Што асудзіў і пра што адмыслова «забыў» Хрушчоў на зьезьдзе КПСС, на якім казаў пра культ асобы?
25 лютага 1956 году ў чырвонай Маскве адбылася падзея, якую некаторыя гісторыкі апісваюць як «сьмерць сталінізму». Новы правадыр Хрушчоў казаў пра рэпрэсіі, якія закранулі чальцоў камуністычнай партыі пры яго папярэдніку. І ні слова не было пра тэрор усяго паняволенага насельніцтва, перасьлед духавенства, новае прыгоннае права – калектывізацыю і пра іншае. Даведаемся пра той даклад.
ХХ зьезд крыважэрнай камуністычнай партыі СССР адбываўся на працягу амаль двух тыдняў: з 11 па 25 лютага 1956 года. Пасьля таго, як зьезд вычарпаў парадак дня, абраў кіруючыя органы і фактычна скончыў працу, адбылося яшчэ адно, 20-е паседжаньне, на якім з інфармацыйным дакладам выступіў Хрушчоў.
Толькі ў самы апошні дзень, раніцай, на закрытым паседжаньні прагучалі словы, якія, як здавалася, прысутнымі рашуча не чакаліся. Мікіта Хрушчоў пасягнуў на памяць і дасягненьні тырана, які дзесяцігодзьдзямі зьнішчаў народы, якія апынуліся пад яго камуністычнай лапай. Сталін мусіў гістарычна памерці? Як кажуць, галоўнае ў нюансах і дэталях.
Пра што сказаў Хрушчоў
«Таварышы! У справаздачным дакладзе ЦК КПСС XX зьезду і шэрагу выступаў дэлегатаў зьезду, а таксама раней, — на пленарных паседжаньнях ЦК КПСС, ужо шмат гаварылася аб кульце асобы і яго шкодных наступствах. Вера ў магчымасьць існаваньня такой асобы, і асабліва такая вера ў адносінах да Сталіна, культывавалася сярод нас на працягу шматлікіх гадоў.
Сталін стварыў канцэпцыю «ворага народа». Гэты тэрмін аўтаматычна выключаў неабходнасьць доказу ідэалягічных памылак, учыненых асобным чалавекам або групай асобаў. Гэтая канцэпцыя зрабіла магчымым ужываньне найжорсткіх рэпрэсій, якія парушаюць усе нормы рэвалюцыйнай законнасьці, супраць любога, хто не згаджаўся са Сталіным па любым пытаньні, супраць тых, хто толькі падазраваўся ў намеры зьдзейсьніць варожыя дзеяньні, а таксама супраць тых, у каго была дрэнная рэпутацыя.
Галоўным і на практыцы адзіным доказам віны, што супярэчыць усім палажэньням навуковай юрыспрудэнцыі, было "прызнаньне" самага абвінавачанага ў зьдзяйсьненьні тых злачынстваў, у якіх ён абвінавачваецца. Наступная праверка паказала, што такія “прызнаньні" здабываліся пры дапамозе выкарыстаньня да абвінавачанага метадаў фізычнага гвалту.
Гэта прывяло да нечуванага парушэньня рэвалюцыйнай законнасьці, у выніку чаго пацярпела шмат абсалютна ні ў чым невінаватых людзей, якія ў мінулым абаранялі партыйную лінію, якая праводзілася.
Самавольства з боку адной асобы заахвочвае і дазваляе гэтыя праявы іншымі асобамі. Масавыя арышты і высылкі многіх тысячаў людзей, расстрэлы без суда і нармальнага сьледзтва стварылі абстаноўку, пазбаўленую пачуцьця бясьпекі і поўную страху і нават жаху.
Ленін ужываў надзвычайныя меры толькі ў сапраўды неабходных выпадках, у той час, калі яшчэ існавалі эксплюататарскія клясы, адчайна супраціўляліся рэвалюцыі, калі барацьба за існаваньне прымала самыя рашучыя формы, у тым ліку грамадзянскую вайну.
Сталін жа, зь іншага боку, зьвяртаўся да надзвычайных метадаў і масавых рэпрэсіяў у той час, калі рэвалюцыя ўжо перамагла, калі савецкая дзяржава ўмацавалася, калі эксплюататарскія клясы былі ўжо ліквідаваныя.
Маючы ў сваім распараджэньні шматлікія даныя, якія даказваюць грубае свавольства ў адносінах да партыйных кадраў, Цэнтральны Камітэт стварыў партыйную камісію; ёй было даручана расьсьледаваньне прычынаў, якія зрабілі магчымым правядзеньне масавых рэпрэсій супраць большасьці чальцоў і кандыдатаў ЦК, абраных на XVII зьездзе Камуністычнай Партыі.
Гэтая камісія азнаёмілася зь вялікай колькасьцю матэрыялаў з архіваў НКУС і ўстанавіла шмат выпадкаў фабрыкацыі справаў супраць камуністаў, вынікам якіх была сьмерць нявінных людзей.
Калі ўзяць многія нашыя раманы, фільмы і гістарычныя «навуковыя працы», то паводле іх роля Сталіна ў Айчыннай вайне зьяўляецца зусім неверагоднай. Сталін нібыта прадбачыў усё.
