«Спачатку прайшлі немцы, чырвонаармейцы ішлі ўслед»

А 16 гадзіне 22 верасня 1939 года на вуліцы Люблінскай уніі перад трыбунай, на якой стаялі генерал Хайнц Гудэрыян і камбрыг Сямён Крывашэін, прамаршыравалі спачатку нямецкія часткі (полк 20-й матарызаванай дывізіі вермахту, узвод матацыклістаў, два дывізіёны артылерыі), а пазней савецкія (аркестр, пяхота, артылерыя і некалькі танкаў).

Парад у Брэсцкай крэпасці 22 верасня 1939 года. Фота засабістага архіву Ігара Мельнікава

Парад у Брэсцкай крэпасці 22 верасня 1939 года. Фота засабістага архіву Ігара Мельнікава


Брэсцкая крэпасць абаранялася ад наступаючых нацысцкіх войскаў не толькі ў 1941-м. У верасні 1939 года ў цытадэлі мужна змагаліся з нацыстамі жаўнеры Войска Польскага, сярод якіх было шмат жыхароў Заходняй Беларусі.

Стратэгічная сталіца Палесся

У міжваенны перыяд Брэст быў цэнтрам палескага ваяводства і ІХ карпусной акругі Войска Польскага. У адным з польскіх перыядычных выданняў за 1930 год пазначалася: «Брэст над Бугам (такую назву горад атрымаў 12 лістапада 1923 года) жыве з арміі і чыноўнікаў. Цяжка знайсці горад з гісторыяй у 1000 гадоў, у якім нічога б не нагадвала пра гэтую старажытнасць. Брэст над Бугам — горад без традыцый, без слядоў мінулага». Безумоўна, галоўным аб’ектам Брэста была крэпасць.
У 1922 годзе тэрыторыя ІІ Рэчы Паспалітай была падзелена на 10 вайсковых карпусных акруг. У склад ІХ акругі ўваходзіла частка Беластоцкага, Навагрудскага, Люблінскага і амаль усё Палескае ваяводства. На гэтай тэрыторыі дыслакаваліся 9-я, 20-я, 30-я пяхотныя дывізіі, 9-я брыгада кавалерыі, Пінская рачная флатылія, брыгада Корпусу аховы памежжа «Палессе». Цэнтрам акругі была Брэсцкая крэпасць, якая ў вайсковых дакументах называлася «ўмацаваным лагерам Брэст».

zaunery_vojska_polskaha_lja_anharau_u_bresckaj_krepasci.jpg

       Жаўнеры Войска Польскага ля ангараў у Брэсцкай крэпасці
Польскія вайсковыя ўлады правялі частковую рэканструкцыю крэпасці. На тэрыторыі цэнтральнага вострава размяшчаліся будынкі камандавання. Паўночны востраў, на якім знаходзіліся Валынскія ўмацаванні, атрымаў назву Шпітальнага. Тут знаходзіўся акруговы шпіталь. Заходні востраў быў названы Лётным. У 1938 годзе сюды з Пінску планавалася перавесці галоўную базу Пінскай флатыліі. У былым форце «Граф Берг», які палякі перайменавалі ў «Форт Сікорскага», дыслакаваўся дывізіён 9-га палка цяжкай артылерыі. У Кобрынскіх умацаваннях у 1921 годзе быў створаны вайсковы следчы ізалятар.
Менавіта тут у 1930 годзе знаходзіліся некалькі дзясяткаў польскіх апазіцыйных палітыкаў, арыштаваных па загадзе Юзафа Пілсудскага. На вуліцы 3-га мая (зараз Пушкінская), размяшчаліся казармы танкістаў, а таксама тэхнічныя майстэрні 4-га танкавага батальёну і 9-га аўтамабільнага дывізіёну. У сярэдзіне 1930-х гадоў у каля Брэста быў створаны Цэнтр падрыхтоўкі жаўнераў супрацьпаветранай абароны Траўгутава. Тут дыслакаваўся 9-ты дывізіён СПА і школа падхарунжых.
У 1938 годзе польскія ўлады стварылі Музей крэпасці, у якім экспанаваліся артэфакты, знойдзеныя на тэрыторыі крэпасці. Сярод экспанатаў быў і стол, за якім падпісвалася Брэсцкая мірная дамова ў сакавіку 1918 года. Сувязь з горадам адбывалася пры дапамозе вузкакалейнай чыгункі. Рэйкі праходзілі па вуліцы Люблінскай уніі (зараз Леніна) ад будынку ваяводскай управы (зараз гарвыканкам) да вуліцы Ягелонскай, а адтуль — да станцыі ў цытадэлі.

