Перапісаныя біяграфіі. Як у СССР мянялі факты з жыцця партнаменклатуры

Пасля таго як Марына Васілеўская стала ўдзельніцай касмічнага палёту, улады пачалі хаваць пэўныя падрабязнасці яе біяграфіі (напрыклад, дзе менавіта яна атрымлівала вышэйшую адукацыю і на каго наогул вучылася). Так рабілі яшчэ ў СССР: пастаянна перапісвалі не толькі гісторыю, але і факты біяграфіі вядомых людзей. Люстэрка сабрала самыя характэрныя прыклады.

Ілюстрацыйная выява. Фота Аляксандра Лібертада

Ілюстрацыйная выява. Фота Аляксандра Лібертада

Можна быць толькі рускім — і нікім іншым

Савецкі Саюз быў шматнацыянальнай краінай, але ў рэальнасці даміноўнай нацыяй у ім былі рускія. Гэта асабліва ярка праявілася на прыкладзе нацыянальнасці яго правадыроў. Уладзімір Ленін, Георгій Малянкоў, Мікіта Хрушчоў, Канстанцін Чарненка і Міхаіл Гарбачоў былі рускімі. А вось нацыянальнасць трох іншых правадыроў альбо наогул хавалася, альбо проста лішні раз не згадвалася.

Іосіф Сталін. Фота: German Federal Archive

Іосіф Сталін. Фота: German Federal Archive

Найскладаней было з Іосіфам Сталіным, што нарадзіўся ў Грузіі. Яго нацыянальнасць і моцны акцэнт не давалі ніякай магчымасці залічыць гэтага чалавека да рускіх. Але рашэнне было знойдзенае. У даваенных фільмах Сталіна граў грузінскі актор Міхаіл Гелавані, які гаварыў з акцэнтам. Але пасля Другой сусветнай савецкі правадыр вырашыў, што падкрэсліваць яго грузінскае паходжанне недарэчна — і вырашыў стаць «сапраўдным рускім». З 1949 года ў кіно савецкага правадыра граў рускі актор Аляксей Дзікі, які гаварыў ужо без усялякага акцэнту.

Ды і ў цэлым дыктатар ніяк не падкрэсліваў свайго паходжання і амаль не карыстаўся грузінскай мовай у побыце (толькі пісаў на ёй лісты сваёй маці і зрэдку мог гаварыць па-грузінску са сваім паплечнікам Лаўрэнціем Берыяй, які таксама быў родам з Грузіі). Нездарма сын Сталіна Васіль сказаў аднойчы «па сакрэце» сваёй сястры Святлане: «А ведаеш, наш бацька раней быў грузінам».

Два іншыя правадыры вырашылі праблему прасцей. Леанід Брэжнеў нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Каменскае (цяпер гэта горад, за савецкім часам ён называўся Днепрадзяржынск). Гэта тэрыторыя Украіны, Днепрапятроўская вобласць. Але ў дакументах сустракаюцца два варыянты нацыянальнасці гэтага палітыка. Мяркуючы з усяго, першапачаткова ён фігураваў у іх як украінец, паводле месца нараджэння (пасведчанне пра яго нараджэнне не захавалася — пра гэта ніжэй).

У 1928-м Брэжнева перавялі з тэрыторыі Украіны ў Расію, на Урал, дзе ён працаваў наступныя два гады. У прыпіснай кніжцы прызыўніка, датаванай гэтым годам, ён ужо фігуруе як рускі. Ва ўліковай картцы — яе завялі ў 1929-м, калі Брэжнеў стаў сябрам партыі, — таксама стаіць гэтая нацыянальнасць. Што да роднай мовы, то слова «ўкраінская» ў дакуменце перакрэсленае і замененае на «руская». Але потым будучы генеральны сакратар вярнуўся ў родную рэспубліку. І зноў пачаў запісваць сябе ўкраінцам. Напрыклад, ва ўзнагародным лісце і асабістым лістку па ўліку кадраў падчас вайны.

