Вывучыць урокі 1939-га
20 снежня раптам у Facebook да мяне пачалі адзін за адным пісаць сябры і знаёмыя. «Ігар, што адбываеццца? Паглядзі выступленне Пуціна. Ён там пра вайну, 1939 год і Польшчу расказвае. Не разумеем, да чаго гэта, але выглядае досыць дзіўна», — звярталіся да мяне тыя, хто цікавіцца беларускай мінуўшчынай і сочыць за маёй навуковай працай.
Раніцай наступнага дня «прыляцела» адтуль, адкуль я не зусім чакаў. Мой бацька спаслаўся на расійскі «Камерсант» і «накіраваў» мяне знаёміцца з выказваннямі кіраўніка Расіі, які, маўляў, «на падставе архіўных дакументаў паказаў кепскую пазіцыю Польшчы напярэдадні Другой Сусветнай вайны, а таксама абгрунтаваў пазіцыю Крамля ў канцы 1930-х гадоў». Я паглядзеў відэа той «лекцыі» і мне стала… шкада кіраўнікоў незалежных дзяржаў, якія, быццам тыя студэнты, сядзелі на семінары злога выкладчыка і рабілі выгляд «зацікаўленых слухачоў».
Але гэта іх выбар. Больш шкада звычайных, далёкіх ад гістарычных ведаў і манаграфій людзей, якія сталі ахвярай чарговай маніпуляцыі гістарычнымі фактамі.
Хто каваў меч Трэцяга Рэйха?
Адзначу ад самага пачатку, што нічога сенсацыйнага Пуцін у прэзідэнцкай бібліятэцы імя Барыса Ельцына не агучыў. Усе гэтыя дакументы пра польска-германскія перамовы, дыскусіі і спрэчкі даўно вядомыя даследчыкам. Пры гэтым прадстаўнікі польскай гістарычнай навукі аднымі з першых актыўна пачалі вывучаць польска-германскія стасункі ў 1930-я гады. Дарэчы, і ў Расіі гэтую тэму даўно агучылі. Але гісторыкі даследуюць факты, а палітыкі імі маніпулююць. У выніку апошняга гістарычная праўда адыходзіць на другі план, а наперад выходзіць палітычная кан’юнктура.
Таму пройдземся па некаторых пастулатах, якія агучыў Пуцін. Напрыклад, «Англа-германскае марское пагадненне з 1935 года. Вялікабрытанія дала Гітлеру магчымасць мець свой ваенны флот, што было яму забаронена». Але тут трэба вярнуцца ў канец 1920-х гадоў, калі ў СССР пачалі стварацца карані германскай ваеннай авіяцыі і танкавых войскаў. У Рэйхсверы яшчэ ў 1921 годзе была створана спецыяльная група дзеля ўзаемадзення з камандаваннем бальшавіцкай Чырвонай Арміі. Ужо тады гэтае «сяброўства» фармальна было накіравана супраць Польшчы, якая ў 1920-м разбіла бальшавікоў пад Варшавай, а годам раней «выбіла» немцаў з Сілезіі. Акрамя гэтага, Другая Рэч Паспалітая была гарантам Версальскай мірнай сістэмы, якую «не пераварвалі» як у Берліне, так і ў Маскве.
У выніку, ужо ў 1924 годзе ў Ліпецку была створана авіяцыйная школа для пілотаў Рэйхсвера, якая існавала амаль 10 гадоў. Там не толькі рыхтавалі ваенных лётчыкаў, але і праводзілі даследчую працу. З 1926 года ў Казані пачала фарміравацца нямецкая танкавая школа «Кама». Менавіта падрыхтаваныя там танкісты потым паспрыялі хуткай мадэрнізацыі і развіццю танкавых войскаў ужо нацысцкай Германіі. З 1926 года ў Самарскай вобласці дзейнічала нямецкая школа хімічнай абароны «Томка». Там, дарэчы, выпрабоўваліся метады прымянення атручваючых рэчываў у артылерыі і авіяцыі. У сваю чаргу, у гэты ж час шмат афіцэраў РСЧА наведала Германію дзеля назапашвання тэарэтычных і практычных ведаў па ваеннай справе.
Сённяшнія крамлёўскія ідэолагі апелююць да таго, што ў СССР вучыліся спецыялісты Рэйхсвера, а не Вермахта. Але менавіта афіцэры войска Веймарскай рэспублікі перайшлі ў войска Трэцяга Рэйху, і хутка на іх фуражках з’явіліся арлы з нацысцкай свастыкай.