Вайна


У канцы 1930-х гадоў найбольш верагодным праціўнікам Чырвонай Арміі ў будучай вайне Крэмль разглядваў менавіта Войска Польскае, і ў гэтым сэнсе пад увагу бралася і Брэсцкая крэпасць. У сваю чаргу, у ІІ Рэчы Паспалітай таксама рыхтавалі абарончы план на выпадак вайны з усходнім суседам, аднак цытадэль на Бугу ў ім ужо не адыгрывала вялікай стратэгічнай ролі. У Варшаве разумелі, што Брэсцкая крэпасць — гэта перш за ўсё вялікі вайсковы гарнізон.
А для стратэгічнай абароны больш прыдатным, па меркаванні польскіх генералаў, быў Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак. Увесну 1939 года, падчас прыхаванай мабілізацыі, камандуючы ІХ карпусной акругай, брыгадны генерал Францішак Клееберг атрымаў загад падрыхтаваць і накіраваць на захад асноўныя вайсковыя часткі, якія дыслакаваліся ў акрузе. 23 жніўня ў Польшчы пачалася ўсеагульная мабілізацыя, а камандаванне ІХ акругі атрымала загад забяспечыць мабілізацыйны працэс і рыхтаваць рэзервы для дзеючай арміі.
З першага дня Другой сусветнай вайны на горад і крэпасць пасыпаліся бомбы. «Люфтвафэ» бамбіла чыгуначны вузел, масты праз Буг і Мухавец, казармы 35-га і 82-га пяхотных палкоў у Граеўцы. Хутка быў выдадзены загад аб эвакуацыі з крэпасці сямей вайскоўцаў і цывільнага персаналу. 7 верасня 1939 года на Брэст і крэпасць адбыўся адзін з самых моцных авіяналётаў, у якім удзельнічала 15 нямецкіх самалётаў.
Найбольш людзей загінула на брэсцкіх вуліцах Міцкевіча, Дамброўскага і 3-га мая. У гэты ж дзень у крэпасць прыбыла стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага маршала Эдварда Рыдз-Сміглы. Не выключана, што авіяналёт быў звязаны менавіта з гэтым. Праўда, ужо ў ноч з 11 на 12 верасня галоўнакамандуючы эвакуіраваўся з Брэста ва Уладзімір-Валынскі. Разам з vip-калоннай Брэст пакінула і частка батарэі 9-га дывізіёну артылерыі СПА. 13 верасня штаб генерала Клееберга быў перанесены ў Пінск.
Брэсцкая крэпасць была выключаная са складу тылавых раёнаў і стала раёнам баявых дзеянняў. Камандаванне карпусной акругі IX атрымала загад аб стварэнні заслоны на лініі Брэст—Пінск. Клееберг неадкладна прыступіў да арганізацыі абароны і пачаў збіраць усе наяўныя сілы ў адзін кулак. Так была створана аператыўная група «Палессе». Камандуючым абаронай Брэсцкай крэпасці быў прызначаны брыгадны генерал Канстанты Плісоўскі.