Разварот пашпарта Леаніда Брэжнева 1947 года. Выява: sovsekretno.ru, commons.wikimedia.org

Разварот пашпарта Леаніда Брэжнева 1947 года. Выява: sovsekretno.ru, commons.wikimedia.org

Але галоўнае, што менавіта гэтая, украінская, нацыянальнасць фігуруе ў пашпарце, выдадзеным у 1947 годзе. Тады Брэжнеў ужо быў першым сакратаром Запарожскага абкама партыі. Пры жаданні партыйны чыноўнік такога рангу мог напісаць у дакуменце любую нацыянальнасць, якую б захацеў, але ён палічыў за лепшае застацца ўкраінцам. А вось перабраўшыся ў Маскву, дзе пачалося яго ўзыходжанне да найвышэйшай пасады ў краіне, зноў ператварыўся ў рускага. У гады яго кіравання пра ўкраінскую нацыянальнасць наогул нічога не гаварылася.

А вось Юрый Андропаў, які змяніў Брэжнева на пасадзе кіраўніка СССР, зрабіў прасцей: ён наогул закрыў інфармацыю па гэтым пытанні. Зразумела, у гады кіравання, а таксама калі ён узначальваў КДБ, ні слова не гаварылася, што ягоная маці Яўгенія Флекенштэйн, хутчэй за ўсё, была габрэйкай (чаму хутчэй за ўсё, раскажам ніжэй). З сучаснага пункту гледжання гэта можа выглядаць дзіўна, але ў СССР у трэндзе быў антысемітызм, таму такія факты хаваліся. З гэтай самай прычыны ў Савецкім Саюзе замоўчвалі факт, што Ізраіль Бланк — дзед Уладзіміра Леніна па матчынай лініі — таксама быў габрэем, які прыняў хрысціянства.

Лідары з сумнеўным мінулым

Нацыянальнасць была не адзіным момантам, які многім даводзілася хаваць за савецкім часам. Некаторыя партыйцы былі замяшаныя ў вельмі цёмных справах, якія відавочна не ўпрыгожылі б іх афіцыйных біяграфій.

Аж да перабудовы, якая адкрыла архівы, Іосіф Сталін (напрыклад, у «Кароткім курсе гісторыі ВКП (б)») паказваўся як класічны рэвалюцыянер. Вядома, ні слова не гаварылася пра яго злачыннае мінулае: у прыватнасці, удзел у рабаванні банка ў Тыфлісе (сучасным Тбілісі). У чэрвені 1907 года ўдзельнікі баявой групы мясцовай арганізацыі РСДРП (бальшавікоў), якую ўзначальваў рэвалюцыянер з мянушкай Камо, атакавалі два экіпажы, на якіх перавозілі грошы для мясцовага аддзялення Дзяржбанка. Баевікі кінулі некалькі бомбаў, забілі трох канвойных казакоў і двух гарадавых. У выніку рабавання была скрадзеная 241 тысяча рублёў (сучасны эквівалент больш чым 5 млн даляраў).

Камо. Фота: imyerevan.com, commons.wikimedia.org

Камо. Фота: imyerevan.com, commons.wikimedia.org

Гэта было парушэнне загадаў партыі. На праведзеным незадоўга да гэтага V з’ездзе РСДРП (прайшоў у красавіку — траўні таго ж года) вырашылі прынцыпова адмовіцца ад такіх экспрапрыяцый грошай. Пра гэта быў прыняты спецыяльны дакумент, паводле якога ўсе баявыя дружыны і групы, што займаліся такімі справамі, распускаліся. Тады партыя яшчэ была фармальна адзінай, але ў ёй існавалі групы меншавікоў і бальшавікоў. Апошнія захавалі некаторыя баявыя дружыны і працягвалі праводзіць экспрапрыяцыі ў абыход рашэнняў з’езда. Гэтай працай кіраваў спецыяльна створаны для канспірацыйных справаў «Бальшавіцкі цэнтр», які ўзначальвалі Уладзімір Ленін, Леанід Красін і Аляксандр Багданаў. Адна з такіх групаў і здзейсніла напад.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, якую ролю Сталін адыграў у тых падзеях. Існуе некалькі версій: што ён сам удзельнічаў у нападзе і быў паранены аскепкам бомбы ці што толькі назіраў за аперацыяй здалёк. Але ведаючы пра фізічныя недахопы будучага савецкага дыктатара (сухая левая рука, два зрослыя пальцы на левай назе, кульгавасць), можна паверыць, што ён не захацеў браць у рукі зброю.