Чэхаславацкі капкан
Наступная тэма, пра якую шмат казаў Пуцін, была звязана з Чэхаславацкім крызісам 1938 года і ўдзелам Польшчы ў «перадзеле чэхаславацкага пірага». Дзеля справядлівасці варта падкрэсліць, што заняцце Цешынскай вобласці Войскам Польскім прынесла Другой Рэчы Паспалітай не столькі тэрытарыяльныя плюсы, колькі рэпутацыйныя мінусы. Тыя падзеі — адзін з галоўных антыпольскіх аргументаў сучасных маскоўскіх гісторыкаў.
Аднак дзеля таго, каб зразумець, чаму палякі ўвялі свае войскі на тэрыторыю Цешынскай Сілезіі ў 1938 годзе, трэба ізноў вярнуцца ў часе на дваццаць гадоў назад. Пасля распаду Аўстра-Венгерскай імперыі чэхі і палякі вымушаныя былі спрачацца за Спіш, Араву, Цешын. Там жылі прадстаўнікі розных народаў. Багаты ўглём рэгіён цікавіў як Прагу, так і Варшаву. У лістападзе 1918 года Польская нацыянальная рада Цешынскай Сілезіі заключыла пагадненне з Чэшскім народным сходам Сілезіі, на падставе якога спрэчная вобласць была падзелена паміж дзвюма краінамі. Аднак, ужо ў студзені 1919 года чэхаславацкія войскі выціснулі палякаў з Цешынскай вобласці. Летам 1920 года Прага выкарыстала не зручны для палякаў момант, калі Тухачэўскі стаяў пад Варшавай і пры падтрымцы дзяржаў Антанты ўтрымала гэтыя тэрыторыі за сабой. Зразумела, Польшчы летам 1920-га было не да паўднёвых тэрыторый і адстаяць Цешын палякі не змаглі.
Як Цешын пасварыў Прагу і Варшаву
Праз 18 гадоў пасля «цуда на Вісле» ўжо Варшава выкарыстала неспрыяльны момант для Чэхаславакіі і заняла Цешынскую Сілезію. Гэтая «маленькая» перамога напярэдадні Другой Сусветнай вайны нанесла моцны рэпутацыйны ўдар па Польшчы. Аднак гэта не адмяняе таго факту, што менавіта польскае войска, у складзе якога ў верасні 1939 года служылі дзясяткі тысяч беларусаў, было першым у Еўропе, хто распачаў супраціў нацыстам.
«Расія абавязваецца падтрымаць Германію ўсімі сіламі»
Пуцін 20 снежня цытаваў шмат дакументаў, якія мелі дачыненне да перамоў паміж прадстаўнікамі ўрадаў Польшчы, Францыі, Германіі. Тычылася гэта і пытання аб пропуску Чырвонай Арміі праз тэрыторыю Польшчы на дапамогу Чэхаславакіі. Зразумела, што Варшава нават падчас франка-брытана-савецкіх перамоў у Маскве летам 1939 года выступала супраць усялякіх «калідораў» для бальшавіцкіх войскаў. Палякі добра разумелі, што калі Сталін увойдзе на іх тэрыторыю, то назад не вернецца і лёс Чэхаславакіі тут ні пры чым. Трагедыя краін Балтыі, якія вымушаныя былі пусціць Чырвоную Армію на сваю тэрыторыю летам 1940 года, з’яўляецца выдатным доказам гэтага тэзісу.