Крэпасць рыхтуецца да бітвы

Да 12 верасня ў цытадэлі на Бугу знаходзіліся, у асноўным, маршавыя часткі пяхотных палкоў, ахоўныя падраздзяленні, а таксама вялікая колькасць рэзервістаў, якія чакалі адпраўкі на фронт. Усяго ў крэпасці налічвалася ад 2 да 4 тысяч жаўнераў і афіцэраў. Пацверджанне таму, што ў верасні 1939-га асноўную частку гарнізона Брэсцкай крэпасці складалі беларусы і ўкраінцы, мы знаходзім у працы польскага гісторыка Юліўша Тыма, які адзначае, што аб’яўленне ўсеагульнай мабілізацыі прывяло да таго, што гарнізон Брэсцкай крэпасці быў папоўнены значнай колькасцю рэзервістаў са складу мясцовых жыхароў. А ўсеагульная мабілізацыя ў жніўні прывяла да яшчэ большага прытоку мясцовых рэзервістаў.

polskija_zaunery_u_bresckaj_krepasci.jpg

      Жаўнеры у Брэсцкай крэпасці
У выпадку страты перадавых пазіцый, гарнізону крэпасці прадпісвалася падарваць усе масты і заняць абарону ў цытадэлі.
Па стане на 14 верасня 1939 гарнізон крэпасці складаўся з:
1. маршавага батальёна 33-га палка пяхоты з Ломжы (няпоўнага складу) пад камандаваннем капітана запасу Юзафа Шчупака;
2. маршавага батальёна 34-га палка пяхоты з Бялай-Падляскі пад камандаваннем капітана Тадэвуша Радзішэўскага;
3. маршавага батальёна 35-га палка пяхоты з Брэста пад камандаваннем капітана Здзіслава Бачынскага;
4. маршавага батальёна 82-га палка пяхоты з Брэста пад камандаваннем Вацлава Радзішэўскага;
5. 49-га дывізіёна палявой артылерыі пад камандаваннем маёра Станіслава Камарніцкага;
6. 3-й артылерыйскай батарэі СПА, сфарміраванай у 9-м артылерыйскім дывізіёне СПА ў Траўгутава;
4. 56-га сапёрнага батальёна;
5. 112-й і 113-й танкавых рот (танкі Рэно ФТ-17, танкеткі ТКС);
6. 9-га аўтамабільнага дывізіёна з Брэста пад камандаваннем маёра Уладзіслава Яскульскага;
7. Роты сувязі пад камандаваннем падпаручніка рэзерву Люцыяна Слівінскага;
8. 81-га і 82-га ахоўных батальёнаў.
У распараджэнні абаронцаў крэпасці было 12–16 старых танкаў «Рэно», 18 палявых гармат, 8 зенітных гармат, 16 станковых кулямётаў. Гарнізон Брэста меў 2,5 мільёна штук боепрыпасаў для стралковай зброі, 7632 штук ручных гранат, 1920 супрацьтанкавых снарадаў калібру 37-мм, 400 штук снарадаў для зенітных гармат, 16200 штук снарадаў калібру 75-мм, 4800 штук снарадаў калібру 100-мм, 3034 снарады калібру 105-мм і, нарэшце, 574 снарады калібру 155-мм. Крыху пазней, абарону крэпасці ўзмацнілі два бронецягніка — «Смелы» і «Барташ Главацкі».

tank_reno_ft_17._z_dapamohaj_takih_tankau_abaranjalasja_bk_u_verasni_1939_hoda.jpg