У любым выпадку важнейшая яго роля ў гэтай справе. Як пісала ў сваіх мемуарах былая сяброўка РСДРП Таццяна Вуліх, якая эмігравала з Расіі ў пачатку 1920-х, менавіта Сталін быў «вярхоўным кіраўніком баявой арганізацыі»: «Асабіста ён не браў ніякага ўдзелу ў прадпрыемствах, але нічога без яго не рабілася». Ведаючы манеру паводзін савецкага дыктатара ў будучыні, яго паказную сціпласць і жаданне заставацца ў цені, пры гэтым пакідаючы апошняе слова за сабой, такой ацэнцы можна верыць.

Помнік Леніну ў Мінску

Помнік Леніну ў Мінску

Дарэчы, аперацыя Камо і ахвяры, звязаныя з ёй, шмат у чым аказаліся бессэнсоўнымі. 100 тысяч рублёў (з 241 тысячы) былі ў буйных 500-рублёвых купюрах. Паліцыя апублікавала іх нумары ў прэсе і перадала за мяжу. Цягам 1908 года ў розных канцах Еўропы падчас спробы абмяняць білеты Дзяржбанка Расійскай імперыі, якія расшуквалі, былі арыштаваныя шэсць чалавек. Чатырох з іх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці згодна з заканадаўствам тых дзяржаваў, на тэрыторыі якіх яны знаходзіліся. Дваіх выслалі за межы краіны (Францыі). З астатніх грошай група Камо пакінула сабе 23 тысячы на падрыхтоўку новых актаў, а 118 тысяч пайшло «на агульнапартыйныя справы». Але калі баевікі засталіся без сродкаў існавання, дзяліцца з імі Ленін не стаў.

Кіраўнік КДБ па мянушцы Ювелір

«Па нацыянальнасці я рускі, па паходжанні — карэнны пралетарый, патомны металург», — сцвярджаў Брэжнеў у мемуарах (насамрэч напісаных за яго некалькімі журналістамі). Але гэта хлусня. У 1915-м, за два гады да рэвалюцыі, будучага генеральнага сакратара прынялі ў нулявы клас класічнай гімназіі, дзе вучыліся толькі дзеці чыноўнікаў і заводскай адміністрацыі. Дзеці рабочых туды трапіць не маглі. Ужо пазней высветлілася, што насамрэч бацька Брэжнева працаваў тэхнічным супрацоўнікам на металургічным заводзе, то-бок быў чалавекам адукаваным. Але гэты факт за савецкім часам хаваўся.

Леанід Брэжнеў (справа) у ГДР у 1971 годзе. Фота: German Federal Archive

Леанід Брэжнеў (справа) у ГДР у 1971 годзе. Фота: German Federal Archive

Таксама за савецкім часам былі забраныя ўсе метрыкі Днепрадзяржынскага архіва пасля 1905 года, таму пасведчання пра нараджэнне будучага генеральнага сакратара там няма. Зніклі і іншыя матэрыялы са справы Брэжнева. Мяркуюць, што прычынай быў факт яго хрышчэння ў дзяцінстве, чаго не вітала новая ўлада. Гэта ішло насуперак тагачаснай палітыцы атэізму.