Было б няправільным забываць, што пасьля першых сур'ёзных няўдачаў і паразаў на фронце Сталін думаў, што наступіў канец. У адной са сваіх прамоваў, вымаўленых у тыя дні, ён сказаў: «Усё, што стварыў Ленін, мы страцілі назаўжды».
Пасьля гэтага на працягу доўгага часу Сталін фактычна не кіраваў ваеннымі дзеяньнямі, ён спыніўся рабіць штосьці ўвогуле. Ён вярнуўся да актыўнага кіраўніцтва толькі пасьля таго, як некалькі сябраў палітбюро наведалі яго і сказалі, што неабходна неадкладна зрабіць пэўныя крокі, каб палепшыць становішча на фронце. Таму грозную небясьпеку, якая навісла над нашай радзімай у першы перыяд вайны, варта аднесьці, галоўным чынам, на рахунак няправільных метадаў кіраўніцтва Сталінай дзяржавай і партыяй.
У 1943 годзе было прынята і праведзенае рашэньне адносна высылкі ўсіх карачаеўцаў з земляў, на якіх яны жылі. У той жа самы перыяд, такі ж лёс напаткаў усё насельніцтва Калмыцкай Аўтаномнай Рэспублікі. У сакавіку 1944 года былі цалкам высланыя чачэнскі і інгушскі народы, а Чачэна-Інгушская Аўтаномная Рэспубліка была ліквідаваная. У красавіку 1944 года з тэрыторыі Кабардзіна-Балкарскай Аўтаномнай Рэспублікі былі высланыя ў аддаленыя месцы ўсе балкары, а сама рэспубліка была перайменавана ў Кабардзінскую Аўтаномную Рэспубліку.
Украінцы пазьбеглі гэтай долі толькі таму, што іх было занадта шмат і не было месца, куды іх саслаць. Інакш ён іх таксама саслаў бы (Хрушчоў сам быў этнічным украінцам – П.Х.).
У арганізацыі розных брудных і ганебных справаў найгнюсьнейшую ролю адыгрываў заўзяты вораг нашай партыі, агент замежнай выведкі — Бэрыя, які ўцерся ў давер Сталіна. Якім чынам гэты правакатар атрымаў такое становішча ў партыі і дзяржаве? Зараз устаноўлена, што гэты нягоднік падняўся па прыступках урадавай лесьвіцы праз незьлічоную колькасьць трупаў», — паведамлялася ў дакладзе Хрушчова.
Пра што забыў сказаць Хрушчоў
Як нагадвае гісторык Уладзімер Навумаў, Хрушчоў, як і іншыя сябры прэзідыюма ЦК, не толькі разьлічваў сысьці ад асабістай адказнасьці, але і разумеў, што прызнаньне вышэйшай партыйна-дзяржаўнай уладай сталінскіх злачынстваў дыскрэдытуе найбольш аўтарытэтных і ўплывовых сябраў прэзідыюма ЦК, тых, хто доўгі час працаваў са Сталіным, хто быў у 30-я гады чальцом палітбюро. Аб гэтым Хрушчоў пісаў у сваіх успамінах.
Пастанова гэтай праблемы найперш падрывала аўтарытэт тых, хто ведаў больш і, магчыма, удзельнічаў у сталінскіх злачынствах. Ступень адказнасьці сябраў прэзідыюма ЦК магла стаць інструмэнтам ціску з боку тых, хто ведаў менш, на тых, хто ведаў больш і, такім чынам, нёс вялікую адказнасьць. Такім чынам, лічыў Хрушчоў, можна будзе паспрабаваць ухіліцца ад адказнасьці.
Бэрыя першым выкарыстаў даныя аб сталінскіх злачынствах як прыладу ціску на сваіх калегаў, якіх асабліва палохала тое, што ён, раскрываючы таямніцы фальсыфікацый справаў, займаўся гэтым адзін і пакінуў у сябе ў сэйфе матэрыялы, якія сьведчылі аб наўпроставай датычнасьці сябраў палітбюро да сталінскіх злачынстваў.
Бэрыя атрымліваў зьвесткі ў падуладных яму органах дзяржбясьпекі. Сябры палітбюро зразумелі, што Берыя хутчэй за ўсё зьбірае супраць іх дасье і зьнішчае дакумэнты, якія сьведчаць пра яго ўласныя злачынствы і злоўжываньні ўладай.
Невыпадкова, што пасьля расстрэлу Бэрыі сябры палітбюро тут жа зьнішчылі ўсе дакумэнты зь яго сэйфа. Хрушчоў казаў, што зрабіў гэта, нават не чытаючы тых папераў, якія знаходзіліся ў Берыі. Можа быць, ён і не чытаў, але не выклікае сумневу, што яго давераныя асобы, у першую чаргу Сяроў, уважліва вывучылі ўсе гэтыя дакумэнты.
Як сцьвярджае Ўладзімер Навумаў, такога кшталту выкрыцьці маглі стаць магутнай зброяй у барацьбе за лідэрства ў партыі. Некаторыя зь іх ужылі ўсе сілы, каб нэйтралізаваць магчымую небясьпеку. Іншыя настойліва імкнуліся выкарыстаць сітуацыю з максімальнай для сябе выгадай.