       Танк Рэно ФТ 17. З дапамогай такіх танкаў абаранялася БК у верасні 1939 года
На паўночным участку каля Брэсцкіх варот абарону заняў маршавы батальён 33-га пяхотнага палка і часткі аховы, на ўсходнім — маршавы батальён 82-га палка. Заходні ўчастак, ля Тэрэспальскіх варот, абараняў батальён 34-га палка пяхоты і рота аховы. На поўдні, каля шпітальнай брамы, абарону трымаў маршавы батальён 35-га палка. Галоўныя сілы артылерыі засяродзілі на паўночным участку абароны. У раёне следчага ізалятара «Брыгідкі» размясцілі ўмацаваны артылерыйскі пункт 3-й батарэі СПА. На валах былі створаны акопы і размешчаны кулямёты. Танкі «Рэно» ўкапалі, ператварыўшы іх у доўгачасовыя агнявыя кропкі. Некалькімі танкамі забарыкадавалі ўязныя брамы.
Бітва

Абарона

Наступ на Брэст вёў ХІХ танкавы корпус Хайнца Гудэрыяна. Яго мэтай было авалоданне горадам і крэпасцю Брэст з наступным развіццём наступу ў кірунку Ковеля. Гэтыя дзеянні павінны былі прывесці да поўнага акружэння польскай арміі на лініі Буга паміж Брэстам і Холмам. Каб скаваць манеўр немцаў, генерал Плісоўскі накіраваў на ўсход бронецягнік № 55 «Барташ Главацкі», які ў раёне Жабінкі выгрузіў танкеткі ТКС. Тыя, у сваю чаргу, правялі выведку ў раёне мосту праз Мухавец, аднак хутка сутыкнуліся з нямецкімі танкамі з 3-й танкавай дывізіі.
Падчас бою 3 ТКСы былі знішчаныя, а дзве змаглі адыйсці. Немцы спрабавалі пераследаваць, аднак напароліся на загараджальны агонь «Барташа Главацкага». У гэты ж час другі бронецягнік «Смелы» пад камандаваннем беларуса, капітана Мечыслава Маліноўскага праводзіў выведку ў накірунку Высокага і сутыкнуўся там з танкамі 10-й нямецкай танкавай дывізіі. Экіпаж бронецягніка адкрыў ураганны агонь па немцах і прымусіў іх адступіць. Аднак хутка немцы захапілі Брэсцкі чыгуначны вакзал, і генерал Плісоўскі аддаў загад бронецягнікам адступіць у кірунку Ковеля.
Увечары 13 верасня з боку Відамля да Брэста пад’ехалі чатыры нямецкіх танка. Супраціву не было, і Гудэрыян зразумеў, што абарону па лініі знешніх фартоў крэпасці не зладзілі. 14 верасні нямецкія часткі авалодалі Брэстам і пачалі хуткае прасоўванне ўглыб. На падыходзе да цытадэлі палякі зрабілі засаду з замаскіраваных гармат капітана Тадэвуша Янішэўскага. Калі нямецкія танкі апынуліся на адлегласці 80 метраў ад агнявых пазіцый палякаў, тыя адкрылі агонь.
Вось як гэты бой апісваў адзін з салдат нямецкай 10-й танкавай арміі:
«Мы рушылі далей на Брэст. 20 км. Гэта як скачок ката. Капітана распірае ад захаплення. Раніцай ён сказаў сапёрам, што хоча заняць крэпасць. Рашучыя дзеянні, на яго думку, могуць зламаць нават колькасную перавагу праціўніка. Натуральна, сапёры лепей за ўсіх падыходзілі для рэалізацыі гэтага плана. Яны чортавы мужыкі, вопытныя майстры ў абыходжанні з выбухоўкай і знаёмыя з усялякімі тэхнічнымі фокусамі. Абвешаныя мяшкамі, поўнымі ручных гранат, яны занялі па двое месцы на танках. Сядзелі на брані. Гэтыя салдаты годныя павагі, яны хацелі быць сярод першых заваёўнікаў Брэста.
