З гісторыі сусветнай картаграфіі. Як замежнікі Расію бачылі

Як выглядала Расія на сусветных картах мінулых стагоддзяў? Чым уяўлялася яна людзям з Захаду? Маскоўскую дзяржаву, а затым і Расійскую імперыю малявалі часам як мядзведзя, часам як мужыка, часам як васьмінога, але амаль заўсёды — як агрэсара.

Карта Расіі, Масковіі і Тартарыі, складзеная ў 1562 годзе Антоніем Джэнкінсанам. Крыніца: litfund.ru

Карта Расіі, Масковіі і Тартарыі, складзеная ў 1562 годзе Антоніем Джэнкінсанам. Крыніца: litfund.ru

Першае знаёмства

Сёння, калі пуцінская Расія адмаўляецца ад усяго еўрапейскага, вяртаючыся наўпрост да ардынскай спадчыны, узнікае пытанне: ці быў увогуле ў гісторыі калі-небудзь час, каб Расія на самай справе была часткай еўрапейскага свету? Зараз ёсць тэндэнцыя сярод часткі антыпуцінскай грамадскасці ў РФ сцвярджаць, што калі б не рэвалюцыя 1917 года, то Расія была б паўнавартаснай часткай Еўропы.

Напэўна, давядзецца крыху парушыць гэты міф. На самай справе гэтая тэрыторыя заўжды была для большасці еўрапейцаў нечым не да канца зразумелым, своеасаблівай terra incognita. Не дадавала паразумення і схільнасць Масквы да знешняй экспансіі ў вонкавай палітыцы і пэўнай ізаляцыяй ва ўнутранай. Таму ўспрымалі яе ў Еўропе хутчэй як соннага мядзведзя, ад якога ніколі не ведаеш, чаго чакаць.

Упершыню вобраз рускага пачаў фармавацца ў Заходняй Еўропе ў XVI-XVII стагоддзях, шмат у чым дзякуючы заходнім купцам і дыпламатам, якія прыкладна з часоў Івана IV даволі стала пачалі гандляваць з Маскоўскай дзяржавай. Азіяцкая вопратка і звычаі жыхароў Масковіі выклікалі ў прыезджых асацыяцыі хутчэй з Турцыяй, чым з прывычнымі ім краінамі. Нават рубеж паміж Еўропай і Азіяй у тыя часы часта праводзілі акурат па мяжы Маскоўскай дзяржавы і Вялікага Княства Літоўскага.

Зыходзячы з гэтага, еўрапейцы часта ставіліся да маскавітаў як да звычайных варвараў. Гэта стаўленне знайшло свае адлюстраванне ў геаграфічных картах тых часоў. На першых картах ніякай Расіі ўвогуле не было. У працах еўрапейскіх картографаў да XVIII стагоддзя ўключна тэрыторыя сучаснай Расіі падзялялася на Масковію — больш-менш даследаваную і вывучаную частку краіны, і загадкавую Тартарыю — міфалагічную і нязведаную бездань.


Эвалюцыя вобразу

Ненашмат змянілася сітуацыя і ў наступныя стагоддзі. Але тут ужо на змену геаграфіі прыйшла сатыра. У гэты перыяд у Еўропе былі шырока распаўсюджаныя так званыя сатырычныя карты, карты-карыкатуры. Асабліва вялікая іх колькасць з’явілася ў другой палове ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў. На іх вельмі красамоўна можна пабачыць стаўленне стваральніка карты да той ці іншай краіны. Але нас цікавяць тыя, дзе паказана Расія. Таму засяродзімся на іх.

Вось італьянская карта, якая выпушчаная ў 70-х гадах ХІХ стагоддзя.

Расія на італьянскай карце. Крыніца: pinterest.ru

Расія на італьянскай карце. Крыніца: pinterest.ru

Тым жа перыядам датуецца французская карта, на якой Расія паказана ў вобразе дзікага барадатага мужыка «з суконным рылам», які лезе ў «калашны рад», гэта значыць у Еўропу.

Расія на французскай карце. Крыніца: pinterest.ru

Расія на французскай карце. Крыніца: pinterest.ru

А вось гумарыстычнае адлюстраванне Еўропы родам з Германіі, гэта ўжо 1888 год. Расійскую імперыю на ёй намалявалі ў выглядзе ваўка, які нешта нясе ў сваёй пашчы. Такім чынам, добра бачна, што да ХІХ стагоддзя вобраз Расіі сярод еўрапейцаў асацыяваўся ўжо не столькі з незразумелым дзікуном з усходу, колькі з драпежнай жывёлай, ад якой ідзе неперарыўная пагроза.

