Подых пераменаў: выбары–1989
Выбары народных дэпутатаў СССР 26 сакавіка 1989 года паклалі пачатак канца савецкай выбарчай сістэмы. Яны сведчылі пра аб’ектыўны запыт пэўнай часткі беларускага савецкага грамадства на альтэрнатыву і неабходнасць пераменаў.
Правілы
гульні
Выбары народных дэпутатаў СССР павінны былі адбыцца паводле рашэння XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі (28 чэрвеня — 1 ліпеня 1988 года): меркавалася істотна дэмакратызаваць выбарчы працэс шляхам забеспячэння «широкого обсуждения кандидатур», уключэння ў бюлетэні «большего числа кандидатов, чем имеется мандатов».
Адпаведны закон аб выбарах народных дэпутатаў СССР быў зацверджаны 1 снежня 1988 года. Нягледзячы на відавочныя плюсы (гарантыя правоў грамадзянаў на выбар, альтэрнатыву), у законе былі нормы, якія дыскрэдытавалі ідэю свабодных выбараў.
Па-першае, гэта наяўнасць штучнага дэпутацкага прадстаўніцтва ад грамадскіх арганізацый. Іх прадстаўнікі абіраліся на адпаведных пленумах, а таму аніякай перадвыбарчай барацьбы не вялі. Квота дэпутатаў БССР ад грамадскіх арганізацый была 31 чалавек.
Па-другое, быў уведзены «акруговы перадвыбарчы сход», які прымаў канчатковае рашэнне пра рэгістрацыю таго ці іншага кандыдата ў адпаведнай выбарчай камісіі. Праціўнікі сходу адразу заявілі пра яго палітычны падтэкст — і мелі рацыю. Акруговы перадвыбарчы сход выкарыстоўваўся, па вялікім рахунку, для пазбаўлення ад «нязручных» кандыдатаў.
Для правядзення выбараў у Беларускай ССР ствараліся 60 выбарчых акругаў: 28 тэрытарыяльных і 32 нацыянальна-тэрытарыяльных. Калі колькасць тэрытарыяльных акругаў фармавалася ў залежнасці ад колькасці насельніцтва, дык лічба нацыянальна-тэрытарыяльных акругаў была прапісана канкрэтна. Рэгістрацыя кандыдатаў пачыналася за два месяцы і заканчвалася за месяц да пачатку выбараў.
Напярэдадні выбараў БССР уяўляла сабой адну з самых кансерватыўных рэспублік СССР. Дэмакратычныя працэсы адбываліся тут марудна і хваравіта — у адрозненне, напрыклад, ад Расіі, Украіны, Малдавіі і Прыбалтыкі. Гэта дало падставу Алесю Адамовічу назваць БССР «Вандэяй перабудовы».
За некалькі месяцаў да выбараў БССР перажыла сапраўдны палітычны крызіс, які быў звязаны з брутальным разгонам 30 кастрычніка 1988 года мітынгу ў Дзень памяці продкаў «Дзяды». Выкарыстанне супраць дэманстрантаў спецсродкаў выклікала непаразуменне і на агульнасаюзным узроўні.
Расстаноўка сіл
Перадвыбарчая кампанія абумовіла своеасаблівую расстаноўку палітычных сіл у рэспубліцы. Гэтыя сілы можна ўмоўна падзяліць на дзве лініі. Першая была прадстаўлена Прэзідыумам Вярхоўнага Савета, Саветам Міністраў і ЦК КПБ. Другую ўвасабляла альтэрнатыўная плынь, у тым ліку так званыя «нефармалы», якія кансалідаваліся вакол Аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту (БНФ) за перабудову «Адраджэнне» на чале са старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН БССР, кандыдатам мастацтвазнаўства Зянонам Пазьняком.
Падчас перадвыбарчай кампаніі Аргкамітэт па стварэнні БНФ актыўна падтрымліваў тых, хто выказаў сваю прыхільнасць дэмакратычным і нацыянальным каштоўнасцям. Пры актыўнай падтрымцы Аргкамітэта перадвыбарчую кампанію паспяхова правялі прарэктар БДУ, будучы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання Станіслаў Шушкевіч, следчы па асабліва важных справах пры Пракуратуры БССР, будучы першы генеральны пракурор незалежнай Беларусі Мікалай Ігнатовіч, прафесар Рэспубліканскага міжгаліновага інстытута павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў, доктар эканамічных навук Аляксандр Жураўлёў. Апошні быў адным з аўтараў эканамічнай праграмы БНФ.
