Страшныя тайны вёскі Старадубава на Вілейшчыне

Гэту гісторыю расказваў сваёй дачцэ Соф’і жыхар вёскі Старадубава Казімір Іванавіч Смаленскі. Яна — свайму мужу Францу Мікалаевічу Млечку. А той у сваю чаргу — мне.



get_img_1_19.jpg

Казік Смаленскі з прыфрантавой вёскі Старадубава (маленькі хлопчык у першым радзе) з салдатамі рускай арміі. 1914-1917 г.г. Здымак захаваўся ў сям'і Соф'і Смаленскай (Млечка) з Вілейкі.

Зразумела, што настолькі доўгі ланцужок апавядальнікаў мог часткова сказіць падзеі, якія адбыліся, таму прашу паставіцца да майго аповеду паблажліва.

Ад 1914 года ў доме Казіміра Іванавіча ў вёсцы Старадубава кватаравалі салдаты расійскай арміі з Чэлябінска. “Кемлівыя” рускія неяк вырашылі падсушыць на печы порах. Сухі порах палыхнуў, а за ім згарэў і дом. У 1915 годзе дом адбудавалі на новым месцы (стары стаяў уздоўж дарогі, новы паставілі перпендыкулярна).

Дом падзялілі на дзве палавіны: у адной жылі салдаты, а ў другой стаялі коні. Крыху воддаль, пад гарой (мясцовасць узгорыстая), паставілі лазню. Як той казаў: вайна вайной, а лазня па раскладзе. І дом, і лазня стаяць да гэтай пары, праўда, у лазні не мыюцца ўжо два гады.

У гэтай мясцовасці і разгарнуліся падзеі, пра якія пойдзе гаворка далей.

18 сакавіка (па старым стылі) 1916 года часці Паўднёвай групы 2-й рускай арміі спрабавалі пераадолець нямецкія ўмацаванні паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Але ўжо ў пачатку атакі некаторыя падраздзяленні патрапілі пад агонь уласнай артылерыі. Такая няўзгодненасць дзеянняў была аплачаная жыццямі многіх рускіх салдат. Вынікам першага дня наступлення сталі велізарныя страты з боку рускіх, зафіксаваныя ў архіўных дакументах: “Страты ў асабовым складзе Другой арміі за 18 сакавіка 1916 года: 22-я пяхотная дывізія — 49 афіцэраў і 5547 салдат, 1-ы сібірскі корпус — 33 афіцэры і 3206 салдат, 5-ы армейскі корпус — 80 афіцэраў і 4102 салдаты, 36-ы армейскі корпус — 19 афіцэраў і 2030 салдат”.

19 сакавіка упершыню ў час Нарачанскай ваеннай аперацыі была ўжытая хімічная зброя. Нямецкая артылерыя абстраляла рускія пазіцыі, размешчаныя на паўночны ўсход ад возера Вішнеўскае, снарадамі з атрутнымі рэчывамі. Па словах мясцовых жыхароў, перад абстрэлам немцы паспрабавалі захапіць штаб, размешчаны ў раёне вёскі Старадубава. Аднак вецер рэзка змяніў кірунак, і воблака атрутнага рэчыва пасуналася на нямецкія пазіцыі. Пачалася паніка, салдаты пабеглі, некалькі фурманак з хімічнымі боепрыпасамі з’ехалі з гаці (насціл з бярвенняў праз балота) і патанулі ў дрыгве.

Па словах мясцовых жыхароў, дастаць іх немцам не атрымалася. З таго часу ўрочышча носіць назву Снарады. Магчыма, боепрыпасы і сёння знаходзяцца там, свайго роду хімічная міна, якая рана ці позна павінна выбухнуць. А я ж у гэтых мясцінах у дзяцінстве з мамай збіраў журавіны. На камяні, які ляжаў на краі гаці, знайшоў два патроны ад вінтоўкі. Калі прынёс іх дадому, тата сказаў, што яны ад трохлінейкі, выламаў кулі, высыпаў порах і закінуў у крапіву.

Даведка:

У час Першай сусветнай вайны хімічная зброя ўпершыню была выкарыстаная нямецкімі войскамі ў красавіку 1915 года супраць французаў каля бельгійскага горада Іпр. Ад уздзеяння газападобнага хлору (каля 180 тон) пацярпела звыш 15 тысяч чалавек, з якіх больш за пяць тысяч памерлі пасля бою, а большасць з тых, хто выжыў, засталася інвалідамі. У далейшым пры хімічных атаках прымяняўся таксама вадкі хлор з фасгенам (атрутнае і ўдушлівае рэчыва). Верагодна, падобнага роду хімічная зброя выкарыстоўвалася ў час Нарачанскай аперацыі 1916 года.

Салдат, якія загінулі ў выніку атручэння, было шмат з абодвух бакоў. Пахаваныя яны на адных могілках паміж вёскамі Золькі і Муляры. Вось так, стралялі, калолі, атручвалі адзін аднаго, а цяпер ляжаць побач і думаюць: навошта? Дзеля амбіцый бяздарных кіраўнікоў дзвюх імперый, якія адышлі ў стагоддзі, але сабралі свой крывавы ўраджай, багата паліты слязьмі калек, удоў і сірот.

Ёсць і працяг гэтай гісторыі.

Ігар Кіцікаў, www.rh.by