Ці спрычыніліся нейкім чынам да гэтай эвалюцыі поглядаў «паліцэйскія» паходы рускіх войск у Еўропу ў пачатку стагоддзя, сказаць цяжка. Але факт застаецца фактам — адмоўнае стаўленне да расійцаў сярод жыхароў Еўропы стала на той час даволі распаўсюджанай з’явай.

Расія на нямецкай карце. Крыніца: pinterest.ru

Расія на нямецкай карце. Крыніца: pinterest.ru

Не толькі Еўропа

Новае ХХ стагоддзе стала для Расіі перыядам новых войнаў. Спачатку з расійскім мілітарызмам сутыкнулася такая, здавалася б, далёкая краіна як Японія. Таму надышла чарга заняцца сатырычнай картаграфіяй ужо і гэтаму народу. З гэтым нядрэнна справіліся студэнты ўніверсітэта Кеё, якія арганізавалі выраб падобных карт і агітацыйных плакатаў. Недаацэнка суперніка і шапказакідальніцкія настроі сярод палітычнай эліты Расійскай імперыі дорага ёй каштавалі ў той вайне.

Японская сатырычная карта 1904 год. Крыніца: humus.livejournal.com

Японская сатырычная карта 1904 год. Крыніца: humus.livejournal.com

Надышоў 1914 год. У Еўропе запахла новай вялікай вайной. Расія таксама марыла ўхапіць свой кавалак пірага. Таму, прыкрываючыся лозунгамі абароны праваслаўнага сербскага насельніцтва ад аўстрыйскай агрэсіі, абвясціла Аўстра-Венгрыі вайну. Гэта выклікала новы ўсплёск антырасійскай сатыры ў саюзнай аўстрыйцам Германіі. У нямецкім Дрэздэне Карл Леман Дзюмон стварыў новую гумарыстычную карту Еўропы. Дасталося на ёй шмат каму, але большасць дзяржаў пададзены там усё ж такі ў камічным выглядзе. Калі ж глядзіш на Расію, ніякай ухмылкі чамусьці не ўзнікае. Выява расійца выглядае дужа непрыемна: асоба, зарослая неахайнай барадой да самых вачэй, і шапка-вушанка з какардай. Ад кальца, апранутага ў нос, як у бадлівага шалёнага быка, працягнуўся ланцуг да носу мядзведзя. У руку такой пачвары мастак уклаў бізун-сяміхвостку, які, відаць, мусіў сімвалізаваць дэспатычнасць расійскага самадзяржаўя. Гледзячы на такі малюнак, адразу разумееш, кім уяўлялі расійцаў у Германіі таго часу.

Гумарыстычная карта Еўропы ў 1914 годзе. Карл Леман Дзюмон. Крыніца: humus.livejournal.com

Гумарыстычная карта Еўропы ў 1914 годзе. Карл Леман Дзюмон. Крыніца: humus.livejournal.com

Ну, і для поўнага разумення атмасферы таго часу і каб не выглядаць аднабакова, трэба паказаць і расійскую карту, якая была выпушчана ў 1915 годзе. Натуральна, унутры Расійскай імперыі малявалі сабе зусім іншымі карцінкамі. Краіна тут паказана як дзяржава, над якой узыходзіць сонца, а імператар Мікалай ІІ прадстае ў вобразе высакароднага рыцара.

На момант Першай сусветнай шмат каму ў Расіі здавалася, што з імі бог і перамога будзе за імі, але чым усё гэта скончылася для імперыі, мы цудоўна ведаем.

Наўрад ці падчас вайны можна было б чакаць поўнай аб’ектыўнасці ад прадстаўнікоў ваюючых бакоў, але калі ўсе вакол упарта паказваюць цябе амаль толькі з адмоўнага боку, то справа, магчыма, у табе самім, а не ва ўсіх астатніх.

Расійская карта 1915 год. Крыніца: pinterest.cl

Расійская карта 1915 год. Крыніца: pinterest.cl

Падобна, што гісторыя паўтараецца зноў. Падаецца, незалежна ад таго, якое на двары стагоддзе і якую назву носіць у дадзены момант Расія, яе кіраўніцтва не гатовае развітацца з імперскімі амбіцыямі. Навошта паважаць межы і суверэнітэт краін, калі можна ўлезці на іх тэрыторыю і, паваяваўшы, далучыць да сябе? Таму, думаю, мы ўбачым яшчэ шмат пагардлівых карцінак на яе адрас.