З гісторыі адной вандроўкі па гарадах Заходняй Беларусі

Падчас знаходжання ў Навагрудку адным з першых месцаў, куды адправіўся прэзідэнт Другой Рэчы Паспалітай Ігнацій Масціцкі, была будаўнічая пляцоўка беларускай школы.  



Прафесар Політэхнічнага ўніверсітэта Львова Ігнацій Масціцкі стаў прэзідэнтам Польшчы пасля майскага перавароту 1926 года. Аднак фактычная ўлада ў краіне да 1935 года была ў руках Юзафа Пілсудскага. А Масціцікі канцэнтраваў увагу на стымуляванні развіцця прамысловасці і гандлю, а таксама на паездках па краіне.

У адну з такіх паездак Ігнацій Масціцкі накіраваўся восенню 1929 года. «19 верасня на тэрыторыю Навагрудскага ваяводства прыязджае спадар прэзідэнт Рэчы Паспалітай Ігнацій Масціцкі. На мяжы ваяводства яго павітае ваявода Бэчковіч, а таксама прадстаўнікі ваяводскага камітэту і Слонімскага павятовага камітэту», — пісала адна з тагачасных газет. Паводле планаў прэзідэнцкай канцылярыі, палітык павінен быў наведаць Слонім, Жыровічы, Навагрудак, Пружаны, Свіцязь, Мір, Нясвіж, Стоўбцы, Рубяжэвічы, Івянец, Ліду і іншыя гарады і мястэчкі, а таксама прыватныя гаспадаркі.

Першым горадам быў Слонім. «Перад трыумфальнай брамай, пастаўленай на вуліцы Ражанскай, спадара прэзідэнта чакала дэлегацыя мясцовага савета на чале з бургамістрам Плябанскім, духавенства ўсіх веравызнанняў, дэлегацыя таварыстваў, прафесійных саюзаў, школьнай моладзі. Спадар Плябанскі павітаў прэзідэнта хлебам і соллю. Пасля павітання спадар прэзідэнт прайшоў перад ротай ганаровай варты 79-га пяхотнага палка. Уздоўж вуліц стаялі натоўпы жыхароў, якія віталі госця. Горад упрыгожаны сцягамі, зелянінай і святочнай ілюмінацыяй», — адзначалася ў адной з польскіх газет.

adkricc_sel_skagasp_1929_god_logo.jpg

Адкрыццё сельскагаспадарчай выставы ў Міры, 1929 год

Вырашыць нацыянальнае пытанне

Для польскай адміністрацыі гэты візіт быў сапраўды значнай падзеяй. Эканоміка ўсходніх рэгіёнаў Другой Рэчы Паспалітай знаходзілася ў цяжкім стане, і чыноўнікі «на месцах» чакалі карэнных змяненняў. Па-свойму чакалі прыезду Ігнація Масціцкага і мясцовыя жыхары няпольскага паходжання. Нацыянальная праблема была адной з ключавых для міжваеннай Польшчы, таму звычайныя людзі чакалі паляпшэння сітуацыі.

Падчас знаходжання ў Навагрудку адным з першых месцаў, куды адправіўся Ігнацій Масціцкі, была будаўнічая пляцоўка беларускай школы. Гэта падзея мела, перш за ўсё, прапагандысцкі падтэкст, але факт застаецца фактам: здымак прэзідэнта Другой Рэчы Паспалітай з кельмай ля цаглянай кладкі абляцеў большасць тагачасных польскіх выданняў. Акрамя гэтага, кіраўнік Другой Рэчы Паспалітай ахвяраваў на будаўніцтва вялікую на той час суму грошай — 2 тысячы злотых.

Дарэчы, на мерапрыемстве прысутнічалі сябры беларускіх палітычных і культурных арганізацый з Вільні. Падчас урачыстасці выступіў дырэктар Навагрудскай беларускай гімназіі Ян Цеханоўскі, які два гады да гэтага вярнуўся з Францыі, дзе знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі. Справа ў тым, што ў 1921 годзе за свае прабеларускія палітычныя погляды Цеханоўскі быў арыштаваны ўладамі Другой Рэчы Паспалітай. Пазней яго выпусцілі, але пераслед працягваўся, і беларус вырашыў з’ехаць з Польшчы. У 1927 годзе Ян Цеханоўскі вярнуўся дадому і працягваў працу ў сферы беларускага школьніцтва. У 1934 годзе Навагрудская беларуская гімназія была зачынена. А праз чатыры гады пасля гэтага Ян Цеханоўскі памёр ад інфаркту.

gazeta_navagrudskae_zhicc_logo.jpg

Газета Навагрудскае жыццё пра візіт І.Масціцкага на рыжскую мяжу

Як пазней узгадваў беларускі грамадскі дзеяч Барыс Кіт, у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў Навагрудскі ваявода Зыгмунт Бэчковіч быў «адным з першых польскіх лібералаў, які зацікавіўся беларускай справай, і нават хацеў дапамагчы беларусам, каб вырваць іх з-пад камуністычнага ўплыву». «Ён нават прыходзіў да нас у гімназію інспектаваць нашу дзейнасць. Пазней ваявода дапамог атрымаць ёй дзяржаўныя правы», — пісаў ва ўспамінах спадар Кіт.

На мерапрыемстве з удзелам прэзідэнта Масціцкага быў агучаны Акт аб будаўніцтве беларускай школы. Пры гэтым зроблена гэта было на польскай і беларускай мове. Будаўнічую пляцоўку асвяціў праваслаўны біскуп Аляксей. Мерапрыемства скончылася сустрэчай Ігнація Масціцкага з мясцовымі жыхарамі, якія, як адзначала газета «Навагрудскае жыццё», віталі высокапастаўленага палітыка па-польску і беларуску. Больш таго, на Замкавай гары адбыліся танцы, дзе дзяўчыны з Аграрнай школы з Шчучынскага павету станчылі для Масціцкага нацыянальны беларускі танец «Лявоніху».