Але яшчэ больш галавакружная гісторыя звязаная з Юрыем Андропавым. Паводле афіцыйных звестак, якія прыводзяцца ў любой энцыклапедыі, будучы генеральны сакратар нарадзіўся ў 1914 годзе на станцыі Нагуцкая Стаўрапольскай губерні. Яго бацька нібыта паходзіў з данскіх казакоў, служыў начальнікам станцыі і памёр у 1919 годзе ад сыпнога тыфу. Аднак інфармацыя пра маці Андропава ўпершыню з’яўляецца ў штогадовым маскоўскім «Алфавитном указателе адресов жителей гор. Москвы» ў 1913 годзе, калі яна пачала выкладаць у адной з мясцовых жаночых гімназій. Аналагічныя запісы ў штогодніку ёсць за 1914 і за 1915 гады. Даследчыкі мяркуюць, што Андропаў насамрэч нарадзіўся ў Маскве. Тым больш што паводле дзіўнага збегу абставін у архівах не захавалася ўліковых запісаў за 1914 год пра немаўлят, якія з’явіліся на свет у раёне Вялікай Лубянкі, дзе жылі яго родныя.

Андропаў сцвярджаў, што яго маці «нарадзілася ў сям'і прачкі (або пакаёўкі), бацькі яна не ведае» і пасля смерці сваёй маці «была ўзятая на выхаванне ў сям’ю Флекенштэйн». Даследчыкі ж лічаць, што, магчыма, яна была не падкінутай сіроткай, а роднай дачкой. Галаву сям'і, якая нібыта прыняла дзяўчынку, Андропаў называў у адной з аўтабіяграфій «гадзіннікавых справаў майстрам». Насамрэч чалавек з прозвішчам Флекенштэйн валодаў крамай «Ювелирные вещи» на Вялікай Лубянцы, таму пазней Андропава на той жа Лубянцы, дзе знаходзіўся будынак КДБ, за спінай называлі Ювелірам.

Злева направа: Юрый Андропаў, Эрык Хонэкер і Леанід Брэжнеў. 1967 г. Фота: Бундэсархіў

Злева направа: Юрый Андропаў, Эрык Хонэкер і Леанід Брэжнеў. 1967 г. Фота: Бундэсархіў

Супаставіўшы шэраг нестыковак (напрыклад, у розных анкетах і аўтабіяграфіях Андропава можна знайсці пяць розных датаў смерці маці — значыць, яму было што хаваць), даследчыкі лічаць, што родны бацька Андропава не меў ніякага дачынення да казакоў. Ён альбо пакінуў сям’ю (існуе дапушчэнне, што ён загінуў на фронце падчас Першай сусветнай вайны), альбо проста памёр у Маскве. Будучы генеральны сакратар разам з мамай увесь гэты час мог жыць у гэтым горадзе — хутчэй за ўсё, аж да лютага 1917 года. Потым маці змагла паўторна выйсці замуж, з’ехаўшы на ўскраіну імперыі, што дало пасля магчымасць выправіць сваю біяграфію, а заадно месца нараджэння і прозвішча сына. Ні габрэйскае паходжанне, ні прыналежнасць продкаў да гандляроў дакладна не дапамаглі б Андропаву ў яго будучай кар’еры.

Расказаныя вышэй абставіны — гэта гіпотэза. Але існуюць і канкрэтныя факты, якія адносяцца, праўда, да трохі іншага сюжэту з біяграфіі будучага генеральнага сакратара.

Так, пасведчанне пра нараджэнне Андропава не захавалася. Першыя дакументы пра яго датаваныя пачаткам 1930-х гадоў. Першы з іх — выпісанае ў чэрвені 1931 года пасведчанне, дзе сказана, што «предъявитель сего Андропов Григорий Владимирович <…> обучался с 1923 года по 1931 год в Моздокской фабрично-заводской семилетке и окончил полный курс в 1931 году». 17-м сакавіка 1932 года датаваная копія пасведчання пра нараджэнне, дзе ён названы ўжо «Юрием-Григорием». А 22 сакавіка, праз пяць дзён, будучы генеральны сакратар напісаў заяву пра прыём у рачны тэхнікум у горадзе Рыбінску і падпісаўся «Андропаў Юрый».

