Барацьба «калектыўнага Лукашэнкі супраць "шостай калоны"». Філасофія сучаснай Беларусі

У чарговым сваім стрыме прапагандыст Азаронак разам з палітолагам Пятром Пятроўскім абмяркоўвалі, якой павінна быць філасофія Беларусі. «Media IQ» прааналізаваў гэты стрым. Высновы несуцяшальныя: мы скочваемся ў сталінізм.

Ілюстрацыйная выява: dzen.ru

Ілюстрацыйная выява: dzen.ru

Лукашэнка сустрэўся з рэктарамі беларускіх ВНУ і раскрытыкаваў падручнік філасофіі. Ён зазірнуў у падручнік, цікавячыся вучобай сына Колі.

«Слухайце, які кашмар! — даў ацэнку Лукашэнка. — Што яны напісалі — гэта жах! Савецкія падручнікі давалі выразныя структураваныя адказы на ўсе пытанні, а там такі хлам... Ні адзін студэнт гэта не вывучыць».

Лукашэнка паўтарыў патрабаванне «прывесці ў парадак падручнікі, асабліва школьныя, выклаўшы інфармацыю ў іх нармальнай, даступнай для навучэнцаў мовай», паведамляе БелТА.

Якім жа бачаць беларускі падручнік па філасофіі фронтмэн СТБ і праўладны палітолаг? І прычым тут Сталін, намаляваны на вокладцы стрыма побач з Лукашэнкам?

Крыніца філасофіі Беларусі — метадычка Лукашэнкі

Азаронак і Пятроўскі пагадзіліся, што «пераважная колькасць падручнікаў філасофіі сфармаваліся на пачатку 90-х», а «горшы падручнік – узяць заходнюю філасофію і перакласці на нашы рэйкі за кошт фонду Сораса». На іх думку, такія падручнікі чужыя беларусам.

Што ж з'яўляецца арганічным для нашага народа? Для адказу суразмоўцы звярнуліся да першакрыніцы — Аляксандра Лукашэнкі. Пятроўскі прынёс з сабой для цытавання метадычку пад назвай «Аб стане ідэалагічнай работы і мерах па яе ўдасканаленні. Даклад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі на пастаянна дзеючым семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў 27 сакавіка 2003 г.». У метадычцы прама паказаны корань зла — лібералізм:

«Дамінуючай і выключна агрэсіўнай з'яўляецца сёння ідэалогія лібералізму. Лібералізм коратка можна вызначыць як ідэалогію сацыяльнай няроўнасці людзей, нажывы і індывідуалізму. Дарэчы сказаць пра ліберальны тэрор. < ... > Сацыяльны дарвінізм, калі моцны пажырае слабога».


Глядзіце таксама

Ч«аму мне на паліталогіі ўціралі ўсякую лухту пра свабоду і іншае, калі ёсць словы прэзідэнта, выразна выкладзеныя ў метадычным выданні?» — абурыўся Азаронак.

Аўтэнтычныя каштоўнасці беларусаў у метадычцы паказваюцца наступныя:

«Працаваць не толькі дзеля нажывы, але дзеля дабра грамадства і іншых людзей <...> традыцыйных для нашай цывілізацыі каштоўнасцей <...> калектывізм, узаемадапамога, высокія ідэалы — у процівагу заходняму індывідуалізму».

Багародзіца і Сталін, служэнне дзяржаве і традыцыйныя каштоўнасці

Але на метадычцы Лукашэнкі суразмоўцы не спыніліся, а вырашылі развіць падыход. І прааналізавалі беларускае грамадства. Пачалі крытыкаваць маладых беларусаў за спажывецтва.

«Сучасны выпускнік ВНУ патрабуе: дай працу, зарплату, "Ламбарджыні" — гэта ж спажывец, гэта гад, гэта гнілата!» — абурыўся Азаронак.

«Дзе дзяржаўны наратыў? Ты абавязаны служыць дзяржаве», — здзівіўся Пятроўскі. «Няма служэння. Толькі камфорт», — канстатаваў у адказ Азаронак.

З іншага боку, у стрыме паказалі кадры чаргі ля кафедральнага сабора ў Мінску, куды прывезлі пояс Багародзіцы. «Вось гэтыя людзі жывуць толькі прыземленым? Вось гэтыя людзі жывуць толькі жратвой? Гэтыя людзі жывуць духам, гэта наш народ! Глыбінны, праваслаўны народ Белай Русі. Ён цягнецца да сэнсаў, ідэй, заступніцтва Прасвятой Багародзіцы, Госпада нашага Ісуса Хрыста, ён цягнецца да вялікіх правадыроў: таварыша Сталіна, ён цягнецца да нашага прэзідэнта. Вось гэта — наш вялікі народ, а не тое тупое вышываначнае быдла — статак, які вы нам спрабуеце навязаць, мярзотнікі», — звярнуўся да нябачных апанентаў Азаронак.