Нарэшце мы былі ў горадзе. Дзе да чорта гэтая крэпасць? Цытадэль было цяжка пазнаць, звонку яна аточаная дрэвамі і была акружана паркамі і плошчамі. Вось і галоўная дарога. Адно было дрэнна ў ёй. Яна прамая, як свечка. На ёй было ўсё відаць здалёк, задоўга да таго, як сам каго-небудзь убачыш. Толькі гэтая думка ўзнікла ў галаве, а ўжо загрымела польская гармата. Снарад ударыў у вежу камандзірскага танка. Яго дэтанацыя абсыпала градам аскепкаў абодвух сапёраў. Яны былі забітыя і ўпалі на дарогу. Другі стрэл з польскай гарматы, якая, хутчэй за ўсё, была добра прыстраляная, слізгануў па вежы другога танка. Абодва сапёра, якія сядзелі там, таксама былі забітыя, а іх гранаты здэтанавалі. Гарматы палякаў стралялі па вельмі нізкай траекторыі, пад дрэвамі. Наш танк стрэліў у бок крэпасці, але траекторыя снарада была занадта крутой. Снарады зрывалі лісце з дрэў і разрываліся сярод галін. У бакавым завулку капітан і фельдфебель выбеглі з танка, заляглі і праз бінокль хацелі вызначыць пазіцыю польскіх гармат. Але неўзабаве каля іх сталі рвацца снарады. Палякі так добра прыстраляліся, што адразу пасылалі снарад туды, дзе нехта спрабаваў высунуцца. Адзін матацыкліст, якога не паспелі папярэдзіць, нёсся па дарозе. Яму крычалі. Ён быццам бы чуў, але чарговым снарадам матацыкл быў разбіты. Нам давялося шукаць новы напрамак для наступу».
А так тыя падзеі апісваў камандзір кулямётнага ўзвода, капрал Войска Польскага, беларус Міхаіл Семянюк:
«Першы раз германец ударыў ноччу. З боку горада пайшлі танкі і пяхота. Яны скінулі нашых са знешніх валоў крэпасці, але далей прасунуцца не змаглі. Раніцай пачаўся артылерыйскі абстрэл. Гэта быў існы кашмар. Фугасы проста пераворвалі цытадэль. Потым немцы зноў пайшлі ў атаку. Нашы кулямёты выгадна стаялі на абсталяваных пазіцыях і «рэзалі» нямецкую пяхоту кінжальны агнём. Аднак і ў крэпасці рваліся снарады. Ад абстрэлу загінула шмат нашых людзей. Шкада, баявыя былі хлопцы, як адзін, уставалі ў атаку. Уначы я разам з таварышамі падбіраў і вёз забітых за раку, на Тэрэспаль. Тэрэспальскім мост мы ўтрымлівалі да апошняга».
14 верасня 1939 года 3-я нямецкая танкавая дывізія захапіла Жабінку і ўступіла ў боесутыкненне з абаронцамі Кобрына. 20-я матарызаваная дывізія вермахта рухалася ад Воўчына ў накірунку Брэсцкай крэпасці. 10-я танкавая дывізія наступала ўздоўж шашы Чарнаўчыцы—Брэст. Супраць 154 танкаў і 57 браневікоў немцаў польскія абаронцы цытадэлі на Бугу маглі супрацьпаставіць 57 супрацьтанкавых ружжаў, 18 палявых і 8 супрацьпаветраных гармат. Галоўны штурм немцы распачалі 15 верасня. Салдатам 20-й пяхотнай дывізіі вермахта ўдалося прарвацца ў цытадэль з боку Брэсцкіх варот. Абаронцы крэпасці выкацілі гарматы і зеніткі на прамую наводку і спрабавалі стрымаць наступаючых гітлераўцаў.