Юрый Андропаў. Фота: commons.wikimedia.org

Юрый Андропаў. Фота: commons.wikimedia.org

Адкуль такая блытаніна? Паводле адной версіі, у дакументах ён быў Грыгорыем, але ў сям'і яго звалі Юрам. Хлопчык прывык да гэтага імені і пазней афіцыйна прыняў яго. Паводле іншай, паколькі насамрэч будучы генеральны сакратар, імаверна, быў нашчадкам нямецкага габрэя, яму па заходнееўрапейскай традыцыі далі два імені, а ўжо потым Андропаў спыніўся на адным з іх.

На думку даследчыкаў яго мінулага, Андропаў «не был таким наивным, как потом, очевидно, хотел казаться» і «далеко уехал от много знавших о нем родных, друзей и знакомых только потому, что принял хорошо обдуманное решение раз и навсегда порвать со всеми, кто мог бы скомпрометировать его своим „буржуазным“ прошлым и тем самым заказать ему „светлый путь“ в советское номенклатурное будущее. По сути это была решительная попытка рано повзрослевшего молодого человека экзистенциально дистанцироваться <…> от „непролетарского“ происхождения матери». Мяркуючы з далейшага лёсу Андропава, у яго гэта добра атрымалася.

Імітацыя расстрэлу і зламаная сківіца, якая праз гады прывяла да смерці

Калі б улады даведаліся пра рэальныя факты біяграфіі Андропава, яму цалкам мог пагражаць не проста крах кар’еры, але і рэпрэсіі — неад’емны складнік савецкага рэжыму, пік якіх прыпаў на сталінскую эпоху.

Адной з іх ахвяр стаў знакаміты савецкі палкаводзец Канстанцін Ракасоўскі. У біяграфіі гэтага военачальніка, якая за савецкім часам выйшла ў папулярнай серыі ЖЗЛ («Жизнь замечательных людей»), сцвярджалася: «К сожалению, в августе 1937 года плодотворная деятельность Рокоссовского была прервана: став жертвой клеветы, он был арестован. Решительно, с негодованием отверг Рокоссовский предъявленные ему нелепые обвинения в связях с польской и японской разведками. Это были очень трудные для него дни, недели, месяцы, годы. Однако справедливость была восстановлена, твердость возымела действие: в марте 1940 года „дело“ Рокоссовского была прекращено, его полностью восстановили в правах».

Маршал Канстанцін Ракасоўскі (злева), які камандуе парадам Перамогі ў чэрвені 1945 года ў Маскве, дакладвае маршалу Георгію Жукаву, які прымае парад. Фота: Mil.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Маршал Канстанцін Ракасоўскі (злева), які камандуе парадам Перамогі ў чэрвені 1945 года ў Маскве, дакладвае маршалу Георгію Жукаву, які прымае парад. Фота: Mil.ru, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Падзеі трох гадоў змясціліся ў некалькіх сказах. Насамрэч жа, спрабуючы атрымаць прызнальныя паказанні ці данос на таварышаў па службе, энкавэдэшнікі выбілі Ракасоўскаму дзевяць зубоў, пашкодзілі вока, зламалі малатком пальцы ног. Военачальніка білі па спіне шомпаламі (стрыжнямі для чысткі і змазкі зброі) і некалькі разоў імітавалі яго расстрэл з дапамогай халастых стрэлаў.

Але прынамсі пра рэпрэсіі ў дачыненні да Ракасоўскага згадвалі мімаходзь. А вось аналагічныя дзеянні што да іншых людзей часта заставаліся таямніцай. Напрыклад, так было ў выпадку з Сяргеем Каралёвым, які ўвайшоў у гісторыю як канструктар, што адправіў Юрыя Гагарына ў космас. За савецкім часам нічога не гаварылася пра тое, што ў чэрвені 1938-га яго арыштавалі, збівалі і падвяргалі псіхалагічнаму гвалту. Паводле дачкі, бацька нават прызнаў «віну», калі яму сказалі: «Если ты сегодня не подпишешь, то завтра будет арестована твоя жена, а твоя дочь будет отправлена в детский дом». И тогда он во имя спасения семьи подписал признательные показания и решил, что на суде он будет все отрицать. <…> Но на суде отцу не дали сказать ни одного слова, суд удалился на совещание, которое проходило всего несколько минут, и тут же зачитали обвинительный приговор: 10 лет исправительных трудовых лагерей".

