Сяржук Вітушка: Як у таямніцу, як у казку я ў Беларушчыну ўваходзіў!
2 ліпеня спаўняецца 10 гадоў са дня смерці Сяржука Вітушкі — кіраўніка легендарнай моладзевай арганізацыі «Талака», супрацоўніка філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску «Беларуская хатка», аднаго з заснавальнікаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
У 2008–2009 годзе Сяржук Вітушка ўспамінаў пра свой шлях да Беларушчыны: „Я пачаў шукаць сяброў. І знайшоў! Я заўважыў на заводзе “Інтэграл” на адным з калідораў стэнд Таварыства аховы помнікаў. На ім былі прыколатыя розныя артыкулы, і кожны раз іншыя: з “ЛіМа” — краязнаўчыя, гістарычныя, пра мову беларускую, пра літаратуру беларускую.
І я зацікавіўся — а хто ж гэта чапляе іх на стэнд? Я там адзін затрымліваўся каля гэтага стэнду. Усе астатнія рабочыя ішлі ў курылку, гулялі ў даміно, расказвалі анекдоты, блазнавалі, а я каля гэтага стэнда ўвесь час тырчэў.
І потым пазнаёміўся з чалавекам, які на яго артыкулы чапляў. Гэта быў сталага веку мужчына, інжынер Сабалеўскі. Ён ведаў усіх людзей, якія рабілі музей старабеларускай культуры, быў знаёмы з імі, быў актывістам Таварыства аховы помнікаў і рабіў такую работу. Ён мне сказаў, што хутка будзе суботнік у Музеі драўлянага дойлідства. І я паехаў на той суботнік.
З вялікага заводу набраўся цэлы аўтобус такіх дзівакоў… А там я ад супрацоўнікаў музею пачуў, што летам да іх прыязджае будатрад “Нашчадкі” з гістарычнага факультэту педагагічнага інстытуту. А я ж гісторыяй цікавіўся, адразу пасля школы збіраўся паступаць на гістфак і наведваў падрыхтоўчыя курсы, але ў мяне не прынялі дакументы з-за хваробы. Я пасля даведаўся, што не мелі права, але было позна.
Я скончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці наладчык тэхналагічнага абсталявання. Працаваў на заводзе. А там на мой дыягназ ніхто не глядзеў. Але папрацаваўшы на заводзе, я зразумеў — гэта ўсё не маё. Другія хлопцы, як з’явіцца вольная хвіліна, яны ўнурацца ў часопісы па тэхніцы, паялі, радыёдэталькі збіралі. А мне гэта было нецікава, мяне гэта “не чапляла”, мяне “чапляла” гісторыя.
І я пачуў пра атрад “Нашчадкі” — во працуюць у музеі, робяць такую святую справу! Я ўжо тады ўспрымаў гэтую справу як святую. Можа і не так пафасна, але гэта было нешта лепшае, нешта ўрачыстае, святочнае, і не тое, што робіцца пад прымусам. Гэта было страшна цікава. І розныя батальныя сцэны паўставалі, жаўнеры, паўстанні… Беларуская гісторыя. Рыцары… Тут, канешне, моцна паўплываў Караткевіч са сваімі рамантычна-прыгодніцкімі творамі.
І ўсё гэта ўспрымалася радасна. Як у нейкую таямніцу, як у нейкую казку я ў Беларушчыну ўваходзіў! Гэта былі шчаслівыя перажыван0ні. І да гэтага была натуральная цяга, натуральная ахвота.
Летам я ўзяў адгулы, надумаў паехаць да “Нашчадкаў”. Думаў, можа, яны ў выходныя не робяць, трэба ехаць у працоўныя дні. Я паехаў у Строчыцы, знайшоў хлопцаў, што там працавалі. Там быў Віктар Грыб, і ён мне расказаў пра Генадзя Сагановіча.
Генадзь Сагановіч на той момант скончыў інстытут, але прыязджаў да гэтых хлопцаў. Грыб казаў: “Сагановіч! Сагановіч — гэта наш правадыр!” Сагановіч мусіў быць у іх у нейкі іншы дзень. Тады я зноў узяў адгулы і прыехаў да іх. І пазнаёміўся з Сагановічам, і патрапіў пад кіраўніцтва Сагановіча. Ён на мяне паглядзеў, паслухаў, прынёс мне кніжачак — творы Ермаловіча на папяроснай паперы.
Чаму на такой паперы друкавалі? Бо больш копіяў можна было зрабіць на звычайнай друкавальнай машынцы. Так перадрукоўваліся і вершы Янкі Купалы, якія нельга было знайсці ў звычайным зборы твораў. Верш “Прарок”: “А колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?” Вершы Зніча. Усё гэта хадзіла на такой папяроснай паперы.
Я прыязджаў да іх у інтэрнат на вуліцы Акадэмічнай, дзе жылі Генадзь Сагановіч, Алесь Бяляцкі, Алесь Жлутка, Мікола Крывальцэвіч. Пазнаёміўся я з гэтымі хлопцамі. Заходзіў у пакой да Генадзя Сагановіча, а там паўсюль былі — карты Беларусі, партрэт Багдановіча, герб Пагоня…”
Створаная ў 1985 годзе ў Мінску моладзевая нацыянальна-арыентаваная „Талака” была самай масавай суполкай, а яе лідарам быў Сяржук Вітушка.
Паводле Радыё Рацыя