У студзені 1989 года Аргкамітэт распаўсюдзіў свае «Пятнаццаць пунктаў», якімі павінны былі кіравацца кандыдаты ад БНФ. «Пункты» тычыліся самых набалелых пытанняў: Чарнобыля і экалогіі, эканомікі, рэфармавання СССР, сталіншчыны і іншага.
Аргкамітэт таксама абвясціў сябе рухам дзеяння. 19 лютага 1989 года на сталічным стадыёне «Дынама» сабраліся каля 35 тысяч чалавек — у асноўным паплечнікаў БНФ. На мітынгу былі прыняты дзве даволі радыкальныя рэзалюцыі. Першая тычылася выбарчай сістэмы і патрабавала ануляваць выбары з удзелам аднаго кандыдата, а таксама скасаваць права грамадскіх арганізацый на вылучэнне кандыдатаў. У другой рэзалюцыі змяшчаўся заклік афіцыйна прызнаць рух БНФ за перабудову «Адраджэнне», спыніць дэзінфармацыю насельніцтва адносна мэтаў і задач Беларускага народнага фронту, прадаставіць Аргкамітэту БНФ памяшканне для працы і магчымасць публікавацца на старонках рэспубліканскага, абласнога і раённага друку. Мітынгоўцы асобна патрабавалі зацвердзіць у Беларусі нацыянальную сімволіку — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.
Кампанія па вылучэнні кандыдатаў па акругах скончылася 23 лютага 1989 года. На 60 мандатаў прэтэндавалі 104 чалавекі. Сваю моц прадэманстравалі акруговыя перадвыбарчыя сходы, якія адкінулі 128 прэтэндэнтаў. Напрыклад, па Мінскай-Савецкай тэрытарыяльнай выбарчай акрузе №566 былі зарэгістраваныя тры кандыдаты з чатырнаццаці.
Каб пазбегнуць непрадбачаных сітуацый, дзяржаўная і партыйная эліта рэгістравалася не ў сталіцы і нават не ў абласных цэнтрах, а на раённым узроўні. Пры гэтым практычна ўсе высокія кіраўнікі ішлі на выбары безальтэрнатыўна. Першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў быў зарэгістраваны па Кобрынскай тэрытарыяльнай выбарчай акрузе №549 Брэсцкай вобласці; Мікалай Дземянцей, сакратар ЦК КПБ, — па Полацкай тэрытарыяльнай выбарчай акрузе №54 Віцебскай вобласці; Георгій Таразевіч, старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета, — па Маладзечанскай тэрытарыяльнай выбарчай акрузе №71 Мінскай вобласці.
Але выбары абудзілі амбіцыі «новай генерацыі» — адносна маладых людзей, якія былі занятыя ў розных сферах грамадскага жыцця. Інтуітыўна яны адчувалі, што савецкае грамадства патрабуе рэфармавання і што тэмпы перабудовы замарудзіліся. Зарэгістраваліся кандыдатамі старшы навуковы супрацоўнік Інстытута механікі металапалімерных сістэм АН БССР, лаўрэат прэміі ЛКСМБ 1987 года Юрый Варонежцаў, працоўны Віктар Карняенка, старшыня саўгаса Аляксандр Лукашэнка, інжынер Аляксандр Дабравольскі.
Перадвыбарчая кампанія ў БССР 1989 года не прайшла без інцыдэнтаў. Першы адбыўся 24 сакавіка, калі ў будынку Саюза пісьменнікаў БССР, у памяшканні літаратурнага кансультанта Аляксандра Емяльянава праваахоўнікамі былі знойдзены праграмныя дакументы Аргкамітэта БНФ. Для матэрыялаў БНФ, паводле «Вечернего Минска», былі характэрны «декларативность, наличие противоречий и необоснованность предложений, ставка на волевые, командно-принудительные методы решения социально-экономических задач, особенно языково-культурных проблем».
Пасля гэтага Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР 31 сакавіка прыняў указ «О внесении дополнений и изменений в Кодекс Белорусской ССР об административных нарушениях». У прыватнасці, змены тычыліся артыкула 172 Кодэкса: уводзілася адказнасць за распаўсюд друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем устаноўленага парадку і не маючых выхадных звестак. Дарэчы, першы намеснік міністра юстыцыі СССР Іван Самошчанка раіў беларусам дачакацца прыняцця Закона СССР «О печати и других средствах массовой информации».
