Віктар Ганчар: спроба падняцца на Алімп
Віктару Іосіфавічу Ганчару 7 верасня споўніўся б 61 год. З гэтай нагоды ўзгадаем адзін важны эпізод з палітычнай біяграфіі Ганчара: яго спробу стаць старшынёй Вярхоўнага Савета ў студзені 1994 года пасля адстаўкі Станіслава Шушкевіча.
Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12 і 13 скліканняў, намеснік старшыні Маладзечанскага гарвыканкама, віцэ-прем’ер і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, вядомы палітычны дзеяч — знікненне Віктара Ганчара (як аднаго з асноўных апанентаў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі) 16 верасня 1999 года з’яўляецца адной з самых загадкавых падзей у гісторыі найноўшай Беларусі.
Сам Лукашэнка і ягоныя бліжэйшыя атачэнцы і, дарэчы, калегі Ганчара па дэпутацкай дзейнасці (Віктар Шэйман, Віктар Кучынскі, Уладзімір Канаплёў і інш.) дажылі да сівых валосаў. Ганчара ж цяжка ўявіць старым: з жыцця пайшоў поўны энергіі і моцы чалавек, якім мог прынесці яшчэ шмат карысці нашай дзяржаве.
Пасля адстаўкі Шушкевіча
Найбольш эмацыянальна выказаўся наконт адклікання Шушкевіча 27 студзеня 1994 года дэпутат ад апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў: «Дэпутаты! Тое, што адбылося ў мінулыя дні, народам расцэньваецца як паўзучы вярхушачна-камуністычны пераварот. Вы тут у залі выкарысталі сумленнага чалавека, які ніколі нічога не краў. Ён, як хлопчык, не зразумеўшы, што з ім робяць, вылез на гэтую трыбуну апраўдвацца. Але вы яго здымалі не таму, што ён скраў нейкія дзесяць цвікоў, а таму, што вось на чале гэтага будынка стаў чалавек з іншай сістэмы. І вам самім красці пры ім і рабіць свае справы было вельмі і вельмі цяжка. У вас няма палітыкі, няма эканомікі. У вас, выбачайце, толькі дурасць, якую вы робіце. І тое, што вы рыхтуеце, зусім не добра для Беларусі».
Дэпутат Баляслаў Сушкевіч запэўніў, што калі Голубеў не папросіць прабачэння, то ён звернецца да выбаршчыкаў Голубева, каб ануляваць ягоны дэпутацкі мандат.
Дэпутацкая група «Беларусь», якая ў Вярхоўным Савеце адстойвала пазіцыі старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча, вуснамі яе кіраўніка Генадзя Казлова заявіла, што адкліканне Станіслава Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савета прайшло ў рамках Канстытуцыі, таму ўсё законна.
Дэпутат Аляксандр Лукашэнка сказаў, што «оппозиция в большом меньшинстве способна только на гвалт».
27 студзеня 1994 года быў абвешчаны перапынак да 12 гадзін. Пасля перапынку першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Вячаслаў Кузняцоў адзначыў, што прынцыпова вырашана пытанне аб неабходнасці абрання новага старшыні Вярхоўнага Савета. Па словах Кузняцова, пытанне абмяркоўвалася пры ўдзеле кіраўніка ўрада Кебіча, членаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета, старшынь абласных саветаў.
Кузняцоў выказаў прапанову, што старшыню можна абраць заўтра, 28 студзеня, а сёння вырашыць пытанні з кандыдатурамі і арганізацыйныя моманты.
Дэпутат Рыгор Вячэрскі заклікаў сёння (27 студзеня) вырашыць пытанне са старшынёй і не гуляць у палітычныя гульні.
28 студзеня пачалося з «Рознага». Дэпутат ад Ляхавіцкай выбарчай акругі №130 Анатоль Вайцешык прапанаваў не праводзіць «Рознае», каб хутчэй прыступіць да працэдуры абрання старшыні Вярхоўнага Савета. Аднак большасць дэпутатаў выказалася супраць.
Дэпутат ад апазіцыі БНФ Лявон Дзейка (Клецкая выбарчая акруга №62) зачытаў зварот Выканаўчай Рады Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ) з нагоды адстаўкі Шушкевіча: «Камуністычныя мафіёзныя групоўкі, урэшце, цалкам захапілі ўладу ў краіне. Ад пасад былі адхіленыя людзі, якія не заплямілі сябе злоўжываннямі, якія стрымлівалі памкненні высокапастаўленых злодзеяў раскрасці дзяржаву, якія служылі гарантам таго, што супраць нашага народа не будзе выкарыстаная зброя. Чакаюцца забарона патрыятычных і дэмакратычных арганізацый, санкцыі супраць прагрэсіўных сродкаў масавай інфармацыі. Камуністычныя мафіёзі груба і нахабна далі зразумець нам усім, што мы павінны быць іх паслухмяным быдлам і пад страхам узброенай сілы пакорліва глядзець, як яны будуць раскрадаць нашу дзяржаву. Раскраўшы ўсё, яны здадуць гэтую дзяржаву Маскве, каб схаваць сляды сваіх злачынстваў і не несці адказнасць за іх. Наменклатурнай мафіяй зроблены выклік нам усім. Дзеля мінулага і будучыні сваёй краіны, дзеля права нашых дзяцей мець нармальную дзяржаву, а не прахадны двор, быць гаспадаром у сваім доме, а не бадзяцца прыблудамі па базарах суседніх краін, патрыёты Беларусі прымаюць гэты выклік. Жыве Беларусь!».