Глядзіце таксама

Пятроўскі пракаментаваў, што заходні светапогляд — секулярны, а значыць нігілістычны. Ці то справа беларусы: «У нас маецца канкрэтны светапогляд беларусаў. Ён ў большасці сваёй хрысціянскі. Ён сакральны. Нават да сацыялізму, марксізму мы ставімся сакральна. Як да ідэалогіі сацыяльнай справядлівасці ў матэрыяльным размеркаванні выгод». А вось «яны» (верагодна, Захад) не маюць паняцця пра сакральнасць, заявіў Пятроўскі.

«Што такое сатанізм, з пункту гледжання хрысціянства? — працягнуў палітолаг. — Тое, што ненатуральна: індывідуалізм, эгаізм».

«Тое, што забівае чалавека: не нараджаеш дзяцей — сатаніст, гей — сатаніст, служыш Захаду — сатаніст, таму што Захад знішчае цывілізацыю», — працягнуў Азаронак.

Вецер сталінізму

Трэба вучыць беларусаў думаць, адзначыў Пятроўскі. «А для чаго? Каб не быць марыянеткай знешняга ўплыву <...> Ты грамадзянін, ты павінен адрозніць аднаго ад ворага, быць суверэнным суб'ектам, умець думаць. Каб ім праз тэлеграм-каналы і іншыя інфармацыйныя рэсурсы не маніпулявалі. Каб мог адрозніць, дзе праўда, а дзе хлусня <...> Для гэтага патрэбныя логіка, дыялектыка, разуменне асноўных канцэпцый», — сказаў палітолаг. «Няма рэфлексіі... Дзе дабро, дзе зло?» — таксама паскардзіўся ён у дыскусіі.

Далей у ходзе абмеркавання суразмоўцы прапанавалі наступнае:

  • стварыць адзіны падручнік па філасофіі, гэткі «базавы падручнік беларуса»;
  • вярнуць тэрмін «ворагі народа», што з пункту гледжання Азаронка тое самае, што «ворагі дзяржавы»;
  • пакараць ад імя «народа» персанальна шоумена Яўгена Перліна за «пераабуванне» і выкрутлівасць;
  • адправіць «іх усіх у Чарнобыльскую зону торф капаць і мхі варочаць»;
  • стварыць у рамках ШАС свой СААЗ, прапісаўшы, што гомасэксуальнасць – гэта хвароба, і лячыць яе.

Азаронак і Пятроўскі раскрытыкавалі за «пераабуванне» першых лідараў постсавецкіх краін, якія былі савецкімі «чынушамі, якія пры Брэжневе жэрлі ў закрытых крамах». І захапіліся Сталіным як мысляром, які напісаў 10 тамоў.

Дасталася і беларусам, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі: «Фармальна грамадзяне Беларусі, але вы антыбеларусы, здраднікі, лібералы... Вы супраць, каб калектыўнае было над індывідуальным... Любіць Радзіму – значыць аддаць ёй усё... Вы супраць служэння, толькі хапаць для сябе».


Глядзіце таксама

Пятроўскі назваў Еўрасаюз «турмой народаў, таму што педэрастыя або смерць», і заявіў, што няма мадэлі інтэграцыі, лепшай за савецкую.

Таксама суразмоўцы прыйшлі да высновы, што замест «пятай калоны» ў Беларусі з'явілася «шостая»: людзі-сабатажнікі, якія супраць рэжыму Лукашэнкі, але хаваюць свае погляды. І вось цяперашнія выбары 25 лютага — барацьба «калектыўнага Лукашэнкі супраць "шостай калоны"».

Што ўсё гэта значыць

Няма жадання падрабязна разбіраць ўнутраныя супярэчнасці, эклектыку, ляпы і дэзінфармацыю ў дадзеным стрыме Азаронка. Але важна заўважыць, што гэта азначае ў кантэксце.

Беларусь з 2020 года знаходзіцца ў грамадска-палітычным крызісе. Грамадства расколатае, і адзін бок (прыхільнікі Лукашэнкі) спрабуе знішчыць другі (праціўнікі Лукашэнкі). Палярызацыя ўзмацняецца. Напярэдадні сёлетніх выбараў 25 лютага прайшла чарговая магутная хваля рэпрэсій. Наратыў пра «вялікага Сталіна» з'яўляецца прапагандысцкім афармленнем таго, што адбываецца, каб апраўдаць рэпрэсіі, распальванне нянавісці па лініі «мы — яны» і прамыя заклікі да гвалту і дыскрымінацыі.


Глядзіце таксама

Ідэя Пятроўскага навучыць беларусаў думаць самастойна, каб рабіць правільныя высновы — выдатная. Але перакручаная. Таму што пры бліжэйшым разглядзе аказваецца, што задача філасофіі ў такой дзяржаве — не навучыць самастойнасці, а падпарадкаваць чалавека. Палітызаванне навукі — прыкмета ўзмацнення таталітарызму, у які скочваецца Беларусь, прыкмета распаўзання кантролю ўлады на ўсе сферы грамадства.