Пад знакам «Віціса»
У 1920 годзе беларусы дапамаглі літоўцам адстаяць незалежнасць іх краіны. У выніку Першай сусветнай вайны з палітычнай карты свету зніклі імперыі, а на іх абломках пачалі стварацца новыя дзяржавы. Не выключэннем была і Беларусь, жыхары якой паспрабавалі са зброяй у руках абараніць сваю незалежнасць.
Салдаты-беларусы літоўскага войска
За БНР
У 1917 годзе па ініцыятыве Кастуся Езавітава і Сымона Рак-Міхайлоўскага была створана Цэнтральная беларуская вайсковая рада. Ужо 24 лістапада ў Мінску пачаў фарміравацца Беларускі пяхотны полк, які складаўся з трох батальёнаў (усяго каля 350 чалавек). Паступова пад бел-чырвона-белы сцяг пераходзілі і іншыя падраздзяленні былой рускай імператарскай арміі. Напрыклад, ваяваўшы на Румынскім фронце, 4-ты армейскі корпус і 43-я пяхотная дывізія заявілі аб сваёй прыналежнасці да Беларусі. На жаль, гэтыя падраздзяленні так і не здолелі вярнуцца дадому. Хутка пасля гэтага яны былі расфармаваныя нямецкімі і румынскімі акупацыйнымі ўладамі.
Кастусь Езавітаў, крайні справа ў мундзіры літоўскага войска
У студзені-лютым 1918 года Беларускі пяхотны полк прыняў удзел у баявых дзеяннях супраць бальшавікоў, падтрымаўшы Першы польскі корпус пад камандаваннем генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Скарыстаўшыся надыходам нямецкіх войскаў, беларусы абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але, на жаль, абараніць рэспубліку ад захопу не ўдалося, і пасля таго, як кайзераўскія войскі пакінулі Беларусь, краіну акупавалі бальшавікі. Кіраўніцтва Рады БНР, генерал К. Кандратовіч і палкоўнік К. Езавітаў эвакуяваліся ў Вільню.
Пад знакам літоўскай «Пагоні»
Неўзабаве пра сваю незалежнасць заявіла і Літва. Тагачаснае літоўскае кіраўніцтва ўсведамляла, што ў сітуацыі, калі бальшавікі пагражаюць маладой рэспубліцы, дапамога з боку «гудасаў» (так літоўцы называюць беларусаў) была б не залішняй. Ужо ў канцы лістапада 1918 года ў склад Тарыбы (літоўскага ўрада) увайшло шэсць беларускіх дзеячаў. Таксама было сфармавана Міністэрства беларускіх спраў, якое ўзначаліў Язэп Варонка. Нарэшце, у складзе Вайсковага міністэрства Літвы была створана беларуская секцыя.
Начальнік беларускага вайсковага бюро ў Коўна Віталь Казлоў
У старажытнай сталіцы ВКЛ Вільні пачаў фармавацца 1-ы беларускі пяхотны полк. Але бальшавікі не пажадалі змірыцца з незалежнасцю Літвы. У сувязі з наступленнем Чырвонай Арміі літоўскі ўрад эвакуяваўся з Вільна ў Коўна (Каўнас). А чатыры пяхотныя роты, грэнадзёрская каманда і кавалерыйскі эскадрон 1-га беларускага палка перадыслакаваліся ў Гродна. Беларускім камендантам горада быў прызначаны капітан Н. Дзямідаў. 5-я беларуская рота фармавалася ў Коўна. Там жа знаходзілася Беларускае вайсковае бюро пад кіраўніцтвам В. Казлова.
Афіцэры беларускага батальёна, Коўна, 1921 г.
Беларускія часткі, якія знаходзіліся ў Літве, былі апранутыя ў форму літоўскай арміі. Праўда, беларусам дазволілі захаваць некаторыя нацыянальныя асаблівасці. Напрыклад, афіцэрам дазвалялася насіць стужку бел-чырвона-белага колеру, уведзеную яшчэ ў 1917 годзе ў якасці ўзнагароды. Акрамя гэтага, некаторыя беларускія афіцэры выкарыстоўвалі нестатутныя галаўныя ўборы.
Аляксандр Ружанцоў
У лютым 1919 года армія адроджанай польскай дзяржавы пачала наступ на Усход. Усведамляючы безвыходнасць становішча, беларускі кавалерыйскі эскадрон эвакуяваўся на тэрыторыю Літвы. 31 мая 1919 года палякі загадалі камандзіру беларускага палка Антонаву перавесці сваю частку ў раён Слоніма і ўліцца ў склад Войска Польскага. Беларус адмовіўся выканаць гэты загад, і ўжо ўвечары таго ж дня палякі раззброілі беларускі полк. Салдат-каталікоў прызвалі ў Войска Польскае, а праваслаўных без лішняга шуму дэмабілізавалі.
За «ковенскую» Літву
Тыя беларускія падраздзяленні (5-я рота, каменданцкі ўзвод і кавалерыйскі эскадрон), што знаходзіліся ў Літве, падвергнуліся рэарганізацыі. Так, былі сфарміраваны 1-я і 2-я асобныя беларускія роты, а кавалерыстаў перадалі ў распараджэнне 1-га літоўскага ўланскага палка.
Камандзір 1-й беларускай роты Мікалай Яніцкі
Баявым хрышчэннем для беларускіх салдат стаў удзел (у канцы чэрвеня 1919 года) у баях з бальшавікамі ў раёне Дзвінску. 26–28 жніўня 1-я беларуская рота пад камандаваннем маёра Аляксандра Ружанцова праявіла гераізм, за што 25 беларусаў былі ўзнагароджаны літоўскім ордэнам «Крыж Віціса».
