«Невуцтва і павальнае п'янства». Як бачылі Расію замежнікі ў XVI — XX стагоддзях
Жыхароў Расіі ўжо шмат гадоў прывучаюць да адчування нейкай «асаблівай місіі» іх краіны ў свеце. На справе гэта выліваецца ў пагардлівыя адносіны да народаў суседніх, стаўленне да якіх хістаецца ад ганаровага звання «малодшых братоў» да поўнага адмаўлення апошнім у іх праве на існаванне, і ў непрымірымую варожасць да народаў больш далёкіх. Што гэта? Уздзеянне прапаганды ці сталая рыса нацыянальнага характару?
Русь Маскоўская
Зараз з-за абсалютна вар'яцкіх формаў, якія прыняла расійская агрэсія супраць Украіны, шмат хто параўноўвае Расію з Ардой. На самай справе, гэтыя людзі багата ў чым маюць рацыю. Поўнае знішчэнне насельніцтва тэрыторый, якія адмовіліся здацца і прызнаць над сабою ўладу вялікага хана, гэта якраз ардынская сярэднявечная тактыка.
Для поўнага разумення эвалюцыі, якую прайшло расійскае грамадства, вартым будзе прывесці ўспаміны некалькіх заходнееўрапескіх вандроўнікаў, што наведалі Расію ў розныя часы.
Прыблізна з другой паловы XVI стагоддзя Маскоўская дзяржава стала ўсё больш цікавіць іншаземцаў. Асабліва тут вылучаліся купцы з Англіі, якія першымі з заходніх еўрапейцаў пачалі мець сталыя стасункі з Масквой. Многія з іх пакінулі пасля сябе ўспаміны аб сваім жыцці там і звычаях мясцовых жыхароў.
Вось, напрыклад, успаміны Рычарда Чэнслера, знакамітага купца і мараплаўца, які «адкрыў» Расію для Заходняй Еўропы. Ён лічыў, што рускія па прыродзе сваёй схільныя да падману і стрымліваюць іх толькі моцныя пабоі.
Яшчэ больш рэзка выказаўся пра рускіх паэт Джордж Турбервіль, які таксама пабываў у Масковіі XVI стагоддзя: «Краіна гэтая грубая, людзі жахлівыя, грубыя, цар поўны злосці, манеры людзей блізкія да турэцкіх. Мужчыны вераломныя, жанчыны разбэшчаныя, храмы забітыя ідаламі. Карацей кажучы, Расія — гэта варварская краіна».
Падобныя ўспаміны пакінуў і англійскі дыпламат Флетчар, які лічыў, што маскавіты любяць толькі ляноту і п'янства. А ягоны калега Гарсей меркаваў, што рускі народ па прыродзе сваёй дзікі і злосны, таму для яго апраўданым і натуральным з’яўляюцца суворае кіраванне і цяжкая рука Івана IV.
Ацэнкі замежнікамі рускіх людзей мала змяніліся ў наступным, XVII стагоддзі. Прыдворны лекар цара Аляксея Міхайлавіча Колінз быў вельмі невысокага меркавання аб людзях, сярод якіх яму давялося жыць падчас працы на цара: «Рускі народ вельмі недаверлівы, зусім адданы невуцтву, не мае ніякай адукаванасці і, бачачы ў навуках пачвару, баіцца іх як агню. Ён не трымае мірных дамоў. Рускія хітрыя, прагныя як ваўкі. З таго часу, як пачалі весці гандаль з галандцамі, яшчэ больш удасканаліліся ў хітрасці і падманах».
Не адставалі ад сваіх суседзяў і французы, якія таксама час ад часу наведвалі Маскоўскаю дзяржаву. У 1570 годзе вядомы перакладчык і гісторык Франсуа дэ Бельфарэ выдаў «Усеагульную гісторыю свету», у якой была глава аб Масковіі. Аўтар крытычна ставіўся да палітычных парадкаў маскавітаў, мяркуючы, што яны нічым не адрозніваюцца ад такіх у турак: падданыя рабалепна і беспярэчна падпарадкоўваюцца свайму ўсеўладнаму кіраўніку.
