Новыя рэкорды мастацкіх аукцыёнаў
Рэкорд па даходнасці паставіла палатно Пабла Пікаса “Алжырскія жанчыны”, а дакладней апошняя, 15 карціна з аднайменнай серыі, якую мастак скончыў у 1955 годзе.
У ёй жывапісец ва ўласцівай яму кубістычнай манеры абыграў сюжэт палатна класіка французскага мастацтва ХІХ ст. Эжэна Дэлакруа. Набытая ў самога Пікаса ў 1956-м сям’ёй амерыканскіх
калекцыянераў Ганс і затым прададзеная ў Лондан за 31 млн. долараў, работа была выстаўлена ў мінулы панядзелак 11 мая на ню-ёркскім аукцыёне Christie’s за 100 млн. Але канчатковая сума, якую
выклаў за яе ананімны пакупнік, склала 179 млн. 365 тыс. долараў. З моманту папярэдняга продажу 18 год таму ў Лондане шэдэўр падаражэў на 147 млн. і паставіў рэкорд кошту за ўвесь час існавання
аукцыённага гандлю творамі мастацтва. Нагадаем, мінулы належаў трыпціху Фрэнсіса Бэкана “Тры накіды да партрэта Люсьена Фрэйда”, прададзенаму за 142,4 млн. у 2013 годзе.
Адначасова заўчора быў пераўзыдзены рэкорд кошту і для скульптурных кампазіцый. Зараз ён замацаваўся за працай швейцарца Альберта Джакамеці “Чалавек, які ўказвае пальцам”
— 141,285 млн.
Самы дарагі лот, набыты беларускімі калекцыянерамі, а менавіта “Белгазпрамбанкам” – палатно “Ева” Хаіма Суціна, — каштаваў у 2013 годзе 1,8
млн. долараў.