, што менавіта гэты тэкст у ім друкаваўся. Хочу спісацца з Мядзёлкай, але не ведаю яе адрасу, можа ў цябе ёсць? Мне піша жонка Ул. Жылкі, што ён сябраваў з выкладчыкам музтэхнікума, які пераклаў на беларускую мову «Фаўста» Гуно, толькі не ведае яго прозвішча (мусіць Юльян Дрэйзін). Ці няма ў Вас у інстытуце чалавека, які б ведаў, хто і калі пераклаў гэту оперу на бел. мову і якія акторы ўдзельнічалі ў першых пастаноўках на беларускай мове? Буду Табе абавязан, калі чыркнеш пару слоў. Ва ўчарашняй «Звяздзе» крытыкуюць гісторыкаў за недакладнае і некампетэнтнае адлюстраванне працэсу ўтварэння БССР — хто тут маецца на ўвазе і ў чым справа? У Вас, пэўна, нешта чуваць больш канкрэтнае. Баюся, каб не трапіць у прыкрасці са сваім Жылкам.

 

Бывай. Цісну руку. Ул.Калеснік.

 

P.S.Дарагі Арсень, ці не траплялася Табе калі-небудзь прозвішча Galina Lityсska — гэта вільнянка, у 1925—1926 г. перапісвалася з Жылкам, пасылала вершы свае яму ў Прагу. Адказваць прасіла на Poste restante. Цікава б даведацца, што за яна?