Да восені 1955 года Хрушчоў быў цалкам перакананы ў тым, што пра яго дачыненьне да злачынстваў камуністаў сталінскай эпохі не будзе сказана ні слова. Ён сьмела абвінавачваў іншых, калі быў упэўнены, што дакумэнты, якія яго выкрываюць, або зьнішчаныя, або знаходзяцца за сям'ю пячаткамі.
Чым больш надзейна яны былі схаваныя, тым больш рэзка асуджаў Хрушчоў злачынствы, у якіх сам прымаў актыўны ўдзел.
Хрушчоў падзяліў сябраў прэзідыюма ЦК па ступені інфармаванасьці аб сталінскіх злачынствах. На яго думку, ён, а таксама Булганін, Пярвухін і Сабураў (гэтыя імёны сёньня ўвогуле мала што скажуць чытачам) нічога ня ведалі аб фактах масавага тэрору другой паловы 30-х гадоў і, такім чынам, не ўдзельнічалі ў тэроры і не нясуць ніякай адказнасьці за тыя злачынствы, якія зьдзейсьніў Сталін.
Іншая група — Молатаў, Варашылаў — ведалі ўсё. Мікаян і Кагановіч таксама былі цалкам інфармаваныя, але ім не былі вядомыя дэталі. Малянкоў не быў ініцыятарам масавых рэпрэсій, але ён выступаў паслухмяным выканаўцам.
У дакладзе Хрушчова на ХХ зьезьдзе КПСС і ў дакладзе аб кульце асобы, як асаблівая заслуга Сталіна адзначаліся барацьба з апазыцыяй і яе разгром. У справаздачным дакладзе трацкісты і бухарынцы былі зноў названыя "ворагамі народа", прыхільнікамі рэстаўрацыі капіталізму.
З дакумэнтаў бачна, што пытаньне аб дакладчыку было вырашанае ў апошнюю хвіліну. У архіве захаваўся дакумэнт, падрыхтаваны апаратам, у якім распісана ўсё, што патрабавалася сказаць Хрушчову як асобе, якая старшынствавала на паседжаньні. Трэцім пунктам у гэтай "шпаргалцы" для Хрушчова значылася: «Старшыня ўносіць прапанову заслухаць на закрытым паседжаньні зьезда даклад спецыяльнай камісіі ЦК КПСС». Словы «спецыяльнай камісіі ЦК КПСС» былі затым закрэсьленыя і ад рукі зьверху напісана «аб кульце асобы».
Даклад быў распрацаваны камуністам Пасьпелавым. Хрушчоў унёс свой уклад у распрацоўку структуры даклада. Ён прыбраў некаторыя высновы, якія былі ў дакладзе камісіі Пасьпелава.
Сярод іх — сьцьвярджэньне аб тым, што так званыя апазыцыйныя цэнтры і блёкі насамрэч ніколі не існавалі, што ўсё гэта — фальсыфікацыя органаў дзяржбясьпекі.
У дакладзе камісіі Пасьпелава наўпрост і дакладна казалася пра масавыя рэпрэсіі супраць простых савецкіх грамадзянаў: «Але нічым не мог быць апраўданы масавы тэрор супраць шматлікіх сумленных савецкіх людзей, супраць шматлікіх кадраў партыі і савецкай дзяржавы».
У дакладзе Хрушчова да ахвяраў культу асобы былі аднесеныя толькі камуністы, якія прытрымліваліся сталінскай арыентацыі, але ніяк не апазыцыянэры і не простыя грамадзяне.
Што да апазыцыянэраў, дык Хрушчоў асудзіў не рэпрэсіі супраць іх, а толькі маштаб гэтых рэпрэсій і шырокае выкарыстаньне вышэйшай меры пакараньня.
Галоўная выснова камісіі Пасьпелава, паўтораная ў дакладзе Хрушчова, складалася ў асуджэньні «варожай палітыкі зьнішчэньня партыйных і савецкіх кадраў». Думка аб тым, што ў барацьбе з апазыцыяй рэпрэсіі былі апраўданыя, толькі не ў тых маштабах, якія ўжываў Сталін, засталася:
«Калі б і трэба было выкарыстоўваць суровыя меры, якія былі выкарастаныя, дык яны павінны былі быць выкарастаныя да значна меншага кола асобаў, да значна меншай колькасьці, толькі ў адносінах да тых асобаў, якія былі безнадзейнымі, якія ўпарта не адмаўляліся ад сваёй шкоднай дзейнасьці. Неабавязкова іх было зьнішчаць, можна было трымаць у турмах, у высылцы».
Гуманіст чырвоны.
У выніку таталітарызм пасьля ХХ зьезду камуністаў не скончыўся, таварыш Хрушчоў не прапанаваў правесьці рэвізіі ўсяго аднапартыйнага рэжыму. Страшэнная імпэрыя Зла яшчэ 35 гадоў тэрарызавала мільёны людзей за іншадумства і праявы нацыянальнай годнасьці.