Ордэн «Крыж Віціса»
Вось як тыя падзеі пасля апісваў відавочца: «28 жніўня рота правяла паспяховую штыкавую атаку на чырвоных латышоў у раёне Суссекле. Выбіць ворага лабавым ударам было немагчыма. Тады беларускі камандзір Міхайлоўскі паслаў узвод праз лес і рэчку Ілукшту на правы фланг варожай абароны. Прайшоўшы ляснымі сцежкамі, пераправіўшыся праз раку ўброд, беларусы апынуліся ў 40–50 кроках ад бальшавіцкіх акопаў і раптоўнай штыкавой атакай выбілі ворага з іх пазіцый».
З кастрычніка 1919-га ўсе беларускія падраздзяленні былі сканцэнтраваны ў раёне літоўска-польскай дэмаркацыйнай лініі ў раёне Ліепаі. 17 лістапада гэтыя часткі былі зведзены ў Беларускі батальён літоўскай арміі. Да снежня 1919 года ў складзе батальёна было 11 афіцэраў, 3 ваенных чыноўніка і 379 байцоў.
Лейтэнант П.Старк, 1919 г.
У верасні 1920 года батальён быў перадыслацыраваны ў мястэчка Вяліковішкі. Маёр Аляксандр Ружанцоў, характарызуючы гэтую вайсковую адзінку, пісаў: «Сёння склалася такая сітуацыя, што толькі ў Літве захавалася беларуская частка, салдаты якой яшчэ маюць гонар называцца беларусамі, у якой дзейнічае свой статут, мова, звычаі». Сапраўды, ключавым момантам было тое, што беларуская мова адыгрывала важную ролю ў фармаванні нацыянальнай свядомасці беларускіх салдат у Літве. Так, у адным са зваротаў да салдат адзначалася: «Калі ты праваслаўны — не думай, што ты рускі. Калі каталік — не думай, што ты паляк. Ведай, што ты беларус, і гавары ўсюды толькі па-беларуску, таму што гэта твая родная мова, мова тваіх продкаў. Хто саромеецца сваёй роднай мовы, той не сын свайго краю, той раб у чужых і здраднік сваім. Твая мова, народ і краіна не горш за іншыя краіны, народы і мовы».
У лістападзе 1920 года беларусы вызначыліся падчас баёў з польскімі часткамі пад камандаваннем генерала Люцыяна Жалігоўскага. З 15 сакавіка 1920 года беларусы ахоўвалі нейтральную зону на мяжы паміж Літвой і Польшчай. Штаб беларускага батальёна знаходзіўся ў мястэчку Серэнай. Праз два гады, у сакавіку 1923 года, Беларускі батальён быў рэарганізаваны ў роту, якая ў ліпені была расфармаваная.
Камандзір 2-й беларускай асобнай роты А.Ганзэн
Акрамя беларускага батальёна, на тэрыторыі Літвы быў створаны Саюз беларускіх стралкоў, які займаўся фармаваннем партызанскіх атрадаў для барацьбы з палякамі на літоўскай і беларускай тэрыторыі. Ужо зімой 1921–1922 года беларускія партызаны прыступілі да актыўных баявых дзеянняў супраць палякаў. Разам з тым, варта падкрэсліць, што Войску Польскаму ўдалося даволі хутка справіцца са слаба ўзброенымі партызанамі.
Капітан П.Дзегцяроў, лістапад 1919 г.
Неўзабаве ў барацьбу за беларусаў, якія знаходзіліся ў Літве, уключыліся бальшавікі. Савецкага паўпрэдства стала весці прытоеную агітацыю сярод беларускіх вайскоўцаў, што знаходзіліся ў Літве, з мэтай схіліць іх да вяртання ў БССР. У траўні 1923 года атрад з 60 беларускіх вайскоўцаў літоўскай арміі пакінуў сваё размяшчэнне ў раёне Мерачы і праз польскую тэрыторыю накіраваўся ў Беларусь. Падчас руху беларусам некалькі разоў прыйшлося ўступаць у бой з палякамі, але атрад усё ж прабіўся на радзіму.
Гэты інцыдэнт прымусіў літоўскі ўрад канчаткова адмовіцца ад беларускіх вайсковых фарміраванняў. Неўзабаве ўсе беларускія часткі былі расфармаваныя. У 1924 годзе Коўна пакінула і Рада БНР.
Афіцэр літоўскага войска, 1920 г.
...Але літоўцы захавалі памяць пра беларусаў, якія абаранілі незалежнасць Літоўскай рэспублікі. У сховішчах Музея Вітаўта Вялікага ў Коўне да сённяшняга дня захоўваюцца фатаграфіі і асабістыя рэчы многіх салдат і афіцэраў беларускага батальёна. На жаль, у літоўскіх архівах не захаваліся асабістыя справы беларускіх салдат і афіцэраў літоўскай арміі. «Пастараліся» савецкія ўлады. Літоўскі бок зацікаўлены ў аднаўленні біяграфічных звестак беларусаў, якія ваявалі на баку Літвы ў 1920 годзе. Думаю, што тут ёсць праца і для беларускіх даследчыкаў. Імёны тых, хто стаяў ля пачаткаў беларускай вайсковай справы ў ХХ стагоддзі, павінны быць вернуты з небыцця.