Каралеўскі гістарыёграф і касмограф Андрэ Тэвэ (1516-1592) у адной са сваіх прац распавядае пра Масковію і дае біяграфію Васіля ІІІ. Ён піша, што маскавіты знаходзяцца пад уладай «тыранаў», падобных да тыранаў Афрыкі і Эфіопіі. «Герцагі» Масковіі, карыстаюцца «абсалютнай уладай, як над біскупамі, так і над іншымі, распараджаючыся маёмасцю і жыццём кожнага па сваёй капрызе». Пры гэтым «маскавіты гэтак любяць і шануюць сваіх “герцагаў”, што сцвярджаюць, што воля іх гасудара ёсць воля Божая, і ўсё, што ён здзяйсняе, зыходзіць ад Бога, і таму яны называюць яго пасцельнічым Бога і вяршыцелем яго правасуддзя і волі». Падданыя рускага ўладара, «як бы вялікія яны ні былі, завуць сябе халопамі, гэта значыць рабамі, герцага».
У дэспатычнай Масковіі, на думку французскіх інтэлектуалаў XVI стагоддзя, жывуць самыя сапраўдныя варвары. Менавіта дзікасць і варварства «маскавітаў» можна назваць галоўнай рысай вобразу Маскоўскай Русі. Складовыя часткі маральнага аблічча рускіх у таго ж дэ Бельфарэ вельмі непрывабныя: ваяўнічыя дзікуны, п'яніцы, распуснікі, ашуканцы, хабарнікі і гэтак далей. Андрэ Тэвэ дапаўняе маральнае аблічча рускіх новымі рыскамі: схільныя да садаміі, рэтраграды, не любяць ніякай навізны. Адзіным выключэннем сярод рускіх Тэвэ называе жыхароў Ноўгарада Вялікага, які да нядаўняга часу быў «вольным горадам». Але і норавы наўгародцаў з часам сталі пагаршацца пад уплывам маскоўскіх уладаў: «Народ самы сумленны і ветлівы, аднак дзякуючы сталым кантактам яны пачынаюць пераймаць дзікую прыроду тых, хто імі кіруе».
Сачыненне «Стан Расійскай імперыі» (1607) капітана Жана Маржэрэта змяшчае ў сабе нябачаны да гэтага французскім чытачом аб'ём звестак аб Расіі і яе жыхарах.
Маральнае аблічча рускага чалавека зноў паказана вельмі непрывабна: «Калі прыняць да ўвагі іх норавы і лад жыцця, так яны грубыя і неадукаваныя, без усякай ветлівасці, народ ілжывы, без веры, без закона, без сумлення, садаміты і заплямленыя іншымі заганамі і грубіянствам». У дадатак да ўсяго, «гэта самая недаверлівая нацыя ў свеце». Самыя жахлівыя заганы рускіх — п'янства і невуцтва. Француз адзначае, што п’юць амаль усе. Толькі прасталюдзіны робяць гэта па святах, а «дваране вольныя калі захочуць». Невуцтва асабліва шануецца ў Расіі, паколькі яно — «маці іх набожнасці». «Яны ненавідзяць вучэнне і, асабліва лацінскую мову. У іх няма ніводнай школы, ні ўніверсітэта. Толькі святары навучаюць моладзь чытаць і пісаць, што мала каго вабіць».
Наступны, хто пакінуў свае ўспаміны, гэта шведскі ўрач Пётр Петрэй, які пражыў у Масковіі з 1601 па 1604 год. Вось што пісаў ён аб тагачасных парадках у Маскоўскай дзяржаве: «Рускія ўтрымліваюцца ў строгім і суворым падпарадкаванні і заўсёды павінны служыць, працаваць і займацца якой-небудзь працай. Яны любяць, каб прымушалі іх моцнымі ўдарамі, і калі гаспадар не часта адпрацоўвае свайго халопа добрым бізуном, то не атрымлівае ад яго ніякай і карысці. Бядняк і жабрак прадаецца сам за невялікія грошы ў валоданне багатым на ўвесь час свайго жыцця, а часта і з такой умовай, што ён, яго жонка, дзеці і ўнукі таксама вечна будуць служыць ім і іх нашчадкам, пакуль яны жывыя. Калі ж гаспадар яго памрэ і перад смерцю, з літасці і шкадавання, вызваліць яго з усім родам з рабства, ён прадаецца іншаму, бо там больш любяць няволю, чым свабоду. Калі бацька прадае сына ці дачку і потым яны вызваляцца з рабскага стану, бацька мае права ўзяць іх і прадаць у трэці і чацвёрты раз, калі ж і пасля таго яны атрымаюць свабоду, ён ужо больш не можа прадаць іх.»
Вось так бачылася адукаваным еўрапейцам, якія прыязджалі гандляваць ці працаваць, тагачаснае Маскоўскае царства. І гэтыя ўяўленні аб дапятроўскай Расіі, як аб варварскай, нецывілізаванай краіне абсалютна пераважалі ў асабістых уяўленнях большасці замежнікаў.
