Людзі — такі ж рэсурс, як грэчка. Шрайбман — пра дрэйф Беларусі ў бок таталітарызму
Хоць мы ўсё яшчэ не прыбылі ў пункт прызначэння, але беларускі рэжым працягвае свой шлях у бок таталітарызму. Невядома, ці магчыма гэта зрабіць у 21 стагоддзі, не маючы арганічнай ідэалогіі, а прыдумляючы яе на хаду. Але каляіна выглядае цалкам адназначнай, і гэта лепш усведамляць, каб наступныя крокі ўлады не сталі сюрпрызам. Арцём Шрайбман у калонцы на «Люстэрку» разважае пра апошнія рашэнні рэжыму Лукашэнкі, якія набліжаюць Беларусь да таталітарызму.
Гаворачы аб таталітарным дрэйфе Беларусі, прасцей за ўсё сфакусавацца на знешніх атрыбутах новага рэжыму — усё больш жорсткіх рэпрэсіях, з'яўленні партыі ўлады, абавязковага і адзінага гістарычнага наратыву, прапагандзе культу асобы правадыра і мілітарызме, якія ўсё больш пранізваюць прапаганду.
Але больш адчувальнай для большасці беларусаў можа апынуцца іншая трансфармацыя, якая палягае ў самой логіцы стаўлення ўлады да людзей. Логіка гэтага працэсу складаецца ў распаўзанні кантролю, у падпарадкаванні жыццёвых траекторый асобных грамадзян дзяржаўным задачам.
Працэс ідзе як «ушырыню» — то бок закранае ўсё большую колькасць беларусаў, якія спадзяваліся пераседзець буру, трымаючыся далей ад палітыкі, так і «ўглыб» —у тыя сферы нашага жыцця, якія яшчэ ўчора лічыліся прыватнымі, якія знаходзяцца ў безумоўнай кампетэнцыі саміх людзей.
Калі Лукашэнка дае зялёнае святло на абавязковае размеркаванне выпускнікоў, незалежна ад таго, плацілі яны за вучобу ці не, і на большы тэрмін размеркавання бюджэтнікаў, ён выдатна разумее, колькім тысячам людзей гэта паламае жыццёвыя планы. Гэта не адарванасць улады ад сітуацыі, Лукашэнка і сам кажа, што прыйшоў час дзейнічаць «кардынальным спосабам».
Чаму яно прыйшло? І тут улада таксама гранічна сумленная: кваліфікаваныя кадры бягуць з краіны. Колькасць незачыненых вакансій у краіне і беларускіх студэнтаў у польскіх ВНУ б'е рэкорды. У мабілізацыйнай логіцы працоўнага лагера выхад за яго плот — гэта здрада дзяржаўным інтарэсам. Нельга несанкцыянавана пакідаць краіну для жыцця, калі ў яе на цябе былі іншыя планы.
Калі на айчынным рынку ўзнікае дэфіцыт нейкага тавару — грэчкі або бензіну — улада адчувае сябе ў поўным праве абмежаваць яго экспарт. Людзі перайшлі ў гэтую ж катэгорыю — яшчэ аднаго рэсурсу, пры недахопе якога падаюць эканамічныя паказчыкі, чаго ўрад не можа дапусціць.
Лукашэнка не першаадкрывальнік у гэтым пытанні. Амаль усе камуністычныя краіны мелі жорсткія абмежаванні на выезд за мяжу. СССР ўводзіў выязныя візы, ГДР пабудавала сцяну ў Берліне. Некаторыя рэжымы, накшталт Кітая ці КНДР, ішлі далей і масава перамяшчалі насельніцтва, калі працоўныя рэсурсы былі патрэбныя ў іншых месцах.
Калі хтосьці асмеліўся паставіць свае інтарэсы насуперак дзяржаўным, гэта значыць з'ехаць без дазволу, — дзяржава адчувае сябе ў праве адсекчы такога чалавека ад сябе цалкам. У спіну беглым пакуль не страляюць — часы не тыя, ды і патроны патрэбныя саюзніку на фронце. Але пашпартны ўказ, запіс у дармаеды і павышаную камуналку — будзь добры, атрымай у плечы.
Зразумела, эміграцыю гэтыя меры не спыняць. А хтосьці і зусім можа вырашыць з'ехаць менавіта з-за навін аб размеркаванні, абы не марнаваць час на адпрацоўку, на якую чалавек не падпісваўся, калі ішоў на платнае.
Таму адназначна варта чакаць ад улады новых перашкод на шляху адтоку людзей. Як далёка можа зайсці гэты працэс, сёння складана сказаць. На першым часе, каб дэматываваць тых, хто падумвае адмовіцца ад размеркавання, цалкам верагодна, павялічаць суму кампенсацыі дзяржаве.
Логіка працэсу штурхае ўладу ў бок больш жорсткага замацавання людзей там, дзе ім належыць працаваць. Даўшы карт-бланш на адну, як ён сам кажа, «кардынальную» меру, Лукашэнка на наступным этапе можа паспрабаваць і іншую класіку з арсенала камуністычных дыктатур.
Магчыма, мы і не паспеем прыйсці да выязных віз або «замежных пашпартаў», якія будуць захоўвацца ў надзейным ведамстве. Але ўжо не выглядаюць поўнай фантастыкай і абмежаванні на выезд маладых спецыялістаў з краіны да канца тэрміну адпрацоўкі або перакладанне «штрафу» на сем'і тых, хто асмеліўся з'ехаць ад размеркавання.
Іншым фронтам вайны за працоўныя рэсурсы стала дэмаграфія. Радзіме патрэбныя працоўныя рукі, а яны з'яўляюцца на свет у занадта малых колькасцях. Але ў адрозненне ад усяго свету, у нас у гэтым вінаватая не ўрбанізацыя. А ў адрозненне ад іншых постсавецкіх краін, прычына дэмаграфічнай ямы не ў рэху Другой сусветнай вайны і складаных 1990-х. У Беларусі ва ўсім вінаватыя геі і чайлдфры.
Вось ужо і ГУБАЗіК выходзіць на барацьбу з мужчынамі ў ружовых сукенках ў рэкламе. Генпракуратура рыхтуе школьны курс па палавым выхаванні, дзе дзяцей будуць арыентаваць заводзіць сем'і і вырабляць новых дзяцей. А Качанава разам з праваслаўнай царквой хоча знізіць сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб з не занадта патрыятычных 27 гадоў.
Патрыярхальная (і месцамі турэмная) культура ў беларускім дзяржапараце — не асноўная прычына гэтага кансерватыўнага павароту. Корань праблемы — усё ў той жа таталітарнай логіцы: людзі сталі рэсурсам у вырашэнні дзяржаўных задач, рэсурсу трэба больш, распранайцеся і працуйце.
Тое, што раней, у аўтарытарнай Беларусі да 2020 года, было прыватным выбарам людзей, цяпер усё больш трапляе ў сферу дзяржаўнай цікавасці. Услед за ідэалагізацыяй адукацыі ўлада хоча даваць людзям адказы і на іншыя перш асабістыя пытанні, накшталт «куды пайсці працаваць», «ці варта з'ехаць з краіны» і «заводзіць дзяцей ці не».
Усё, як завяшчаў адзін класік 1920-х — 1940-х: «Усё ў
дзяржаве, нічога па-за дзяржавай, нічога супраць дзяржавы». Лепш бы, вядома,
улада здабывала ўрокі не з ідэй гэтага вядомага італьянскага палітыка, а з фіналу
яго біяграфіі.