Другі інцыдэнт тычыўся палітычнага перфомансу Алеся Пушкіна. 25 сакавіка 1989 года студэнт 4 курса Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Алесь Пушкін выйшаў на вуліцу Мінска, трымаючы плакат з перакрэсленым Дзяржаўным сцягам БССР узору 1951 года і лозунгам «Досыць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!». Рэакцыя ўладаў была хуткай: у чэрвені 1989 года студэнт быў асуджаны, у прэсе распачалася кампанія супраць Пушкіна.
Імя Пушкіна фігуравала ў выступленні пракурора БССР Георгія Тарнаўскага 20 красавіка перад народнымі дэпутатамі СССР, абранымі ад БССР. Бел-чырвона-белы сцяг пракурор ахарактарызаваў як «псевдонациональный флаг сомнительного происхождения». На XIII пленуме ЦК КПБ 22 чэрвеня 1989 года канстатаваўся развал выхаваўчай работы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Пераможцы і зрынутыя
Пасля рэгістрацыі кандыдатаў па акругах на перадвыбарчую агітацыю адводзіўся месяц. І тут дзяржаўная-партыйная наменклатура дапусціла значную памылку. Яна палічыла, што адсейваннем нязручных кандыдатаў праз перадвыбарчыя сходы перамога ім забяспечаная. Таму ўлады не надалі належнай увагі паўсядзённай агітацыі і абмежаваліся прыёмамі мінулых гадоў. А паплечнікі БНФ актыўна выкарыстоўвалі перадавыя на той час паліттэхналогіі: аператыўныя арганізацыі мітынгаў, пакватэрны абыход грамадзян, раздачу ўлётак...
Прыхільнікам Беларускага народнага фронту, якія падкрэслівалі побытавыя праблемы (з транспартам, жыллём, гандлем), удалося не дапусціць да дэпутацтва шмат высокапастаўленых кандыдатаў. На з’езд народных дэпутатаў СССР не трапілі прадстаўнікі «чырвонага дырэктарату» (кіраўнік «БелаўтаМАЗа» Міхаіл Лаўрыновіч, дырэктар завода «Гарызонт» Аляксандр Санчукоўскі), партыйнага апарату (першы сакратар Мінскага гаркама КПБ Уладзімір Галко). Некаторыя з гэтых кандыдатаў публічна апраўдваліся праз прэсу. Сярод фактараў сваёй паразы Галко назваў «агитационные усилия неформалов», якія былі скіраваныя «так называемым оргкомитетом БНФ».
Увогуле, па выніках выбараў 26 сакавіка 1989 года дэпутацкія мандаты атрымалі 47 чалавек. Яшчэ тры кандыдаты сталі дэпутатамі падчас другога тура — 2 красавіка 1989 года.
У дзесяці выбарчых акругах БССР пераможцы так і не вызначыліся. Там былі прызначаныя паўторныя выбары — на 14 траўня 1989 года. На дзесяць мандатаў прэтэндаваў 51 кандыдат.
Напярэдадні паўторных выбараў палітыка беларускіх уладаў стала больш рэпрэсіўнай: 21 красавіка ў крымінальным заканадаўстве БССР былі зацверджаныя змены, паводле якіх узмацнялася адказнасць (пазбаўленне волі да трох гадоў, штраф да 2 тысяч рублёў) «за публичные призывы к свержению и изменению советского государственного и общественного строя, за публичные призывы к преступлениям против государства, за публичные оскорбления и дискредитацию государственных органов и общественных организаций».
Адначасова са старонак рэспубліканскай прэсы бясконца лілася крытыка на тых, хто адважыўся стварыць канкурэнцыю камуністычнай сістэме. Насельніцтву і патэнцыйным выбаршчыкам даводзілася думка, што «в настежь распаханные шлюзы демократизации хлынули и такие люди, которые не прочь использовать перестроечные процессы для подрыва существующих государственно-политических структур, а кое-кого из лидеров неформалов совершенно не интересует, что будет с республикой».
14 траўня 1989 года мандаты атрымалі 4 чалавекі, а падчас другога тура 21 траўня — астатнія 6 прэтэндэнтаў.
Выбары–1989 сведчылі пра аб’ектыўны запыт пэўнай часткі беларускага савецкага грамадства на альтэрнатыву і неабходнасць пераменаў. Улічваючы гэта, трэба прымаць пад увагу асабістую мужнасць, цвёрдую грамадзянскую пазіцыю дэмакратычных кандыдатаў, якія не збаяліся рэпрэсіяў і пераследу, зневажальных выкідаў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Цікава, што будзе праз 30 гадоў?