Калега Лявона Дзейкі Мікалай Крыжаноўскі выказаў меркаванне наконт таго, што «выкарысталі патэнцыю Лукашенкі, які ўзначаліў Народны камуністычны рух (так званы) для барацьбы з Шушкевічам». Лукашенка патрабаваў доказы ад Крыжаноўскага і заявіў, што Лукашэнка ніколькі не будзе таранам, каб прабіць жалезабетонную сцяну: «Лоб расшибёт, кто так думает».
Кандыдаты
Пасля выступіў Кузняцоў і праінфармаваў аб кандыдатурах: усе вобласці і Мінск вылучылі гомельскага губернатара Мікалая Вайцянкова. Затым, акрамя Гомеля, абласцямі быў вылучаны старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю Мечыслаў Грыб. Ад Брэста і Гродна быў вылучаны дэпутат, першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па знешнеэканамічных сувязях Міхаіл Марыніч, ад Брэста — намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Русакевіч, ад Віцебска, Магілёва і Гродна быў вылучаны пасол Беларусі ў Расіі Віктар Даніленка.
Аднак неўзабаве пасла кансультацый з Прэзідыумам Вярхоўнага Савета Даніленка, Вайцянкоў і Русакевіч узялі самаадвод. Такім чынам, засталіся толькі два кандыдаты: Грыб і Марыніч.
Кузняцоў заявіў, што найбольш прымальная кандытура Мечыслава Грыба і заклікаў усіх пагадзіцца з адной кандыдатурай.
Дэпутат ад апазіцыі БНФ Алег Трусаў заклікаў правесці выбары не старшыні, а ўсяго Вярхоўнага Савета, бо, па словах Трусава, «гістарычны ліміт ужо вычарпаны».
Дэпутат-ветэран Барыс Гетц прапанаваў вылучыць кандыдатуру старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча, які «в условиях кризиса прилагает большие усилия для смягчения многих тяжёлых ударов в переходный период для народного хозяйства и особенно населения».
Рыгор Вячэрскі прапанаваў кандыдатуру Марыніча: «Это человек с экономическим опытом работы, хорошо знает экономику, работает во внешнеэкономическом объединении Беларуси».
Дэпутат Уладзімір Новік прапанаваў кандыдатуру Генадзя Карпенкі.
Пазьняк назваў вылучэнне Грыба лагічным заканчэннем дзяржаўнага пераварота.
Пасля самаадвода Вайцянкова прадстаўнікі Гомельшчыны вылучылі кандыдатуру пасла Беларусі ў Латвіі Валянціна Вялічкі.
Лукашенка не падтрымаў ініцыятыву Кузняцова аб адной кандыдатуры. Назваўшы альтэрнатыўныя выбары «величайшим завоеванием времён перестройки», Лукашенко прапанаваў наступнае: «Поддерживая серьёзность того, что происходит в этом зале, по-государственному подходя к этому вопросу, я предлагаю выдвинуть в качестве кандидата на пост председателя Верховного Совета молодого, толкового человека — Виктора Иосифовича Гончара».
Кебіч адмовіўся ад пасады старшыні Вярхоўнага Савета і заявіў, што краіна будзе ўпэўнена крочыць насустрач рынкавым рэформам.
У сваёй праграмнай прамове Мечыслаў Грыб заявіў, што застаецца прыхільнікам існучай знешняй палітыкі Беларусі і не будзе прад’яўляць тэрытарыяльныя прэтэнзіі іншым дзяржавам (меўся на ўвазе нашумелы рускамоўны артыкул лідара БНФ Зянона Пазьняка «О русском империализме и его опасности», апублікаваны ў «Народнай газеце» ў сярэдзіне студзеня 1994 года).
Грыб таксама заявіў, што аддае прыярытэт адносінам з Расіяй.
Выступ Марыніча быў вельмі кароткім. Міхаіл Апанасавіч патлумачыў, чаму не зняў сваю кандыдатуру: «Чтобы тот председатель, который будет избран, все-таки консолидировал наш зал, консолидировал наши усилия в целях решения вопросов и, в первую очередь, вопросов экономики, в целях укрепления нашей молодой государственности».
