Памяць у сэрцах і ў граніце

22 сакавіка 2009 года споўнілася 145 год з дня трагічнай смерці Канстанціна Вікенція Каліноўскага, беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, публіцыста, паэта, беларускага кіраўніка вызваленчага паўстання 1863–1864 гадоў, якое пракацілася па захопленых Расійскай Імперыяй землях Польшчы, Беларусі і Літвы.



5a4b25aaed25c2ee1b74de72dc03c14e.png

22 сакавіка 2009 года споўнілася 145 год з дня трагічнай смерці Канстанціна Вікенція Каліноўскага, беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, публіцыста, паэта, беларускага кіраўніка вызваленчага паўстання 1863–1864 гадоў, якое пракацілася па захопленых Расійскай Імперыяй землях Польшчы, Беларусі і Літвы.
Як сучасныя беларусы ставяцца да гэтага гучнага імя? Ці можна казаць, што асоба змагара за свабоду, увасобіўшыся ў назвах вуліц, шматлікіх творах мастацтва, увайшоўшы ў падручнікі гісторыі, зрабілася хрэстаматыйна станоўчай у свядомасці кожнага нашага грамадзяніна? Відаць, адказ на гэтыя пытанні належыць яшчэ будучыні, паколькі праблемы, якія Кастусь закранаў у сваёй «Мужыцкай праўдзе», адным з першых беларускіх перыёдыкаў («Гутарка двух суседаў» у вершах, апярэджвае «Праўду» на год) у 1862–1863 гадах, яшчэ застаюцца актуальнымі.
Зрэшты, як надзённай застаецца і мемарыялізацыя месца пакарання Каліноўскага на Лукішскім пляцы ў Вільні, пра што днямі паважаны прафесар Адам Мальдзіс пытаўся на «круглым стале» навукоўцаў і дыпламатаў «Тысячагоддзе Літвы. Літва і Беларусь — разам цягам 1000 год» у Літоўскай амбасадзе ў Мінску. Адказ з літоўскага боку быў наступны: плошча зараз падлягае рэканструкцыі, будучыня пакажа.
Ці адбудзецца ўзвядзенне помніка беларускаму паўстанцу ў Вільні, у значнай ступені залежыць ад яго суайчыннікаў, публічнае прызнанне якімі Каліноўскага сваім нацыянальным героем адбылося не адразу. Толькі ў 1916 годзе Вацлаў Ластоўскі ў артыкуле «Памяці справядлівага» (газета «Homon», № 66) упершыню акрэсліў Каліноўскага як беларускага нацыянальнага дзеяча. Да Ластоўскага далучыліся ўжо літаратары ў БССР, а за межамі Савецкай Беларусі — Адам Станкевіч. Перад тым, пра што даводзіў у публікацыі часопіса «Спадчына» (№ 2, 1998) гісторык Алесь Смалянчук, пра Каліноўскага пісалі больш палякі, разглядаючы яго постаць «як польскага паўстанца, які змагаўся на тэрыторыі Беларуска-Літоўскага краю, і хіба што ўлічваў спецыфіку рэгіёна».
Асабліва выразна імкнуліся да гэтага сучаснікі і ўдзельнікі паўстання на польскім баку, у штабе ў Варшаве, дзе ўлетку 1863 года па-беларуску надрукавалі падпісаную як быццам Каліноўскім, «Яськам-гаспадаром з-пад Вільні», улётку «Пісьмо да мужыкоў зямлі Польскай». Як даводзяць даследчыкі і самі словы арыгінальных твораў Каліноўскага, сказаць, «што жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі з векаў вечных» — беларускі паўстанец не мог. Нават улічваючы, што з польскімі паплечнікамі яго яднала агульная барацьба супраць расійскага царызму.
Але аднадумцам беларускіх паўстанцаў з польскага боку, напрыклад, А. Гілеру са штабу ў Варшаве, варта быць удзячнымі таму, што ён захаваў, вывез на эміграцыю і ўжо ў 1860-я гады надрукаваў дакументы і ўспаміны і пра герояў 1863 года на Беларусі. У яго чатырохтомнай працы «Historia powstania narodu polskiego» (Парыж, 1867–1871) Кастусь Каліноўскі — сапраўдны нязломны змагар і патрыёт. Праўда, Рэчы Паспалітай.