njamecki_tank__zniszczany_lja_bresckaj_krepasci.jpg

      Нямецкі танк, знішчаны ля Брэсцкай крэпасці
Вось як той бой апісваў лейтэнант вермахту Фрам:
«Палякі спрабавалі пад прыкрыццём кулямётнага агню расстаўляць свае гарматы, але наш кулямёт расстрэльваў усе іх разлікі, адзін за другім. Аднак усё новыя і новыя жаўнеры ў аліўкавых мундзірах выходзілі з казематаў і беглі ў бок гармат. Калі мы выкарысталі ўсе патроны і гранаты, нам трэба было адысці. І тут з лініі польскіх акопаў, якая засталася ў нас за спінамі, зноў пачаўся смяротны абстрэл. Вораг дабраўся туды праз нейкія, не вядомыя нам, пераходы. Тады мы страцілі шмат добрых жаўнераў».
Цытадэль гарэла, не было сувязі, колькасць параненых і забітых кожную хвіліну павялічвалася. Параненых размяшчалі ў будынку шпіталя, а таксама эвакуявалі ў Тэрэспаль. 16 верасня ў небе над крэпасцю з’явіліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі «Штука». Бамбёжка была жудаснай. Вось як гэтыя падзеі апісвае Міхаіл Семянюк:
«У нас засталося толькі пяць ствалоў артылерыі, казематы і падвалы былі перапоўнены параненымі. Каля 10-ці раніцы пачаўся новы штурм. Два нямецкія батальёны, узмоцненыя танкамі, атакавалі ўмацаванні паблізу Брэсцкіх варот. Частка валоў была страчана. Адчайныя спробы адбіць іх поспеху не мелі».
Жорсткі бой у той дзень адбыўся ля Брэсцкай брамы. Менавіта там польскі снайпер забіў ад'ютанта камандуючага 19-м корпусам падпалкоўніка Браўбаха. 69-ты пяхотны полк вермахта падчас гэтых баёў панёс значныя страты.

Адыход

За час баёў з 14 па 16 верасня абаронцам Брэсцкай крэпасці давялося адбіць 7 нямецкіх атак. У гэтых баях загінула да 40 працэнтаў гарнізона. Каля 18.00 16 верасня генерал Плісоўскі аддаў загад аб прарыве з крэпасці ў бок Тэрэспаля, які яшчэ не быў захоплены немцамі. Праз Сапёрную браму і Лётны востраў цытадэль пакінулі парэшткі маршавых батальёнаў 33-га, 34-га, 35-га пяхотных палкоў, ахоўныя батальёны, артылерысты, 1-я рота сапёраў. Каля 2000 жаўнераў, якім удалося вырвацца з атачэння, пад камандаваннем палкоўніка Алоіза Хорака, працягнулі баявыя дзеянні супраць нацыстаў на Любліншчыне і змагаліся да кастрычніка 1939 года.

njameckija_vojski_u_bresckaj_krepasci.jpg

      Нямецкія войскі ў Брэсцкай крэпасці
У 8.30 17 верасня 1939 года пасля артпадрыхтоўкі немцы пайшлі на чарговы штурм Цытадэлі. Параненыя вайскоўцы, якія знаходзіліся ў крэпасці, а таксама персанал шпіталя былі ўзятыя ў палон. Усяго пасля заканчэння штурму цытадэлі ў руках нацыстаў апынулася каля 1300 жаўнераў Войска Польскага. Але здаліся не ўсе. У адным з фортаў камандзір маршавага батальёна 82-га палка капітан Вацлаў Радзішэўскі са сваімі людзьмі вырашыў да канца абараняць цытадэль.

vaclau_radziszeuski_z_zonkaj.jpg

      Апошні абаронца Брэсцкай крэпасці Вацлаў Радзішэўскі з жонкай
Батальён Радзішэўскага складаўся ў тым ліку і з рэзервістаў-беларусаў, ні адзін з якіх не пажадаў пакінуць свайго камандзіра, — яны змагаліся за сваю зямлю. Рэшткі гэтай вайсковай адзінкі ў перыяд з 17 па 26 верасня 1939 года аказалі ўпартае супраціўленне немцам, а затым і часткам Чырвонай Арміі. У ноч з 26 на 27 верасня капітан з невялікай групай абаронцаў пакінуў крэпасць і накіраваўся да вёскі Муравец. Неўзабаве пасля гэтага Вацлаў Радзішэўскі быў арыштаваны НКУС і ў красавіку 1940 года расстраляны ў Катыні. Такі ж лёс нападкаў і камандуючага абаронай Брэсцкай крэпасці генерала Канстанту Плісоўскага. Пасля адыходу з Брэста ён трапіў у савецкі палон і апынуўся ў Старабельскім лагеры. У красавіку 1940 года Плісоўскага расстралялі ў будынку харкаўскага ўпраўлення НКУС.