Карпенка і Вялічка адмовіліся ад выбараў і падтрымалі Марыніча і Грыба адпаведна.
Нарэшце, настала чарга Віктар Ганчара. Прэтэндэнт абмаляваў наступныя задачы, якія павінны быць вырашаны праз выбары новага старшыні Вярхоўнага Савета. Па-першае, істотнае абмежаванне канстытуцыйных паўнамоцтваў старшыні Вярхоўнага Савета. Па словах Ганчара, у Вярхоўнага Савета адсутнічаць магчымасці прынцыпова ўплываць на эканоміку і палітыку. Таму старшыня Вярхоўнага Савета павінен сканцэнтравацца на кіраўніцтве гэтым калегіяльным органам.
Пры гэтым, на думку Ганчара, найважнейшай арганізацыйнай задачай з’яўляецца дакладнае жорсткае структураванне Вярхоўнага Савета: напрыклад, правесці рэгістрацыю фракцый і дэпутацкіх групаў. Тыя дэпутаты, якія пажадаюь стаць незалежнымі, казаў Ганчар, маюць магчымасць стварыць адпаведную дэпутатцкую групу.
Па-другое, забяспечыць цывілізацыйную пераемнасць улады, г.зн. правесці прэзідэнцкія і парламенція выбары. Ганчар лічыў, што выбыры кіраўніка дзяржавы могуць адбыцца ўжо ў красавіку 1994 года, а парламенцкія — у канцы верасня. Ганчар папярэджваў, што перш за ўсё патрэбныя прэзідэнцкія выбары.
Вынікі
Фаварытам у перадвыбарнай гонцы быў, канешне, Грыб. Да яго паступіла шмат пісьмовых пытанняў, між іншым як да Ганчара і Марыніча — ні аднаго. Напрыклад, дэпутат ад апазіцыі БНФ Аляксандр Шут спытаў: калі Грыб — генерал, як ён ацэньвае факт свайго вылучэння? Грыб адказаў, што ў гэтым няма катастрофы, бо пайшоў у запас.
Настала пытанне пра Падліковую камісію. Большасцю галасоў быў зацверджаны той склад камісіі, якая займалася адкліканнем Шушкевіча. Дэпутутат Рыгор Вячэрскі назваў яе «похоронной» і прапанаваў абраць новы склал камісіі.
Старшынёй Падліковай камісіі паводле пратакола №1, стаў Іван Бамбіза, сакратаром — Мікалай Гарэлік. Усяго ў складзе камісіі было 13 чалавек. Акрамя Бамбізы і Гарэліка гэта: Аляксандр Белы, Вольга Галубовіч, Мікалай Жураўлёў, Аляксандр Кузьмянкоў, Аляксандр Кулічкоў, Франц Мінько, Віталь Малашка, Уладзімір Новік, Зінаіда Пянькова, Віктар Русак, Віктар Федарэнка.
Пасля камісія зацвердзіла пратакол №2: форма бюлетэню, у якім стаялі тры прозвішчы.
Перад самымі выбарамі слова ўзяў дэпутат ад апазіцыі БНФ Віталь Малашка, які заклікаў дэпутатаў не гуляць у анекдатычныя гульні, а вырашаць пытанне з урадам. Новаму ўраду, казаў Малашка, можа быць аказана дапамога ў фарміраванні каманды, якая б змагла правесці рэформы ў рэспубліцы, таму што, свярджаў Малашка, мы ведаем, што рабіць: «У нас усё разлічана, у нас ёсць канкрэтная праграма, у выніку гэтай праграмы мы маглі б вывесці нашу рэспубліку ў стан нармальнай еўрапейскай дзяржавы».
Галасаванне праводзілася з 13:05 да 14:05. Падлік галасоў доўжыўся да 15 гадзін.
Пасля галасавання быў зацверджаны пратакол №3 з вынікамі галасавання (дэпутат Новік адсутнічаў).
Быў выдадзены 261 бюлетэнь. У скрынцы апрынулася 259 бюлетэняў, несапраўдных было 2 (не выкрэслена ні адно прозвішча).
Грыб: «за» — 169, «супраць» — 88
Марыніч: «за» — 51, супраць» — 206
У выніку другога тура Грыб упэўнена перамог Марыніча і ўзначаліў Вярхоўны Савет.
Віктар Ганчар зразумеў, што Вярхоўны Савет стаў для яго своеасаблівым палітычным гета, у якім рэалізацыя патэнцыяла стала амаль немагчымай. Таму Ганчар і іншыя маладыя актыўныя дэпутаты (Дзмітрый Булахаў, Аляксандр Лукашэнка і інш.) пачалі лабіяваць хуткае зацвярджэнне новай Канстытуцыі з пасадай прэзідэнта, каб непасрэдна выйсці на ўсенародныя выбары і перамагчы.