Але і калі цар Пятро І так бы мовіць «прарубіў акно ў Еўропу», змяніўся толькі знешні фасад дзяржавы. Еўрапейская вопратка і нават афіцыйная змена назвы дзяржавы, не змяніла краіну ў яе сутнасці. Унутры яна заставалася ўсё той жа. Можна тут узгадаць і расійскае прыгоннае права, дзе людзей прадавалі як скаціну і выменьвалі на пародзістых шчанюкоў. І несмяротны твор Аляксандра Радзішчава «Падарожжа з Пецярбургу ў Маскву», дзе ён з непрыхаванай пагардай паказвае ўсе заганы тагачаснай Расійскай імперыі.
Русь савецкая
Пасля рэвалюцыі 1917 года шмат у каго ў Еўропе былі спадзяванні на стварэнне на руінах былой імперыі сапраўднай дзяржавы для народа. Адным з такіх быў знакаміты брытанскі гісторык Арнольд Джозэф Тойнбі. Ён даволі прывабна ставіўся да бальшавікоў, разглядаючы камунізм як контрудар, які адбівае назад тое, што Захад навязаў Расіі ў XVIII стагоддзі. Таму ў 1930 годзе ён здзейсніў паездку ў Савецкі Саюз.
Двух тыдняў, праведзеных ім у Расіі, хапіла, каб ад інтэлектуала-русафіла нічога не засталося. Блізка назіраючы за жыццём савецкіх людзей, ён прыходзіць да высновы, што незразумеласць для еўрапейцаў расійцаў выходзіць ад глыбока ўкаранёных у гэтым грамадстве тыранічных традыцый. Тыран тут — любы, каму акалічнасці гэта дазваляюць. Нават самая мінімальная ўлада, якую атрымлівае чалавек, адразу пераўтварае таго ў невялікага тырана.
Калі больш раннія наведавальнікі параўноўвалі Расію хутчэй з Турцыяй, то Тойнбі прыходзіць да крыху іншых высноваў. У сваёй знакамітай працы «Спасціжэнні гісторыі» ён піша аб Расіі як аб аскепку Візантыі: «Гэта квінтэсенцыя візантыйскага духу — духа паражэнства, прыпраўленага злараднасцю».
Аднак паказваючы на візантыйскае паходжанне Расіі, ён наўмысна падкрэслівае адрозненні грэчаскай і расійскай культур, бачачы ў апошняй прыкметы агрублення зыходных ўзораў. З непрыхаванай антыпатыяй піша ён пра Маскву, яе ўсходнюю, варварскую «экзатычнасць». Ён шмат разоў падкрэслівае «выродлівасць» і «вымучанасць» крамлёўскіх цэркваў: «Патрэбна прафесійнае вока археолага, каб распазнаць у жахліва скрыўленых купалах, якія дамінуюць над горадам, прамое сваяцтва з купалам Святой Сафіі». І далей: «Палюбуйцеся, што стала са Святой Сафіяй у рускіх руках. Яе прыгажосць зведзена да пачварнасці».
Якія высновы?
Дык што мы маем урэшце? Трэба разумець, што прамежак у часе паміж наведваннямі ўсімі гэтымі людзьмі Расіі складаў амаль 400 год. Але змены відавочна мінімальныя. Таму, па меркаванні шматлікіх вандроўнікаў розных стагоддзяў, Расія з яе шматвекавымі традыцыямі ўсеагульнага бяспраўя не здольная самастойна адмовіцца ад сваёй візантыйска-ардынскай спадчыны і перайсці на больш цывілізаваны шлях развіцця.
У сучаснай Расіі адбыўся дзіўны сінтэз заўважанай яшчэ Тойнбі выродлівай формы візантыйшчыны ў самым адмоўным значэнні гэтага слова і настальгіі па СССР. Але адзінае, што здолела самастойна выпрацаваць з візантыйскай спадчыны расійская дзяржава, гэта ідэя пра Маскву — Трэці Рым. Дзякуючы гэтаму сінтэзу, на сёння ў Расіі склаліся дзве ідэалогіі для двух розных пластоў насельніцтва. Гэта дарэвалюцыйная «імперскасць» па філосафу Іванову для эліты і брутальны бальшавіцкі неасталінізм для ўсіх астатніх.
Так што можна сказаць, што ніякай асаблівай эвалюцыі ў расійскім грамадстве за апошня некалькі сотняў год не адбылося, змяняліся толькі формы. А сутнасна ў ХХІ стагоддзі яно мала ў чым адрозніваецца ад самога сябе ўзору стагоддзя XVI.
Упершыню артыкул апублікаваны ў "Новым Часе" 5 ліпеня 2022