Якое ж месца Каліноўскага ў беларускай гісторыі і сучаснасці? На гэта пытанне цікава адказаў гісторык Андрэй Вашкевіч, аналізуючы ў часопісе «ARCHE» (№7–8, 2008) публікацыю А. Гронскага з афіцыёзнага перыёдыка «Беларуская думка». Спроба апошняга паказаць Каліноўскага рэвалюцыянерам-фанатыкам, які пры гэтым выкарыстоўваў антыпрыгонніцкія, сялянскія матывы выключна ў дэмагагічных матах, і ды яшчэ быў свядомым палякам — не больш чым імкненне «вываду яго асобы з кантэксту беларускай нацыянальнай ідэі і дзяржаўнасці». Імкненне двойчы недарэчнае і прыкрае, таму што выказваецца на старонках дзяржаўнага часопіса і цалкам супярэчыць гістарычным фактам.
Паходжаннем з малазямельнай шляхты, сын уладальніка фальварка Якушоўка паблізу Свіслачы Ваўкавыскага павету, скончыўшы ў 1860 годзе Пецярбургскі універсітэт і атрымаўшы напачатку 1861-га ступень кандыдата права, Каліноўскі вярнуўся са сталіцы імперыі ў Беларусь. Да пачатку беларускага нацыянальнага адраджэння было яшчэ далёка, гэта толькі ў 1897 годзе, падчас агульнарасійскага перапісу, беларусамі прызнае сябе 43 працэнта дваран, а роднай мовай беларускую назавуць 60 працэнтаў настаўнікаў.
Каліноўскі зразумеў драпежніцкі характар вызвалення сялян паводле рэформы 1861 года, якая не толькі не пазбаўляла іх ад землеўласнікаў, але і дадаткова падпарадкоўвала дзяржаве, што крэдытавала выкуп. І першы ў сваім асяроддзі стаў на бок запрыгоненага люду, звярнуўшыся да яго на народнай мове, апелюючы катэгорыямі грамадзянскай і рэлігійнай свабоды, вяршэнства права. Палажэннямі, якія абвяшчалі магчымасць станаўлення шматсаслоўнай дзяржавы, з’яднанай ідэяй нацыянальнай незалежнасці і правапарадку: «найдуцца людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, што хочуць вашай свабоды» (першая «Мужыцкая праўда»).
Магчыма, у яго матывацыях было болей рамантызму, чым прыземленага прагматызму. Жаданне змагацца вяло яго ад удзелу ў Камітэце руху, штабе па падрыхтоўцы рэвалюцыйнага выступлення восенню 1861-га, да кіравання паўстаннем на Літве ў якасці «дыктатара» ўжо ў апошні месяц — у жніўні 1863 года. Трохі болей за паўгады адкрытага супраціву, пасля закліку да збройнай барацьбы 1 лютага 1863 года. Яшчэ паўгады да арышту 9 лютага 1864-га і пакарання смерцю 22 сакавіка.
Што ж так непакоіць у постаці Каліноўскага беларускі афіцыёз да сёння? Ці не адзін з самых вядомых яго тэзісаў, выказаных у чацвёртым выпуску «Мужыцкай праўды»: «Не народ зроблены для ронду, а ронд для народу»? Ці не таму ў Беларусі дагэтуль гвалтам зачыняюцца храмы, — то праваслаўныя аўтакефальныя, то уніяцкія, то пратэстанцкія — што яго ідэя пазбаўлення ад «маскоўскай няволі», ад яе спадчыны — камандна-адміністрацыйнага ладу кіравання, ад гвалту з аўтаноміі рэлігійнага жыцця (Каліноўскі апеляваў да зліквідаванай Масквой уніі) дагэтуль не ўвасобілася да канца?
Таму, заняўшы сваё месца ў беларускай нацыянальнай гераічнай паэтыцы, сваё рэальнае месца ў манументах на плошчах і вуліцах, свой неаспрэчны раздзел у падручніках гісторыі, Каліноўскі атрымае, хіба толькі ў дэмакратычнай беларускай дзяржаве. Магчыма, тады можна будзе вярнуцца і да размовы пра помнік на Лукішках.