Ганебны парад

17 верасня 1939 года савецка-польскую мяжу перайшлі часткі Чырвонай Арміі. Ужо ўвечары таго ж дня танкі з чырвонымі зоркамі ўвайшлі ў Баранавічы, а праз два дні 29-я танкавая брыгада заняла Пружаны.
22 верасня савецкія падраздзяленні ўвайшлі ў Брэст. Вось як тыя падзеі апісваў камандзір 29-й брыгады Чырвонай Арміі Сямён Крывашэін:
«У цэнтры Брэста, у будынку ваяводскай адміністрацыі, знаходзіўся штаб Гудэрыяна. Камендант горада пайшоў далажыць аб маім прыбыцці. Я чакаў каля 10 хвілін у зале з прыгожымі партрэтамі польскіх гетманаў. З’явілася група афіцэраў, сярод якіх быў малы, сухі генерал. Ён стаў у трох кроках перад мной і сказаў, што ў маёй асобе вітае Чырвоную Армію. Пазней Гудэрыян прапанаваў арганізацыю парада, сумеснага. Мы былі стомленыя і брудныя пасля доўгага маршу, і я адмовіўся. Але нарэшце дамовіліся аб тым, што я вылучу для ўдзелу ў сумесным парадзе аркестр і батальён танкаў Т-26. Гудэрыян прасіў, каб мы разам стаялі на трыбуне. Мы так і зрабілі».
А 16 гадзіне 22 верасня 1939 года на вуліцы Люблінскай уніі адбыўся парад «пераможцаў». Перад трыбунай, на якой стаялі генерал Хайнц Гудэрыян і камбрыг Сямён Крывашэін, прамаршыравалі спачатку нямецкія часткі (полк 20-й матарызаванай дывізіі вермахту, узвод матацыклістаў, два дывізіёны артылерыі), а пазней савецкія (аркестр, пяхота, артылерыя і некалькі танкаў).
Адзін з жыхароў Брэста, апісваючы, гэтую падзею, успамінаў: «Спачатку прайшлі немцы. Вайсковы аркестр граў невядомы марш. Затым у небе з’явіліся нямецкія самалёты. Чырвонаармейцы ішлі ўслед за немцамі. Яны вельмі адрозніваліся ад германцаў: ішлі не ў нагу, рамяні мелі брызентавыя. Коні, якія цягнулі іх гарматы, былі малымі і з кепскай вупражжу. За савецкай артылерыяй ехалі гусенічныя трактары, якія цягнулі гарматы большага калібру, а далей ехалі танкі».

njamecki_zauner_i_polskija_palonnyja_u_bresckaj_krepasci.jpg

      Нямецкі жаўнер і польскія палонныя ў Брэсцкай крэпасці
У СССР пра гісторыю гэтай абароны Брэсцкай крэпасці не любілі ўспамінаць. У Беларусі доўгі час пра тыя падзеі памяталі толькі жыхары горада на Бугу. Зараз гістарычная праўда пра абарону 1939 года вяртаецца з небыцця. Беларусам варта памятаць, што вялікую ролю ў той бітве адыгралі менавіта нашы суайчыннікі, ураджэнцы Заходняй Беларусі. Гэтыя жаўнеры да канца абаранялі сваю зямлю.
Фота з асабістага архіву Ігара Мельнікава