Каралёў трапіў на Калыму і захварэў там на цынгу. Знаёмы, які ўбачыў яго (і словы якога цытуе дачка) расказваў, што будучы генеральны канструктар «увесь быў пакрыты струпамі, у яго выпалі ўсе зубы, ён не мог хадзіць». Яшчэ трохі — і ён бы адправіўся на той свет. Гэты знаёмы, былы дырэктар завода і баксёр, прымусіў даць Каралёву дадатковую пайку, таго перавялі ў медчастку. «Медсёстры прыносілі туды сырую бульбу, моркву і націралі імі дзясны хворых на цынгу, запарвалі адвар з шышак, больш нічога было. У выніку бацька паправіўся», — успамінала дачка.

Сяргей Каралёў. Фота: energia.ru, ru.wikipedia.org

Сяргей Каралёў. Фота: energia.ru, ru.wikipedia.org

Дзякуючы клопатам родных Каралёва выклікалі ў Маскву на новае следства. У чэрвені 1940 года тэрмін скарацілі да васьмі гадоў, але будучага знакамітага канструктара зноў мусілі адправіць у лагеры. Аднак хадайніцтвы сям'і, а таксама знакамітых лётчыкаў Міхаіла Громава і Валянціны Грызадубавай (першы з іх напісаў ліст Лаўрэнцію Берыі) адыгралі сваю ролю: Каралёва адправілі ў «шарашку». Так называліся спецыяльныя канструктарскія бюро, дзе рэпрэсаваныя навукоўцы, канструктары і інжынеры, якія лічыліся «ворагамі народа», распрацоўвалі новыя ўзоры тэхнікі — галоўным чынам ваеннай.

Стварыць такія ўстановы — дакладней, аднавіць (яны існавалі да 1934 года) — прапанаваў знакаміты канструктар Андрэй Тупалеў, які сам сядзеў у засценках па сфабрыкаваных абвінавачаннях. Ён напісаў ліст кіраўніку НКУС Мікалаю Яжову (папярэдніку Берыі) і заявіў, што можа распрацаваць два новыя тыпы самалётаў. Для гэтага Тупалеў прапаноўваў выкарыстоўваць арыштаваных спецыялістаў. Спецслужбы пагадзіліся: у выніку ў «шарашках» працаваў цвет савецкай навукі.

Бюсты Сяргея Каралёва і Юрыя Гагарына ва ўкраінскім Сімферопалі. Фота: Георгій Далгопскі, CC BY-SA 4.0, ru.wikipedia.org

Бюсты Сяргея Каралёва і Юрыя Гагарына ва ўкраінскім Сімферопалі. Фота: Георгій Далгопскі, CC BY-SA 4.0, ru.wikipedia.org

У 1944-м Каралёва вызвалілі, але рэабілітавалі нашмат пазней за смерць Сталіна, у 1957-м — акурат у тым годзе пад яго кіраўніцтвам на калязямную арбіту быў запушчаны першы ў гісторыі чалавецтва штучны спадарожнік Зямлі. Атрымліваецца, над яго стварэннем генеральны канструктар працаваў у статусе нерэабілітаванага.

Але лагернае мінулае дагнала Сяргея Каралёва праз гады. Паводле дачкі, у зняволенні яму зламалі сківіцы. «Таму падчас аперацыі тры дасведчаныя анестэзіёлагі не змаглі ўвесці яму інтубацыйную трубку ў трахею. Хірургі зрабілі сваю справу, але восем гадзін знаходзіцца пад масачным наркозам хвораму з мігальнай арытміяй, вядома, было немагчыма. І сэрца яго не вытрымала», — лічыла яна.

Читать полностью: https://news.zerkalo.io/cellar/66169.html?c