«Гэта ўвогуле падобна на вайсковы хаўрус супраць Савецкага Саюза», — адзначыў Пуцін, каментуючы размову міністра замежных спраў Юзафа Бека і Адольфа Гітлера ў студзені 1939 года. Аднак тут варта ўзгадаць яшчэ адзін цікавы дакумент. Гутарка ідзе пра «Аператыўную задачу, якая лягла ў аснову палявой паездкі, праведзенай камандаваннем Рэйхсвера ў 1933 годзе». Вось, што адзначалася ў тым дакуменце: «Расія разам з Літвой знаходзіцца ў стане вайны з Польшчай. Чырвоныя (Францыя), не ведаючы пра існаванне германа-расійскай тайнай дамовы, умешваюцца ў вайну. Змест дамовы наступны: у вайне Расіі супраць Польшчы Германія захоўвае добразычлівы нейтралітэт і перашкаджае ўдзелу ў вайне Чэхаславакіі і Францыі на баку Польшчы. У выпадку ўзнікнення на гэтай глебе вайны, Расія абавязваецца падтрымаць Германію ўсімі сіламі, якія яна мае. Усходнія межы Германіі павінны быць адноўленыя ў папярэднім выглядзе. Расія вядзе наступ супраць Польшчы з 1 траўня. Пасля пераможных для Расіі памежных бітваў з 27 траўня вайна пераходзіць у рашучую стадыю. Літва з 20 траўня далучаецца да Расіі і дзеяннямі з Поўначы прымушае польскія войскі да пераходу на тэрыторыю Усходняй Прусіі. У Лізе Нацый звычайная карціна. Кожны бок абвінавачвае адзін аднаго ў агрэсіі. Агульнага рашэння не можа быць дасягнута. Англія пытаецца лакалізаваць канфлікт, Францыя імкнецца ўмешвацца на карысць Польшчы».
Нагадаю, гэты «план» з’явіўся не летам 1939 года, а на 6 гадоў раней. Сцэнар, які распрацоўвалі афіцэры Рэйхсвера, на практыцы прымянілі вайскоўцы Вермахта.
Антысемітызм, якога не было
Нарэшце, расійскі прэзідэнт паспрабаваў зрабіць з палітычных эліт Другой Рэчы Паспалітай галоўных еўрапейскіх антысемітаў. Маўляў, тыя«высылалі габрэяў у калоніі, выракаючы іх тым самым на смерць».
Сапраўды, у 1930-я гады значная частка жыхароў міжваеннай Польшчы габрэйскай нацыянальнасці эмігравала са сваёй Радзімы. Некаторыя габрэі ехалі ў брытанскія калоніі на Бліжнім Усходзе і дзеля таго, каб гэтым людзям было лягчэй адаптавацца на новым месцы, польскія ўлады стваралі прадстаўніцтва сваіх банкаў за мяжой. Залішнім будзе казаць, што тыя, хто з’ехаў у 1930-я гады з Польшчы, уратаваліся ад нацысцкага Халакосту ў час Другой Сусветнай вайны.
Антысемітызм ніколі не быў часткай дзяржаўнай ідэалогіі міжваеннай Польшчы. І пацверджаннем гэтага з’яўляецца дзейнасць польскіх падпольных дзяржаўных устаноў па ўратаванню габрэяў. У верасні 1940 года не савецкі агент, а польскі ротмістр Вітаўт Пілецкі накіраваўся ў нацысцкі лагер Аўшвіц каб даведацца, што «адбываецца ўнутры». Польскі афіцэр апісаў «канвеер смерці», які панаваў у Асвенцыме, і трагедыю габрэяў, якіх там знішчалі. Польскі падпольны ўрад інфармаваў палітыкаў Вялікабрытаніі і ЗША пра знішчэнне габрэяў на тэрыторыі Генеральнага Губернатарства.
У 1942 годзе была створана Рада дапамогі габрэям — Жэгота, якая дапамагала вязням гетаў. Нарэшце, байцы Арміі Краёвай жорстка знішчалі тых, хто здаваў габрэяў нацыстаў. Усё гэта сведчыць пра тое, што польскія ўлады паважалі габрэйскае насельніцтва і ратавалі яго.
«Што гэта за людзі? Што гэта ўвогуле?», — абураўся Уладзімір Пуцін, калі апісваў кантакты польскіх палітыкаў з нацыстамі. А як жа цынічныя кампліменты, якімі адорвалі Гітлер і Сталін друг друга падчас свайго «мядовага месяцу»?!
Гісторыю тых падзей трэба вывучаць у комплексе, не выцягваючы факты і дакументы, якія абгрунтоўваюць тую, ці іншую пазіцыю. Але Бог з імі, з палітыкамі, хоць ім трэба сачыць за кожным словам, бо яны «ньюсмэйкеры». Галоўнае, каб аб’ектыўную гісторыю ведалі звычайныя людзі. У Беларусі, Расіі, Украіне і Польшчы. Толькі так мы зможам пазбегнуць паўтарэння падзей верасня 1939 года. Дзеля гэтага варта папрацаваць!