Замак Радзівілаў і «рыжская мяжа»

Пасля Навагрудку прэзідэнцкі картэж накіраваўся ў Наваельню, дзе Масціцкі адкрыў помнік у гонар дзесяцігоддзя польскай незалежнасці. У Карэлічах прэзідэнт сустрэўся з асобамі, чые дамы былі знішчаны ў выніку пажару, а ў Турцы паціснуў руку ветэрану паўстання 1863 года спадару Ціхаму.

А яшчэ ў Міры Масціцкі адчыніў сельскагаспадарчую выставу. У цэнтры мястэчка была пастаўлена вітальная брама, а кіраўніка краіны чакалі ўсе мясцовыя чыноўнікі (сярод якіх быў і сенатар Канстанцін Рдултоўскі, які ў верасні 1939 года быў арыштаваны НКУС і знаходзіўся ў Мінскай турме на Валадарскага) і жыхары. Падчас сустрэчы прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі абмеркавалі з прэзідэнтам праблемы сельскай гаспадаркі на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў.

Затым Ігнацій Масціцкі выехаў у Нясвіж, дзе яго сустракала ганаровая варта 27-га ўланскага палку. Пасля сустрэч з прадстаўнікамі мясцовага дзяржапарату прэзідэнт завітаў у рэзідэнцыю князёў Радзівілаў, дзе паабедаў у кампаніі перадапошняга Нясвіжскага ардыната князя Альбрэхта.

Далей быў Клецк, дзе Ігнацій Масціцкі наведаў 9-ты батальён Корпуса аховы памежжа, а пасля гэтага заехаў да памежнікаў у Стоўбцы. Тут прэзідэнт наведаў стражніцу «Баркоўшчына». На самім кардоне ён спыніўся ля памежнага слупа №762 і хвілін 15 задуменна глядзеў на Усход.

mashina_prezdenta_mascickaga_logo.jpg

Машына прэздэнта Масціцкага ля стражніцы Баркоўшчына

Праз дзесяць гадоў у такія ж восеньскія дні праз «рыжскую мяжу» будуць прарывацца часткі Чырвонай Арміі. Раніцай 17 верасня 1939 года ў гэтым раёне польска-савецкую мяжу перайшлі падраздзяленні 6-га кавалерыйскага корпуса РСЧА камкора Андрэя Яроменкі. Гарнізон стражніцы «Баркоўшчына» спрабаваў арганізаваць супраціў, аднак сілы былі няроўнымі. Савецкія кавалерысты пад камандаваннем лейтэнанта Вайнова хутка атачылі будынак КАП і закідалі яго гранатамі…

«Нёман» і Гедымін

25 верасня Ігнацій Масціцкі наведаў Фабрыку па вырабу шкла «Нёман» у Бярозаўцы. Прэзідэнта сустракаў гаспадар прадпрыемства Юліюш Столе. У міжваеннае дваццацігоддзе «Нёман» быў галоўным экспарцёрам шкла ў еўрапейскія краіны, а таксама ў Амерыку, Афрыку і на Бліжні Усход. На вытворчасці працавала каля 750 працоўных. У 1935 годзе менавіта тут зрабілі шкляную ўрну для сэрца Юзафа Пілсудскага, якое пахавалі на віленскіх могілках Роса.

У Лідзе Ігнацій Масціцкі наведаў замак Гедыміна, а адтуль заехаў у Беняконі, дзе прыняў удзел у пасяджэнні ваяводскай камісіі Таварыства сельскагаспадарчых гурткоў і далей выехаў у Вільню. У старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага прэзідэнт Другой Рэчы Паспалітай прабыў нядоўга і хутка вярнуўся на Навагрудчыну. У Жалудку палітык наведаў князя Людвіга Чатверцінскага.

Скончылася падарожжа Ігнація Масціцкага 28 верасня 1929 года. На развітанне ён атрымаў — альбом са здымкамі Навагрудчыны, зробленымі фатографам Янам Булгакам.

prezidenta_mascickaga_sustrakajuc_zhihari_logo.jpg

Прэзідэнта І. Масціцкага сустракаюць жыхары мястэчка Мір,1929 г.

Ужо праз дзесяць гадоў пасля гэтага ваяжу пачнецца Другая сусветная вайна. У 1930-я гады большасць беларускіх школ і гімназій польскія ўлады зачынілі. Варшава ўзяла накірунак на паланізацыю і асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Гэтая палітыка прывяла да трагедыі верасня 1939 года, калі жыхары Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны крывава помсцілі прадстаўнікам польскага дзяржапарату, паліцыянтам і вайскоўцам.

Што ж тычыцца Ігнація Масціцкага, то ўжо 8 верасня 1939 года ён пакінуў Варшаву і выехаў у палац Радзівілаў у Алыку на Валыні. 17 верасня 1939 года прэзідэнт пераехаў польска-румынскую мяжу і быў інтэрнаваны ўладамі Каралеўства Румыніі. 30 верасня палітык адмовіўся ад сваёй пасады. Усю вайну ён правёў у Швейцарыі, дзе і памёр у кастрычніку 1946 года. У 1993 годзе парэшткі былога прэзідэнта Другой Рэчы Паспалітай перапахавалі на радзіме.

 

Фота з уласнага архіву Ігара Мельнікава